КУНІ́ЦЫ
(Martes),
род млекакормячых сям. куніцавых. 7 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. Жывуць пераважна ў лясах, расколінах скал, трапляюцца ў паселішчах. У прыродзе вядомы гібрыд собаля i К. лясной — кідас. На Беларусі 2 віды: К. каменная (М. foina), нар. назва беладушка, i К. лясная (М. martes), нар. назва жаўтадушка.
Даўж. цела да 80 см, хваста да 50 см, маса да 8 кг. Тулава выцягнутае, гібкае. Футра мяккае, пушыстае, у афарбоўцы пераважаюць бурыя і карычневыя адценні. На горле і грудзях звычайна светлая пляма. Селяцца ў дуплах, гнёздах буйных птушак і вавёрак. Актыўныя ўначы. Кормяцца грызунамі, птушкамі, арэхамі, ягадамі, пладамі. Пераважна палігамы. Нараджаюць 1—8 дзіцянят. Аб’ект промыслу і зверагадоўлі.
т. 9, с. 22
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)