НІКІ́ФАР III Ватаніят
(каля 1010 — пасля 1081),
візантыйскі імператар [1078—81]. Паходзіў з малаазійскай знаці. З сярэдзіны 11 ст. палкаводзец і намеснік шэрагу ваен.-адм. акруг. Узначаліў мяцеж малаазійскай знаці супраць імператара Міхаіла VII Дукі. У студз. 1078 абвешчаны імператарам, у сакавіку ўступіў у Канстанцінопаль. Беспаспяхова ваяваў з туркамі-сельджукамі, якія заснавалі на б. візант. землях Канійскі султанат (1080). Пры Н. III рэзка абвастрылася саперніцтва паміж малаазійскай і еўрап. ваен. знаццю. Скінуты Аляксеем I Камнінам, пастрыжаны ў манахі.
т. 11, с. 341
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́РВАРСКІЯ ПРА́ЎДЫ (лац. Leges barbarorum літар. законы варвараў),
запісы звычаёвага права герм. плямён, складзеныя паміж 5 і 9 ст. Забяспечвалі парадак жыцця ў варварскіх каралеўствах (гл. Варвары). Мелі форму судзебнікаў, тлумачылі пераважна пытанні суда і пакарання. Вядомыя Вестгоцкая (2-я пал. 5 ст.), Салічная (канец 5 ст.), Бургундская (пач. 6 ст.), Рыпуарская (6—7 ст.), Баварская (сярэдзіна 7 ст.), Алеманская (7—8 ст.) варварскія праўды. Паводле свайго характару да іх набліжаюцца візантыйскі Земляробчы закон (мяжа 7—8 ст.) і Руская праўда.
т. 4, с. 7
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКІ́ФАР I (Nikēphoros; ?—26.7.811),
візантыйскі імператар [802—811]. Быў скарбнікам пры двары імператрыцы Ірыны. Пасля яе звяржэння абвешчаны імператарам. Для ўмацавання фін. становішча дзяржавы ўвёў новыя падаткі, у т. л. з царкоўнай маёмасці. Умацаваў флот, развіваў гандаль шляхам прадастаўлення купцам дзярж. пазыкі. Задушыў паўстанне славян у г. Патры (Пелапанес) і пачаў іх хрысціянізацыю. З 802 ваяваў з араб. халіфам Харунам-ар-Рашыдам, у 804 пацярпеў паражэнне ў Фрыгіі, у 807 падпісаў зневажальны для Візантыі мір. Забіты ў час вайны 809—11 з Балгарыяй.
т. 11, с. 341
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКІ́ФАР ГРЫГАРА́ (Nikēphoro Grēgoras; паміж 1290 і 1295—1359 ці 1360),
візантыйскі вучоны, гісторык, багаслоў. Прыбліжаны імператара Андроніка II. Склаў праект рэформы календара. Вёў палеміку з філосафам-гуманістам Варлаамам Калабрыйскім, выступаў супраць ісіхазму (містычная філас. плынь) Грыгорыя Паламы. Пасля прызнання ісіхазму афіц. дактрынай візант. царквы (1351) Н.Г. адлучаны ад царквы і зняволены ў манастыры. Яго асн. праца «Рымская гісторыя» апісвае царк.-багаслоўскую барацьбу ў Візантыі ў 1204—1359, змяшчае каштоўныя звесткі сац.-эканам. і паліт. характару, у т. л. пра выступленне зілотаў у г. Фесалонікі.
т. 11, с. 341
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕЎ III (Leōn) Ісаўр, Леў III Сірыец (каля 675, Германікія, цяпер г. Мараш, Турцыя — 18.6.741), візантыйскі імператар [717—741], заснавальнік Ісаўрыйскай дынастыі. Узмацніў знешнепаліт. становішча імперыі: адбіў націск арабаў, якія ў 717—718 вялі аблогу Канстанцінопаля; пасля перамогі ў 740 пад Акраінонам вярнуў ч. візант. уладанняў у М. Азіі. З мэтай умацавання цэнтр. улады і абароны інтарэсаў ваенна-служылай знаці выдаў у 726 Эклогу (зб. законаў). Рэфармаваў армію, распачаў рэформы ў галіне права, грамадскіх адносін і царк. палітыкі. Узначальваў рух іканаборства, што прывяло ў 730 да разрыву адносін з рым. курыяй.
Н.К.Мазоўка.
т. 9, с. 224
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАКО́ПІЙ, Пракопій Кесарыйскі (каля 500, г. Кесарыя, Палесціна — пасля 565),
візантыйскі пісьменнік і гісторык. Удзельнічаў у войнах Візантыі з персамі, вандаламі і готамі, дарадчык палкаводца Велісарыя. У афіцыёзных творах «Войны з персамі, вандаламі і готамі» (8 кніг, скончаны ў 553), «Пра пабудовы» (553—555) услаўляў імператара Юстыніяна, аднак у памфлеце «Патаемная гісторыя» даў вельмі негатыўны вобраз імператара і яго жонкі Феадоры. Працы П.К. — важная крыніца па гісторыі Візантыі і суседніх краін 6 ст.
Тв.:
Рус. пер. — Война с готами. М., 1950;
Война с персами;
Война с вандалами;
Тайная история. М., 1993.
Літ.:
Удальцова З.В. Византийская культура. М., 1988. С. 50—54.
т. 12, с. 547
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКІ́ФАР II Фока
(каля 912—11.12.969),
візантыйскі імператар [963—969]. Паходзіў са знатнага малаазійскага роду Фокаў. З 954 галоўнакамандуючы. Пасля смерці Рамана II (963) узведзены на прастол малаазійскай ваен. знаццю. Садзейнічаў росту свецкага буйнога землеўладання. Указам 964 забараніў заснаванне новых манастыроў (абмежаваў права завяшчання на карысць царквы). Правёў ваен. рэформу, гал. сілай арміі зрабіў цяжкую конніцу накшталт рыцарскай. Адваяваў у арабаў в-аў Крыт (961), Кілікію і Кіпр (965), Паўн. Сірыю (969, разам з Антыёхіяй), адстаяў Візантыю ад дамаганняў герм. імператара Атона I. У 966 пачаў вайну супраць Балгарыі, у 968 яму на дапамогу прыйшоў кіеўскі князь Святаслаў. Забіты ў выніку змовы Іаана I Цымісхія.
Літ.:
Лев Диакон. История: Пер. с греч. М., 1988.
т. 11, с. 341
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФО́ЦІЙ [Phōtios; паміж 810 і 827, Канстанцінопаль (цяпер Стамбул) — паміж 891 і 897],
візантыйскі царкоўна-паліт. дзеяч, пісьменнік. Патрыярх Канстанцінопаля ў 858—867 і 877—886. Прыхільнік цэнтралізаваных манархіі і царквы на чале з патрыярхам. У 867 выступіў супраць падпарадкавання візант. царквы папе рымскаму, што прывяло да канфлікту з папствам (гл. Падзел цэркваў). Садзейнічаў пашырэнню ўплыву візант. царквы на слав. землі (у Балгарыі, Маравіі, сербскіх княствах, Русі). У 886 скінуты імператарам Львом VI, памёр у ссылцы. Асн. праца «Мірыябібліён», у якім даследаваў творчасць 280 ант. і ранневізант. пісьменнікаў са шматлікімі цытатамі з арыгіналаў (страчаныя, захаваліся толькі ў працы Ф.). Аўтар прац па філасофіі, багаслоўі, царк. праве. Яго пропаведзі за 860 і 866 маюць каштоўныя звесткі па гісторыі Русі 9 ст.
т. 16, с. 449
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕО́РГІЙ АКРАПАЛІ́Т (Georgios Akropolitēs; 1217, г. Нікея, цяпер г. Ізнік, Турцыя — пасля 1282),
візантыйскі дзярж. дзеяч, гісторык, пісьменнік. З 1246 узначальваў адм. кіраванне Нікейскай імперыі. У 1240—50-я г. ў якасці дарадчыка і намесніка імператара ўдзельнічаў у войнах супраць Балгарыі і Эмірскага царства. Пасля 1261 на пасадах пры канстанцінопальскім двары. На 2-м Ліёнскім саборы 1274 па даручэнні імператара Міхаіла VIII Палеалога падпісаў унію паміж праваслаўнай і каталіцкай цэрквамі (не была ажыццёўлена). Аўтар «Хронікі» (ахоплівае падзеі знешнепаліт. і дыпламат. гісторыі Нікейскай імперыі ў 1203—61), шматлікіх прамоў, пахвальных слоў, лістоў, вершаў, рытарычных і тэалаг. твораў.
Літ.:
Жаворонков П.И. Некоторые аспекты мировоззрения Георгия Акрополита // Византийский временник. 1986. Т. 47;
Удальцова З.В. Византийская культура. М., 1988.
Н.К.Мазоўка.
т. 5, с. 165
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІАА́Н ДАМАСКІ́Н (Iōannēs Damaskēnos; каля 675, г. Дамаск, Сірыя — каля 749),
візантыйскі багаслоў, філосаф, паэт. Відаць, быў набліжаным да халіфа, потым манахам (да 700). Выступаў як вядучы ідэйны праціўнік іканаборства. Завяршальнік і сістэматызатар грэч. патрыстыкі. На аснове арыстоцелеўскай логікі стварыў асновы схаластычнага метаду (гл. Схаластыка), што пазней развіты сярэдневяковымі тэолагамі Захаду. Яго гал. твор «Крыніца ведаў» паўплываў на погляды многіх тэолагаў. У гісторыі л-ры ён вядомы як паэт, аўтар царк. песнапенняў. Яго творы распаўсюджваліся і ва ўсх.-слав. краінах (Грузіі, Стараж. Русі і інш.). Верагодна, аўтар рамана «Варлаам і Іасаф».
Тв.:
Рус. пер. — у кн.: Антология мировой философии;
М., 1969. Т. 1, ч. 2. С. 621—26;
Памятники византийской литературы IV—IX вв. М., 1968. С. 270—280.
В.В.Краснова.
т. 7, с. 136
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)