МЕЛЯШЭ́ВІЧ (Аляксей Уладзіміравіч) (н. 1.4.1932, в. Нарутавічы Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. вучоны ў галіне хірургіі. Д-р мед. н. (1990), праф. (1991). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1957). З 1972 у Гродзенскім ун-це (з 1991 заг. кафедры). Навук. працы па рэгіянальным патагенезе гнойна-запаленчых працэсаў скуры і падскурнай клятчаткі, хуткасці гаення ран у людзей рознага ўзросту, гістатапаграфіі, прафілактыцы і лячэнні панарыцыю і флегмоны кісці, органазахавальных аперацыях.
Тв.:
Посттравматические остро-инфекционные заболевания кисти. Мн., 1987 (разам з С.А.Паўловічам);
Бесшовный гемостаз при травме почки в эксперименте // Здравоохранение. 1997. № 3;
Панариций и флегмона кисти: В 3 ч. Ч. 1—2. Гродно, 1997—99.
т. 10, с. 279
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСТЫ́Т (ад грэч. mastos сасок, грудзі),
грудніца, гнойна-запаленчае захворванне малочнай залозы. У жанчын найчасцей бывае пасля родаў (лактацыйны) ад пападання інфекцыі (стафілакокі, стрэптакокі і інш.) праз трэшчыны саскоў. Узнікненню садзейнічаюць застой малака, ускладненыя роды, агульныя хваробы. Звычайна развіваецца з аднаго боку. Зрэдку хварэюць дзяўчаты і нават мужчыны; бывае таксама М. нованароджаных. Цячэнне вострае, т-ра 38—39 °C, боль, зацвярдзенне і значнае павелічэнне малочнай залозы. Без лячэння ў залозе ўтвараецца балючы інфільтрат (інфільтрацыйны М.), скура чырванее, павялічваюцца падпахавыя лімфавузлы. Бывае таксама флегманозны (нагнаенне інфільтрату) і гангрэнозны (амярцвенне тканак). Лячэнне вострай і інфільтратнай форм тэрапеўтычнае, флегманознай і гангрэнознай хірургічнае. У жывёл М. бывае ў самак млекакормячых, часцей у кароў і коз у першыя тыдні пасля ацёлу (акоту) і ў час запускання. Часцей працякае скрыта. Прыводзіць да зніжэння ці страты малочнай прадукцыйнасці, пагаршэння якасці малака.
Ю.К.Малевіч.
т. 10, с. 202
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕКРАБАКТЭРЫЁЗ, некрабацылёз,
інфекцыйная хвароба свойскіх і многіх дзікіх жывёл (млекакормячых, птушак, паўзуноў), зрэдку чалавека, якая выклікаецца анаэробнай бактэрыяй некрозу і характарызуецца некратычным распадам тканак. Пашыраны амаль усюды, найб. у паўн. зонах. Часцей хварэе маладняк, са свойскіх жывёл — паўн. алені, авечкі, козы, буйн. раг. жывёла, коні, свінні, куры. Крыніца інфекцыі — хворыя і бактэрыяносьбіты (мікроб пастаянна жыве ў страўнікава-кішачным тракце многіх жывёл, у т. л. насякомых). Заражэнне адбываецца праз пашкоджанні скуры (часцей ніжніх ч. канечнасцей), слізістых абалонак (часцей ротавай поласці), пупавіну (у нованароджаных). Цячэнне вострае (часцей у маладняку), падвострае ці хранічнае. На месцах укаранення мікробаў развіваюцца запаленне і гнойна-некратычныя язвы, якія могуць пашырацца на сумежныя тканкі і ў глыбіню, у т. л. на косці; магчымы метастаз крывёю з утварэннем ачагоў некрозу ва ўнутр. органах, далучэнне гніласнай мікрафлоры. Пры моцным пашырэнні паталаг. працэсу развіваюцца інтаксікацыя, гарачка, знясіленне, жывёлы гінуць.
т. 11, с. 278
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРОНХАЭКТАТЫ́ЧНАЯ ХВАРО́БА (ад бронхі + грэч. ekstasis расцяжэнне),
гнойна-запаленчая дэструкцыя бронхаў, што выклікае іх расшырэнне (бронхаэктазію), парушэнне функцый розных сістэм і органаў, інтаксікацыю. Бывае часовая і ўстойлівая, найчасцей у ніжняй долі левага лёгкага; можа быць двухбаковая. Адрозніваюць бронхаэктазы прыроджаныя і набытыя, лакалізаваныя і дыфузныя, цыліндрычныя, мяшэчкападобныя і пераходныя (верацёнападобнай формы). Прычыны ўзнікнення прыроджанай бронхаэктазіі — парушэнні развіцця бронхалёгачнай сістэмы ва ўлонні маці (могуць спалучацца з заганамі развіцця — заечая губа, стрэлападобнае паднябенне і інш.); набытай — бронхалёгачныя хваробы, закупорка бронха іншародным целам. Праяўляецца бронхаэктатычнай хваробы аднолькава незалежна ад этыялогіі: мокры кашаль са слізіста-гнойнай ці гнойнай макротай (можа мець непрыемны пах), іншы раз крывахарканне, болі ў грудзях, задышка (залежыць ад цяжкасці хваробы), зніжэнне апетыту, дэфармацыя грудной клеткі. Пры гнойнай інтаксікацыі фалангі пальцаў набываюць форму «барабанных палачак», а пазногці — «гадзіннікавых шкельцаў». Лячэнне комплекснае, з выкарыстаннем тэрапеўтычных, а пры неабходнасці хірург. метадаў.
Л.Р.Кажарская.
т. 3, с. 262
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)