ПАГАНІ́НІ ((Paganini) Нікало) (27.10.1782, г. Генуя, Італія —27.5.1840),
італьянскі скрыпач, гітарыст, кампазітар. Вучыўся пераважна самастойна, напачатку — у бацькі. З 11-гадовага ўзросту выступаў у Італіі, з 1828 у інш. краінах Еўропы, хутка заваяваў сусв. вядомасць. Мастак-наватар, прадстаўнік муз. рамантызму, фенаменальны віртуоз, П. зрабіў карэнны пераварот у культуры і тэхніцы скрыпічнага выканальніцтва, узбагаціў і расшырыў магчымасці скрыпкі, увёў у свае скрыпічныя п’есы новыя каларыстычныя і тэхн. эфекты (выкарыстоўваў тэхніку двайных нот, ігру на адной струне, pizzicato, флажалеты). Некаторыя яго творы з-за іх складанасці доўгі час лічыліся не прыдатнымі для выканання. Творчасць П. зрабіла вял. ўплыў на далейшае развіццё інстр. музыкі. Сярод твораў: 6 канцэртаў (1815—30), «Вечны рух» для скрыпкі з арк.; 24 капрысы для скрыпкі сола (1807, выд. 1820), цыклы варыяцый, санаты для скрыпкі і гітары, камерна-інстр. ансамблі, каля 200 п’ес для гітары, вак. творы і інш. Своеасаблівае дэманічнае аблічча П., вулканічны тэмперамент, некат. эпізоды біяграфіі спарадзілі вакол яго імя фантаст. легенды. З 1954 у Генуі штогод праводзіцца Міжнар. конкурс скрыпачоў імя П.
Літ.:
Ямпольский И.М. Н.Паганини: Жизнь и творчество 2 изд. М., 1968;
Тибальди-Кьеза М. Паганини: Пер. с итал. М., 1986;
Григорьев В.Ю. Н.Паганини: Жизнь и творчество. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНЫ ДЖАЗ-АРКЕ́СТР БССР,
першы прафесійны джазавы калектыў Беларусі. Створаны ў 1939 у Беластоку як Беластоцкі тэатралізаваны джаз Ю.Бяльзацкага, з 1.1.1940 Дзярж. джаз-аркестр пад кіраўніцтвам Э.Рознера. Адзін з лепшых джаз-аркестраў б.СССР 1940-х г. У складзе аркестра напачатку пераважалі прафес. музыканты — эмігранты з краін Зах. Еўропы, у асн. з Польшчы. Першыя канцэрты адбыліся ў Мінску ў крас. 1940, потым у Маскве, у т-ры саду «Эрмітаж» і інш. У складзе аркестра ў розны час працавалі спевакі Р.Камінская (жонка Рознера), З.Ларчанка, Л.Лямпель, А.Гольдберг, кампазітар і спявак А.Гарыс, трубач і паэт Ю.Цэйтлін, тэнар-саксафаніст Т.Лявіцін, скрыпач П.Гофман, піяніст А.Дабрушкес, гітарыст Л.Маркевіч. У рэпертуары пераважалі творы, напісаныя ўдзельнікамі калектыву: «Слава табе, Беларусь!» Бяльзацкага, «Каўбойская», «Мандаліна, гітара і бас», «На палянцы» Гарыса, танга «Навошта смяяцца, калі сэрцу балюча» Рознера (усе на сл. Цэйтліна) і інш.Найб. папулярнасць прынёс аркестру ўдзел у фільме «Канцэрт-вальс» (1941). З пач.Айч. вайны калектыў выступаў на Урале, у Сібіры, Сярэдняй Азіі. У 1942 14 музыкантаў пайшлі на фронт. З канца 1942 аркестр выступаў у вайск. часцях, у т. л. на перадавой, перад войскамі Бел. фронту і інш. У 1944—45 праведзена вял. праца па запісе твораў у выкананні джаз-аркестра на грампласцінкі (усяго 43). У 1946 Рознер і Камінская арыштаваны, у 1947 аркестр расфарміраваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІТА́РА (ісп. guitarra ад грэч. kithara кіфара, цытра),
струнны шчыпковы муз. інструмент тыпу лютні. Сучасная гітара складаецца з драўлянага корпуса з глыбокімі выемкамі па баках і плоскімі дэкамі (на верхняй — круглая рэзанатарная адтуліна), шыйкі з грыфам (на грыфе 19—24 метал. лады), галоўкі з калкамі. Струны (6) металічныя ці нейлонавыя (адпаведна 4 ці 3 ніжнія абвіты метал. каніцеллю), часам двайныя рады струн (2 верхнія настройваюцца ва унісон, 4 ніжняя — у актаву). Звычайная настройка: E(D)-A-d-g-h-e1 (натуецца на актаву вышэй). З пач. 19 ст. вядома 7-струнная, т.зв. руская гітара квартава-тэрцавай настройкі: D-G-н-d-g-h-d1. Гукарад храматычны. Прыёмы гуказдабывання: шчыпок вял. пальцам ніжніх струн, указальным, сярэднім і безыменным — верхніх, бразганне па ўсіх струнах, зашчыпванне плектрам. Гучанне гітары мяккае, тэмбрава разнастайнае, добра спалучаецца з чалавечым голасам і некат. муз. інструментамі. Выкарыстоўваецца як сольны інструмент і для акампанементу.
Інструменты тыпу гітары былі вядомы ў Іспаніі з 13 ст. У інш. краінах Еўропы гітара пашырана з сярэдзіны 18 ст. Да таго часу адносяцца і найб. раннія сведчанні пра яе на Беларусі (выява на фрэсках Слонімскай сінагогі). Спачатку бытавала сярод магнатаў і шляхты, у 19 ст. — інш. слаёў насельніцтва. З 1920—30-х г. у бел.нар.муз. практыцы разам з мандалінай, балалайкай, скрыпкай і басэтляй уключалася ў склад т.зв. струннай музыкі. У апошні час у эстраднай музыцы і джазе выкарыстоўваюць электрагітары з некалькімі гуказдымальнікамі і т.зв. тэмбраблокам. Сярод вядомых прафес. гітарыстаў А.Сеговія, А.Сіхра, А.Іваноў-Крамской, з бел. — Я.Грыдзюшка, У.Захараў, В.Жывалеўскі.
І.Дз.Назіна.
Да арт.Гітара. Гітарыст Мастак В.А.Трапінін. 1823.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІКАСО́, Пікаса [Picasso; сапр.Руіс-і-Пікаса (Ruiz y Picasso)] Пабла (25.10.1881, г. Малага, Іспанія — 8.4.1973), французскі мастак іспанскага паходжання; адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў авангардызму, заснавальнік (з Ж.Бракам) кубізму. Вучыўся ў школе прыгожых мастацтваў у Барселоне (з 1895) у свайго бацькі Х.Руіса Бласка, акадэміі Сан-Фернанда ў Мадрыдзе (зіма 1897—98). З 1904 жыў у Францыі, пераважна ў Парыжы. Раннія жывапісныя творы [т.зв. «блакітны» (1901—04) і «ружовы» (1905—06) перыяды; назвы ад тонаў, якія дамінавалі ў каларыстычнай гаме] прысвечаны тэме трагічнай адзіноты, абяздоленасці і духоўнага ўбоства ніжэйшых слаёў грамадства, рамант. жыццю вандроўных камедыянтаў: «Стары жабрак з хлопчыкам», «Прасавальшчыца», «Бедная трапеза», «Дзяўчынка на шары», «Сям’я камедыянтаў з малпай» і інш. У той жа час працаваў пад уплывам П.Пюві да Шавана, набідаў («Арлекін абапёрся»), А.Тулуз-Латрэка, П.Гагена («Жыццё»), Э.Кар’ера («Маці і дзіця»), ісп. («Стары гітарыст») і грэч. («Вадапой») мастацтва. У 1906—07 пад уздзеяннем афр. пластыкі і П.Сезана імкнуўся да выяўлення значнасці твора праз спрашчэнне форм («Авіньёнскія дзяўчаты» і інш.), што абумовіла ўзнікненне ў яго творчасці кубізму: «Фабрыка ў Хорта дэ Эбра», «Партрэт Фернанда Аліўе» (абодва 1909), «Партрэт Амбруаза Валара» (1909—10), «Партрэт Канвейлера» (1910), «Скрыпка і вінаград» (1912), «Гітара і скрыпка» (1913), «Партрэт дзяўчыны» (1914), «Тры музыканты» (1921), «Мандаліна і гітара» (1924) і інш. З 1917 зноў вярнуўся і да фігуратыўнага жывапісу, у якім пераасэнсоўваў гіст.маст. стылі ў тагачаснай манеры: «Тры жанчыны каля крыніцы» (1921), «Дзве жанчыны на пляжы» (1922), «Флейта Пана», «Партрэт Вольгі», «Жанчына ў белым» (усе 1923), «Поль у касцюме П’еро» (каля 1923) і інш. У 1925 — пач. 1930-х г. працаваў у рэчышчы сюррэалізму: карціны «Купальшчыца сядзіць», «Жанчына ў крэсле» (абедзве 1929), «Постаці на беразе мора» (1931), «Люстэрка» (1932), скульптура «Мужчына з букетам» (1934) і інш. У графіцы пераважалі ант. матывы (ілюстрацыі да «Лісістраты» Арыстафана, 1934; серыя гравюр «Мінатаўрамахія», 1935, і інш.). У творах 1937—45 выявіў варварства фаш. рэжыму, трагізм і безвыходнасць эпохі: «Герніка», «Жанчына плача» (абодва 1937), «Кот і птушка» (1939), «Нацюрморт з бычыным чэрапам» (1942), «Бойня» (1944—45) і інш. З канца 1940-х г. пераважна інтэрпрэціраваў інтэрпрэтаваў* у сучасным стылі карціны старых майстроў («Партрэт мастака. У наследаванне Эль Грэка», «Дзяўчаты на беразе Сены. Паводле Курбэ», абедзве 1950; «Алжырскія жанчыны. Паводле Дэлакруа», 1955; «Меніны. Паводле Веласкеса», 1957; «Сняданак на траве. Паводле Манэ», 1960, і інш.), ствараў творы антываен. тэматыкі (малюнак «Голуб міру», 1947; карціна «Разня ў Карэі», 1951; пано «Мір» і «Вайна», 1952, і інш.), працаваў у скульптуры («Цяжарная жанчына», «Каза», абедзве 1950; «Малпа з малышом», 1952, і інш.), дэкар.-прыкладным мастацтве, графіцы. У 1970 адкрыты музей П. ў Барселоне, у 1985 — у Парыжы. Міжнар. прэмія Міру 1950, Міжнар. Ленінская прэмія 1962. Іл.гл. таксама да арт.Іспанія, Кубізм.
Літ.:
Голомшток И.Н., Синявский А.Д. Пикассо. М., 1960;
Графика Пикассо: [Альбом]. М., 1967;
Дмитриева Н.А. Пикассо. М., 1971;
Зубова М.В. П.Пикассо. Актеры и клоуны: [Альбом]. М., 1976.