МУРАВА́НАЯ АШМЯ́НКА,

вёска ў Ашмянскім р-не Гродзенскай вобл.

Цэнтр сельсавета і калгаса. За 11 км на ПнЗ ад горада і 28 км ад чыг. ст. Ашмяны, 231 км ад Гродна. 338 ж., 134 двары (1999). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнікі архітэктуры — касцёл Дзевы Марыі са званіцай (канец 18 — пач. 19 ст.), рэшткі друкарні (16 ст.).

т. 11, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЗВЯЗДА́ ПРАСВЕ́ТЛАЯ»,

помнік перакладной стараж.-бел. л-ры, зборнік легенд, звязаных з культам дзевы Марыі. Як сведчыць адзін са спісаў, на рус. мову перакладзены з бел. тэксту «прасталюдзінам Мікітам» у Маскве ў 1668. Помнік зах.-еўрап. паходжання, але арыгінал (лац. ці польскі) не знойдзены. У зборніку 15 раздзелаў, прысвечаных апавяданням пра цуды Багародзіцы. 15-ы раздзел, што адсутнічаў у бел. арыгінале, складзены з рус. паданняў пра абразы і выпісак з інш. зб-каў.

т. 7, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІ КЛЯ́ШТАР ДАМІНІКА́НЦАЎ.

Існаваў у 1633—1832 у Гродне. Засн. літ. падкаморыем Фрыдрыхам Сапегам і яго жонкай Крысцінай. Мураваны, з 2-вежавым фасадам, касцёл Дзевы Марыі Ружанцавай асвячоны ў 1726. У храме было 8 разьбяных алтароў, арган на 10 галасоў, бронзавы бюст караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. У мураваным 2-павярховым корпусе кляштара размяшчаліся школы. Сярод прыбораў кабінетаў былі 5 электрычных машын, магнітныя вагі, тэлескоп, мікраскоп, барометры і інш. Мелася хімічная лабараторыя, у б-цы было больш за 10 тыс. тамоў. У 1832 кляштар закрыты, будынкі не захаваліся.

А.​А.​Ярашэвіч.

т. 5, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВАГРУ́ДСКІ КЛЯ́ШТАР ДАМІНІКА́НАК,

адзіны жаночы кляштар ордэна дамініканцаў на Беларусі. Існаваў у 17—19 ст. у Навагрудку. Засн. ў 1654 М.​Дамброўскім (паводле інш. звестак — у 1678 А.​Пратасевічавай, жонкай навагрудскага земскага натарыуса). У 1690 пабудаваны мураваны касцёл Дзевы Марыі. У канцы 18 — пач. 19 ст. кляштару. належала частка в. Каменка ў Навагрудскім пав. У 1864 скасаваны, 20 яго манашак накіраваны ў Гродзенскі кляштар брыгітак і Мінскі кляштар бенедыкцінак. Каля 1900 касцёл разабраны на цэглу. У жылым будынку кляштара ў 1920-я г. размяшчалася ваяводская ўправа, у час Вял. Айч. вайны разбураны.

М.​П.​Гайба.

т. 11, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІСЛІ́ЦКІ (Ян) (каля 1485—1520-я г.),

паэт-лацініст ВКЛ і Польшчы. Паходзіў, верагодна, з Беларусі. Скончыў Ягелонскі ун-т у Кракаве. У 1510—12 працаваў там магістрам (у актах пазначаны як «русін»). Пісаў оды, эпіграмы, элегіі, пасланні («Ода да караля Жыгімонта», «Элегія да багародзіцы дзевы Марыі», «Эпіграма на зайздросніка»). Аўтар эпічнай гіст. паэмы «Пруская вайна» (Кракаў, 1516), 2-я кн. якой прысвечана Грунвальдскай бітве 1410, дзе ўславіў перамогу над крыжакамі, здабытую як нар. змаганне. Твор вызначаецца манументальнасцю батальных сцэн, пластычнасцю вобразаў прыроды. Паэма стаіць каля вытокаў жанру эпапеі ў бел., польск, і літ. л-рах.

Літ.:

Парэцкі Я.І. Ян Вісліцкі. Мн., 1991;

Дорошкевич В.И. Новолатинская поэзия Белоруссии и Литвы: Первая половина XVI в. Мн., 1979.

т. 4, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІХТА́Р (ад ням. Licht святло) у архітэктуры, 1) круглая або шматгранная ў сячэнні надбудова-барабан (з вял. аконнымі праёмамі) над дахам, купалам ці інш. пакрыццём.

2) Зашклёны выступ у сцяне будынка на вышыню 1, 2 і больш паверхаў; тое, што эркер.

3) Зашклёная частка дахавага пакрыцця, прызначаная для натур. верхняга асвятлення памяшканняў. Пашыраны ў архітэктуры стыляў барока і класіцызму.

Адыгрывалі ролю аднаго з гал. элементаў кампазіцыі ў завяршэнні бельведэра, барабана, купала. Звычайна завяршаліся скульптурай, крыжам, шпілем ці інш. дэкар. формай. У сучаснай архітэктуры выкарыстоўваюцца ў прамысл. і інш. збудаваннях (залах выставак, музеях, гандл. збудаваннях, будынках ВНУ) для асвятлення памяшканняў і натуральнай вентыляцыі.

А.​М.​Кулагін.

Ліхтар касцёла Ушэсця Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў вёсцы Адэльск Гродзенскага раёна.

т. 9, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГНЕ́ЗНА (Gniezno),

горад на З Польшчы, у Пазнанскім ваяводстве. Каля 100 тыс. ж. (1994). Прам-сць: гарбарна-абутковая, харч., маш.-буд., швейная. Тэатр. Музей Пачаткаў Польскай дзяржавы. Арх. помнікі: гатычныя касцёлы — Дзевы Марыі (каля 1342—1415; ад дараманскага касцёла 10 ст. і раманскага касцёла 11 ст. захаваліся керамічныя пліткі падлогі, «Гнезненскія дзверы», бронза, каля 1170), св. Яна (14 ст., фрэскі 1340—60), касцёл і кляштар францысканцаў (13 ст., перабудаваны ў 17—18 ст.).

Гнезна ўзнікла ў канцы 8 ст. У 10 ст. сталіца стараж. польскай дзяржавы Пястаў, значны рамесніцкі цэнтр, вёў гандаль з араб. Усходам, падтрымліваў гандл. сувязі з Кіевам. З 1000 сталіца архіепіскапства, месца каранацыі (да 14 ст.) польск. каралёў. Гар. правы атрымала да 1243. З 1793—1918 у складзе Прусіі (у 1807—15 уваходзіла ў Варшаўскае герцагства). Адзін з гал. цэнтраў велікапольскага паўстання 1918—19.

Літ.:

Dzieje Yniezna. Warszawa, 1965.

т. 5, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛАЦІ́НА ГАЛЕРЭ́Я, Палацінская галерэя, галерэя Піці,

мастацкая галерэя ў г. Фларэнцыя (Італія); адзін з найбуйнейшых у свеце збораў жывапісу. Размешчана ў Палацца Піці. Аснову збору складае калекцыя роду Медычы, заснаваная ў 1620 (у 1820 адкрыта для публікі, з 1911 дзярж.). У зборы пераважаюць творы італьян. школ 15—17 ст. і фламандскай школы 17 ст., у т. л. шэдэўры Тыцыяна («Партрэт двараніна з шэрымі вачыма», «Марыя Магдаліна», «Партрэт П’етра Арэціна» і інш.), Рафаэля («Жанчына ў пакрывале», «Мадонна ў крэсле», «Мадонна дэль Грандука», партрэты Тамаза Інгірамі, Аньёла і Мадалены Доні і інш.; адна з лепшых у свеце калекцый яго работ), А. дэль Сарта («Звеставанне», «Узнясенне Дзевы Марыі» і інш.), Д.​Веласкеса («Конны партрэт Філіпа II» і інш.), А. ван Дэйка («Партрэт кардынала Г.​Бентывольё» і інш.), П.​П.​Рубенса («Чатыры філосафы» і інш.) і інш.

Літ.:

Галерея Питти. Флоренция: [Альбом]. М., 1971.

Я.​Ф.​Шунейка.

т. 11, с. 541

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГНІ́ФІКАТ (лац. Magnificat ад першага слова тэксту «Magnificat anima mea Dominum» «Вялічыць душа мая Госпада»),

царкоўнае песнапенне; хвалебная песня на тэкст слоў Дзевы Марыі з Евангелля ад Лукі. З 6 ст. адзін з нязменных (ардынарных) тэкстаў каталіцкай вячэрні. Належыць да т.зв. кантыкляў — важных у літургічным ужытку псалмападобных эпізодаў са Старога і Новага запаветаў. Спяваўся ў грыгарыянскай традыцыі антыфонна ў адным з царк. тонаў паводле спецыфічных формул меладызаванай рэчытацыі. У спалучэнні з т.зв. вялікім антыфонам — найб. меладычна развітым і ўрачыстым песнапеннем літургічнага дня ўяўляў сабою буйную вак. кампазіцыю. Шматгалосыя апрацоўкі М. вядомы з 14 ст. У 16—18 ст. да гэтага жанру звярталіся Г.​Дзюфаі, К. дэ Маралес, Дж.​Палестрына, А.​Ласа, К.​Мантэвердзі, І.​С.​Бах, Г.​Ф.​Гендэль, А.​Вівальдзі, Дж.​Б.​Пергалезі, В.​А.​Моцарт і інш., у 19—20 ст. — Ф.​Мендэльсон, К.​Пендарэцкі, Р.​Воан-Уільямс.

Т.​У.​Ліхач.

т. 9, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕМЕ́ЛІШКІ,

вёска ў Астравецкім р-не Гродзенскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 70 км на Пн ад г.п. Астравец, 272 км ад Гродна, 75 км ад чыг. ст. Гудагай. 730 ж., 280 двароў (1998).

Вядомы з 1644 як сяло маёнтка Свіраны, які ў 17—18 ст. належаў Сангушкам, Данілевічам, Корвін-Пятроўскім, Прушынскім. З 1795 у Рас. імперыі, у 19 — пач. 20 ст. мястэчка, цэнтр воласці Свянцянскага пав. Віленскай губ. У 1886—143 ж., 21 двор. З 1922 у Польшчы, цэнтр гміны Свянцянскага пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, у 1940—59 цэнтр сельсавета Свірскага р-на, у 1959—62 у Некрашунскім і Падольскім с/с Астравецкага р-на. У 1962—65 у Ашмянскім р-не. З 1965 цэнтр сельсавета Астравецкага р-на. У 1971—521 ж., 189 двароў.

Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, лазнева-пральны і быт. абслугоўвання камбінаты, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры — Кемелішкаўскі касцёл Нараджэння Дзевы Марыі.

т. 8, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)