ЭЛЕКТРААЭРАЗОЛЬТЭРАПІ́Я,
выкарыстанне аэразолей лек. рэчываў, часцінкі якіх, у адрозненне ад звычайных аэразолей, маюць эл. (часцей адмоўны) зарад, з лек., прафілакт. і дыягнастычнай мэтамі; метад фізіятэрапіі. Забяспечвае макс. ўстойлівасць лек. рэчыва ў аэразольнай форме, больш глыбокае яго пранікненне ў біял. тканкі, стварэнне высокай канцэнтрацыі і больш працяглае яго дзеянне ў арганізме. Для атрымання электрааэразолей выкарыстоўваюць спец. генератары (напр., генератар электрааэразолей камерны ГЭК-1, групавы ГЭГ-2). Ужываюць у выглядзе інгаляцый для прафілактыкі пасляаперацыйных і застойных пнеўманій, лячэння вострых і хранічных захворванняў органаў дыхання, сардэчна-сасудзістай сістэмы. Мясц. Э. выкарыстоўваюць пры трафічных язвах, ранах, пашкоджаннях скурных покрываў.
І.М.Семяненя.
т. 18, кн. 1, с. 84
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)