АЎТАГЕМАТЭРАПІ́Я (ад аўта... + гема... + тэрапія),

метад лячэння хворага ўласнай крывёю, якая ўзята з яго вены і ўведзена ўнутрымышачна або падскурна. Выкарыстоўваецца пры фурункулёзе, хранічных гнойна-запаленчых працэсах, анеміі, трафічных язвах, насавых і некаторых унутраных крывацёках (напр., пры кроватачывых язвах страўніка і дванаццаціперснай кішкі), пры інш. захворваннях, якія патрабуюць агульнастымулявальнага ўздзеяння. Стымулюе кроваўтварэнне, павышае неспецыфічны імунітэт.

т. 2, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТО́ВІЧ (Леанід Яўгенавіч) (4.5.1935, Мінск — 15.5.1995),

бел. вучоны ў галіне хірургіі. Д-р. мед. н. (1976), праф. (1980). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1959). З 1961 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў. Навук. працы па дзіцячай хірургіі, гнойна-септычных ускладненнях у дзяцей.

Тв.:

Справочник по детской хирургии. Мн., 1980 (у сааўт.);

Техника выполнения хирургических операций: Справ. Мн., 1985 (у сааўт.).

т. 8, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВЕ́РНА (ад лац. caverna пячора, поласць),

поласць у органах цела, якая ўзнікае пры разбурэнні і амярцвенні (некрозе) тканак і разрэджванні амярцвелых мас. Бываюць закрытыя (не звязаны са знешнім асяроддзем) і адкрытыя (апаражненне змесціва К. адбываецца вонкі праз натуральныя каналы). Найчасцей бывае пры гнойна-некратычным працэсе і спецыфічным запаленні ў лёгкіх (кавернозны туберкулёз), пырках (гнайнік, раскрыты ў лаханку) і інш. Садзейнічае пашырэнню паталаг. працэсу і развіццю ўскладненняў (крывацёк, перфарацыя).

т. 7, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫСЕПТЫ́ЧНЫЯ СРО́ДКІ, антысептыкі,

хімічныя рэчывы з процімікробным дзеяннем. Адрозніваюць антысептычныя сродкі з бактэрыястатычным (затрымліваюць рост і развіццё мікраарганізмаў) і бактэрыцыдным (знішчаюць мікраарганізмы) дзеяннем. Як антысептычныя сродкі ў медыцыне выкарыстоўваюцца для абеззаражвання ран, скуры, пры гнойна-запаленчых працэсах, для дэзінфекцыі ёд, хлор, пераксід вадароду, марганцавакіслы калій, сулема, спірты, карболавая кіслата і інш.; для кансервавання прадуктаў — воцатная, бензойная, саліцылавая кіслоты; для захавання драўніны, скуры, пластмасы, тэкст. вырабаў — фторысты натрый, медны купарвас, антрацэнавае, сланцавае масла і інш.

т. 1, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДА́РЧАНКА (Анатоль Арсеньевіч) (н. 20.9.1949, г.п. Старобін Салігорскага р-на Мінскай вобл.),

бел. медык-мікрабіёлаг. Д-р мед. н. (1991), праф. (1994). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1972), з 1975 у гэтым ін-це. Навук. працы па этыялогіі, экалогіі і эвалюцыі ўнутрыбальнічных інфекцый у хірург. і апёкавых аддзяленнях; распрацаваў і ўкараніў новыя метады мікрабіял. дыягностыкі, тэрапіі і прафілактыкі гнойна-септычных захворванняў.

Тв.:

Handbuch der Antiseptik. Bd. 1—20. Berlin, 1984—89 (у сааўт.).

т. 1, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРБУ́НКУЛ (лац. carbunculus літар. вугалёк; стараж.-рус. назва вуглявік, скула),

вострае дыфузнае гнойна-некратычнае запаленне глыбокіх слаёў скуры і падскурнай клятчаткі вакол групы валасяных мяшочкаў і тлушчавых залоз. Узбуджальнікі — гнаяродныя бактэрыі. Найчасцей бывае на патыліцы, паясніцы, твары. Узнікненню К. садзейнічаюць знясіленне арганізма, парушэнне абмену рэчываў (дыябет цукровы), вітамінная недастатковасць. Прыкметы: цяжкі агульны стан (дрыжыкі, т-ра цела да 40 °C), шырокае амярцвенне тканак. Ускладненні (найчасцей пры К. твару) — сепсіс, тромбафлебіт. Лячэнне тэрапеўтычнае, хірургічнае.

т. 8, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІМФАНГІІ́Т, лімфангіт (ад лімфа + грэч. angeion пасудзіна),

запаленне лімфатычных сасудаў пры наяўнасці першаснага гнойна-запаленчага ачага (нагноеныя раны, фурункул, трафічная язва і інш.). Сімптомы Л.: балючыя чырв. цяжы, сеткаваты чырв. малюнак на скуры (як галінкі дрэва), павышэнне т-ры цела да 39—40 °C, ацёкі, абмежаванасць руху. Дробныя лімфатычныя сасуды ад ачага запалення збіраюцца па напрамку да сэрца ў вял. чырв., балючыя цяжы і выклікаюць запаленне лімфавузлоў (лімфадэніт). Лячэнне тэрапеўтычнае.

В.​Я.​Рэбека.

т. 9, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ВІКАВА (Валянціна Іванаўна) (н. 26.5.1946, г. Хатынец Арлоўскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне педыятрыі. Д-р мед. н. (1984), праф. (1985). Скончыла Віцебскі мед. ін-т (1970), працуе ў ім (з 1985 заг. кафедры). Навук. працы па механізмах гнойна-септычных захворванняў, метадах дыягностыкі і лячэння імунадэфіцытных і алергічных хвароб у дзяцей.

Тв.:

Клеточные методы иммунодиагностики. Мн., 1979 (разам з Дз.​К.​Новікавым);

Бронхиты у детей. Витебск. 1998 (разам з П.​Дз.​Новікавым).

т. 11, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЬВАЧО́Ў (Мікалай Іванавіч) (15.5.1922, в. Загор’е Ушацкага р-на Віцебскай вобл. — 18.6.1990),

бел. эпідэміёлаг. Д-р мед. н. (1965), праф. (1966). Скончыў Ваенна-марскую мед. акадэмію (Ленінград, 1945). З 1969 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў. Навук. працы па даследаванні эпідэміял. працэсу і распрацоўцы мерапрыемстваў для папярэджвання інфекцыйных і гнойна-запаленчых хвароб. На Беларусі арганізаваў вывучэнне эпідэміялогіі ўнутрыбальнічных інфекцый у родадапаможных і хірургічных стацыянарах.

Тв.:

Статистический метод в медицинской практике с применением микроЭВМ и персональных компьютеров. Мн., 1989 (разам з Л.​І.​Рымжа).

т. 3, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРАСІМО́ВІЧ (Георгій Ігнатавіч) (н. 18.1.1930, в. Новы Двор Мінскага р-на),

бел. вучоны ў галіне акушэрства і гінекалогіі. Д-р мед. н. (1975), праф. (1978). Засл. дз. нав. Беларусі (1990). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1956) і з 1959 працуе ў гэтым ін-це (з 1976 заг. кафедры). Навук. працы па метадах кансерватыўнага лячэння дабраякасных пухлін, хірург. лячэнні анамалій развіцця жаночых палавых органаў, прафілактыцы і лячэнні гнойна-запаленчых ускладненняў у акушэрстве і гінекалогіі.

Тв.:

Советы врача молодоженам. 2 изд. Мн., 1986;

Методы лазеротерапии в акушерстве и гинекологии. Мн., 1992 (разам з К.​І.​Малевічам, П.​С.​Русакевічам).

т. 5, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)