сямейства сумчатых млекакормячых, 3 падсям., 17 родаў, каля 55 відаў. Пашыраны ў Аўстраліі на а-вах Новая Гвінея, Тасманія, архіпелагу Бісмарка; акліматызаваны ў Новай Зеландыі. Большасць відаў — наземныя, некат. прыстасаваны да жыцця на дрэвах. Актыўныя ў прыцемках. Трымаюцца групамі. 9 відаў у Чырв. кнізе МСАП.
Даўж. цела 25—160 см, хваста 15—110 см, маса 1,4—90 кг. Заднія канечнасці даўжэйшыя і мацнейшыя за пярэднія; хвост моцны, большасць відаў карыстаецца ім як балансірам пры скачках (да 13 м у даўж.) са скорасцю да 50 км/гадз. Расліннаедныя; некат. кормяцца насякомымі і чарвямі. Раз у год нараджаюць 1 (зрэдку 2—3) дзіцяня і выношваюць у вывадкавай сумцы на жываце самкі 6—8 мес. Шэраг відаў — аб’екты промыслу. Гадуюць на фермах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕБЯДЗІ́НЫ,
біялагічны заказнік рэсп. значэння, у прыгараднай зоне Мінска. Створаны ў 1984 для аховы прыбярэжнага фауністычнага комплексу рэдкіх відаў жывёл і птушак. Пл. 51 га.
Тэрыторыя — забалочаны і меліяраваны луг з закінутымі тарфянымі кар’ерамі і хмызнякамі. У цэнтры заказніка вадаём. У арнітафауне каля 60 птушак (44 гнездавальных), у т. л. з Чырв. кнігі Беларусі: лебедзь-шыпун, малыя паганка, чайка, крачка і бугай, уліт вялікі, паручайнік і інш.; 10 відаў млекакормячых, у т. л. выдра, амер. норка, гарнастай і інш. Заказнік служыць для рассялення прыбярэжных відаў птушак па інш. вадаёмах, стварэння спрыяльных умоў для пералётных і інш.відаў птушак. Аб’ект прыродазнаўчых экскурсій.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ЙСКІЯ ПТУ́ШКІ (Paradisaeidae),
сямейства птушак атр. вераб’інападобных. 20 родаў, каля 40 відаў. Пашыраны ў лясах Новай Гвінеі і прылеглых астравоў, ва Усх. і Паўн. Аўстраліі. Аселыя, гняздуюцца пераважна на дрэвах, трымаюцца паасобна. 9 відаў у Чырв. кнізе МСАП.
Разнастайныя паводле знешняга выгляду, памеру 14—100 см. У большасці відаў выразны палавы дымарфізм. Апярэнне яркае, рознакаляровае, з метал. адлівам. Крылы адносна кароткія і шырокія. Хвост кароткі прамы або доўгі ступеньчаты. Дзюба моцная, у некат. доўгая, загнутая. Кормяцца насеннем, пладамі, беспазваночнымі, дробнымі жабамі, яшчаркамі. Большасць відаў — палігамы. Нясуць 1—2 яйцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАКАНІ́ДЫ (Braconidae),
сямейства паразітычных насякомых атр. перапончатакрылых з групы наезнікаў. Больш за 20 тыс.відаў. Пашыраны на ўсіх мацерыках, пераважна ў цёплых і сухіх месцах. На Беларусі каля 20 відаў.
Даўж. 1—25 мм, цела жоўтае або карычнявата-жоўтае, з сцябліністым брушкам, у самкі з яйцакладам. Дарослыя кормяцца пераважна паддзю і нектарам раслін, самкі некаторых відаў — гемалімфай насякомых-гаспадароў. Большасць каштоўныя, некаторыя выкарыстоўваюць у біял. барацьбе са шкоднымі насякомымі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКЕ́ЙДЫЯ (Acadia),
нацыянальны парк у ЗША, на астравах у Атлантычным ак., каля берагоў штата Мэн. Засн. ў 1916 пад назвай Сьёр-дэ-Мон (у 1919—29 наз. Лафеет) для захавання маляўнічага ўзбярэжжа, мяшаных лясоў на а-вах Маўнт-Дэзерт і Хо. Пл. 15,6 тыс.га. У флоры больш за 500 відаў вышэйшых раслін, шмат імхоў і лішайнікаў. У фауне — 50 відаў млекакормячых (у т. л. віргінскі алень), каля 300 відаў птушак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЫЖА́ЛКАВЫЯ (Tremellales),
парадак гетэрабазідыяльных грыбоў. Вядома каля 200 відаў. Пашыраны пераважна ў трапічных і субтрапічных зонах. На Беларусі 10 відаў з родаў дрыжалка, эксідыя, трэмеладон. Сапратрофы. Трапляюцца на ўсёй тэрыторыі на старых пнях, ламаччы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛЖЭКАРАЕ́ДЫ,
капюшоннікі (Bostrychidae), сямейства жукоў падатр. разнаедных. Каля 550 відаў. Сустракаюцца пераважна ў тропіках. На Беларусі каля 30 відаў, найб. пашыраны І. дубовы, або звычайны (Bostrychus capucinus). Жукі і лічынкі жывуць у мёртвых дрэвах, лесаматэрыялах, радзей у насенні злакаў.
Вонкавым выглядам і спосабам жыцця нагадваюць караедаў, адрозніваюцца будовай 4-членікавых лапак. Даўж. 8—14 мм. Цела валікападобнае, цыліндрычнае, іншы раз расшыранае на канцы. У большасці відаў галава ўцягнута ў капюшонападобную бугрыстую спінку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫО́КСКА-ТЭРА́СНЫ ЗАПАВЕ́ДНІК.
На Пд Маскоўскай вобл., у даліне р. Ака, у Расіі. Засн. ў 1945 з мэтай захавання унікальнага прыроднага комплексу на мяжы хвойна-шыракалістых і шыракалістых лясоў. Пл. 4945 га. Тэрасы і тэрасападобныя ўступы. Хваёвыя, бярозавыя і асінавыя лясы. У флоры больш за 800 відаў вышэйшых раслін, у т. л. каля 100 відаў — характэрныя прадстаўнікі стэпавай зоны (вішня стэпавая, цюльпан Біберштэйна, рабчык рускі і інш.). У фауне больш за 50 відаў млекакормячых; звычайныя лось, дзік, ліс, вавёрка, куніца, заяц-бяляк, рэакліматызаваны бабёр і казуля сібірская. У арнітафауне 130 відаў птушак, у т. л. глушэц, рабчык, цецярук, дзятлы чорны і зялёны, няясыць і інш. Гадавальнік зуброў. З 1978 біясферны запаведнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСАКА́ (Carex),
род кветкавых раслін сям.асаковых. Каля 1500 відаў (паводле інш. даных — да 2500). Пашырана на ўсіх кантынентах, акрамя Антарктыды. Большасць відаў трапляецца ў Паўн. паўшар’і, пераважна ва ўмераным і халодным паясах. На Беларусі 68 відаў. Большасць з іх расце ў лясных (каля 18 відаў), балотных і прыбярэжна-водных (43 віды) фітацэнозах, некаторыя — дамінанты ў раслінных згуртаваннях: асака вострая (Carex acuta), вастраватая (Carex acutiformis), дрыжнікавая (Carex brizoides), валасістая (Carex pilosa), бутэлечная (Carex rostrata), пузыраватая (Carex vesicaria) і інш. Каля дарог трапляюцца асака касматая (Carex hirta), заечая (Carex leporina), суседняя (Carex contigua) і чорная (Carex nigra).
Шматгадовыя травяністыя адна-, радзей двухдомныя расліны з падоўжанымі ці ўкарочанымі карэнішчамі, утвараюць рыхлыя або шчыльныя дзернавіны і купіны. Сцябло суцэльнае, трохграннае, зрэдку амаль цыліндрычнае з вузламі каля асновы, часцей бязлістае. Лісце лінейнае з вострашурпатымі краямі, ніжняе лускападобнае, рознай афарбоўкі. Кветкі аднаполыя, дробныя, адзінкавыя ці ў коласападобных суквеццях. Плод — арэшкападобны, трохгранны або пукаты, у мяшочку рознай формы (важная сістэматычная прыкмета). Асака — асноўны торфаўтваральнік на нізінных і пераходных балотах. Большасць яе відаў кармавыя расліны, некаторыя — лек., дэкар., тэхнічныя. 11 відаў асакі занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУСЕПАДО́БНЫЯ, пласціністадзюбыя (Anserformes),
атрад вадаплаўных птушак. 2 сям.: паламедэі (Anhimidae, 2 роды, 3 віды; жывуць у Паўд. Амерыцы па ўзбярэжжах мелкаводных вадаёмаў) і качыныя (43 роды, 147 відаў, пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды). У сям. качыных 3 падсям.: паўлапчатыя гусі, гусіныя (лебедзі, казаркі, гусі, дрэвавыя качкі) і качыныя (крахалі, пяганкі, качкі). У Чырв. кнізе МСАП 15 відаў гусепадобных. На Беларусі 30 відаў з сям. качыных, з іх 14 відаў гняздуюцца, 11 пралётных, 5 выпадкова залётных. У Чырв. кнігу занесена 8 відаў: белавокі нырэц, свіязь, шылахвостка, вялікі і даўгадзюбы крахалі, звычайны гогаль (гл.Гогаль), лебедзь-шыпун, чырвонаваллёвая казарка.
Даўж. цела гусепадобных 38—180 см, маса ад 300 г (чырок-траскунок) да 13 і больш кг (лебедзь-шыпун). Цела ўкрыта густым пухам і пер’ем і змазваецца сакрэтам копчыкавай залозы. Афарбоўка разнастайная, розная ў самцоў і самак. Шыя доўгая, ногі кароткія, з плавальнай перапонкай. Дзюба падоўжаная, плоская. Большасць відаў — манагамы. Гняздуюцца парамі. Гнёзды каля вады на беразе або на вадзе сярод расліннасці, зрэдку ў дуплах дрэў і інш. Нясуць 2—15 яец. Вывадкавыя птушкі. Корм раслінны і жывёльны. Многія — аб’екты палявання, птушкагадоўлі. Гл. таксама Гусі свойскія.