БУГРЫ́СТЫЯ ПЯСКІ́,

нерухомыя намнажэнні пяскоў у выглядзе невял. узгоркаў круглаватай ці падоўжанай формы вакол асобных хмызнякоў. Адрозніваюць сыпучыя кучавыя пяскі і зацвярдзелыя бугры. Фарміруюцца ў раёнах залягання прэсных і саленаватых грунтавых вод (на глыб. 3—5 м). Характэрны для пустыняў Цэнтр. Азіі.

т. 3, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖЭРЫ́Д, Шот-эль-Джэрыд,

бяссцёкавая ўпадзіна ў цэнтр. частцы Туніса, на выш. 16 м. Даўж. 120 км. Шыр. 60 км. У час зімовых дажджоў ператвараецца ў мелкае салёнае возера, у сухі час года перасыхае. Вакол Дж. крыніцы прэсных грунтавых вод і артэзіянскія калодзежы з аазісамі.

т. 6, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАІЗАГІ́ПСЫ (ад гідра... + іза... + грэч. hypsos вышыня),

лініі на карце, якія злучаюць пункты з аднолькавай вышынёй паверхні грунтавых вод над умоўнай нулявой паверхняй. Выкарыстоўваюцца на гідрагеалагічных картах. Дазваляюць вызначыць напрамак руху падземнага патоку, які адбываецца ў бок найб. нахілу паверхні падземных вод (па нармалі, перпендыкулярна гідрагіпсам).

т. 5, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАДАСПУ́СК,

напорнае гідратэхнічнае збудаванне з вежай, у якой зроблены адтуліны для зліву вады. Размяшчаецца ў целе бетоннай плаціны, у асновах грунтавых плацін або ў берагах (тунэльны вадаспуск). Прызначаны для рэгулявання ўзроўню вады ў вадаёмах, спуску вадасховішчаў, прамывання донных наносаў, а таксама для пропуску вады ў ніжні б’еф. Забяспечваецца засаўкамі для рэгулявання расходу вады.

т. 3, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДТАПЛЕ́ННЕ,

падняцце ўзроўню грунтавых вод, абумоўленае падпорам вады ў рэках, пры буд-ве вадасховішчаў і плацін, уцечкай вады з водаправоднай і каналізацыйнай сетак, заіленнем рэчышчаў рэк і інш.; натуральная прычына — падняцце ўзроўню мора. Пры П. забалочваюцца і засаляюцца глебы, пагаршаецца сан. стан мясцовасці, зніжаецца прадукцыйнасць лясоў і с.-г. угоддзяў, разбураюцца будынкі, дарогі і інш.

т. 11, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛЬДЭРЫ (галанд. polder),

асушаныя і апрацаваныя ўчасткі маршаў, ахаваныя дамбамі ад затаплення марскімі водамі. Узровень грунтавых вод у П. рэгулюецца дрэнажнымі сістэмамі, пераважна з машынным адпампоўваннем вады. Пашыраны ў Нідэрландах (каля 40% тэрыторыі), Германіі, Даніі, ЗША і інш. П. ствараюцца таксама на поймах рэк, якія працяглы час заліваюцца вадой (напр., каля рэк Прыпяць, Зах. Буг, Дняпро).

т. 12, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАЛЕ́ЗНЫ КАПЯЛЮ́Ш,

намнажэнне аксідаў і гідрааксідаў жалеза каля паверхні Зямлі, якое ўзнікае ў выніку хім. раскладання і акіслення сульфідных руд. Залягае на першасных неакісленых рудах, перакрываючы іх (адсюль назва «капялюш»). Складаецца з гётыту, гідрагётыту, тур’іту з прымесямі гідрааксідаў марганцу, сульфатаў. Глыбіня распаўсюджання Ж.к. звычайна абмяжоўваецца ўзроўнем грунтавых вод і дасягае дзесяткаў і соцень метраў. Важная прыкмета пры пошуку сульфідных радовішчаў і ацэнцы першасных руд.

У.​Я.​Бардон.

т. 6, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДПО́Р вады,

павышэнне ўзроўню вады ў рацэ ў выніку ўзвядзення штучнага збудавання або ўтварэння прыродных перашкод (звужэнне рэчышча, нагрувашчванне камянёў, заломы, зажоры, заторы і інш.). Бывае пастаянны (напр., ад плаціны) і часовы. Суправаджаецца памяншэннем нахілаў і скорасці цячэння, характарызуецца велічынёй падняцця ўзроўню і адлегласцю, на якую ён распаўсюджваецца. З нарастаннем велічыні П. павялічваецца акумуляцыя наносаў, зарастанне рэчышча, падымаецца ўзровень грунтавых вод, адбываецца падтапленне і забалочванне прылеглай тэрыторыі.

т. 11, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАСЕ́ЙН у геалогіі,

адмоўная замкнёная тэктанічная структура, у якой намнажаюцца або залягаюць асадкавыя горныя пароды, нярэдка з карыснымі выкапнямі. Мае будову сінкліналі або прагіну. Адрозніваюць басейны: гідрагеалагічны, або падземных водаў (артэзіянскі, сцёку трэшчынна-грунтавых водаў і інш.), карысных выкапняў (нафтагазаносны, вугляносны, саляносны, сланцавы, рудны і інш.), седыментацыі (азёрныя, марскія, акіянскія, балотныя і інш.), дзе адбываецца намнажэнне асадкаў. Гл. таксама Аршанскі гідрагеалагічны басейн, Брэсцкі гідрагеалагічны басейн, Прыпяцкі гідрагеалагічны басейн, Прыпяцкі нафтагазаносны басейн, Прыпяцкі саляносны басейн.

т. 2, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАХМУ́ЦІНСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура 5—8 ст. у міжрэччы Уфы, Камы і Белай. Назва ад могільніка каля в. Бахмуціна Благавешчанскага р-на (Башкортастан). Насельніцтва займалася земляробствам, жывёлагадоўляй, жыло на селішчах і гарадзішчах у паўзямлянкавых жытлах. Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў грунтавых магілах. У пахаваннях шмат упрыгожанняў (падвескі, накладкі, паясы, фібулы), зброя (мячы, стрэлы, сякеры), прылады працы (сярпы, долаты, скоблі) і інш. Большасць керамікі — кругладонныя пасудзіны, арнаментаваныя па ўсёй паверхні дробнымі ямкамі. Носьбітамі Бахмуцінскай культуры былі угры.

т. 2, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)