гарадзішча 1—4 ст.н.э.штрыхаванай керамікі культуры каля в. Малышкі Вілейскага р-на Мінскай вобл. Пляцоўка паўавальная, умацаваная з трох бакоў падковападобным валам. Выяўлены рэшткі 6 жытлаў зрубнай канструкцыі з 2-схільнымі пакрыццямі, кожнае з якіх складалася з 4 памяшканняў з адкрытымі агнішчамі. Знойдзены абломкі штрыхаваных гаршкоў, слоікавых слабапрафіляваных і глянцаваных пасудзін, прасліцы і грузікі, арнаментаваныя геам. узорам, жал. наканечнікі коп’яў і дроцікаў, сярпы, нажы, позналатэнская і падковападобная з чырв. эмаллю фібулы, падвеска.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ДАСЦЬ,
курганны могільнік 8—10 ст. каля в. Радасць Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. Пахавальны абрад — трупаспаленне. У насыпах і на гарызонце выяўлены рэшткі вогнішчаў (вугальныя праслойкі і попельныя плямы). Выяўлены фрагменты ляпных гаршкоў з арнаментам у выглядзе косых насечак і ганчарнага посуду з хвалістым і лінейным арнаментам. У адным з курганоў знойдзены спалены драўляны прамавугольнік (3 × 2,6 м), у паўд.-зах. вугле якога былі перапаленыя косці нябожчыка і жал. спражка. Адносіцца да «парных курганоў» валынян.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛО́ЎСК,
тры стаянкі каменнага і бронзавага вякоў каля в. Галоўск Сенненскага р-на Віцебскай вобл., на паўд. ускраіне тарфяніку Крывіна. На 1-й стаянцы выяўлены 2 культ. гарызонты: у ніжнім — крамянёвыя і касцяныя вырабы, абломкі гладкасценных слабаарнаментаваных гаршкоў крывінскага варыянта нарвенскай культуры 2-й пал. 3-га тыс. да н.э.; у верхнім — рэшткі пабудоў з кары і жэрдак, прылады працы з рогу і косці, крамянёвыя вырабы паўночнабеларускай культуры 1-й пал. 2-га тыс. да н.э. Знаходкі астатніх стаянак адпавядаюць знаходкам з культурных пластоў 1-й стаянкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВІГАЦЫ́ЙНАЯ СІСТЭ́МА,
сетка наземных радыёстанцый, навігацыйных ШСЗ з камандна-вымяральным комплексам і падводных гідраакустычных станцый, па сігналах якіх з дапамогай бартавых сродкаў навігацыі вызначаюць каардынаты месцазнаходжання караблёў, самалётаў і інш. рухомых аб’ектаў. Кожная Н.с. ўключае таксама бартавыя навігацыйныя комплексы, а пры іх адсутнасці — навігацыйныя прылады, якія дазваляюць з высокай дакладнасцю і надзейнасцю вызначаць папраўкі да злічоных каардынат месца і курсу. Існуюць астранавігацыйныя сістэмы (гл.Астранамічная навігацыя), інерцыяльныя (засн. на вызначэнні паскарэнняў аб’екта з дапамогай акселерометраў і па гэтых даных — месцазнаходжання, курсу, скорасці і інш. параметраў), касмічныя (гл.Міжнародныя касмічныя навігацыйныя сістэмы), радыёнавігацыйныя сістэмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУЧЫ́Н,
археалагічныя помнікі неаліту, бронзавага і жалезнага вякоў, эпохі Кіеўскай Русі (паселішчы, гарадзішча і селішча) каля в.Лучын Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. Паселішчы належалі плямёнам верхнедняпроўскай культуры і сярэднедняпроўскай культуры. Выяўлены рэшткі наземных жытлаў з агнішчамі ў цэнтры. Знойдзены крамянёвыя прылады працы і інш. вырабы, ляпны арнаментаваны посуд. Гарадзішча ўмацавана падковападобным валам. Як і селішча, яно належала носьбітам мілаградскай культуры, зарубінецкай культуры і насельніцтву часоў ранняга сярэдневякоўя. Знойдзены ляпная і ганчарная кераміка, вырабы з жалеза і бронзы, фрагменты шкляных бранзалетаў. Даследчыкі лічаць, што тут, магчыма, знаходзіўся летапісны Лучын. На селішчы знойдзены фрагменты ляпных і ганчарных гаршкоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕШАНКО́ВІЦКІ ГІСТО́РЫКА-КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́ЙЗасн. ў 1977 у г.п. Бешанковічы як музей баявой славы, з 1987 — гіст.-краязнаўчы музей. Пл. экспазіцыі 311 м², каля 6,8 тыс. адзінак асн. фонду (1995). Сярод экспанатаў археал. знаходкі (касцяныя наканечнікі стрэл, каменныя і рагавыя сякеры, бівень маманта, фрагменты гліняных гаршкоў з раскопак, карты археал. помнікаў на тэр. раёна), матэрыялы пра падзеі часоў Кастр. рэвалюцыі 1917, грамадз. вайны, калектывізацыі, Вял.Айч. вайны (абарончыя баі 1941, дзейнасць падп. антыфаш. арг-цый, партыз. атрадаў, брыгады «За Савецкую Беларусь», вызваленне раёна ў 1944). У экспазіцыі творы жывапісу, графікі, скульптуры (дыярама А.Гарбунова «Бітва пад Астроўнам у 1812», карціна В.Ціханенкі «Кірмаш у Бешанковічах» і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВІГАЦЫ́ЙНАЕ АБСТАЛЯВА́ННЕ,
сістэма збудаванняў, прыстасаванняў, прылад для забеспячэння бяспечнага ваджэння суднаў, лятальных апаратаў, наземных трансп. сродкаў і інш. рухомых аб’ектаў у любых ўмовах; адзін з тэхн. сродкаў навігацыі.
Сродкі Н.а. (СНА) устанаўліваюць на зямной і воднай паверхні, на борце рухомых аб’ектаў. Паводле тэхн. аснашчанасці падзяляюцца на візуальныя і спецыяльныя. Візуальныя СНА — светлавыя маякі, буі, бакены, плывучыя вехі і інш. навігацыйныя знакі, што свецяцца і не свецяцца; спецыяльныя — акустычныя, або гукавыя, сродкі (гукасігнальныя і электраакустычныя ўстаноўкі, напр., сірэны, наўтафоны; гідраакустычныя маякі) і радыётэхнічныя (перадавальныя радыёстанцыі, радыёкомпасы, радыёпеленгатары, радыёмаякі вугламерных, дальнамерных і рознаснадальнамерных сістэм, якія бываюць імпульснымі, фазавымі, імпульсна-фазавымі і частотнымі). Да радыётэхн. сродкаў адносяцца таксама актыўныя адказчыкі і пасіўныя адбівальнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛГРА́ДСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,
наступальная аперацыя войск 3-га Украінскага фронту (Маршал Сав. Саюза Ф.І.Талбухін), левага крыла 2-га Укр. фронту (Маршал Сав. Саюза Р.Я.Маліноўскі), Дунайскай ваеннай флатыліі (адм. С.Г.Гаршкоў), войск Айч. фронту Балгарыі і Народна-вызв. арміі Югаславіі (маршал І.Броз-Ціта) па вызваленні Усх. і Паўн. Югаславіі і Бялграда ад ням.-фаш. захопнікаў у 2-ю сусв. вайну. Праведзена 28 вер. — 20 кастр.
У ходзе бялградскай аперацыі разбіты ням. аператыўная група «Сербія» і гал. сілы армейскай групы «Ф» (13 дывізій і брыгад), 6 дывізій групы армій «Е», вызвалены г. Бялград (20 кастр.), тэр. Сербіі і створаны перадумовы для вызвалення ўсёй Югаславіі і Албаніі. Праціўнік страціў каля 45 тыс. забітымі і палоннымі. Страты сав. войск забітымі, параненымі і прапаўшымі без вестак каля 18 380 чал. (з іх забітымі 4350 чал.). 13 сав. воінам прысвоена званне Народнага героя Югаславіі. 20 злучэнням і часцям, якія найб. вызначыліся ў бялградскай аперацыі, нададзена ганаровае найменне «Бялградскіх».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЯЛАНЧЭ́ЛЬ (італьян. violoncello памяншальнае ад violone кантрабас),
смычковы музычны інструмент скрыпічнай сям’і баса-тэнаровага рэгістра. Канструкцыя, як у скрыпкі, але віяланчэль большая па памерах. Даўж. корпуса 750—768 мм. Мае 4 струны. Настройка па квінтах: C, G, d, a. Дыяпазон C—a2 і вышэй (у віртуозных творах). Прыёмы ігры тыя ж, што і на скрыпцы, але тэхніка больш абмежаваная. Натуецца ў басовым, тэнаровым і скрыпічным ключах. З’явілася ў канцы 15 — пач. 16 ст. Класічныя ўзоры віяланчэлі створаны ў 17—18 ст.італьян. (А. і Н.Амаці, Дж.Гварнеры, А.Страдывары, К.Бергонцы), пазней франц. (Ж.Б.Вільём), рас. (І.Батаў, Я.Вітачак, Ц.Падгорны, Л.Гаршкоў) і інш. майстрамі. На Беларусі шырока выкарыстоўвалася ў 18 ст. ў прыдворных капэлах Нясвіжа, Слоніма, Гродна. У наш час віяланчэль — сольны, ансамблевы і арк. інструмент.
Літ.:
Гинзбург Л. История виолончельного искусства. Кн. 1—4. М.; Л., 1950—78;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКАЯ КЕРА́МІКА,
традыцыйныя ганчарныя вырабы рамеснікаў з г. Магілёў канца 15 — пач. 20 ст. Выраблялі посуд, цацкі і інш. прадметы хатняга ўжытку. У канцы 15—16 ст. гаршкі з прамой шыйкай і косым ці закругленым краем венчыка, макотры аздаблялі хвалістым арнаментам, наколкамі, насечкамі. Традыцыі арнаментацыі непаліваных гаршкоў захоўваліся да 17—18 ст. З 16 ст. пашырылася вытв-сць паліванай і чорназадымленай керамікі. У 17—18 ст. выраблялі гаршкі, кубкі, куфлі, міскі, паўміскі, збаны, макотры, глякі, талеркі. Паліваны посуд (міскі і талеркі) упрыгожвалі арнаментам у выглядзе кругоў і кветак, збаны з вял. ручкай — адбіткам пальцаў на яе краях і арнаментам у выглядзе наляпных кветак на плечуках, куфлі — выявамі гар. герба і пакрывалі зялёнай палівай. У 2-й пал. 17—18 ст. выраблялі посуд (талеркі, збаны), аздоблены ангобнаю размалёўкаю (геам. і расл. арнамент). Выраблялі таксама кафлю (гл.Магілёўская кафля), дзіцячы посуд (кубачкі, талерачкі), падсвечнікі, рукамыйнікі, цэглу-пальчатку, непаліваную (плоскую і паўцыркульную) і паліваную зялёную дахоўку, магчыма, чорназадымленыя і паліваныя люлькі.
А.А.Трусаў, Н.І.Здановіч.
Да арт.Магілёўская кераміка. Талерка. 2-я пал. 17 ст.