БУШ ((Bush) Алан Дадлі) (н. 22.12.1900, Далуіч, каля Лондана),

англійскі кампазітар, піяніст, дырыжор. Вучыўся ў Каралеўскай акадэміі музыкі ў Лондане (1918—22), выкладаў у ёй. У 1929—40 маст. кіраўнік і дырыжор рабочага хар. саюза. Заснавальнік (1936) і старшыня Рабочай муз. асацыяцыі (з 1941 прэзідэнт), кіраўнік створанага ім камернага аркестра (1938—51). Як дырыжор гастраляваў у многіх краінах свету. Сярод тв.: оперы «Уот Тайлер» (1953), «Людзі з Блэкмура» (1956), «Джо Хіл, чалавек, які ніколі не памрэ» (1970); аперэта «Чароўнасць» (1953); кантаты, у т. л. «Галасы прарокаў» (1952); З сімфоніі, у т. л. Нотынгемская (1949) і «Байран» (1960); тв. для аркестра; камерна-інстр. творы; хары «Галодны паход», «Песня працы», «Абаронцы міру», «Песня дружбы», «Увесь свет — яго песня» (апошні прысвечаны П.​Робсану); песні і інш.

Літ.:

Котляров Б. Алан Буш. М., 1981.

т. 3, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РА ((Hora) Іосеф?) (8.7.1891, м. Добржыні каля г. Роўдніцы, Чэхія — 21.6.1945),

чэшскі паэт, празаік. Нар. мастак Чэхаславакіі (1945). На яго раннія паэт. творы (зб. «Вершы», 1915) паўплывалі падзеі 1-й сусв. вайны. У 1018 — 20 адзін з тэарэтыкаў пралетарскага мастацтва і рэв. паэзіі. Аўтар зб-каў «Працоўны дзень» (1920), «Сэрца і хаос свету» (1922), «Бурлівая вясна» (1923), кнігі прозы «Сацыялістычная надзея» (1922), рамана «Галодны год» (1926) і інш. Зб-кі вершаў «Махоўскія варыяцыі», «Ціхія пасланні» (абодва 1936), «Родны дом» (1938), «Запіскі з немачы» (1945), паэма «Ян-скрыпач» (1939) прасякнуты філас. роздумам пра сэнс чалавечага існавання, лёс айчыны і чэш. народа. Перакладаў на чэш. мову вершы Я.​Купалы, А.​Пушкіна, М.​Лермантава, С.​Ясеніна. Напісаў арт. «Беларускія пісьменнікі ў Празе» (1927; пра Я.​Купалу, М.​Чарота, М.​Зарэцкага). Удзельнічаў у акцыях пратэсту супраць нац. і сац. ўціску ў Зах. Беларусі: На бел. мову яго творы перакладалі Х.​Жычка, С.​Панізнік і інш.

С.​С.​Панізнік.

т. 5, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ХЕР ((Becher) Іаганес Роберт) (22.5.1891, г. Мюнхен, Германія — 11.10.1958),

нямецкі пісьменнік, тэарэтык мастацтва, дзярж. і грамадскі дзеяч. Вучыўся ва ун-тах Берліна, Мюнхена, Іены. Першы міністр культуры ГДР (1954—58). Заснавальнік і прэзідэнт Культурбунда (з 1945), прэзідэнт АМ ГДР (1953—56). Творчая эвалюцыя Бехера супярэчлівая, звязана з пошукам ідэі гуманнага грамадства і дасканалага чалавека. Дэбютаваў як паэт-экспрэсіяніст (зб-кі «Распад і трыумф», 1914; «Да Еўропы», 1916, і інш.). Зб-кі «Галодны горад» (1927), «Шэрыя калоны» (1930), «Чалавек, які ўсяму верыў» (1935) і інш. пра жыццё і барацьбу пралетарыяту. За антымілітарысцкі зб. «Труп на троне» (1925) і раман «Люізіт...» (1926, бел. пер. у час. «Полымя», 1928) абвінавачаны ў дзярж. здрадзе. У 1933—45 у эміграцыі. У паэзіі гэтага перыяду — матыў «пошукаў радзімы», пакутлівыя разважанні пра вайну і адказнасць ням. народа (зб-кі «Германія кліча», 1942; «Падзяка Сталінграду», 1943, і інш.). Звяртаўся да класічных паэт. формаў: оды, гімна, балады, санета, ліра-эпічнай паэмы. Напісаў аўтабіяграфічны раман «Развітанне» (1940). Аўтар прац па тэорыі і гісторыі культуры («Абарона паэзіі», 1952; «Паэтычны прынцып», 1957, і інш.). З 1927 супрацоўнічаў у час. «Полымя», друкаваўся ў інш. бел. выданнях, падтрымліваў сувязі з Ц.​Гартным, П.​Галавачом, М.​Чаротам, К.​Крапівой. На бел. мову творы Бехера перакладалі П.​Бузук, С.​Дзяргай, М.​Дуброўскі, А.​Зарыцкі, А.​Звонак, А.​Клышка, Я.​Семяжон. Нац. прэмія імя І.​В.​Гётэ 1949, 1950.

Тв.:

Бел. пер. — Люізіт, або Адзіная справядлівая вайна. Мн., 1931;

[Вершы] // Пярэднія выйшлі ў заўтра. Мн., 1968;

Вяртанне да сябе. Мн., 1985;

Рус. пер. — Сонеты. М., 1960;

Стихотворения;

Прощание;

Трижды содрогнувшаяся земля. М., 1970;

Избранное. М., 1974;

О литературе и искусстве. 2 изд. М., 1981.

Літ.:

Мотылева Т. Роман Иоганнеса Р. Бехера «Прощание». М., 1976;

Яе ж. Духовная драма Бехера // Иностр. Лит. 1988. № 11;

Сакалоўскі У.Л. Іаганес Бехер і беларуская літаратура // Полымя. 1972. № 11;

Яго ж. Тыпалагічная агульнасць і нацыянальная адметнасць: (М.​Чарот і І.​Бехер) // Сакалоўскі У.Л. Пара станаўлення. Мн., 1986.

А.​С.​Шаўчэнка.

І.Бехер.

т. 3, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАЛЕ́НКА (Уладзімір Галакціёнавіч) (27.7.1853, г. Жытомір, Украіна — 25.12.1921),

рускі пісьменнік, публіцыст, грамадскі дзеяч. Ганаровы акад. Пецярбургскай АН (1900, у 1902 адмовіўся ад звання). Вучыўся ў Тэхналагічным (1871—73) і Горным (1877—78) ін-тах у Пецярбургу, у Пятроўскай земляробчай і лясной акадэміі (1874—76) у Маскве. Яго светапогляд фарміраваўся пад уплывам ідэй рус. рэв. народнікаў. У 1876—77 у ссылцы ў Кранштаце, у 1879 у Вяцкай губ., у 1881—84 у Якуціі. З 1885 жыў у Н. Ноўгарадзе, з 1896 у Пецярбургу, з 1894 чл. рэдакцыі народніцкага час. «Русское богатство», у 1904—18 (з перапынкамі) яго рэдактар, з 1900 у Палтаве. Друкаваўся з 1878. Жыццё народа. яго духоўнае багацце, неабходнасць яднання інтэлігенцыі з народам — асн. матывы творчасці К. У апавяданнях «Дзіўная» (1880, апубл. 1905), «Забойца», «Сон Макара» (абодва 1885), «Сляпы музыка» (1886, 2-я рэд. 1898), «Марусіна заімка» (1889, апубл. 1899), «Рака гуляе», «Ат-Даван» (абодва 1892), «Агеньчыкі» (1901) і інш. выступаў супраць беззаконня самадзяржаўных улад, раскрыў станаўленне новых рыс нац. характару рус. чалавека. Водгукам на актуальныя з’явы і праблемы грамадска- паліт. жыцця былі яго нарысы «У галодны год» (1893), «Мултанскае ахвярапрынашэнне» (1895—96), «Гомельская судовая драма» (1905), «Сарачынская трагедыя» (1907), «Бытавая з’ява» (1910) і інш. Аповесць «Без языка» (1895, 2-я рэд. 1902, прататып гал. героя — рабочы-беларус) — назіранні пісьменніка ад падарожжа ў Амерыку. Мемуары «Гісторыя майго сучасніка» (кн. 1—4, 1906—22) — маст. летапіс пакалення 1870-х г. Творчасць К. вызначаецца рэалістычнасцю, спалучэннем эпічных і лірычных плыняў, паглыбленым псіхалагізмам, гуманізмам. Перамога чалавечага духа над матэрыяльнай абалонкай — адзін з гал. матываў яго твораў. Аўтар літ.-крытычных артыкулаў пра рус. пісьменнікаў. Захавалася 6 лістоў К. да А.​В.​Луначарскага ад 1920, у якіх ён выказаў свае рэзка адмоўныя адносіны да Кастр. рэв 1917 і яе вынікаў. Асобныя творы К. тэматычна звязаны з Беларуссю. Быў асабіста знаёмы з Я.​Купалам. Яго творы друкаваліся ў бел. газ. «Наша ніва», у 1920—30-я г. на бел. мове былі выдадзены яго аповесці «Сляпы музыка», «Судны дзень», «Лес шуміць», «Дзеці падзямелля» і інш. У 1922 у т-ры імя Я.​Купалы (БДТ-1) інсцэніраваны яго твор «Лес шуміць». На бел. мову асобныя творы К. пераклалі А.​Александровіч, С.​Дарожны, М.​Краўцоў, А Кудравец, К.​Чорны, Я.​Шарахоўскі.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—6. М., 1971;

История моего современника. Кн. 1—2. Л., 1976;

Земли! Земли! М., 1991;

Бел. пер. — Апошні прамень: Выбранае. Мн., 1984.

Літ.:

Миронов Г.М. Короленко. М., 1962;

Бялый Г.А. В.​Г.​Короленко. 2 изд. Л., 1983;

Короленко С.В. Книга об отце. Ижевск, 1968.

С.​Ф.​Кузьміна.

У.Г.Караленка.

т. 8, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)