безматорны кіравальны лятальны апарат, цяжэйшы за паветра. Здольны планіраваць у паветры, ляцець гарызантальна, лунаць і набіраць вышыню. Можа пераадольваць адлегласці больш за 1000 км, дасягаць вышыні 14 км; скорасць палёту — да 250 км/гадз. П. падымаюць у паветра самалётам ці пускаюць яго са схілу гары і ён набывае скорасць для стварэння падымальнай сілы крыла. Працягласць палёту ў спакойным паветры залежыць ад вышыні, на якую падняты П. Вырабляюць з лёгкіх сплаваў металаў і пластмас масай да 500 кг. Выкарыстоўваюцца пераважна ў спорце і навуч. практыцы пілатавання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯНО́ЗНЫ ЦІСК,
ціск крыві, якая рухаецца па венах. Велічыня вянознага ціску залежыць ад аб’ёму крыві, якая паступае ў вянозную сістэму, ад тонусу вянозных сасудаў, ціску крыві ў правым перадсэрдзі. Адрозніваюць гідрадынамічны і гідрастатычны вянозны ціск. У найб. буйных венах (верхняя і ніжняя полыя вены) вянозны ціск можа дасягаць адмоўных велічынь. У венах вышэй ад узроўню сэрца вянозны ціск бывае ніжэйшы за атмасферны, макс. значэнняў ён дасягае ў ніжніх канечнасцях чалавека. Вымяраюць ціск у гарыз. становішчы цела. У здаровых людзей ён складае 80—120 мм вадзянога слупка. Вянозны ціск залежыць ад узросту: у дзяцей павялічваецца ад 40 да 100 мм вадзянога слупка; у пажылых зніжаецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІМУЗІ́НСКАЯ ПАРО́ДА буйной рагатай жывёлы, парода мяснога кірунку. Выведзена ў Францыі ў канцы 19 ст. шляхам паляпшэння аквітанскай жывёлы (правінцыя Лімузен). На Беларусі вытворнікаў гэтай пароды выкарыстоўваюць на племзаводзе «Прыазёрны» Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.
Выш. быкоў у карку да 138 см, маса да 1150 кг, кароў адпаведна да 128 см і 640 кг. Будова цела моцная. Галава кароткая, лоб шырокі, рогі тонкія, закругленыя. Шыя кароткая, тоўстая, грудзі шырокія. Спіна шырокая, роўная. Ногі сярэдняй даўжыні, моцныя. Масць чырв. з адценнямі ад залаціста-рыжай да чырвона-бурай. Малочнасць кароў да 1800 кг з 5% тлушчу. Гадавалыя бычкі могуць дасягаць масы 450—500 кг. Мяса з унутрымускульным тлушчам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТА́КТНАЯ РО́ЗНАСЦЬ ПАТЭНЦЫЯ́ЛАЎ,
рознасць патэнцыялаў паміж праваднікамі з рознай работай выхаду, якія знаходзяцца ў электрычным кантакце, ва ўмовах раўнавагі тэрмадынамічнай.
Пры кантакце двух праваднікоў паміж імі адбываецца абмен электронамі праводнасці. У выніку праваднік з меншай работай выхаду зараджаецца дадатна, з большай — адмоўна. У вобласці кантакту ўзнікае эл. поле, накіраванае так, што патокі электронаў у абодвух напрамках ураўнаважваюцца, і ўстанаўліваецца пастаянная К.р.п. Яна роўная рознасці работ выхаду праваднікоў. аднесенай да зараду электрона. К.р.п. залежыць ад прыроды правадніка, стану яго паверхні і можа дасягаць некалькіх вольт. На існаванні К.р.п. грунтуецца работа важнейшых элементаў паўправадніковай электронікі: p—n пераходаў і кантактаў метал—паўправаднік; яна выкарыстоўваецца для прамога пераўтварэння цеплавой энергіі ў электрычную; яе трэба ўлічваць пры канструяванні электравакуумных прылад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАТЭНІ́Я (ад неа... + грэч. teinō расцягваю, падаўжаю),
здольнасць арганізмаў дасягаць палавой спеласці і размнажацца на ранняй стадыі развіцця. У раслін Н. трапляецца ў некат. моха-, дзераза- і папарацепадобных, у гола- і пакрытанасенных (напр., у крапівы на стадыі праростка). Н. тлумачаць паходжанне жаночага гаметафіта. У жывёл Н. вядома ў некат. земнаводных, ракападобных, насякомых, чарвей на лічынкавай стадыі (напр., лічынка амбістомы—аксалотль, пячорны пратэй, сляпы трытон, сірэна і інш.). Затрымка метамарфозаў у земнаводных звязана з паніжанай функцыяй шчытападобнай залозы.
Здольнасць да Н. мае прыстасавальнае значэнне для тых відаў арганізмаў, у антагенезе якіх адбываецца змена асяроддзя пражывання, асабліва калі ва ўмовах існавання дарослай стадыі адбываюцца значныя змены, часам вельмі неспрыяльныя. У такіх выпадках Н. павялічвае шанцы віду на выжыванне. Н. адрозніваецца ад педагенезу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛЫ МЯДЗВЕ́ДЗЬ [Ursus (Thalarctos) maritimus],
драпежнае млекакормячае сям. мядзведжых. Тыповы прадстаўнік арктычнай фауны: жыве на плывучых ільдах, узбярэжжы і астравах Паўн. Ледавітага ак. У познім плейстацэне трапляўся на Пд да Вялікабрытаніі, Даніі і Ньюфаўндленда.
Даўж. цела 1,6—2,5 м, зрэдку да 3 м, выш. ў карку да 1,5 м, маса да 1000 кг. Поўсць белая, густая. Ніжняя паверхня ступняў укрытая валасамі. Адаптаваны да нізкіх т-р (падскурны тлушч можа дасягаць да 40% масы жывёлы). Гон звычайна ў сак.—красавіку. Цяжарныя самкі залягаюць на зіму ў снежныя бярлогі. Нараджаюць 1—3 дзіцянят раз у 2 гады (з самкай застаюцца каля 1,5 года). Добра плавае і нырае. Корміцца цюленямі, рыбай. З 1976 знаходзіцца пад міжнар. аховай, засенены ў Чырв. кнігу МСАП. У свеце 10—20 тыс. асобін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАТА́ЦЫЯ (ад грэч. hydōr вада),
працэс далучэння вады да рэчыва (электронаў, іонаў, атамаў і малекул). Адбываецца без разбурэння ці з разбурэннем малекул вады.
Гідратацыя без разбурэння малекул вады абумоўлена электрастатычным і ван-дэр-ваальсавым узаемадзеяннямі, утварэннем каардынацыйных і вадародных сувязей. У выніку гідратацыі ўтвараюцца гідраты. Гідраты іонаў, атамаў і малекул могуць быць газападобнымі, вадкімі, цвёрдымі (гл.Крышталегідраты). Гідратацыя ў растворы — асобны выпадак сальватацыі. Найб. даследавана гідратацыя іонаў у растворах электралітаў. Адрозніваюць гідратацыю першасную — узаемадзеянне іонаў толькі з суседнімі малекуламі вады і другасную — з больш аддаленымі малекуламі. Агульная колькасць малекул вады ў гідратнай абалонцы іона можа дасягаць некалькіх соцень. Гідратацыя абумоўлівае растваральнасць рэчываў у вадзе, электралітычную дысацыяцыю, кінетыку і раўнавагу хім. рэакцый у водных растворах, адыгрывае значную ролю ў жыццядзейнасці жывых арганізмаў. Гідратацыя з разбурэннем малекул вады пашырана ў неарган. і арган. хіміі і шырока выкарыстоўваецца ў прам-сці (напр., гідратацыя аксідаў пры атрыманні сернай і азотнай кіслот, гідратацыя этылену пры сінтэзе этанолу). Працэс, адваротны гідратацыі, наз.дэгідратацыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАСПАДА́РЧЫ РАЗЛІ́К,
метад кіравання дзярж. прадпрыемствамі, засн. на ўліку выдаткаў вытв-сці, устанаўленні планавай даходнасці прадпрыемства; сістэма забеспячэння бясстратнай, прыбытковай работы вытв. звён гаспадаркі і іх адказнасці за сваю дзейнасць. Пры гаспадарчым разліку ўсе формы грамадскай уласнасці дазваляюць узгадняць існуючыя ў адзінстве супярэчлівыя інтарэсы асобных людзей і калектываў, дасягацьсац. справядлівасці. Гаспадарчы разлік як спецыфічная эканам. катэгорыя адлюстроўвае таварна-грашовыя сувязі паміж гасп.-разліковымі звёнамі, унутры іх, паміж імі і грамадствам. Гэта сувязі планамернай арганізацыі, уліку і кантролю за вытв-сцю і размеркаваннем сукупнага грамадскага прадукту, якія вызначаюць долю кожнага чалавека, вытв. калектыву або арг-цыі працоўных у яго стварэнні і размеркаванні. Дазваляюць улічыць і па магчымасці задаволіць інтарэсы асобы, калектыву і грамадства, уздзейнічаць на іх, кіраваць імі. Гаспадарчы разлік як метад гаспадарання характарызуюць прынцыпы самаакупнасці, самафінансавання, самакіравання, стымулявання, грашовага кантролю. Укараненне гэтых прынцыпаў у комплексе ёсць поўны гаспадарчы разлік. Гал. звяном гаспадарчага разліку з’яўляюцца вытв. прадпрыемствы (аб’яднанні), таваравытворцы, дзейнасць якіх падпарадкавана механізму рыначных адносін. Імі ахоплены як знешнія (гаспадарчы разлік прадпрыемстваў), так і ўнутрывытв. (унутрыгасп. гаспадарчы разлік) сувязі прадпрыемстваў. Практыка выкарыстання прынцыпаў гаспадарчага разліку пашыраецца і ў невытв. сферы. На аснове гаспадарчага разліку прадпрыемстваў ажыццяўляецца пераход на самакіраванне, самаакупнасць і самафінансаванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАВІТАЦЫ́ЙНАЕ ПО́ЛЕ ЗЯМЛІ́,
поле сілы цяжару, сілавое поле, абумоўленае гравітацыйным прыцяжэннем Зямлі і цэнтрабежнай сілай, выкліканай яе сутачным вярчэннем. Нязначнае ўздзеянне на гравітацыйнае поле Зямлі аказвае таксама прыцяжэнне Месяца, Сонца, планет Сонечнай сістэмы і масы зямной атмасферы. Характарызуецца вытворнымі патэнцыялу сілы цяжару па нармалі (па адвеснай лініі) да геоіда і па каардынатных восях у кожным пункце зямной паверхні. Вытворная патэнцыялу сілы цяжару па нармалі да геоіда вызначае паскарэнне свабоднага падзення, якое вымяраецца ў галах (1 Гал = 1 см/с2). Адрозніваюць гравітацыйнае поле Зямлі: нармальнае, анамальнае і варыяцыі.
Нармальнае гравітацыйнае поле Зямлі абумоўлена прыцягненнем масы аднароднага эліпсоіда, паверхня якога блізкая да геоіда. Вагаецца ад 978 Гал на экватары да 983 Гал на полюсах. Анамальнае гравітацыйнае поле Зямлі выклікана неаднароднасцямі будовы Зямлі, гал.ч. яе верхняй абалонкі — літасферы. На раўнінных месцах знаходзіцца ў межах некалькіх дзесяткаў мілігал, у гарах і на астравах акіянаў анамаліі могуць дасягаць сотняў мілігал. Варыяцыі гравітацыйнага поля Зямлі ў часе звязаны з размяшчэннем Месяца адносна Зямлі і Зямлі адносна Сонца, а таксама з тэктона-фіз. працэсамі, што працякаюць на вял. глыбінях у нетрах Зямлі. Месячна-сонечныя перыядычныя варыяцыі гравітацыйнага поля Зямлі ў часе — да 1 мГал, варыяцыі поля тэктанічнага паходжання — 1—2 мГал за год. Гл. таксама Гравіметрыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́МА (ад лац. gummi камедзь),
рызіна, вулканізат, эластычны матэрыял, які атрымліваюць вулканізацыяй каўчуку. Найважнейшая ўласцівасць гумы — высокаэластычнасць: здольнасць без значных астаткавых дэфармацый вытрымліваць шматразовыя расцяжэнні на 500—1000% у шырокім інтэрвале тэмператур.
Атрымліваюць гуму пераважна вулканізацыяй кампазітаў (гумавых сумесей), аснову якіх (звычайна 20—60% па масе) складаюць каўчукі (гл.Каўчук натуральны, Каўчукі сінтэтычныя). У састаў сумесей уваходзяць таксама вулканізуючыя агенты, напаўняльнікі, пластыфікатары, стабілізатары і інш. інгрэдыенты мэтавага прызначэння, агульная колькасць якіх можа дасягаць 15—20. Выбар каўчуку і склад гумавай сумесі абумоўлены прызначэннем, умовамі эксплуатацыі і тэхн. патрабаваннямі да вырабаў, тэхналогіяй вытв-сці. Паводле прызначэння і ўмоў эксплуатацыі адрозніваюць наступныя асн. групы: агульнага прызначэння (выкарыстоўваюць пры т-рах ад -50 да 150 °C); цеплаўстойлівую (для працяглай эксплуатацыі пры 150 — 200 °C); марозаўстойлівую (выкарыстоўваюць пры т-рах ніжэй за -50 °C); маслабензаўстойлівую; устойлівую да ўздзеяння агрэсіўных хім. рэчываў (кіслот, шчолачаў, азону); дыэлектрычную; электраправодную; магнітную; вогнеўстойлівую; радыяцыйнаўстойлівую; вакуумную; фрыкцыйную, харч. і мед. прызначэння і інш. Атрымліваюць таксама сітаватую гуму, гуму каляровую і празрыстую. Выкарыстоўваюць у тэхніцы, сельскай гаспадарцы, буд-ве, медыцыне, побыце. Асартымент гумавых вырабаў налічвае больш за 70 тыс. найменняў. Больш за палавіну аб’ёму вырабленай гумы выкарыстоўваюць у вытв-сці шын.
Літ.:
Федюкин Д.Л., Махлис Ф.А. Технические и технологические свойства резин. М., 1985.