рыба сям. асятровых атр. асетрападобных. Пашырана ў бас. Каспійскага, Чорнага, Азоўскага і Адрыятычнага мораў. Прахадная. Раней па Дняпры заходзіла ў рэкі Беларусі на нераст. Да пач. 20 ст. ў Сажы і Дняпры лавілі бялугу масай каля 300 кг, пазней не траплялася. У 1973—74 у рыбакамбінат «Белае» (Гомельская вобл.) завезены гібрыд бялугі і сцерлядзі (бесцер) для рыбагасп. выкарыстання.
Даўж. да 9 м, маса да 2 т. Жыве больш за 100 гадоў. Палавая спеласць самцоў у 12—14 гадоў, самак у 16—18. Ёсць азімыя і яравыя формы. Нерастуе раз у некалькі гадоў. Плоднасць да 8 млн. буйных ікрынак. Утварае гібрыды з інш. асятровымі. Дарослая корміцца рыбай, моладзь — доннымі беспазваночнымі. Каштоўная прамысл. рыба. Ікра — далікатэсны прадукт. Колькасць скарацілася. Аб’ект развядзення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯ́ТА (Mentha),
род кветкавых раслін сям. губакветных. Каля 25 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. Некалькі відаў здаўна культывуюцца ў многіх краінах як эфіраалейныя і лек. расліны. На Беларусі 3 дзікарослыя віды М.: водная (M. aquatica), даўгалістая (M. longifolia), палявая (M. arvensis). Трапляюцца на палях, па берагах рэк і азёр. На Беларусі вырошчваюць пераважна М. перцавую (M. × piperita) — гібрыд М. воднай і каласковай (M. spicata).
Шматгадовыя травяністыя расліны выш. да 1,2 м. Лісце суцэльнае, зубчастае або пілаватае. Кветкі дробныя, 1- і 2-полыя, ружавата-ліловыя ў пазушных кальчаках або коласападобных ці галоўчатых суквеццях. Плод — 4-арэшак. Трава М. мае ментол, ужываецца як лек. сродак. Алей выкарыстоўваюць у парфумерыі і харч. прам-сці. Лек., эфіраалейныя, харч., меданосныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛЬХА (Alnus),
род кветкавых раслін сям. бярозавых. Каля 40 відаў. Пашырана пераважна ва ўмераных абласцях Еўропы, Азіі, Паўн. Амерыкі, таксама ў гарах Паўд. Амерыкі (Анды). Ва ўмераных шыротах утварае альховыя лясы. На Беларусі па ўсёй тэр. трапляецца вольха чорная, або клейкая (Alnus glutinosa), утварае чорнаальховыя лясы; у паўн.ч. — вольха шэрая, або белая (Alnus incana), якая мае ў цэнтр.ч. рэспублікі паўд. мяжу суцэльнага пашырэння, утварае другасныя (вытворныя пасля яловых) шэраальховыя лясы. Зрэдку трапляецца гібрыд паміж гэтымі відамі — вольха апушаная (Alnus pubescens). У Цэнтр.бат. садзе АН Беларусі інтрадукаваны 14 відаў і формаў вольхі (барадатая, пушыстая, сібірская, японская, цвёрдая, чырвоная, камчацкая і інш.).
Аднадомныя лістападныя ветраапыляльныя дрэвы і кусты. Лісце круглаватае, эліптычнае або адваротнаяйцападобнае, цэласнае (у садовых формаў бывае рассечанае). Тычынкавыя кветкі падоўжаныя, звіслыя, у каташках; песцікавыя — у «шышачках», летам зялёных, шчыльных, пры выспяванні чорна-бурых, дравяністых, якія ператвараюцца ў суплоддзі. Плады — аднанасенныя арэшкі з 2 перапончатымі крылцамі. На каранях часта ўтвараюцца клубеньчыкі з азотфіксавальнымі бактэрыямі. Тэхн. (драўніна выкарыстоўваецца ў вытв-сці мэблі, фанеры, тары, як буд. матэрыял), лек. (суплоддзі і кара вяжучы, кроваспыняльны і процізапаленчы сродак), дубільныя, фарбавальныя, дэкар., меліярацыйныя (глебапаляпшальныя) расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНЫ КАМУНІСТЫ́ЧНЫ РУХ,
пашыраная ў свеце леварадыкальная ідэйна-паліт. плынь, якая кіруецца ў сваёй дзейнасці поглядамі К.Маркса і У.І.Леніна на сацыялізм і камунізм і мае на мэце пабудову ў свеце камуніст. грамадства, першая фаза якога — сацыялізм. Аб’ядноўвае камуніст. і ідэйна блізкія да іх сацыяліст. і рабочыя партыі. Узнік у 1840—50-я г. амаль адначасова з марксізмам як састаўная частка міжнар. рабочага руху. Першай камуніст. арг-цыяй быў створаны ў 1847 Саюз камуністаў, які аб’ядноўваў камуніст. і карэспандэнцкія к-ты шэрагу зах.-еўрап. краін. У напісаным для Саюза Марксам і Ф.Энгельсам «Маніфесце Камуністычнай партыі» (1848) выкладзена праграма міжнар.рэв. рабочага руху і абгрунтавана неабходнасць стварэння паліт. партыі пралетарыяту. Камуніст. (марксісцкая) плынь дамінавала ў Інтэрнацыянале 1-м (1864—76), у с.-д. і сацыяліст. партыях, што стварылі Інтэрнацыянал 2-і (1889—1922). Да канца 19 — пач. 20 ст.камуніст. рух і сацыял-дэмакратыя развіваліся на агульнай аснове марксізму як паралельныя плыні ў рамках с.-д. і сацыяліст. партый, потым адзіны сусв.сацыяліст. рух распаўся на 2 самаст. плыні — сацыял-дэмакр. і камуністычную, якія разышліся ў поглядах на стратэгію і тактыку заваявання паліт. улады, сутнасць, шляхі і спосабы пабудовы сацыялізму. Сацыял-дэмакраты (Э.Бернштэйн і інш.) прыйшлі да высновы, што асобныя палажэнні марксізму не пацвердзіліся часам або ўстарэлі. Прадстаўнікі камуніст. плыні працягвалі адстойваць марксісцкія палажэнні аб выключна рэв. шляху дасягнення сацыялізму як першай стадыі камунізму праз класавую барацьбу і дыктатуру пралетарыяту ў якасці абранага гісторыяй класа. Найб. відным выразнікам гэтай плыні ў пач. 20 ст. стаў лідэр рас.бальшавікоў Ленін. Пасля 1-й сусв. вайны с.-д. і сацыяліст. партыі канчаткова раскалоліся, з іх выйшлі прадстаўнікі рэв. марксізму, якія сталі называць сябе камуністамі і пачалі ствараць уласныя камуніст. партыі. Гэтаму працэсу спрыяла Кастрычніцкая рэвалюцы́я 1917 у Расіі. Няўдалай спробай прымірыць і аб’яднаць сацыяліст. рух з камуністычным было стварэнне і непрацяглае існаванне т. зв. «Інтэрнацыянала 2 1/2» (1921—23). Але ў 1919, са стварэннем Камуністычнага Інтэрнацыянала (Камінтэрна), рашэнні кіруючых органаў якога былі абавязковымі для партый-членаў, М.к.р. аформіўся ў самаст.паліт. сілу. У 1920—50-я г. фактычным цэнтрам усяго М.к.р. быў СССР. Грамадска-паліт. з’явы, якія мелі месца ў гэтай краіне (паліт. рэпрэсіі, культ асобы І.В.Сталіна, абмежаванасць паліт. правоў асобы, празмерная роля дзяржавы ў грамадстве і інш.) негатыўна адбіваліся на ўсім камуніст. руху. У 1920-я г. з М.к.р. вылучылася леваэкстрэмісцкая плынь — трацкізм (ад імя Л.Д.Троцкага), прадстаўнікі якога ў 1938 стварылі т. зв. «Інтэрнацыянал 4-ы». Станоўчая роля камуністаў у барацьбе супраць фашызму за свабоду і незалежнасць сваіх краін у гады 2-й сусв. вайны забяспечыла значны рост колькасці кампартый, узмацненне іх уплыву ў асобных краінах і ў свеце ў цэлым. У 14 краінах Еўропы, Азіі і Лац. Амерыкі (Куба) кампартыі заваявалі паліт. ўладу. Склалася Сусв.сацыяліст. сістэма. У 1980-я г.камуніст. і блізкія да іх рабочыя партыі дзейнічалі больш як у 90 краінах і аб’ядноўвалі больш за 80 млн. членаў. СССР пад кіраўніцтвам КПСС дамогся поспехаў у развіцці эканомікі і культуры. У 1960—70-я г.СССР, насельніцтва якога складала 6% ад насельніцтва зямнога шара, даваў 1/5 сусв.прамысл. вытворчасці. Пасля роспуску Камінтэрна (1943) прадпрымаліся новыя спробы каардынацыі М.к.р. У 1947—56 у Бялградзе (да 1948) і Бухарэсце (з 1948) працавала Інфарм. бюро камуніст. і рабочых партый з правам каардынацыі іх дзейнасці (уваходзілі партыі 9 краін Еўропы). Вял. значэнне для згуртавання М.к.р. мелі нарады прадстаўнікоў камуністычных і рабочых партый (маскоўскія 1957, 1960, 1969, шматлікія рэгіянальныя). У 1958—90 у Празе выдаваўся тэарэт. і інфарм. часопіс «Проблемы мира и социализма». З канца 1940-х г. спробы КПСС навязваць кампартыям інш. краін свой вопыт барацьбы за ўладу і сацыяліст. будаўніцтва сустракалі нарастаючае супраціўленне з іх боку. На гэтай глебе М.к.р. перажыў шэраг новых расколаў. У 1948 адмовілася ад сав. мадэлі пабудовы сацыялізму і адасобілася ад М.к.р. Камуніст. партыя Югаславіі, у 1961 выступіла супраць крытыкі культу асобы Сталіна і фактычна выйшла з М.к.р. Албанская партыя працы. Найб. значны раскол у М.к.р. унесла ўзнікненне ў канцы 1950 — пач. 60-х г. мааізму (левадагматычны ўхіл у Кампартыі Кітая і шэрагу інш. партый у Азіі і дробных груповак у розных рэгіёнах свету, ад імя Мао Цзэдуна). У 2-й пал. 1970 — пач. 80-х г. у кампартыях Зах. Еўропы пашырыліся тэорыі «еўракамунізму». Іх прыхільнікі выступалі за мадэрнізацыю марксізму-ленінізму ў адпаведнасці з зах.-еўрап.эканам. і сац.-паліт. рэчаіснасцю, за плюралістычную мадэль сацыялізму. «Еўракамунізм» быў асуджаны КПСС і кампартыямі сацыяліст. краін. Зніжэнне тэарэт. ўзроўню дзейнасці камуніст. партый, дагматызацыя марксізму, недастатковая ўвага да распрацоўкі новых ідэй, акасцянеласць арганізац. структуры, форм і метадаў работы кампартый, адмова ад плюралізму ў меркаваннях, праследаванне іншадумства, адсутнасць шырокай сац. базы, сапраўднай сувязі з рабочым рухам, патрэбнага ўзаемадзеяння, а часта і варожасць да інш. левых сіл абумовілі крызіс М.к.р. ў канцы 1980 — пач. 90-х г., у выніку якога арганізаваны і каардынаваны М.к.р. фактычна перастаў існаваць. У выніку эканам. і паліт. крызісу (1989—91), абумоўленага пралікамі і дэфармацыямі ў дзейнасці КПСС і інш.камуніст. партый, камуністы страцілі ўладу ў краінах Усх. Еўропы і СССР. Распад СССР і забарона КПСС прывялі да спынення фін. падтрымкі, якую яна аказвала кампартыям многіх краін. У 1989—91 спынілі існаванне навук. і навуч.нац. і міжнар. цэнтры, што займаліся распрацоўкай камуніст. праблематыкі, перасталі выходзіць або пераймяноўваліся і змянілі накіраванасць камуніст.тэарэт. выданні. Ва ўсім свеце знізіўся ўплыў камуніст. партый, скарацілася іх колькасць і парушылася ўнутр. адзінства партый, рэзка зменшылася колькасць членаў. Асобныя кампартыі змянілі свае назвы, статуты, праграмы і ператварыліся ў сацыял-дэмакратычныя (у Італіі, Венгрыі, Польшчы, Славакіі, Балт. краінах). Кампартыя Францыі ўяўляе сабой гібрыд сацыял-дэмакратызму і камунізму. Камуніст. партыі Расіі, Украіны, Беларусі (гл.Камуністычная партыя Беларусі і Партыя камуністаў беларуская), Сербіі, з істотнымі агаворкамі таксама Румыніі і Чэхіі сталі на шлях абнаўлення пры захаванні вернасці марксізму-ленінізму. Кампартыі Вялікабрытаніі, Іспаніі, ЗША не адыгрываюць прыкметнай ролі ў жыцці сваіх краін. Аднак камуніст. погляды не страцілі сваёй прыцягальнасці ў значнай часткі насельніцтва шэрагу краін свету. Кітай, Куба, В’етнам, Паўн. Карэя працягваюць ісці па шляху сацыялізму. Правячая Камуністычная партыя Кітая налічвае 58 млн. членаў (1997), Камуніст. партыя Рас. (КПРФ) — 530 тыс. членаў, аб’яднаных у 24 тыс. пярвічных арг-зацый. На прэзідэнцкіх выбарах 1996 яе кандыдат атрымаў каля 30 млн. галасоў выбаршчыкаў. На выбарах 1999 у Дзярж. думу Расіі камуністы атрымалі (па парт. спісах) найб. колькасць галасоў выбаршчыкаў (24,3% ад агульнай колькасці тых, хто галасаваў). М.к.р. імкнецца ісці па шляху абнаўлення, пераадолення лжэсацыялізму, развіцця марксісцка-ленінскай тэорыі ў новых умовах. У чэрв. 1999 на міжнар. сустрэчы прадстаўнікоў камуніст. і рабочых партый у Афінах (Грэцыя) былі прадстаўлены 55 партый з 50 краін.
Літ.:
Партии и партийные системы современной Европы. М., 1994;
Социализм и демократия для XXI в. М., 1997;
Егоров А.Н. Есть ли у Республики Беларусь социалистическая перспектива? // Весн. Бел.дзярж. экан. ун-та. 1997. № 2;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕПА́Л, Каралеўства Непал (Непал Адхірая),
дзяржава ў Паўд. Азіі. Мяжуе на Пн з Кітаем, на З, Пд і У з Індыяй. Пл. 140,8 тыс.км2. Нас. 24,3 млн.чал. (1999). Дзярж. мова — непалі. Сталіца — г.Катманду. Падзяляецца на 14 зон (анчол), якія складаюцца з 75 абласцей. Нац. свята — Дзень нараджэння караля (28 снежня).
Дзяржаўны лад. Н. — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1990. Кіраўнік дзяржавы і вярх. галоўнакамандуючы — кароль. Заканад. ўлада належыць манарху і двухпалатнаму парламенту, які складаецца з Палаты прадстаўнікоў (ніжняя палата, 205 дэпутатаў выбіраюцца прамым усеагульным і тайным галасаваннем тэрмінам на 5 гадоў) і Нац. асамблеі (верхняя палата, складаецца з 60 членаў, 10 з якіх назначае кароль, 35 выбіраюцца ніжняй палатай, астатнія 15 — калегіяй выбаршчыкаў. Тэрмін паўнамоцтваў верхняй палаты — 6 гадоў, яна абнаўляецца на 1/3 кожныя 2 гады; яе роспуск не дапускаецца. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе кіраўнік урада.
Прырода. Тэр. Н. размешчана на паўд. схіле цэнтр.ч.Гімалаяў і ў перадгор’ях. На мяжы Н. і Кітая найвыш. вяршыня Зямлі — г.Джамалунгма. На крайнім Пд краіны — вузкая паласа алювіяльнай нізіны — тэраі (ч.Інда-Гангскай раўніны). У Гімалаях вылучаюцца 3 паралельныя хрыбты: Вял. Гімалаі (сярэднія выш. 5000—6000 м), Малыя Гімалаі (выш. каля 3000 м), хр. Сівалік (700—900 м). Паміж хрыбтамі — міжгорныя даліны на выш. 1000—1500 м, найб. з іх Катманду. Ёсць невял. радовішчы каменнага вугалю, сланцаў, жал., медных, свінцова-цынкавых руд, золата, серабра і інш. Клімат трапічны, мусонны, залежыць ад выш. над узр. мора. У студз. т-ры ў ніжняй зоне 15 °C, у сярэдняй каля 0 °C; у ліп. адпаведна 30 і 21 °C. На выш. больш за 4500—5000 м т-ры ўвесь год адмоўныя, вышэй 5000—5900 м — вечныя снягі і ледавікі. Ападкаў 1000—3000 мм, месцамі больш. Рэкі горныя, багатыя гідраэнергіяй, належаць бас. Ганга, найб. — Карналі, Гандак, Арун. У ніжняй зоне забалочаныя вечназялёныя субтрапічныя і трапічныя лясы, у сярэдняй — лістападныя шыракалістыя з дамешкам вечназялёных дрэў, на выш. 3500—4500 м — хвойныя, вышэй — хмызнякі і альпійскія лугі. Пад лесам і хмызнякамі 42% тэр. краіны. У джунглях трапляюцца сланы, тыгры, леапарды, насарогі, дзікі, у гарах — гімалайскія мядзведзі, снежныя барсы, горныя бараны, дзікія козы. Нац. паркі — Чытаўэн, Сагарматха (разам з далінай Катманду ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны) і інш., некалькі запаведнікаў.
Насельніцтва. Больш за 80% складаюць народы індаарыйскай групы: непальцы, або гуркхі — каля 13,4 млн.чал., біхарцы — каля 4,3 млн.чал., тхару, хіндустанцы, бенгальцы. Жывуць таксама народы сіна-тыбецкай сям’і (разам больш за 4 млн.чал.): тамангі, невары, магары, раі, гурунг, ламбу, бхатыя, шэрпа і інш. Каля 90% вернікаў вызнаюць індуізм, 5% — будызм (пераважна ламаізм), 3% — іслам. Сярэднегадавы прырост 2,5% (1998). Сярэдняя шчыльн. 172,6 чал. на 1 км2. Найб. шчыльна заселены міжгорныя даліны, асабліва даліна Катманду, дзе на 1 юг прыпадае больш за 1 тыс.чал. Шчыльна населены тэраі — да 200—300 чал. на 1 км2. У гарадах жыве 11% насельніцтва (1998). Найб. гарады (1993, тыс.чал.): Катманду — 535, Лалітпур — 190, Бхактапур — 132. У сельскай гаспадарцы заняты 81% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці — 3%, у абслуговых галінах — 16%.
Гісторыя. Паселішчы на тэр. Н. вядомы з 3-га тыс. да н.э., а дзярж. ўтварэнні — з 8 ст. да н.э. У 1769 Прытхві Нараян Шах аб’яднаў тэр. Н. ў адзіную дзяржаву і заснаваў каралеўскую дынастыю Шах, якая кіруе дагэтуль. Пасля англа-непальскай вайны 1814—16 быў заключаны Сегаульскі дагавор, які ператварыў Н. у залежную ад Вялікабрытаніі дзяржаву. У 1846 пры падтрымцы англічан уладу захапіў прэм’ер-міністр Джанг Бахадур Рана, клан якога кіраваў Н. больш за 100 гадоў, каралі Н. заставаліся намінальнымі правіцелямі. У 1951 улада клана Рана скінута і ўсталявана канстытуцыйная манархія. Пасля перамогі на выбарах партыі Непальскі кангрэс (НК, засн. ў 1947) кароль Махендра Бір Бікрам Шах Дэў [1955—72] распусціў парламент і забараніў усе паліт. партыі. Канстытуцыя 1962 усталявала беспарт. сістэму панчаятаў (саветаў), пазбаўленых рэальнай улады. Пад націскам нар. выступленняў кароль Бірэндра Бір Бікрам Шах Дэў (з 1972) санкцыяніраваў увядзенне ў 1990 новай канстытуцыі, якая ўстанавіла шматпарт. рэжым парламенцкай дэмакратыі. Але ніводная з паліт. партый не можа атрымаць устойлівую большасць у парламенце.
Унутрыпаліт. становішча Н. ў 1990-я г. характарызавалася вострай барацьбой паміж НК і Камуніст. партыяй Н. — аб’яднанай марксісцка-ленінскай (КПН — АМЛ). Становішча ўскладняе т.зв.нар. вайна, якую з 1996 вядзе адна з мааісцкіх груповак. Пасля ўрада КПН — АМЛ (1994—95) на чале з М.М.Адхікары ў Н. змянілася некалькі кааліцыйных кабінетаў з прадстаўнікоў НК, КПН — АМЛ і Нац.дэмакр. партыі. Н. — чл.ААН (з 1955). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў ліп. 1993.
Дзейнічаюць паліт. партыі: Непальскі кангрэс, Камуніст. партыя Н. — аб’яднаная марксісцка-ленінская, Нац.дэмакр. партыя.
Гаспадарка. Н. — аграрная краіна з панаваннем феад. і паўфеад. адносін. Адна з найменш эканамічна развітых краін Азіі. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) на 1 чал. за год 1100 дол. (1998). Сельская гаспадарка дае 41% ВУП, прам-сць — 22%, абслуговыя галіны — 37% (1997). У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 4,5 млн.га зямель (32% пл. краіны), у т.л. пад ворывам і шматгадовымі культурамі каля 2,4 млн.га (арашаецца 0,85 млн.га), пад лугамі і пашай — каля 2,1 млн.га. 70% апрацаванай зямлі прыпадае на тэраі, 27% — на сярэднягорную вобласць, 3% — на высакагор’е. У гарах земляробства на тэрасавых схілах. Захоўваюцца памешчыцкае землеўладанне і дробнае сял. землекарыстанне. Значная частка сялян арандуе зямлю. На адну сял. гаспадарку прыпадае 0,5 га пашы. Гал.харч. культура — рыс (60% пасяўных плошчаў, штогадовы збор 2—3 млн.т). Вырошчваюць у тэраях і даліне Катманду, дзе збіраюць 2—3 ураджаі за год. Там жа вырошчваюць пшаніцу, кукурузу, сою, экспартныя і тэхн. культуры — джут (3-е месца ў свеце), цукр. трыснёг, бавоўнік, алейныя культуры (гарчыца, арахіс), тытунь, чай, вострыя прыправы. У гарах вырошчваюць жыта, ячмень, проса, грэчку, гарох, бульбу; адзначана незаконнае вырошчванне опіумнага маку і кантрабандны вываз опію. Жывёлагадоўля — асн. галіна ў горных раёнах, разводзяць якаў, цзо (гібрыд яка і каровы), коз, авечак. У раўнінных раёнах пераважае буйн. раг. жывёла, выкарыстоўваецца і як цяглавая сіла. Пагалоўе (1997, млн. галоў): буйн. раг. жывёлы (разам з якамі, буйваламі і зебу) 10,4, коз 5,9, авечак 0,9, свіней 0,7, птушкі 15,6. У прам-сці развіты асобныя галіны. Невял. здабыча жал., медных, цынкавых, свінцовых руд, золата, слюды, мармуру і інш.Вытв-сць электраэнергіі 1 млрд.кВт·гадз (1996), 97% атрымліваюць на невялікіх ГЭС (выкарыстоўваецца толькі 0,2% гідраэнергет. патэнцыялу краіны). Пераважаюць дробныя прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. і лясной прадукцыі: джутавыя, тэкст., гарбарна-абутковыя, цукр., рысаачышчальныя, алейныя, піваварныя, малочныя, мукамольныя, запалкавыя, лесаапрацоўчыя. Гал. экспартнае значэнне маюць дывановая, швейная і джутавая галіны. Ёсць прадпрыемствы па выпуску паркету, тытунёвых вырабаў, цэменту, шкла, паперы, мыла і інш.Гал.прамысл. цэнтр — Катманду. Пашыраны саматужныя промыслы, звязаныя з вырабам прадметаў хатняга ўжытку, тканін, абутку, кошыкаў, цыновак, керамічнага посуду, с.-г. прылад, біжутэрыі, упрыгожанняў і інш. Экспартны кірунак маюць саматужнае дыванаткацтва і выраб прадметаў рэліг. культу. Развіта лесанарыхтоўка. Транспарт аўтамаб. і авіяцыйны. У краіне 7,7 тыс.км аўтадарог, у т.л. 3,2 тыс.км з цвёрдым пакрыццём. Авіяц. сувязі забяспечваюць 45 аэрапортаў, у т.л. міжнар. каля Катманду. У гарах пераважае ўючны транспарт. Каля граніцы з Індыяй участкі чыгункі (101 км), канатная падвесная дарога (42 км). У 1997 экспарт склаў 394 млн.дол., імпарт — 1,7 млрд.дол. Н. экспартуе дываны і швейныя вырабы (70% кошту экспарту), джут і джутавыя вырабы, драўніну, рыс, алейную сыравіну, скуры, прадукцыю маст. промыслаў, імпартуе нафтапрадукты, хімікаты, трансп. сродкі, машыны і абсталяванне, харч. прадукты. Асн.гандл. партнёры: Індыя (каля 30% экспарту і імпарту), ЗША, Сінгапур, Кітай, Японія. Важную ролю адыгрываюць замежны турызм і альпінізм. Асн. раён турызму — даліна Катманду, альпінізму — раёны найвышэйшых гор-васьмітысячнікаў. Штогод Н. наведвае 300—400 тыс. замежных грамадзян, краіна атрымлівае каля 200 млн. долараў. Дэфіцыт гандл. балансу часткова пакрываецца пераводамі замежнай валюты непальцамі, якія працуюць за мяжой. Н. атрымлівае замежную дапамогу (35% расходнай ч. бюджэту). Асн. донары — Японія, Германія, ЗША, Індыя, Швейцарыя, Вялікабрытанія, міжнар. фінансавыя арг-цыі. Знешні доўг каля 2,5 млрд.дол. (1997). Грашовая адзінка — непальская рупія.
Літ.:
Непал: история, этногр., экономика: [Сб. ст.] М., 1974;
Редько И.Б. Очерки социально-политической истории Непала в новое и новейшее время. М., 1976.
У.М.Зайцаў (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.М.Пісараў (гісторыя).
Герб і сцяг Непала.Да арт.Непал. Вялікі Гімалайскі хрыбет.Да арт.Непал. Ворыва на штучнай тэрасе.