ГЕРА́СІМАЎ (Аляксандр Міхайлавіч) (12.8.1881, г. Мічурынск, Расія — 23.7.1963),

рускі жывапісец. Нар. мастак СССР (1943). З 1947 правадз. чл. АМ СССР (у 1947—57 прэзідэнт). Вучыўся ў маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1903—15) у А.Я.Архіпава і К.А.Каровіна. Аўтар пейзажаў («Тройка. Зімовая дарога», 1912, «Пасля дажджу», 1935), партрэтаў (В.​В.​Лепяшынскай, 1939, групавога партрэта мастакоў І.​М.​Паўлава, В.​М.​Бакшэева, В.​К.​Бялыніцкага-Бірулі і В.​М.​Мяшкова, 1944), жанравых карцін («Лазня», 1940), ілюстрацый (да «Тараса Бульбы» М.​Гогаля, 1947, і інш.), нацюрмортаў, тэатр. дэкарацый. Работы Герасімава прасякнуты аптымізмам, вызначаюцца выразнай кампазіцыяй, маляўнічасцю. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1943, 1946, 1949. У Нац. маст. музеі Беларусі 5 работ Герасімава (сямейны партрэт, 1934, «Чаромха», 1955, і інш.).

Літ.:

Осипов Д.М. Александр Герасимов: [Альбом]. М., 1981.

А.Герасімаў. Групавы партрэт старэйшых мастакоў (І.​Паўлаў, В.​Бакшэеў, В.​Бялыніцкі-Біруля, В.​Машкоў). 1944.

т. 5, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́РАНАЎ (Натан Майсеевіч) (1.6.1916, г. Магілёў — 3.3.1978),

бел. жывапісец. Засл. дз. маст. Беларусі (1966). Скончыў Віцебскае маст. вучылішча (1935), Ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна ў Ленінградзе (1948). У 1965—78 выкладаў у Бел. тэатр.-маст. ін-це. Працаваў у розных жанрах станковага жывапісу. Найб. значныя творы прысвечаны падзеям Кастр. рэвалюцыі і барацьбе бел. народа ў гады Вял. Айч. вайны: «Раніца ў Кастрычніку. Мінск, 1917 год» (1957), «Беларусь. За ўладу Саветаў» (1967), «Рэйд Каўпака» (1948), «Зямля непакораная» (1974). Стварыў партрэты бел. кампазітараў Я.​Цікоцкага (1949), У.​Кандрусевіча (1975), групавы партрэт фехтавальшчыц («Беларускія «мушкецёры», 1971); лірычныя і індустр. пейзажы «Разліў на Бярэзіне» (1958), «Гомель. Порт» (1963), «Вясна. Сяброўкі» (1967), «Роздум» (1971), «Зацвіло» (1973), «Венецыя. Дажджлівая раніца» (1974), «Новы горад», «Саната», «Мінчанка» (усе 1977), нацюрморты і інш.

Літ.:

Н.​М.​Воранаў /Аўт. тэксту Р.​Р.​Бадзін. Мн., 1979.

В.​С.​Каваленка.

Н.Воранаў. Вясна. Сяброўкі. 1967.

т. 4, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́ЕЎСКІ САФІ́ЙСКІ САБО́Р, сабор святой Сафіі,

помнік стараж.-рус. архітэктуры ў Кіеве; гал. культавы і грамадскі будынак Кіеўскай Русі, гал. храм кіеўскіх мітрапалітаў. Закладзены ў 1037. Пабудаваны з плінфы. Вялікі (37 × 55 м, выш. 29 м) 13-купальны 5-нефавы храм. З трох бакоў абкружаны 2-яруснымі галерэямі. У галерэі з З убудаваны 2 вежы (11—12 ст.), лесвіцы якіх вядуць на хоры. Першапачаткова меў пірамідальную кампазіцыю. У 1699—1707 перабудаваны ў формах укр. барока. Звонку аздоблены ўзорыстай муроўкай з цэглы і каменю. Інтэр’ер багата ўпрыгожаны мазаікамі (260 м²), тэматычным і арнаментальным фрэскавым жывапісам 11 ст. (каля 3 тыс. м²; у т. л. групавы партрэт сям’і Яраслава Мудрага). У храме была велікакняжацкая пахавальня (захаваўся саркафаг Яраслава Мудрага). З 1934 музей-запаведнік, які ўключае таксама ансамбль будынкаў 17—18 ст. Уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Кіеўскі Сафійскі сабор.
Інтэр’ер Кіеўскага Сафійскага сабора. Фрагмент.

т. 8, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МНОГАКАНА́ЛЬНАЯ СУ́ВЯЗЬ,

від электрасувязі, які забяспечвае адначасовую і незалежную перадачу многіх паведамленняў па адной лініі сувязі. Ёмістасць лічбавых сістэм М.с. да дзесяткаў тысяч каналаў сувязі. Выкарыстоўваецца ў тэлефаніі, тэлеграфіі, тэлебачанні і інш. для перадачы паведамленняў па паветраных, кабельных, хваляводных, аптычных, радыёрэлейных і спадарожнікавых лініях сувязі.

Грунтуецца на частотным, часавым, палярызацыйным або кодавым (ці іх камбінацыі) ушчыльненні сігналаў (раздзяленні каналаў для кожнага паведамлення); канальныя сігналы ўшчыльняюцца ў групавы, які падаецца ў лінію сувязі пасля лінейных пераўтварэнняў для ўзгаднення з яе характарыстыкамі. Частотнае ушчыльненне, калі кожнаму каналу адпавядае пэўны ўчастак спектра частот у агульнай паласе прапускання лініі, выкарыстоўваецца пераважна ў аналагавых сістэмах перадачы; часавае ушчыльненне (адпавядае пэўны прамежак часу) — у аналага-імпульсных і лічбавых сістэмах; палярызацыйнае (тыл палярызацыі хвалі) — у спалучэнні з інш. ў спадарожнікавых і аптычных сістэмах; кодавае ўшчыльненне — у сістэмах рухомай сотавай радыёсувязі і інш. сістэмах з шумападобнымі сігналамі.

А.​П.​Ткачэнка.

т. 10, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТРЫЯРХА́Т [ад лац. mater (matris) маці + грэч. archē улада],

адна з форм грамадскага ладу, для якой характэрна дамінуючае становішча жанчыны ў грамадстве, гал. чынам у ранні перыяд першабытнаабшчыннага ладу. У пераважнай большасці народаў М. папярэднічаў патрыярхату, часам захоўваўся ў перыяд пераходу ад родавага ладу да класавага грамадства. Ячэйкай М. была мацярынская сям’я — вял. група блізкіх сваякоў па жаночай лініі. Такія сем’і былі і гасп. адзінкамі. З іх складаўся мацярынскі род, на чале якога стаяла старэйшая жонка старэйшай у родзе сям’і. Унутры свайго роду былі забаронены шлюбы, таму род быў звязаны шлюбнымі адносінамі з інш. родам (т.зв. дуальная экзагамія). З часам дуальная арг-цыя (зачатак племя) перарасла ў фратрыяльную (падзел племя на 2 палавіны, кожная з якіх складалася з некалькіх родаў — фратрый, гал. функцыяй якіх было рэгуляванне шлюбных адносін). Спачатку муж і жонка жылі кожны ў сваім родзе (дыслакальнае пасяленне), захоўваўся групавы шлюб. З развіццём М. дыслакальны шлюб змяніўся матрылакальным, склаўся парны шлюб.

т. 10, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫВО́Д,

энергасілавая канструкцыя, якая прыводзіць у рух рабочыя машыны і механізмы. Складаецца з крыніцы энергіі (рухавік або прыстасаванне, што аддае назапашаную энергію — спружынны, інерцыйны, гіравы механізмы), перадатачнага механізма (мех., гідраўл., пнеўматычная, эл. і камбінаваная перадача) і апаратуры кіравання (ручная, паўаўтам. і аўтам.). Выкарыстоўваецца таксама ручны і нажны П. (у ручных лябёдках, швейных машынах, мясарубках, веласіпедах і інш.).

Бывае групавы (рух ад аднаго рухавіка перадаецца групе машын ці механізмаў праз адну або некалькі трансмісій — сілавых перадач), індывідуальны (кожная рабочая машына мае ўласны рухавік з перадачай) і шматрухавіковы (асобныя рабочыя органы машыны прыводзяцца ў рух асобнымі рухавікамі са сваімі перадачамі); стацыянарны (на раме ці фундаменце, пераважна электрычны прывод), перасоўны (на рухомых рабочых машынах) і транспартны (на розных трансп. сродках) — з цеплавымі рухавікамі (у т. л. ўнутр. згарання) і непасрэднай мех. ці эл. перадачай. У вытв-сці выкарыстоўваюцца таксама гідрапрывод і пнеўмапрывод, у якіх энергія сціснутых вадкасцей або паветра пераўтвараецца ў мех. энергію гідра- і пнеўмарухавікамі. У П. найб. часта выкарыстоўваюцца рэдуктары, мультыплікатары, каробкі перадач, варыятары, гнуткія валы.

т. 13, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЁЛЬ ((Böll) Генрых) (21.12.1917, г. Кёльн, Германія — 16.7.1985),

нямецкі пісьменнік. У раманах «Дзе ты быў, Адам?» (1951), «І не сказаў ніводнага слова» (1953), «Дом без гаспадара» (1954), «Більярд а палове дзесятай» (1959), «Погляды клоуна» (1963), аповесцях «Хлеб ранніх гадоў» (1955), «Канец адной камандзіроўкі» (1966), зб. апавяданняў «Вандроўнік, калі ты прыйдзеш у Спа...» (1950) і інш. вастрыня этычнай праблематыкі (маральнае супрацьстаянне грамадскаму злу), абумоўленая хрысц.-каталіцкай арыентацыяй Бёля, матыў нац. віны і адказнасці за злачынствы нацызму, глыбокі псіхал. аналіз, лірызм спалучаюцца з рэзкай, часам з’едлівай сац. крытыкай, у т. л. антыфаш. і антываеннай. Раман пра гіст. лёс пасляваен. Германіі «Групавы партрэт з дамай» (1971) уключае элементы гратэску. Аўтар паліт. раманаў «Зняслаўлены гонар Катарыны Блюм...» (1974), «Жанчыны на беразе Рэйна» (1985), тэатр., тэле- і радыёп’ес. Публіцыстыка, літ. крытыка. На бел. мову яго творы перакладалі Л.​Баршчэўскі, С.​Куваеў і інш. Нобелеўская прэмія 1972.

Тв.:

Бел. пер. — Мая дарагая нага // Полымя. 1967. № 7;

Більярд а палове дзесятай: Раман, апавяданні. Мн., 1993;

Рус. пер. — Избранное. М., 1987;

Ирландский дневник... : [Избранное]. М., 1988;

Собр. соч.: В 5 т. Т. 1—2. М., 1989—90.

Літ.:

Рожновский С.В. Генрих Белль. М., 1965.

т. 3, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЗАРА́НКА»,

дзіцячы ілюстраваны часопіс. Выдаваўся ў 1927—31 у Вільні на бел. мове. Выходзіў нерэгулярна. Рэдактар-выдавец Зоська Верас (Л.​А.​Войцік). Створаны з выхаваўчай і асветнай мэтай, спрыяў узгадаванню маладых літ. сіл у Зах. Беларусі. Друкаваліся пісьменнікі старэйшага пакалення М.​Машара, Г.​Леўчык, Я.​Пачопка, Л.​Войцік, У.​Паўлюкоўскі, маладыя зах.-бел. пісьменнікі С.​Крывец, С.​Новік-Пяюн, пачаткоўцы А.​Арэхва, М.​Тарасюк, Я.​Патаповіч і інш. Перадрукоўваў творы Я.​Коласа, М.​Багдановіча, З.​Бядулі, К.​Буйло і інш., змяшчаў пераклады твораў рус., польск., укр. пісьменнікаў.

Майстар партрэта: партрэты А.​Венецыянава (2-я пал. 1830-х г.), спевака В.​Пятрова (1840), скульптара Ф.​Талстога (1850), княгіні Трубяцкой, групавы партрэт «Выгляд залы вучылішча правазнаўства з групамі настаўнікаў і выхаванцаў» (1841). Пісаў інтэр’еры («Унутраны від Марскога Нікольскага сабора, 1843, і інш.). У творах дакладнасць і матэрыяльнасць пісьма, характэрныя для венецыянаўскай школы, паступова змянялася ілюзіяністычным натуралізмам (партрэты Н.​Сакуравай, 1854, П.​Панамарова, 1855). Распрацаваў сістэму выкладання, пабудаваную пераважна на вывучэнні натуры, дакладнасці ў перадачы бачнага свету. Садзейнічаў развіццю бел. мастацтва, аказваў дапамогу маладым мастакам (В.​Сляндзінскаму і інш.). Сярод вучняў В.Пяроў, В.Пукіраў, У.Макоўскі, К.Макоўскі.

т. 6, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАТАСЕ́НЯ (Віктар Сазонавіч) ( 14.8.1925, в. Пагост Салігорскага р-на Мінскай вобл. — 3.6.2001),

бел. жывапісец. Засл. дз. маст. Беларусі (1981). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1959). У 1960—69 гал. рэдактар маст.-экспертнай калегіі Мін-ва культуры Беларусі, у 1973—77 старшыня праўлення Бел. саюза мастакоў і сакратар Саюза мастакоў СССР. Сярод твораў галерэя партрэтаў вядомых людзей Беларусі: Герояў Сац. Працы М.​К.​Макарэвіч (1960), А.​М.​Громава (1980), Герояў Сав. Саюза В.​З.​Харужай (1965), М.​П.​Шмырова (1978), Р.​Н.​Мачульскага (1979), М.​А.​Кедышкі (1984), В.​А.​Тумара (1985), доктара мед. навук Л.​С.​Вялічкі (1983), нар. мастакоў Беларусі С.​І.​Селіханава (1982), П.​В.​Масленікава (1988), Я.​А.​Зайцава (1994), В.​А.​Грамыкі (1995); групавы партрэт «Ветэраны» (1985), серыя з 39 партрэтаў «Знатныя людзі Рагачоўскага раёна» (1992), «Памяць сэрца. Ветэран Вялікай Айчыннай вайны С.​А.​Кунцэвіч» (2000). Аўтар тэматычных кампазіцый «Віхуры варожыя» (1979), «Калгасныя даяркі» (1982), «Ліквідатары Чарнобыльскай аварыі» (1996); пейзажаў «Нёман» (1962), «Чэрвеньскія навальніцы» (1983), «Бярэзіна» (1984), «Над возерам» (1985), «Лясныя далі» (1992), «Перад навальніцай» (1998) і інш. Творы вылучаюцца дакладнасцю характарыстык, псіхал. напоўненасцю, духоўнай змястоўнасцю вобразаў, жывапісна-пластычнай гарманічнасцю.

Л.​Ф.​Салавей.

В.Пратасеня. Калгасныя даяркі. 1982.

т. 13, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРО́БАЎ (Леанід Ніканоравіч) (н. 6.8.1926, в. Растаў Акцябрскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. мастацтвазнавец і жывапісец. Д-р мастацтвазнаўства (1984), праф. (1987). Скончыў БДУ (1958), Бел. тэатр.-маст. ін-т (1965). З 1964 заг. аддзела выяўл. мастацтва Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі. Даследуе бел. жывапіс 19—20 ст. Аўтар кніг па гісторыі бел. жывапісу, манаграфій пра бел. мастакоў А.​Мазалёва (1976), А.​Шаўчэнку (1980); рэдактар і аўтар асобных артыкулаў у «Гісторыі мастацтва народаў СССР» (т. 5—9, 1972—82; залаты медаль АМ СССР, 1982), «Гісторыі беларускага мастацтва» (т. 1—6, 1987—94; Дзярж. прэмія Беларусі 1996). Аўтар сюжэтна-тэматычных работ «Камбед» (1968), «Партызанская кухня» (1965), «Аўтапартрэт» (1972), «Успаміны аб юнацтве» (1973), «Прэлюдыя» (1983), партрэтаў П.​Ф.​Глебкі (1971), «Групавы партрэт беларускіх пісьменнікаў» (1987), пейзажаў «Крым. Гурзуф» (1970-я г.), «Роднае Палессе», «На рацэ Пціч», «Старая дарога на Парэчча», серыі «Міншчына», «Віцебшчына» (усе 1990-я г.) і інш.

Тв.:

Беларускія мастакі XIX ст. Мн., 1971;

Искусство Белорусской ССР: [Альбом]. Л., 1972;

Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974;

Живопись Советской Белоруссии (1917—1975 гг.). Мн., 1979;

Сучасны беларускі партрэт. Мн., 1982.

Літ.:

Фатыхава Г. Дарога за небакрай // Мастацтва Беларусі 1988. № 5.

Г.​А.​Фатыхава.

Л.Н.Дробаў.
Л.Дробаў. Крым. Гурзуф. 1970-я г.

т. 6, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)