ВАРЛА́МАЎ (Аляксандр Ягоравіч) (27.11.1801, Масква — 27.10.1848),

рускі кампазітар, спявак, дырыжор. З 1811 у Пецярбургскай прыдворнай пеўчай капэле, у 1832—43 «кампазітар музыкі» і пам. капельмайстра імператарскіх т-раў у Маскве. З 1845 у Пецярбургу. Аўтар каля 200 рамансаў і песень, засн. на інтанацыях рус. гар. і сял. фальклору («Чырвоны сарафан», «Уздоўж па вуліцы мяцеліца мяце», «На світанні яе не будзі»), хароў, апрацовак рус. нар. песень і інш. Выступаў як камерны спявак, гітарыст і дырыжор. Аўтар аднаго з першых метадычных дапаможнікаў у галіне вак. педагогікі «Поўная школа спеваў» (1840).

т. 4, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВАНО́Ў-КРАМСКО́Й (Аляксандр Міхайлавіч) (8.9.1912, Масква — 11.4.1973),

рускі гітарыст, дырыжор, кампазітар Засл. арт. Расіі (1959). Ў 1931—33 вучыўся ў Муз. тэхнікуме імя Кастр. рэвалюцыі (Масква). З 1932 на Усесаюзным радыё. З 1933 выступаў як саліст і ансамбліст. У 1939—45 дырыжор Ансамбля песні і танца НКУС СССР, у 1947—52 — Рус. нар. хору і аркестра нар. інструментаў Усесаюзнага радыё. З 1960 выкладаў у муз. вучылішчы пры Маскоўскай кансерваторыі. Аўтар муз. твораў для гітары (2 канцэрты з арк. і інш.), пералажэнняў і апрацовак. Выдаў «Школу для шасціструннай гітары» (1947). Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу выканаўцаў на нар. інструментах (1939).

т. 7, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́НАН ((Lennon) Джон) (Уінстан; 9.10. 1940, г. Ліверпул, Вялікабрытанія — 8.12.1980),

англійскі рок-спявак, гітарыст, кампазітар, паэт. З 1954 кіраваў створаным ім вак.-інстр. ансамблем «Кварымен». З 1956 удзельнік вак,інстр. квартэта «Бітлз», для якога пісаў песні (разам з П.Макартні). З 1970 выступаў самастойна як саліст і ў ансамблі з жонкай Ёка Она. Аўтар альбомаў «Джон Ленан. Пластык Она Бэнд» (1970), «Уяві сабе» (1971), «Рок-н-рол» (1975), «Двайная фантазія» (1980; разам з Она); сярод хітоў «Дайце свету шанц» (гімн прыхільнікаў міру), «Маці», «Герой з рабочага асяроддзя», «Што дапамагае перажыць ноч», «Улада народу». Загінуў ад рукі фанатыка.

т. 9, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«РО́ЛІНГ СТОЎНЗ»

(Rolling Stones),

англійская рок-група. Створана ў 1962 у Лондане. У першым складзе: арганізатары і кіраўнікі М.​Джагер (вакаліст) і К.​Рычардс (гітарыст), а таксама Ч.​Уотс (барабаны), Б.​Джонс (гітара), Б.​Уаймэн (бас-гітара), з 1991 — Джагер, Рычардс, Уотс, Р.​Вуд. У першыя гады існавання ў рэпертуары пераважна творы рок-н-рола, песні дуэта Джагер-Рычардс. З канца 1960-х г. выконваюць толькі ўласныя песні, створаныя на аснове блюза. Сярод альбомаў: «Афтэмэс» (1966), «Стыл Вілс» (1989), «Брыджэс ту Бабілон» (1997). Група — лідэр сярод рок-музыкантаў па колькасці «залатых», «плацінавых» і «мультыплацінавых» альбомаў.

Дз.​А.​Падбярэзскі.

т. 13, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭ́СЛІ ((Presley) Элвіс) (8.1.1935, г. Цьюпела, штат Місісіпі, ЗША — 16.8.1977),

амерыканскі эстрадны спявак, гітарыст, кінаакцёр. На сцэне з 1950-х г. Стварыў індывідуальны вакальны стыль, які ўвабраў у сябе паўд.-амер. блюзы, рэліг. песнапенні, музыку кантры. Найб. уплывовы выканаўца рок-н-рола. Экстравагантнасць паводзін, эмацыянальна раскаваны выканальніцкі стыль зрабілі П. кумірам моладзі. Здымаўся ў кіно (больш за 30 фільмаў), у т. л. «Пакахай мяне пяшчотна» (1956), «Каханне да цябе», «Турэмны рок» (абодва 1957), «Двайныя непрыемнасці» (1967). Пра творчасць П. пастаўлены дакумент. фільмы («Элвіс — так гэта адбываецца на самай справе» (1970), «Элвіс у турнэ» (1972), «Гэта Элвіс» (1981), маст. фільм «Элвіс — кіно» (1979).

т. 13, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫВАЛЕ́ЎСКІ (Валерый Серафімавіч) (н. 11.1.1961, г. Гродна),

бел. гітарыст, педагог; адзін з пачынальнікаў бел. гітарнай школы. Скончыў Гродзенскае муз. вучылішча (1980), Бел. кансерваторыю (1985). Удасканальваўся ў Маскоўскім дзярж. муз.-пед. ін-це імя Гнесіных (1989). З 1989 выкладчык Бел. акадэміі музыкі. У рэпертуары старадаўняя лютневая і гітарная бел. музыка, п’есы кампазітараў-класікаў (у т. л. ва ўласных транскрыпцыях і апрацоўках), творы бел. аўтараў (Г.​Гарэлавай, В.​Войціка, Я.​Паплаўскага). Аўтар артыкулаў пра бытаванне лютні і гітары на Беларусі, аўтар і складальнік нотных зборнікаў «Альбом юнага гітарыста» (1994), «Беларуская гітарная музыка» (1995), «Гігара ў ансамблі» (1997). Стварыў шмат запісаў на радыё. Лаўрэат 7-га Усесаюзнага конкурсу артыстаў эстрады (1983). Сярод яго вучняў лаўрэаты міжнар. і нац. конкурсаў У.​Захараў, Ф.Волкаў, В.​Тарлецкі.

т. 6, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫДЗЮ́ШКА (Яўген Міхайлавіч) (н. 6.8.1958, г.п. Акцябрскі Гомельскай вобл.),

бел. гітарыст, педагог, адзін з пачынальнікаў бел. гітарнай школы. Скончыў Бел. кансерваторыю (1984), з 1987 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі. У 1989—91 саліст Бел. філармоніі. У 1984—88 выкладаў у Маладзечанскім муз. вучылішчы. У рэпертуары арыгінальныя творы для гітары бел. кампазітараў (Г.​Гарэлавай, В.​Кузняцова, А.​Літвіноўскага, Я.​Паплаўскага, Дз.​Яўтуховіча), класічнай і сучаснай замежнай музыкі (І.​Альбеніс, Л.​Браўэр, Х.​Радрыга, Ф.​Тарэга), пералажэнні муз. класікі (у т. л. твораў І.​С.​Баха). Аўтар шматлікіх апрацовак і пералажэнняў для гітары, у т. л. бел. старадаўняй музыкі 16—17 ст. (п’есы «Полацкага сшытка», «Віленскай табулатуры» і інш.). Лаўрэат 1-га Рэсп. конкурсу імя І.​Жыновіча (1987). Сярод яго вучняў лаўрэаты міжнар. конкурсаў У.​Захараў, Дз.​Асімовіч, Э.​Чэкан. Зрабіў шмат запісаў на радыё.

т. 5, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНЬЯ́СКА ((Magnasco) Алесандра) (1667, г. Генуя, Італія — 19.3.1749),

італьянскі жывапісец. Вучыўся ў свайго бацькі С.​Маньяска і ў Мілане. Працаваў у Мілане, Генуі, Фларэнцыі. Зазнаў уплывы С.​Розы, Ж.​Кало, майстроў генуэзскай школы. Пісаў жанравыя сцэны з жыцця цыган, салдат, манахаў, якім надаваў трагізм і містыцызм. Каларыт яго твораў пабудаваны на пакладзеных энергічнымі мазкамі цьмяных, пераважна карычневых і аліўкавых, тонах, што напаўняюць іх дынамікай: «Танец Каламбіны» (1709), «Навучанне сарокі», «Цыганская трапеза», «Вакханалія» (усе 1710-я г.), «Сінагога» (1715), «Дон Кіхот», «Допыт», «Інквізіцыя» (усе 1720-я г.), «Пахаванне манаха», «Манастырская трапезная», «Прачкі», «Начны краявід», «Спакуса св. Антонія», «Фантастычная сцэна», «Алхімік», (усе 1730-я г.), «Кухня» (1735), «Жанчына і гітарыст», «Прыём у садзе д’Альбара» (абодва 1740-я г.), фрэскі ў замку Вісконцэа ў Брыньяна (каля 1716) і інш.

Літ.:

Дьяков Л.А. А.​Маньяско. М., 1978.

А.Маньяска. Вакханалія. 1710-я г.

т. 10, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТРО́Ў (Ілія) (9.6.1903, г. Разград, Балгарыя — 1975),

балгарскі жывапісец і графік. Нар. маст. Балгарыі (1963). Герой Сац. Працы (1967). Акад. Балгарскай АН. Вучыўся ў АМ у Сафіі (1921—26; з 1941 яе праф.) і Мюнхене (з 1926). Творы вызначаюцца суровай экспрэсіяй вобразаў, лаканізмам кампазіцыі, стрыманасцю і напружанасцю каларыту: партрэты жанчыны (1941) і дзіцяці (1942), карціны «Партызаны ў дзеянні» (1947), «Гітарыст» (1951), «Мастак» (1952), «Расстрэл» (1954), «Салдацкі бунт каля Добрага-Поля ў 1818 г.» (1956—58), «Партызанская песня» (1959), серыя малюнкаў «Выпрабаванні» (1938), цыкл гравюр, прысвечаных Вераснёўскаму паўстанню 1923 у Балгарыі і грамадз. вайне ў Іспаніі (1936—39) і інш. Аўтар манум. размалёўкі «Дзевятае верасня» ў кінатэатры «Дзімітр Благоеў» у Сафіі (1947). Працаваў таксама як скульптар. Дзмітраўская прэмія 1953, 1961, 1971.

Літ.:

Божков А. Илия Петров. София, 1972.

І.Я.Пятроў.
І.Пятроў. Беспрацоўныя. З серыі «Выпрабаванні». 1938.

т. 13, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРСІ́Я (Carcía),

іспанскія музыканты, бацька і сын.

Мануэль дэль Попала Вісентэ (22.1.1775, г. Севілья, Іспанія — 9.6.1832), спявак (тэнар), гітарыст, кампазітар, вак. педагог. Родапачынальнік сям’і вядомых вакалістаў. Адзін з найлепшых выканаўцаў асн. тэнаровых партый у сцэн. творах канца 18 — пач. 19 ст. З 1798 спяваў у тэатр. трупе Мадрыда, з 1808 — у «Тэатры Італьен» у Парыжы. Першы выканаў партыю Альмавівы ў «Севільскім цырульніку» Дж.​Расіні. З 1818 выступаў у Лондане, дзе заснаваў школу спеваў (1823). Аўтар і пастаноўшчык многіх опер, пераважна камічных, шэрагу танадылляў (ісп. муз. камедый). З 1829 выкладаў у арганізаванай ім школе спеваў у Парыжы. Сярод вучняў: сын М.П.​Р.​Гарсія і дочкі М.Малібран і П.Віярдо-Гарсія; А.​Нуры.

Мануэль Патрысіо Радрыгес (17.3.1805, Мадрыд — 1.7.1906), спявак (бас-барытон), вак. педагог. Гастраліраваў у ЗША і Мехіка. У 1842—50 выкладаў у Парыжскай кансерваторыі, у 1848—95 — у Каралеўскай акадэміі музыкі ў Лондане. Аўтар прац па вак. педагогіцы (у т. л. «Поўнае кіраўніцтва па мастацтве спеваў», перакладзена на многія мовы). Зрабіў вял. ўклад у вывучэнне фізіялогіі чалавечага голасу, вынайшаў ларынгаскоп. Яго пед. прынцыпы паўплывалі на развіццё вак. мастацтва 19 ст. Сярод яго вучняў Е.Лінд, Э.​Фрэцаліні, М.​Маркезі, Г.​Нісен-Саламан, Ю.​Штокгаўзен, Г.​Гарсія (яго сын).

Літ.:

Levien J.M. The Garcia family. London, 1932.

т. 5, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)