МІДА́С (Midas),

цар Фрыгіі (736—696 да н.э.]. Удзельнічаў у кааліцыі супраць цара Асірыі Саргана II, але ў 707 да н.э. прызнаў яго ўладу. З яго імем звязаны шматлікія стараж.-грэч. міфы. Паводле аднаго з іх, Дыяніс надаў М. здольнасць ператвараць у золата ўсё, да чаго ён дакранаўся, паводле другога — самаўпэўнены невук М. прысудзіў перамогу Пану ў яго муз. спаборніцтве з Апалонам. У пакаранне за гэта Апалон надзяліў М. аслінымі вушамі, якія той дарэмна хаваў пад шапкай. Ад гэтага міфа пайшлі выразы «мідасаў суд» — суд невука і «вушы Мідаса» — невуцтва, якое не схаваеш.

т. 10, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЯЛЕКТЫ́ЗМ,

слова ці выраз з мясц. гаворак, якія выкарыстоўваюцца ў літ. мове як адзін са сродкаў стылістычнай выразнасці. Асн. сфера іх ужывання — гутарковая мова і мова маст. л-ры. Вылучаюць Д.: лексічныя (уласналексічныя і этнаграфічныя), якія служаць мясц. назвай агульнавядомых або мясц. прадметаў і з’яў; семантычныя (адрозніваюцца мясц. значэннем); фразеалагічныя (мясц. выразы ўстойлівага характару); фанетычныя (адлюстроўваюць гукавыя асаблівасці мясц. гаворак); словаўтваральныя (вызначаюцца словаўтваральнымі сродкамі мясц. гаворак); граматычныя (маюць мясц. марфалагічную або сінтакс. структуру). Найб. апраўданыя Д. ў мове персанажаў твора, аднак ад празмернага ўжывання Д. мова маст. твора засмечваецца, становіцца малазразумелай, стылістычна невыразнай.

Літ.:

Абабурка М.В. Стылістычна абмежаваныя словы ў мове беларускай мастацкай літаратуры. Мн., 1981.

Л.​І.​Бурак.

т. 6, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛЯ ТЭО́РЫЯ ў матэматыцы,

раздзел алгебры, што вывучае матэм. палі (гл. Пале ў матэматыцы).

У матэматычнай фізіцы П.т. вывучае адлюстраванні мностваў каардынат прасторы і часу на адпаведныя мноствы функцый. Пры гэтым кожнаму пункту прасторы ў зададзены момант часу ставяцца ў адпаведнасць адна ці некалькі функцый — адна- ці многакампанентныя функцыі поля. Змены ў прасторы і часе функцый поля апісваюцца дыферэнцыяльнымі ўраўненнямі — ураўненнямі поля, рашэнні якіх вызначаюць выразы функцый поля. П.т. павінна задавальняць патрабаванні інварыянтнасці адносна пераўтварэнняў універсальнай сіметрыі прасторы і часу, што забяспечваецца за кошт выкарыстання функцый з пэўнымі трансфармацыйнымі ўласцівасцямі пры пераходзе ад адной інерцыяльнай сістэмы адліку да другой. У адпаведнасці з гэтым вызначаюцца скалярныя (1-кампанентныя), вектарныя (3- і 4-кампанентныя), тэнзарныя і інш. палі. З дапамогай аперацыі дыферэнцавання ўводзяцца матэм. характарыстыкі палёў — градыент (для скалярнага поля), дывергенцыя і ротар (для вектарнага поля).

А.А.Богуш.

т. 12, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫЛА́ТЫЯ СЛО́ВЫ,

устойлівыя, афарыстычныя, звычайна вобразныя словы, цытаты, выразы, якія атрымалі вял. пашырэнне ў жывой мове. Кніжнае паходжанне К.с. — іх істотнае адрозненне ад прыказак і прымавак. Крыніцы К.с. — ант. і біблейскія міфы («Дамоклаў меч»), маст. і навуковая л-ра («Мне сняцца сны аб Беларусі» — Я.​Купала, «А ўсё-такі яна круціцца» — Г.​Галілей), выказванні грамадскіх і паліт. дзеячаў («Прыйшоў, убачыў, перамог» — Ю.​Цэзар). Пераасэнсаваныя К.с. становяцца фразеалагізмамі і даследуюцца фразеалогіяй. У бел. мове, акрамя ўласных К.с., ёсць запазычанні з інш. моў: «Дражніць гусей» (І.​Крылоў), «Быць ці не быць» (У.​Шэкспір) і інш. Крылатымі сталі і асобныя словы, якія набылі метафарычнае значэнне (пераважна імёны міфал. і літ. персанажаў): Геркулес, Гамлет, Гарлахвацкі.

Тэрмін «К.с.» ў лінгвістыцы замацаваўся пасля выхаду з друку аднайменнай кнігі ням. філолага Г.​Бюхмана (1864), у якой сабраны гэтыя моўныя адзінкі з ням. мовы. Уласна бел. К.с. ўпершыню пададзены ў слоўніку Ф.​Янкоўскага «Крылатыя словы і афарызмы» (1960).

Літ.:

Бабкин А.М. Русская фразеология, ее развитие и источники. Л., 1970;

Малажай Г.М. Беларуская перыфраза. Мн., 1974;

Ашукин Н.С., Ашукина М.Г. Крылатые слова. М., 1986.

т. 8, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛЯ ТЭО́РЫЯ ў фізіцы,

раздзел тэарэт. фізікі, які вывучае палі фізічныя. Функцыі поля выкарыстоўваюцца для апісання ўласцівасцей і паводзін неперарыўных фіз. сістэм. Ураўненні фіз. поля вызначаюць асн. закон руху (закон змены станаў) фіз. сістэмы. Рашэнні гэтых ураўненняў — функцыі фіз. поля — апісваюць магчымыя станы сістэмы.

Квантава-рэлятывісцкая П.т. грунтуецца на аб’яднанні спец. адноснасці тэорыі і квантавай механікі і складае аснову тэорыі элементарных часціц і іх узаемадзеянняў. Падзяляецца на класічную тэорыю поля (першасна квантаваную) і квантавую тэорыю поля (другасна квантаваную). Кожнаму тыпу элементарных часціц (як першасных крыніц і як пераносчыкаў фундаментальных узаемадзеянняў) ставіцца ў адпаведнасць класічнае або квантавае поле. Функцыі класічнай П.т. апісваюць 1 элементарную часціцу ў квантавамех. сэнсе, функцыі квантавай П.т. становяцца аператарамі і выкарыстоўваюцца для апісання сістэм з пераменнай колькасцю часціц (квантаў дадзенага поля). Класіфікацыя і ідэнтыфікацыя элементарных часціц у межах класічнай П.т. ажыццяўляецца на аснове ўліку трансфармацыйных уласцівасцей функцый поля адносна пераўтварэнняў прасторава-часавай і інш. тыпаў сіметрыі. На падставе Нётэр тэарэмы ўстанаўліваюцца універсальныя і спецыфічныя захавання законы і вызначаюцца выразы (у тэрмінах функцый фіз. поля) для велічынь, якія захоўваюцца і вымяраюцца эксперыментальна. У калібровачнай палявой тэорыі фундаментальных узаемадзеянняў пераход ад лінейных ураўненняў свабодных палёў да нелінейных ураўненняў узаемадзейных палёў (элементарных часціц) ажыццяўляецца на аснове калібровачнай інварыянтнасці П.т. адносна лакальных пераўтварэнняў дынамічнай сіметрыі кожнага тыпу ўзаемадзеянняў. У выніку атрымліваюцца калібровачныя палі, адказныя за адпаведныя ўзаемадзеянні. Кванты такіх палёў (фатон, слабыя базоны, глюоны) выконваюць функцыі першасных пераносчыкаў эл.-магн., слабага (электраслабага) і моцнага ўзаемадзеянняў адпаведна, першаснымі крыніцамі якіх з’яўляюцца лептоны, кваркі і іх антычасціцы.

На Беларусі даследаванні па П.т. пачаліся ў 1940—50-я г. пад кіраўніцтвам Ф.Л.Фёдарава; праводзяцца ў Ін-це фізікі Нац. АН, БДУ, Гомельскім дзярж. ун-це і інш.

Літ.:

Боголюбов Н.Н., Ширков Д.В. Введение в теорию квантованных полей. М., 1957;

Богуш А.А., Мороз Л.Г. Введение в теорию классических полей. Мн., 1968;

Богуш А.А. Введение в калибровочную полевую теорию электрослабых взаимодействий. Мн., 1987.

А.А.Богуш.

т. 12, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ЦЬКАЎШЧЫНА, Айчына, Радзіма,

1) гіст.-культуралагічнае і філасафічнае паняцце, якое азначае пэўную этнакультурную супольнасць, адносіны чалавека да яе, патрыятызм; сінонімы — родная краіна, родная зямля. У гісторыі бел. грамадскай думкі і л-ры прайшло шматвяковую эвалюцыю, зместам і формай адпаведную канкрэтна-гіст. умовам. У стараж. пісьмовых крыніцах паняцце Бацькаўшчына перадавалася выразамі «зямля», «руская зямля», «атчына», «атчызна», радзей — «материзна». Па меры фарміравання цэнтралізаванай дзяржавы, узмацнення этнакансалідацыйных працэсаў пашыраўся і паглыбляўся змест паняцця «айчына» як увасаблення агульнадзярж., агульнаграмадскіх інтарэсаў: «отчызна наша Великое князство Литовское» (Устаўная грамата вял. князя Аляксандра 1501); ужываліся і сінанімічныя выразы: «панство», «гаспадарства», «княства». У афіц. практыцы феад. грамадства ідэя Бацькаўшчыны найчасцей атаясамлівалася з ідэяй дзяржавы, народа ў іх саслоўна-прывілеяваным разуменні.

З актывізацыяй гуманіст. думкі на Беларусі ў эпоху Адраджэння пашырылася і дэмакр. канцэпцыя паняцця Бацькаўшчына, заснаваная на прынцыпах раўнапраўя людзей розных сац. станаў, нац. і канфесійнай прыналежнасці, на ідэі самаахвярнага служэння чалавека сваёй Радзіме. У творчасці Ф.Скарыны вылучаецца ідэя справядліва арганізаванага грамадства на аснове гарманічнасці асабістых і супольных інтарэсаў, усебаковага сац., культ.-духоўнага развіцця народа, адданасці ўсіх і кожнага роднай зямлі. Скарынаўская патрыят. традыцыя знайшла працяг у творчасці і грамадскай дзейнасці С.​Буднага, В.​Цяпінскага, Ф.​Кміты-Чарнабыльскага, Л.​Сапегі, Ф.​Еўлашоўскага, Я.​Цадроўскага, аўтараў Хронікі Быхаўца, Баркулабаўскага летапісу, «Прамовы Мялешкі», Магілёўскай хронікі і інш.

Паняцце Бацькаўшчыны паглыблена і ўзбагачана ў канцы 18 — пач. 20 ст., у эпоху нац. кансалідацыі, змагання за вызваленне бел. народа з-пад каланіяльнага ўціску (гл. ў арт. Беларускі нацыянальна-вызваленчы рух). У новай бел. л-ры («Песня беларускіх жаўнераў», творы В.Дуніна-Марцінкевіча, А.Вярыгі-Дарэўскага, К.Каліноўскага, нарадавольцаў групы «Гоман», Ф.Багушэвіча, А.Абуховіча, К.Каганца, пісьменнікаў-нашаніўцаў) выказаны адвечныя патрыят. імкненні, абуджэнне гіст., нац. свядомасці бел. народа, замілаванне сваёй Бацькаўшчынай, рашучасць бараніць яе. Рознабаковы, цэласны змест паняцце Бацькаўшчына, з улікам гал. кампанентаў (геагр.-тэр. абшар, народ, дзяржава, паліт. і эканам. лад, культура, мова, гіст. спадчына), набыло пасля рэвалюцыі 1905—07. Пад сцягам адраджэння Бацькаўшчыны-Беларусі кансалідаваліся літ., культ.-асветныя, парт., сац.-рэв. аб’яднанні, плыні, рухі, што праявілася ў дзейнасці Беларускай сацыялістычнай грамады, газ. «Наша доля»; «Наша ніва», бел. выдавецкіх суполак, Усебеларускага з’езда 1917 і інш. Барацьба за нац. адраджэнне Бацькаўшчыны ўкаранавана абвяшчэннем Беларускай Народнай Рэспублікі, затым Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Паняцце Бацькаўшчыны як спрадвечнага абшару ў этнічных, дзярж. межах бел. народа, як свабоднага дэмакр. грамадства, уладкаванага паводле сац.-паліт. і нац. раўнапраўя, бесперашкоднага духоўнага развіцця, прыязнасці з суседнімі і ўсімі інш. народамі свету, грамадства, гарантаванага ў сваіх правах і жыццёвых інтарэсах уласнай незалежнай дзяржавай, стала кансалідуючай ідэяй бел. адраджэнскага руху (гл. ў арт. Адраджэнне нацыянальнае). Яна знайшла сваё адлюстраванне ў творах А. і І.​Луцкевічаў, А.​М.​Уласава, В.​Ю.​Ластоўскага, Я.​Коласа, М.​Багдановіча, Цёткі, З.​Бядулі, А.​Гаруна, Л.​Гмырака, М.​Гарэцкага, Я.​Лёсіка, І.​Канчэўскага, асабліва Я.​Купалы. У купалаўскай публіцыстыцы далей развіты скарынаўскі ідэал Бацькаўшчыны — справядлівай маці ўсіх людзей краіны, незалежна ад іх нацыянальнасці, веравызнання, што пры нац. і канфесіянальнай неаднароднасці бел. грамадства мела і мае прынцыповае значэнне. Ідэя Бацькаўшчыны адыграла ролю ў змаганні народа супраць падзелу бел. зямлі паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921, за ўз’яднанне падзеленых частак краіны ў адзінай бел. дзяржаве, супраць ням.-фаш. захопнікаў у гады 2-й сусв. вайны, служыла і служыць незаменным духоўным стымулам у процідзеянні нацыянальна свядомых сіл грамадства асіміляцыі бел. народа з боку парт.-наменклатурнай дыктатуры. З канца 1980-х г. дзеля новага адраджэння Бацькаўшчыны-Беларусі, адбудовы яе паліт.-дзярж. незалежнасці і суверэнітэту, пераадолення сац.-эканам. крызісу, заняпаду бел. мовы, нац. культуры гуртуюцца патрыят. сілы бел. этнасу, уключна з бел. эміграцыяй. Нац.-адраджэнскай ідэяй прасякнуты Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Рэспублікі Беларусь (27.7.1990), Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь (1994), праграмныя дакументы бел. дэмакр. партый і арг-цый.

2) Родны куток, месца, дзе нарадзіўся і вырас хто-небудзь.

3) Набытак бацькоў, спадчынная маёмасць.

А.​К.​Каўка.

т. 2, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОВАЗНА́ЎСТВА, лінгвістыка,

навука пра сутнасць, будову, функцыянаванне і эвалюцыю моў. Універсальныя ўласцівасці мовы, як найважнейшага сродку зносін паміж людзьмі, як увасабленне свядомасці, спосаб фіксацыі пазнання, як знакавую сістэму асаблівага роду, а таксама агульныя рысы ўсіх моў або іх груп у плане будовы (структуры), функцыянавання і развіцця, вывучае агульнае мовазнаўства. Асобныя мовы (напр., беларускую мову, старажытнагрэчаскую мову і інш.) даследуе прыватнае М., а групы моў (напр., славянскія мовы, індаеўрапейскія мовы, угра-фінскія мовы і інш.), іх структуру, развіццё вывучае супастаўляльнае і тыпалагічнае М. Паводле характару вынікаў даследавання мовы адрозніваюць тэарэт. і прыкладное М. Вывучэнне моў грунтуецца на 2 падыходах: сінхранічным (гл. Сінхранія), які шырока выкарыстоўваецца для адэкватных апісанняў канкрэтных моў у пэўны перыяд іх функцыянавання, і дыяхранічным (гл. Дыяхранія), які ўжываецца для апісання змен і развіцця мовы, яе адзінак, катэгорый. Функцыянаванне і эвалюцыю мовы ў грамадстве, сувязі мовы з інш. сац. з’явамі, утварэннямі (напр., нацыяй, дзяржавай, культурай, адукацыяй, л-рай, музыкай і г.д.), суадносіны мовы з псіхічным жыццём чалавека даследуе знешняя лінгвістыка. Структуру мовы, яе адзінак, катэгорый, а таксама іх функцыі ў сінхраніі і дыяхраніі вывучае ўнутр. лінгвістыка. Структурная лінгвістыка асаблівую ўвагу надае аналізу мовы як сістэмы, што ўяўляе сабой сукупнасць узаемазвязаных элементаў, адзінак, узроўняў мовы. У межах камп’ютэрнай лінгвістыкі ажыццяўляецца аўтам. апрацоўка тэкстаў каб атрымаць дакладныя звесткі аб іх структуры, адзінках і выкарыстаць атрыманыя дадзеныя для тэарэт. і практычных патрэб (машынны пераклад, аўтам. рэферыраванне тэкстаў, складанне канкардансаў, слоўнікаў і інш.). Матэматычная лінгвістыка распрацоўвае фармальны апарат для апісання будовы натуральных і штучных моў, іх мадэлявання. Стат. лінгвістыка выкарыстоўвае матэм. апарат для вывучэння імавернасных і градуальных з’яў у мове для іх разнастайных падлікаў, вымярэнняў, каб атрымаць больш глыбокія веды пра якасныя ўласцівасці мовы. Параўнальна-гістарычнае мовазнаўства шляхам супастаўлення моў у розныя перыяды іх функцыянавання ўстанаўлівае ступень роднаснасці моў, іх мінулы стан, узнаўляе прамову і яе адзінкі. Тыпалагічнае М. (гл. Тыпалогія лінгвістычная) вывучае еднасныя структурныя рысы розных моў паводле фанетычнага складу, граматычнай будовы, асаблівасцей слоўнікаў, грамадскіх функцый і інш. Супастаўляльнае мовазнаўства даследуе адметнасці канкрэтнай мовы ў параўнанні з інш. мовамі, што дазваляе выявіць некаторыя яе спецыфічныя рысы, важныя пры перакладах, а таксама пры вывучэнні і выкладанні моў і інш. Псіхалінгвістыка аналізуе працэсы спараджэння і ўспрымання маўлення, звязаныя з унутр. станам, псіхікай чалавека, на аснове спец. эксперыментаў з носьбітамі мовы. Сацыялінгвістыка вывучае адносіны паміж грамадствам і мовай, асаблівасці маўлення пэўных груп насельніцтва, двухмоўе як грамадскую з’яву, магчымасці свядомага ўплыву грамадства на мову, праблемы міжнац. зносін, моўных кантактаў і інш. Этналінгвістыка вывучае адлюстраванне ў мовах адметных уласцівасцей розных этн. груп, рытуальнае выкарыстанне мовы і інш. Дыялекталогія і лінгвістычная геаграфія даследуюць асобныя рэгіянальныя гаворкі. варыянтнасць мовы ў прасторы, распрацоўваюць прынцыпы картаграфавання моўных з’яў у лінгвістычных атласах і інш. Адпаведна з вывучэннем асобных адзінак мовы вылучаюцца дысцыпліны ўнутр. лінгвістыкі: фанетыка (гукі маўлення), фаналогія (гукі мовы, што выконваюць сэнсаадрознівальную функцыю), акцэнталогія (націск), арфаэпія (правілы вымаўлення ў літ. мове), арфаграфія (правілы правапісу), марфаналогія (чаргаванне гукаў і асаблівасці іх ужывання на межах марфем), марфалогія (словазмяненне і часціны мовы), сінтаксіс (словазлучэнні, сказы), лексікалогія (словы і іх групоўкі), дэрываталогія (утварэнне слоў), лексікаграфія (тыпы і структура слоўнікаў), семасіялогія (семантыка значымых адзінак мовы), фразеалогія (устойлівыя словазлучэнні), этымалогія (паходжанне і гісторыя асобных слоў), анамастыка (уласныя назвы), стылістыка (функцыян. дыферэнцыяцыя мовы і яе адзінак паводле сферы ўжывання) і інш. М. цесна звязана з літаратуразнаўствам, гісторыяй, логікай, філасофіяй, сацыялогіяй, этнаграфіяй, псіхалогіяй, семіётыкай, геаграфіяй, кібернетыкай, матэматыкай і інш. навукамі.

М. ўзнікае ў сувязі з вынаходніцтвам, станаўленнем і развіццём пісьма і з патрэб вывучэння няродных моў. Ужо ў 3-м тыс. да н.э. ў стараж. Эбле (Паўн. Сірыя) ствараліся спісы слоў з мэтай навучання грамаце. У 5 ст. да н.э. ў Індыі Паніні распрацаваў першую ў свеце падрабязную граматыку стараж.-інд. сакральнай мовы санскрыту. У стараж. Грэцыі ў 6—4 ст. да н.э. Геракліт, Платон, Сакрат і інш. абмяркоўвалі філас. праблемы паходжання і сутнасці мовы. У сваіх творах «Паэтыка» і «Рыторыка» Арыстоцель вызначыў найперш лагічныя падыходы да аналізу мовы, якія пазней былі выкарыстаны пры апісанні мовы ў вучэнні стоікаў, Ф.​Бэкана, а таксама ў сучасных працах Н.​Хомскага і інш. У 2 ст. да н.э. т.зв. Александрыйскай школай распрацаваны многія паняцці фанетыкі і граматыкі стараж.-грэч. мовы. У 1 ст. да н.э. грэч. лінгвістычныя традыцыі пераняты рымскім М., у нетрах якога створаны граматыкі Варона, Даната і Прысцыяна. Вызначаныя ў гэтых працах адзінкі і катэгорыі мовы паслужылі асновай для стварэння граматык многіх еўрап. моў. У Кітаі ў 3—2 ст. да н.э. былі падрыхтаваны слоўнікі састарэлых і дыялектных слоў, завершаны слоўнік «Шо вэнь» («Тлумачэнне пісьмёнаў»). У 2-й пал. 1-га тыс. н.э. распрацоўваліся граматычныя апісанні на матэрыяле семіцкіх моў у араб. і яўр. лінгвістычных працах. У 1072—83 Махмуд Кашгарскі ў сваім «Слоўніку цюркскіх моў» апісаў фанетыку, граматыку цюркскіх моў, даў звесткі пра гісторыю, этнаграфію, геаграфію, паэзію, фальклор цюркаў і зрабіў класіфікацыю гэтых моў. І.​Ю.​Скалігер у 1599 вызначыў 4 асн. групы еўрап. моў (лац., грэч., слав. і герм.). У сярэднія вякі ў Еўропе паступова ўдасканальваліся граматыкі, рыторыкі, паляпшаліся слоўнікі. У 14—16 ст. ва ўсх. славян з’явіліся пераклады і кампіляцыі грэч. і лац. граматык. У 1664 франц. тэолагі А.​Арно і К.​Лансло выдалі «Агульную і рацыянальную граматыку», якая працягвала лагічныя традыцыі Арыстоцеля і паўплывала на далейшае развіццё граматычнай навукі. У 18 ст. ням. філосаф Г.​Лейбіц на аснове прыродазнаўчых навук распрацоўваў аб’ектыўныя падыходы да вывучэння і развіцця моў, звярнуў увагу на супастаўленне розных моў і інш. знакавых сістэм. У сярэдзіне 18 ст. М.​В.​Ламаносаў напісаў першую навук. граматыку рус. мовы, хоць яго працы папярэднічала стварэнне больш за 10 граматычных трактатаў па рус. мове, напісаных пераважна на замежных мовах. У сувязі са станаўленнем гіст. лінгвістыкі ў 19 ст. М. вылучылася ў самаст. навук. дысцыпліну. З’явілася ідэя пра заканамерны характар гукавых адпаведнасцей у роднасных мовах як аснова параўнальна-гіст. метаду ў М. (Ф.​Боп, А.​Х.​Вастокаў, Я.​Грым, І.​Добраўскі, Р.​К.​Раск і інш.). Ствараліся працы па тэарэт. асэнсаванні сутнасці, функцыянавання, развіцця моў, іх класіфікацыі на падмурку граматычных прыкмет (В.​Гумбальт), выдадзены вял. слоўнікі еўрап. моў, у т. л. бел. (Вастокаў, Н.​Уэбстэр, браты Я. і В.​Грым, У.​І.​Даль, С.​Б.​Ліндэ, І.​І.​Насовіч і інш), параўнальна-гіст. граматыкі моў (К.​Бругман, Ф.​Міклашыч, А.​Шляйхер і інш.). У 2-й пал. 19 ст. сфарміраваўся псіхал. кірунак у М. (А.​А.​Патабня, Г.​Штайнталь і інш), дзе адзінства моў тлумачылася адзінствам чалавечага мыслення і падкрэслівалася роля псіхічных працэсаў у развіцці мовы; узніклі лінгвістычныя школы: натуралізм (Шляйхер і інш.), эстэтызм (К.​Фослер і інш.), «Словы і рэчы» (Р.​Мерынгер, Г.​Шухарт і інш.), лінгвагеаграфія (Г.​Венкер, Ж.​Жыльерон і інш), младаграматызм (Бругман, Б.​Дэльбрук, А.​Лескін, Г.​Остгаф, Г.​Пауль і інш.). У 20 ст. пашырыліся ідэі пра сац. абумоўленасць моўных з’яў (Ш.​Балі, Ж.​Вандрыес, Я.​Дз.​Паліванаў, А.​Сешэ і інш.), вядзецца пошук больш аб’ектыўных спосабаў вывучэння моўных з’яў праз іх фармальнае апісанне (П.​Ф.​Фартунатаў і інш.). У міжваенны перыяд у Еўропе і ЗША сфарміравалася магутная лінгвістычная школа — структуралізм (Л.​Ельмслеў, В.​Матэзіус, Э.​Сепір, Ф. дэ Сасюр, М.​С.​Трубяцкой, Р.​В.​Якабсон і інш.), які ў пасляваен. час пашырыўся і спрыяў станаўленню кібернетычнай, а таксама прыкладной і матэм. лінгвістыкі (Ю.​Д.​Алрэсян, В.​У.​Мартынаў, І.​А.​Мяльчук, Р.​Г.​Піятроўскі і інш.) і лінгвасеміётыкі (Р.​Барт, К.​Леві-Строс, Ч.​Морыс, дэ Сасюр, Ю.​С.​Сцяпанаў і інш.). У сувязі з вывучэннем новых моў, што не мелі сваёй пісьменнасці, усталявалася школа структуралізму — дэскрыптыўная лінгвістыка (Ф.​Боас, Л.​Блумфілд, З.​Харыс і інш.). У параўнальна-гіст. і апісальным М. пашырыліся ідэі падыходу да моўных з’яў з пазіцый іх сістэмнай арганізацыі, што вядзе сваю традыцыю ад вучэння І.​А.​Бадуэна дэ Куртэнэ аб мове (В.​У.​Іванаў, В.​М.​Сонцаў, У.​М.​Тапароў і інш.). У 1980—90-я г. ўсталёўваюцца функцыянальная лінгвістыка, лінгвістыка тэксту, кагнітыўная лінгвістыка і інш., дзе асаблівая ўвага аддаецца зместу моўнай інфармацыі, спосабам яго перадачы і ўспрымання.

У стараж. Беларусі перапісваліся старажытнаслав. лінгвістычныя трактаты (напр., «О письменах» Чарнарызца Храбра, 9—10 ст., бел. копіі 16—17 ст.). У 16—17 ст. створаны рукапісны «Лексис съ толкованіем словенских мов просто» (канец 16 ст.), друкаваныя працы «Лексис, сирчь речен і ...» Л.​Зізанія (1596, Вільня), «Лексиконъ славеноросскій...» П.​Бярынды (1627, Кіеў; 2-е выд. 1653, Куцейна, пад рэд. І.​Труцэвіча), дзе тлумачыліся лексіка і выразы царк.слав. помнікаў. Выдаваліся таксама азбукі, буквары, граматыкі: «Буквар» І.​Фёдарава (1574, Львоў), ананімная «Кграматыка словеньска языка...» (1586, Вільня), «Грамматіка Словенска...» Л.​Зізанія і яго ж «Лексис», дзе тлумачыцца 1061 стараслав. слова з дапамогай больш як 2 тыс. старабел. слоў (абедзве кнігі 1596, Вільня), «Грамматики Словенския правилная синтагма» М.​Сматрыцкага (1619, Еўе), «Буквар» (1631, Куцейна) і «Буквар языка славенска» (1636, Буйнічы) С.​Собаля і інш. У гэтых працах апісвалася царк.слав. мова, якая ўжывалася ў сферах культу і навукі; бел. («простая») мова выкарыстоўвалася толькі як матэрыял для «вырозуменья» царк.-слав. мовы. Першая граматыка «простой» мовы («Граматыка словенская») напісана на лац. мове ў 1643 студэнтам Сарбоны І.​Ужэвічам (захоўвалася ў рукапісах, выд. ў 1970 у Кіеве, у 1996 у Мінску). У 1-й чвэрці 19 ст. пачалося навук. вывучэнне бел. мовы, што было звязана з павышанай цікавасцю грамадскасці да этнаграфіі, вусна-паэт. творчасці бел. народа. Найб. раннія пісьмовыя звесткі пра сучасную бел. мову (у працах А.​К.​Кіркора, Я.​Чачота, П.​М.​Шпілеўскага і інш.) падаваліся ў плане агульнага азнаямлення з бел. этнаграфіяй і фальклорам. Бел. мове прысвячаліся і спец. працы (напр., артыкул К.​Ф.​Калайдовіча «Пра беларускую гаворку», 1822). Грунтоўнае вывучэнне бел. мовы пачалося з сярэдзіны 19 ст. Этнографы і фалькларысты П.​А.​Бяссонаў, У.​М.​Дабравольскі, М.​В.​Доўнар-Запольскі, Я.​Карловіч, М.​Я.​Нікіфароўскі, Е.​Р.​Раманаў, А.​К.​Сержпутоўскі, М.​Федароўскі, П.​В.​Шэйн, М.​А.​Янчук і інш. сабралі і апублікавалі багаты матэрыял пра асаблівасці бел. гаворак. У гэты ж час створаны слоўнікі нар. лексікі і фразеалогіі, найб. буйныя з іх «Збор слоў літоўска-рускай (беларускай мовы)» Ф.​С.​Шымкевіча (1840, выд. 1995), «Слоўнік беларускай мовы» І.​Насовіча (1870). Факты бел. мовы выкарыстоўвалі ў сваіх працах рус. і польскія лінгвісты (К.​Ю.​Апель, Ф.​І.​Буслаеў, М.​М.​Дурнаво, М.​А.​Коласаў, Ліндэ, Патабня, А.​І.​Сабалеўскі, І.​І.​Сразнеўскі, Шахматаў і інш.). Пасля выдання помнікаў бел. пісьменнасці разгарнулася даследаванне іх мовы (летапісаў — Шахматавым, твораў Ф.​Скарыны — П.​У.​Уладзіміравым, перакладных рыцарскіх аповесцей — А.​Брукнерам, інтэрмедый — У.​М.​Перацам). Надрукаваны працы па гіст. граматыцы бел. мовы («Гістарычны агляд важнейшых гукавых і марфалагічных асаблівасцей беларускіх гаворак» І.​А.​Нядзёшава, 1884, і інш.). Але многія рус і польск. вучоныя трактавалі бел. мову як дыялект велікарус. або польск. мовы, адмаўлялі яе права на ўжыванне ў грамадска-культ. сферах жыцця беларусаў, вызначалі месца яе выкарыстання толькі ў быт. сферы. Выключных поспехаў у вывучэнні бел. мовы, яе гісторыі, помнікаў бел. пісьменнасці дасягнуў заснавальнік бел. філалогіі Я.​Ф.​Карскі — аўтар шматлікіх прац па беларусістыцы, у т. л. манаграфіі «Беларусы» (кн. 1—7, 1903—22). Тры яе кнігі ён прысвяціў характарыстыцы фанетычнай сістэмы, словаўтварэння, граматычнага ладу бел. мовы ў яе гіст. развіцці. У пач. 20 ст. з пашырэннем літ. творчасці і кнігавыдання на бел. мове ўзнікла неабходнасць вызначыць характэрныя рысы бел. мовы і замацаваць іх у якасці літ. норм, што ўпершыню зроблена ў «Беларускай граматыцы для школ» Б.​А.​Тарашкевіча (1918). У 1920-я г. створаны Інбелкульт, які паслужыў базай для арганізацыі АН Беларусі, што ўключала ў свой склад Ін-т мовы, л-ры і мастацтва. У гэты ж час адкрыты БДУ і шэраг пед. ін-таў, дзе рыхтаваліся лінгвістычныя кадры і вяліся даследаванні ў галіне бел. М. Гэтаму спрыяла і правядзенне ў БССР беларусізацыі. У 1926 адбылася акад. канферэнцыя па рэформе бел. правапісу і азбукі, скіраваная на збліжэнне з правіламі рус. мовы. У выніку збору і сістэматызацыі бел. лексікі створаны 24 тэрміналагічныя зборнікі, апублікаваны «Расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік» В.​Ластоўскага (1924), «Беларуска-расійскі слоўнік» (1925) і «Расійска-беларускі слоўнік» (1928) М.​Я.​Байкова і С.​М.​Некрашэвіча. Выдаваліся і дыялектныя («краёвыя») слоўнікі: «Віцебскі краёвы слоўнік» М.​І.​Каспяровіча (1927), «Краёвы слоўнік Чэрвеншчыны» М.​В.​Шатэрніка (1929). Абагульняльную працу пра гаворкі цэнтр. і ўсх. Беларусі «Спроба лінгвістычнай геаграфіі Беларусі» ў 1928 апублікаваў П.​А.​Бузук. Дыялектны матэрыял, назапашаны Ін-там мовы, л-ры і мастацтва АН Беларусі, загінуў у Вял. Айч. вайну. Некаторыя даваен. запісы пазней выкарыстаны ў выданнях «Гаворкі на тэрыторыі Смаленшчыны» (1960), «Краёвы слоўнік Усходняй Магілёўшчыны» І.​К.​Бялькевіча (1970), «Слоўнік народных гаворак Заходняй Браншчыны» П.​А.​Растаргуева (1973). Гісторыю бел. мовы вывучалі Бузук, І.​В.​Воўк-Левановіч, М.​І.​Карнеева-Петрулан, Карскі, Растаргуеў і інш., фанетыку — Я.​Лёсік, Воўк-Левановіч і інш. Выйшлі працы па гіст. сінтаксісе «Выражэнне галоўных членаў сказа ў беларускай мове» (1940) і «Даследаванні ў галіне гісторыі беларускага сінтаксісу» (1941) Ц.​П.​Ломцева, аўтара і рэдактара выдадзенай раней акад. працы «Беларуская граматыка. Фанетыка і правапіс» (1935). Ін-т мовы, л-ры і мастацтва АН Беларусі выдаў даследаванні «Беларуская граматыка. Марфалогія» (1936), «Сінтаксіс беларускай мовы» (1939) і «Курс сучаснай беларускай мовы. Фанетыка, марфалогія, лексіка» (1940), у якіх падагульнены дасягненні бел. М. У пасляваен. час усталяваліся новыя кірункі даследаванняў, створаны новыя падручнікі па бел. мове для школ, тэхнікумаў, ВНУ. Выдадзены «Руска-беларускі слоўнік» пад рэд. Я.​Коласа, К.​Крапівы, П.​Глебкі (1953), «Беларуска-рускі слоўнік» пад рэд. К.​Крапівы, «Падручны польска-беларускі слоўнік» пад рэд. А.​Абрэмбскай-Яблонскай і М.​В.​Бірылы (абодва 1962), «Украінска-беларускі слоўнік» В.​П.​Лемцюговай (1980), «Беларуска-расійскі слоўнік» Я.​Станкевіча (1990, Нью-Йорк) і інш. Выйшла з друку фундаментальная акад. «Граматыка беларускай мовы» пад рэд. К.​Крапівы, М.​Г.​Булахава, П.​П.​Шубы (т. 1—2, 1962—66), распрацоўваліся гісторыя бел. мовы і гіст. граматыка (А.​Я.​Баханькоў, А.​М.​Булыка, А.​І.​Жураўскі, І.​І.​Крамко, Л.​М.​Шакун, Ф.​М.​Янкоўскі, А.​Л.​Яновіч, А.​А.​Яскевіч і інш.). Апублікавана некалькі агульных курсаў сучаснай бел. мовы, манаграфіі, прысвечаныя актуальным пытанням бел. граматыкі (Л.​А.​Антанюк, М.​А.​Аўласевіч, Булахаў, Л.​І.​Бурак, М.​С.​Васілеўскі, А.​П.​Груца, М.​І.​Гурскі, М.​А.​Жыдовіч, Ю.​Ф.​Мацкевіч, А.​Я.​Міхневіч, А.​І.​Наркевіч, Л.​П.​Падгайскі, П.​У.​Сцяцко, Шуба, П.​Я.​Юргелевіч, М.​С.​Яўневіч і інш.) і фанетыкі (Н.​Т.​Вайтовіч, Л.​Ц.​Выгонная, А.​А.​Крывіцкі, А.​І.​Падлужны, Э.​Смулкова, В.​М.​Чэкман і інш.), стылістыкі бел. мовы (А.​А.​Каўрус, Г.​М.​Малажай, Лепешаў, Т.​І.​Тамашэвіч, М.​Я.​Цікоцкі, А.​К.​Юрэвіч і інш.), дыялекталогіі (Э.​Д.​Блінава, Я.​М.​Камароўскі, Ф.​Д.​Клімчук, Е.​С.​Мяцельская, А.​А.​Станкевіч, І.Я.Я́шкін і інш.), методыкі выкладання бел. мовы (З.​Б.​Варановіч, В.​У.​Протчанка, В.​І.​Рагаўцоў, М.​Г.​Яленскі і інш.). Вывучаліся бел. лексіка і словаўтварэнне (Антанюк, А.​Я.​Баханькоў, Бірыла, Булыка, М.​Ф.​Гуліцкі, В.​П.​Красней, У.​М.​Лазоўскі, Лемцюгова, А.​А.​Лукашанец, Г.​М.​Мезенка, М.​А.​Паўленка, М.​Р.​Прыгодзіч, А.​Ф.​Рогалеў, В.​Д.​Старычонак, М.​Р.​Суднік, Сцяцко, Шакун, В.​К.​Шчэрбін, Г.​Ф.​Юрчанка і інш.), фразеалогія (А.​С.​Аксамітаў, М.​А.​Даніловіч, У.​І.​Коваль, І.​Я.​Лепешаў, Янкоўскі і інш.). Выдадзены акад. «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы» (т. 1—5, 1977—84), «Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы» (1996), «Марфемны слоўнік беларускай мовы» А.​М.​Бардовіча, Шакуна (1975), «Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў» М.​К.​Клышкі (1976), «Фразеалагічны слоўнік беларускай мовы» Лепешава (т. 1—2, 1993), «Слоўнік паронімаў беларускай мовы» С.​М.​Грабчыкава (1994), «Слоўнік іншамоўных слоў» Булыкі (т. 1—2, 1999). Працягваецца праца над шматтомнымі «Этымалагічным слоўнікам беларускай мовы» (т. 1—8, 1978—93), «Гістарычным слоўнікам беларускай мовы» (вып. 1—18, 1982—99). Выдадзены «Анамастычны слоўнік твораў Якуба Коласа» (1990), «Фразеалагічны слоўнік мовы твораў Я.​Коласа» (1993), «Слоўнік мовы Янкі Купалы» (т. 1, 1997), слоўнікі эпітэтаў бел. мовы М.​П.​Пазнякова (1988), Н.​В.​Гаўрош (1998), «Слоўнік мовы Скарыны» У.​В.​Анічэнкі (т. 1—3, 1977—94), частотны слоўнік бел. мовы Н.​С.​Мажэйкі, Супруна (т. 1—5, 1976—92). Апублікавана шмат слоўнікаў асобных рэгіёнаў Беларусі, у т. л. «Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча» (т. 1—5, 1979—86), «Тураўскі слоўнік» (т. 1—5, 1982—87), першы сярод слав. моў «Дыялекталагічны атлас беларускай мовы» (1963; Дзярж. прэмія СССР 1968). Да найбуйнейшых прац належаць акад. «Беларуская граматыка» пад рэд. Бірылы і Шубы (ч. 1—2, 1985—86), «Фанетыка беларускай літаратурнай мовы» пад рэд. Падлужнага (1989), «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак» пад рэд. Бірылы і Мацкевіч (т. 1—5, 1993—98), энцыклапедыя «Беларуская мова» (1994; Дзярж. прэмія Рэспублікі Беларусь 1998).

З 1960-х г. на Беларусі даследуюцца і інш. слав. мовы, часам у плане іх супастаўлення з бел. мовай. Выйшлі працы апісальнага і супастаўляльнага характару па праблемах рус. мовы (Булахаў, Т.​М.​Валынец, А.​А.​Гіруцкі, Гурскі, М.​І.​Канюшкевіч, І.​І.​Козыраў, А.​Ф.​Манаенкава, В.​А.​Маслава, Мезенка, Міхневіч, В.​М.​Нікіцевіч, С.​М.​Прохарава, І.​С.​Роўда, Л.​М.​Чумак, Шуба і інш.). Вядуцца параўнальна-гіст. і супастаўляльна-тыпалагічныя даследаванні слав. моў (Р.​М.​Казлова, А.​А.​Кожынава, Мартынаў, Супрун, Г.​А.​Цыхун, Чэкман і інш.), вывучэнне старасл. мовы, паўд. і зах.-слав. моў, укр. мовы, часта ў параўнанні з бел. (Анічэнка, В.​Л.​Вярэніч, У.​А.​Карпаў, В.​Ф.​Крыўчык, Лемцюгова, Мажэйка, Мячкоўская, Б.​Ю.​Норман, Б.​А.​Плотнікаў, Супрун, Г.​У.​Ярмоленка і інш.). З германскіх моў вывучаецца нямецкая (С.​М.​Гайдучык, Т.​С.​Глушак, П.​І.​Копанеў, Г.​Я.​Панкрац, Ю.​У.​Папоў, А.​М.​Шаранда і інш.) і англійская (Дз.​Г.​Багушэвіч, Ю.​Б.​Барысаў, Я.​М.​Воўшын, Г.​П.​Кліменка, Л.​М.​Ляшчова, Я.​А.​Маслыка, В.​А.​Няхай, Ю.​Г.​Панкрац, Т.​В.​Паплаўская, Т.​М.​Суша, І.​Ф.​Ухванава, Л.​У.​Хвядчэня, З.​А.​Харытончык і інш.) мовы. З раманскіх моў найб. даследуецца французская (Л.​Ф.​Кістанава, З.​Н.​Лявіт, М.​І.​Лешчанка, У.​В.​Макараў, Л.​М.​Скрэліна, А.​М.​Сцяпанава, С.​А.​Шашкова і інш). Распачалося вывучэнне класічных моў, пераважна лацінскай (Н.​А.​Ганчарова, А.​В.​Гарнік, Г.​І.​Шаўчэнка і інш.), моў Усходу (А.​М.​Гардзей, М.​У.​Тарэлка і інш.). У галіне агульнага М. даследаваліся праблемы сутнасці і функцыянавання мовы (Гіруцкі, Б.​І.​Касоўскі, Кіклевіч, Мартынаў, Міхневіч, Мячкоўская, Норман, Плотнікаў, Супрун і інш.), псіхалінгвістыкі (Кліменка, Супрун і інш.), праблемы рыторыкі і кампрэсіі моўнай інфармацыі (А.​А.​Вейзэ, Міхневіч, Л.​А.​Мурына і інш.), аспекты сацыялінгвістыкі (Міхневіч, Мячкоўская, Падлужны, Токарава і інш.), праблемы эксперыментальнай фанетыкі (К.​К.​Барышнікава, Выгонная, Гайдучык, А.​Б.​Карнеўская, Г.​А.​Мятлюк, Падлужны, Паплаўская і інш.), культуралагічных сувязей мовы (Маслава, Прохарава і інш.), тэорыі перакладу (Копанеў, В.​П.​Рагойша і інш.). У галіне матэм. і прыкладной лінгвістыкі вывучаюцца пытанні лінгвастатыстыкі (М.​М.​Лесохін, К.​Ф.​Лук’яненкаў, В.​В.​Нешытой, Плотнікаў і інш.), семіялагічных аспектаў моў (В.​В.​Грыб, Мартынаў, Плотнікаў і інш.), камп’ютэрнага прадстаўлення моўных фактаў (А.​В.​Зубаў, Карпаў, Мартынаў і інш.). Лінгвістычныя даследаванні праводзяцца ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа Нац. АН Беларусі, БДУ, Гомельскім, Гродзенскім, Мінскім лінгвістычным ун-тах, іншых навук. і навуч. установах. Дзейнічае Беларуская асацыяцыя камунікатыўнай лінгвістыкі, якая выдае штогоднік «Палілог». Выходзіць навук. штогоднік Ін-та мовазнаўства імя Я.​Коласа «Беларуская лінгвістыка» і інш.

Літ.:

Амирова Т.А., Ольховиков Б.А., Рождественский Ю.В. Очерки по истории лингвистики. М., 1975;

Булахов М.Г. Восточнославянские языковеды: Биобиблиогр. словарь. Т. 1—3. Мн., 1976—78;

Жураўскі А.І., Крывіцкі А.А. Беларускае мовазнаўства ў Акадэміі навук БССР. Мн., 1979;

История лингвистических учений. [Вып. 1—4]. Л., 1980—1991;

Плотнікаў Б.А. Агульнае мовазнаўства. Мн., 1994;

Шакун Л.М. Гісторыя беларускага мовазнаўства. Мн., 1995;

Беларускае мовазнаўства: Бібліягр. паказ. [Вып. 1—3]. Мн., 1967—1993.

А.​Я.​Супрун, Б.​А.​Плотнікаў.

т. 10, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)