ФУРУ́НКУЛ,

вострае гнойна-некратычнае запаленне валасянога мяшочка і навакольнай злучальнай тканкі, абумоўленае ўкараненнем патагенных мікраарганізмаў, часцей стафілакокаў; хваробны запаленчы вузел з амярцвеннем у цэнтры (т.зв. стрыжань). Прычыны: забруджванне скуры (асабліва хім. рэчывамі), мікратраўмы, расчухванні, павышаная дзейнасць потавых і сальных залоз. Можа развіцца на любым участку скуры, за выключэннем далоней і падэшваў. Множныя Ф., якія ўзнікаюць адначасова або адзін за адным, наз. фурункулёзам (бывае пры хваробах абмену рэчываў, напр., дыябеце цукровым). Калі Ф. зліваюцца і пашкоджваюць глыбокія слаі скуры і падскурнай клятчаткі, утвараецца карбункул. Ускладненні: лімфадэніт, лімфангііт і інш. Лячэнне тэрапеўт., хірургічнае.

т. 16, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)