БАБУ́ХІН (Аляксандр Іванавіч) (28.3.1827 або 17.8.1835, с. Семяндзяева Арлоўскай вобл., Расія — 4.6.1891),

рускі гістолаг і фізіёлаг, адзін з заснавальнікаў рус. школы гістолагаў і бактэрыёлагаў. Праф. (1865). Скончыў Маскоўскі ун-т (1859). З 1865 працаваў там жа, у 1888 арганізаваў першую ў Маскве бактэрыял. лабараторыю. Навук. працы па нармальнай анатоміі і гісталогіі нерв. сістэмы. Даказаў клетачную будову сятчаткі вока і вызначыў паходжанне палачак і колбачак; апісаў нейрафібрылы ў перыферычных нерв. валокнах, паказаў прыналежнасць восевых цыліндраў нерв. валокнаў да адросткаў нерв. клетак, развіццё органаў рыб з эмбрыянальных папярочна-паласатых мышачных валокнаў, двухбаковую праводнасць узбуджэння ў нерв. валокнах.

Тв.:

Об отношении блуждающих нервов к сердцу. М., 1862.

т. 2, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́ГЕЛЬ (Аляксандр Станіслававіч) (27.1.1852, г. Паневяжыс, Літва — 19.11.1922),

расійскі гістолаг. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1894). Скончыў Казанскі ун-т (1879). З 1888 праф. Томскага, з 1895 — Пецярбургскага ун-таў. Навук. працы па гісталогіі нерв. сістэмы і органаў пачуццяў. Апісаў 10 тыпаў нерв. клетак у чуллівых нерв. вузлах, 3 тыпы нейронаў (клеткі Догеля) у вегетатыўных нерв. вузлах, вывучаў сінапсы ў аўтаномнай нерв. сістэме. Распрацаваў метад прыжыццёвай афарбоўкі нерв. элементаў. Заснаваў час. «Русский архив анатомии, гистологии и эмбриологии» (1915).

Тв.:

Концевые нервные аппараты в коже человека. СПб., 1903;

Кровь как основа жизни человека и животных. Пг., 1922;

Строение и жизнь клетки. М.;

Пг., 1922.

т. 6, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМО́Н-І-КАХА́ЛЬ ((Ramón y Cajal) Сант’яга) (1.5.1852, Петылья-дэ-Арагон, Іспанія — 17.10.1934),

іспанскі гістолаг. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1909) і Парыжскай АН (1916). Скончыў Сарагоскі ун-т (1873). З 1877 праф. Сарагоскага, з 1884 — Валенсійскага, з 1887 — Барселонскага, у 1892—1922 — Мадрыдскага ун-таў. Арганізатар і кіраўнік лабараторыі біял. даследаванняў Мадрыдскага ун-та. Навук. працы па анатоміі і гісталогіі нерв. сістэмы. Адкрыў адросткі нерв. клетак — дэндрыты і неўрыты (аксоны), выканаў класічныя працы па вывучэнні мікраскапічнай структуры сятчаткі вока, спіннога мозга, мазжачка і інш. аддзелаў галаўнога мозга. Прасачыў працэсы дэгенерацыі і рэгенерацыі нерв. валокнаў, эмбрыянальнага гістагенезу. Стварыў нейронную тэорыю будовы нерв. сістэмы. Нобелеўская прэмія 1906 (разам з К.Гольджы).

А.С.Леанцюк.

С.Рамон-і-Кахаль.

т. 13, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЦ (Уладзімір Аляксеевіч) (26.4.1834, в. Татараўка Чарнігаўскай вобл., Украіна — 12.10.1894),

украінскі анатам і гістолаг. Скончыў Кіеўскі ун-т (1860), дзе і працаваў да 1889. У 1861—68 працаваў у Вене ў К.Людвіга, у Гейдэльбергу ў Г.Гельмгольца. Навук. працы па анатоміі, клінічнай медыцыне. Заснавальнік вучэння пра архітэктоніку кары галаўнога мозга. Апісаў рухальную зону кары галаўнога мозга (1873) і вызначыў (1874) у ёй гіганцкія пірамідныя клеткі (клеткі Беца). Распрацаваў арыгінальную методыку рыхтавання зрэзаў праз цэлае паўшар’е галаўнога мозга. Правёў сістэматычныя даследаванні развіцця і росту касцей (1887). Зрабіў і сабраў унікальную калекцыю прэпаратаў мозга чалавека і жывёл, якую падараваў Кіеўскаму ун-ту.

Тв.:

Морфология остеогенеза. Киев, 1887;

Атлас человеческого мозга. Киев, 1910;

Анатомические и гистологические исследования: (Избр. тр.). М., 1950.

т. 3, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)