Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРАСТАВІ́ЦКІ КАСЦЁЛ ВІЗІТА́ЦЫІ ДЗЕ́ВЫ МАРЫ́І,
помнік архітэктуры ранняга барока. Пабудаваны каля 1615 у г.п. Вялікая Бераставіца Гродзенскай вобл. па фундацыі Гераніма Хадкевіча пад уплывам касцельнай архітэктуры Дж.Трэвана. У 1741 і 1855 касцёл рамантаваўся, у 1794 пры ім існаваў шпіталь, у 2-й пал. 18 — 1-й пал. 19 ст. дзейнічала школа. Храм — мураваная 3-нефавая базіліка з трансептам, паўкруглай апсідай і 2 нізкімі сакрысціямі па баках алтарнай часткі. Гал.зах. фасад бязвежавы, падзелены пілястрамі на 3 часткі і завершаны ступеньчатым атыкам. Рэліквіяй касцёла быў абраз анёлаў-ахоўнікаў работы мастака Ф.Смуглевіча (1797—1807). Пад будынкам крыпта (пахавальня) — 9 памяшканняў, злучаных пераходамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРА́СНЕНСКІ КАСЦЁЛ УШЭ́СЦЯ ДЗЕВЫ МАРЫІ,
помнік архітэктуры неаготыкі. Пабудаваны ў 1912 у в. Краснае Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. Трохнефавая аднавежавая базіліка з 5-граннай апсідай і бакавымі сакрысціямі. У цэнтры гал. фасада 3-ярусная чацверыковая званіца, умацаваная вуглавымі ступеньчатымі контрфорсамі з пінаклямі і завершаная высокім шпілем. Гал. ўваход аформлены стральчатым парталам, над якім акно-ружа. Бакавыя фасады рытмічна члянёны здвоенымі вузкімі стральчатымі аконнымі праёмамі, нішамі і контрфорсамі ў прасценках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕМЕ́ЛІШКАЎСКІ КАСЦЁЛ НАРАДЖЭ́ННЯ ДЗЕ́ВЫ МАРЫ́І,
помнік драўлянага дойлідства. Пабудаваны ў 1900 у в. Кемелішкі Астравецкага р-на Гродзенскай вобл. на месцы драўлянага касцёла, узведзенага ў 1781. Спалучае рысы стыляў мадэрн, неакласіцызму і несапраўднай готыкі. Храм крыжовы ў плане, 6-слуповы, зальнага тыпу з 5-граннай алтарнай апсідай, да якой з Пн прымыкае сакрысція. Гал. фасад завершаны дзвюма 2-яруснымі вежамі (васьмярык на чацверыку), накрытымі спічастымі шатрамі (кожны мае 4 дэкар. франтончыкі са шпілем). Гал. ўваход вылучаны 4-слуповым ганкам. Франтоны тарцоў трансепта завершаны невял. чацверыковымі шатровымі вежачкамі. Побач з касцёлам 3-ярусная чацверыковая званіца з шатровым дахам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́ЛЬНЫ ХРАМ,
выцягнуты ў плане храм з нефамі аднолькавай вышыні ці вышэйшым (без акон) сярэднім нефам (псеўдабазіліка), а таксама 1-нефавы храм без трансепта (прапаведніцкая царква, царква жабрацкіх ордэнаў). Характэрна раўнамернае асвятленне інтэр’ера, якое скрадвае яго чляненне. З.х. з двума і больш нефамі вядомы з 11 ст. (царква Сен-Сернен у Тулузе, Францыя, канец 11 ст.). У 12 ст. пашыраны ў Вестфаліі і сталі тыповымі як прыходскія цэрквы 13—15 ст. у гарадах Ганзейскага саюза (касцёл Дзевы Марыі ў Гданьску, Польшча, 1343—1502). Гатычныя З.х. будавалі ў Італіі, Іспаніі і інш. краінах Зах. Еўропы. Як саборы трапляюцца рэдка. З эпохі Адраджэння З.х. амаль не будуюць.
Да арт.Зальны храм. Касцёл Дзевы Марыі ў Гданьску. 1343—1502.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЬКІ́РЫІ,
у скандынаўскай міфалогіі ваяўнічыя дзевы, якія падпарадкоўваюцца Одзіну, па яго волі вырашаюць зыход бітвы і ўдзельнічаюць у размеркаванні перамог і смерцяў. Храбрых воінаў, якія загінулі ў баях, яны адносяць у вальхалу і там прыслужваюць ім. Вобраз валькірый выкарыстаў Р.Вагнер (опера «Валькірыя»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕФІ́Р,
у грэчаскай міфалогіі бог зах. ветру, вястун багоў; сын тытана Астрэя і багіні ранішняга світанку Эас, брат багоў-вятроў Барэя і Нота, зорнай дзевы Астрэі і зорак. Разам з гарпіяй Падаргай нарадзіў коней Ахіла. З., які дзьме з захаду, прыносіць буры, на адных казачных астравах ён пяшчотны і цёплы, а на іншыя прыносіць прахалоду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫНКЕ́ВІЧ (Францішак) (5.10.1884, в. Новы Двор Беластоцкага ваяв., Польшча — 26.7.1933),
бел.рэліг. і культ. дзеяч. Скончыў духоўныя Віленскую семінарыю (1905) і Пецярбургскую акадэмію (1907). У 1907 пасвячоны ў ксяндзы. З 1909 законавучыцель у гімназіях, настаяцель пры кляштары брыгітак у Гродне. У 1909—12 кіраўнік Гродзенскага гуртка беларускай моладзі. З 1932 капелан касцёла ў Гродне. Пераклаў з лац. мовы на бел. «Часіны Прачыстай Дзевы».