ПАДБО́Р у жывёлагадоўлі,

састаўленне бацькоўскіх пар для атрымання патомства пажаданай якасці; прыём паляпшэння парод с.-г. жывёл. Адрозніваюць П. аднародны (гамагенны) і разнародны (гетэрагенны). Пры аднародным П. выкарыстоўваюць вытворнікаў, падобных адзін да аднаго тыпам целаскладу, прадукцыйнасцю і паходжаннем, каб зберагчы і ўзмацніць каштоўныя якасці бацькоў; пры разнародным П. — пары, якія адрозніваюцца па гэтых паказчыках. Адна з форм аднароднага П. — інбрыдзінг (блізкароднаснае спароўванне для атрымання каштоўных племянных жывёл). Гетэрагенны П. служыць для стварэння новага тыпу жывёл (больш якасных), для ліквідацыі ў патомкаў недахопаў, наяўных у бацькоў, узбагачэння спадчыннасці. П. бывае індывід., групавы, індывід.-групавы, у птушкагадоўлі — сямейна-групавы.

т. 11, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІГА́МІЯ (ад палі... + ...гамія) у этнаграфіі, мнагашлюбнасць. Недакладны тэрмін, якім іншы раз называюць групавы шлюб, мнагамужжа (поліандрыю), найчасцей мнагажонства (полігінію).

т. 11, с. 556

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСАРТЫМЕ́НТ (франц. assortiment),

аднародная прадукцыя (паслугі) па відах, гатунках, марках. Адрозніваюць асартымент групавы, відавы і ўнутрывідавы, ці разгорнуты. Групавы асартымент — пералік узбуйненых таварных груп, на якія падзяляецца ўся наменклатура тавараў нар. спажывання, што рэалізуюцца ў рознічным гандлі (напр., мяса і мясапрадукты, кандытарскія вырабы, тканіны, швейныя вырабы і гэтак далей). Відавы асартымент — падзел групавога асартыменту на віды (напр., групы тканін — на баваўняныя, шарсцяныя, шаўковыя, ільняныя і інш.). Унутрывідавы, ці разгорнуты, асартымент — разнавіднасць унутры асобнага віду тавараў (паводле мадэлі, колеру, фасону і інш. прыкмет).

т. 2, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯШКЕ́ВІЧ (Іосіф Іванавіч) (1777, мяст. Шылува, Літва — 5.10.1830),

бел. жывапісец-партрэтыст. З сям’і музыканта з мяст. Радашковічы (Маладзечанскі р-н). Скончыў Віленскую маст. школу (1803), працаваў у майстэрнях франц. мастакоў Ж.А.Д.Энгра і Ж.Л.Давіда. З 1810 жыў у Пецярбургу. Часта прыязджаў на Беларусь. Стварыў шмат партрэтаў у стылі позняга класіцызму і рамантызму, у т. л. Л.Сапегі, М.Радзівіла, А.Чартарыйскага, Г.Ржавускага, Плятэра, аўтапартрэт, «Групавы партрэт», «Жаночы партрэт», «Партрэт дзяўчынкі», партрэт А.Бакунінай (апошнія 4 захоўваюцца ў Нац. маст. музеі Беларусі) і інш. Сябраваў з А.Міцкевічам, напісаў яго партрэт (1828).

І.І.Аляшкевіч.
І.Аляшкевіч. Групавы партрэт. 1813. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі.

т. 1, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЛА́ЕЎ (Яўген Цімафеевіч) (7.3.1910, Тбілісі — 1983),

расійскі артыст цырка, эквілібрыст. Засл. арт. Беларусі (1954). Нар. арт. СССР (1969). Герой Сац. Працы (1979). У цырку з 1928. З сярэдзіны 1940-х г. выступаў як эквілібрыст, узначальваў групавы нумар з серыяй гімнастычных і акрабатычных трукаў пад агульным псеўд. Мілаевы. У 1959—61 маст. кіраўнік Бел. цыркавога калектыву. З 1977 маст. кіраўнік і дырэктар Маскоўскага цырка на Ленінскіх гарах.

т. 10, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУКАВА́Я КАЛО́НКА,

групавы акустычны выпрамяняльнік у выглядзе лінейнага ланцужка аднатыпных гучнагаварыцеляў (пераважна эл.-дынамічных), размешчаных у агульным корпусе. Бываюць магутнасцю ад 2 да 100 Вт, маюць 2—8 гучнагаварыцеляў. Выкарыстоўваюцца для агучвання вял. памяшканняў і плошчаў (канферэнц-залаў, стадыёнаў і інш.). Гукавая калонка з гучнагаварыцелямі розных тыпаў, кожны з якіх эфектыўна дзейнічае ў пэўнай паласе частот, наз. акустычнай сістэмай; выкарыстоўваецца для высакаякаснага гукаўзнаўлення ў прафес. і быт. апаратуры.

А.П.Ткачэнка.

т. 5, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫЦА́Й (Аляксей Міхайлавіч) (н. 7.3.1914, С.-Пецярбург),

рускі жывапісец. Нар. мастак Расіі (1963), чл. АМ СССР (1964). Вучыўся ў Ленінградскай АМ (1932—39). Выкладаў у Маскоўскім маст. ін-це імя Сурыкава (1948—52 і з 1964; праф. з 1966). У творах развівае традыцыі рус. пейзажнага жывапісу: «У Жыгулях. Бурны дзень» (1948—50), «Летні сад» (1956), «Чорная вада» (1967). Аўтар твораў на індустр. тэму («Электрапечы», 1947), партрэтаў (групавы партрэт «Пасяджэнне Прэзідыума АН СССР», 1951). Дзярж. прэмія СССР 1951, 1952.

т. 5, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАПА́К,

украінскі нар. танец. Узнік у Войску Запарожскім. Бывае сольны, парны, групавы. Уключае скокі, прысядкі, вярчэнні і інш. віртуозныя танц. рухі. Тэмп хуткі. Муз. памер 24. Пашыраны і на Беларусі, пераважна ў зах. і паўд.-зах. раёнах, мае адметныя рысы: выконваецца звычайна трыма танцорамі, суправаджаецца прыпеўкамі. Жанр гапака выкарыстаны ў творах многіх укр., рус. і інш. кампазітараў: у операх «Чаравічкі» і «Мазепа» П.Чайкоўскага, «Майская ноч» М.Рымскага-Корсакава, «Запарожац за Дунаем» С.Гулак-Арцямоўскага, «Энеіда» М.Лысенкі, балетах «Тарас Бульба» В.Салаўёва-Сядога, «Канёк-Гарбунок» Ц.Пуні, «Гаянэ» А.Хачатурана і інш. Выконваецца і як самаст. муз. п’еса.

т. 5, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРБАТКО́ (Віктар Васілевіч) (н. 3.12.1934, с. Венцы-Зара Краснадарскага краю, Расія),

савецкі касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1969, 1977), лётчык-касманаўт СССР (1969), ген.-маёр авіяцыі (1983). Скончыў Батайскае ваен. авіяц. вучылішча лётчыкаў (1956), Ваенна-паветр. інж. акадэмію імя М.Я.Жукоўскага (1968). У 1960—78 у атрадзе касманаўтаў. 12—17.10.1969 з А.В.Філіпчанкам і У.М.Волкавым здзейсніў палёт на касм. караблі «Саюз-7», які выконваў групавы палёт з касм. караблямі «Саюз-6» і «Саюз-8»; 7—25.2.1977 з ЮМ.Глазковым — палёт на касм. караблі «Саюз-24» (як камандзір) і на арбітальнай станцыі «Салют-5»; 23—31.7.1980 (як камандзір) з Фам Туанам — на караблі «Саюз-37» і арбітальнай станцыі «Салют-6». Правёў у космасе 30,53 сут. Залаты медаль імя К.Э.Цыялкоўскага АН СССР.

т. 5, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́СЦЕРАЎ (Пётр Мікалаевіч) (27.2.1887, г. Ніжні Ноўгарад, Расія — 8.9.1914),

расійскі ваен. лётчык. Скончыў Міхайлаўскае артыл. вучылішча (1906), Пецярбургскую афіцэрскую паветраплавальную школу (1912). У 1911 пабудаваў планёр уласнай канструкцыі, на якім выканаў некалькі палётаў. У 1913—14 узначаліў групавы пералёт па маршруце Кіеў—Асцёр—Казялец—Нежын—Кіеў, асабіста здзейсніў палёты Кіеў—Адэса—Севастопаль і Кіеў—Пецярбург. Правёў выпрабаванне шэрагу самалётаў айчыннай вытв-сці; упершыню ў свеце разлічыў і 27.8.1913 выканаў на самалёце «мёртвую пятлю» (гл. Несцерава пятля). Прапанаваў шэраг навінак па вышэйшым пілатажы, па выкарыстанні лятальных апаратаў у баі, разведванні наземных войск і інш. Загінуў у пач. 1-й сусв. вайны у паветр. баі, калі ўпершыню ў свеце тараніў самалёт праціўніка. У 1962 Міжнар. авіяц. федэрацыя заснавала пераходны прыз для пераможцаў першынства свету па вышэйшым пілатажы — кубак імя Несцерава.

П.М.Несцераў.

т. 11, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)