ШВАН (Schwann) Тэадор (7.12.1810, г. Нойс, Германія — 14.1.1882),
нямецкі біёлаг, гістолаг і фізіёлаг, стваральнік клетачнай тэорыі. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1879), Парыжскай АН (1879), Бельгійскай АН (1841). Вучань І.П.Мюлера. Скончыў Бонскі ун-т (1833). З 1834 у Анат. музеі Берлінскага ун-та. Праф. Лувенскага (з 1839) і Льежскага (1848—80) ун-таў (Бельгія). Навук. працы па фізіялогіі стрававання (адкрыў у 1836 фермент пепсін), гісталогіі, анатоміі нерв. сістэмы. На аснове ўласных даследаванняў, прац М.Я.Шлейдэна і інш. вучоных у творы «Мікраскапічныя даследаванні аб адпаведнасці ў структуры і росце жывёл і раслін» (1839) сфармуляваў палажэнні аб утварэнні клетак і клетачнай будове арганізмаў.