ЗІГАМО́РФНАЯ КВЕ́ТКА,

кветка, у якой праз вось суквецця можна правесці толькі адну плоскасць сіметрыі, напр., у бабовых, губакветных, архідных. Узнікла ў працэсе эвалюцыі як вынік прыстасаванасці да апылення насякомымі, якія могуць пранікаць у кветку адзіным шляхам.

т. 7, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭ́МПІНГ (англ. dumping літар. скідванне),

продаж тавараў на знешнім рынку па штучна заніжаных цэнах, магчыма, ніжэй сабекошту. Мэта Д.: спрыянне экспансіі на новыя рынкі і абарона пазіцый дадзенай дзяржавы на замежных рынках шляхам абмежавання канкурэнцыі; процідзеянне залішняму продажу тавараў на ўнутр. рынку, які прыводзіць да зніжэння цэн, і, як вынік, да змяншэння даходаў вытворцаў. Д. выклікае негатыўныя вынікі: у краіне экспарцёра для спажыўцоў, што плацяць высокія цэны і пакрываюць страты ад нізкіх дэмпінгавых цэн; у краіне імпарцёра стрымлівае айчынную вытв-сць (спрыяе росту беспрацоўя), прадукцыя якой становіцца неканкурэнтаздольнай побач з больш таннай імпартаванай. ЕЭС забараніла Д. паводле Рымскага трактата 1957. Антыдэмпінгавы кодэкс, што прадугледжвае правядзенне перагавораў пад эгідай ГАТТ, прыняты ў час т.зв. такійскага раунда 1973—79. Д. валютны — вынік дэвальвацыі.

т. 6, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫЛАГІ́ЗМ (ад анты.... + грэч. logos розум),

формула логікі, якая адлюстроўвае несумяшчальнасць пасылак катэгарычнага сілагізму з адмаўленнем яго заключэння. У аснове антылагізму ляжаць законы лагічнага вываду, паводле якіх вынік не можа быць памылковым, калі пасылкі праўдзівыя. Тэорыя антылагізму — адзін з варыянтаў сілагістыкі.

т. 1, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ЗНАСЦЬ у матэматыцы,

вынік аднімання лікаў, вектараў, матрыц і інш. Р. арыфметычнай прагрэсіі — пастаянны лік, які дадаецца да папярэдняга члена прагрэсіі, каб атрымаць наступны. Р. мностваў A і B — сукупнасць (мноства) членаў мноства A, якія не ўваходзяць у мноства B.

т. 13, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІ́ЦЦІ,

1) у фізіцы, перыядычныя змены амплітуды выніковага вагання пры складанні двух гарманічных ваганняў блізкіх частот; асобны выпадак амплітудна-мадуляваных ваганняў (гл. Амплітудная мадуляцыя). Калі A1 і A2 — амплітуды складаемых ваганняў, то амплітуда выніковага вагання змяняецца ад A1 + A2 да A1 − A2. Метад Біцці выкарыстоўваецца для вымярэння частот, ёмістасці, індуктыўнасці, для настройвання муз. інструментаў і інш. 2) У механіцы — адхіленні паверхняў вярчальных (вагальных) цыліндрычных дэталяў машын і механізмаў ад правільнага ўзаемнага размяшчэння. Радыяльныя Біцці — вынік зрушэння цэнтра (эксцэнтрысітэт) разгляданага сячэння дэталі адносна восі вярчэння. Тарцовыя Біцці — вынік неперпендыкулярнасці тарцовай паверхні дэталі да базавай восі і адхіленняў формы тарца ўздоўж лініі вымярэння. Біцці прыводзяць да павышанага зносу і выхаду са строю дэталяў машын (напр., пры парушэнні балансіроўкі колаў аўтамабіля).

Біцці пры складанні ваганняў блізкіх частот ω1 і ω2; T — перыяд біццяў.

т. 3, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕТРЫМА́ННЕ МАЧЫ́,

міжвольнае выдзяленне мачы ад парушэння функцыі сфінктэраў мачавога пузыра. Часты вынік родавай траўмы (Н.м. пры напружанні ў жанчын), арган. пашкоджанняў ц. н. с., спіннога мозга, заган развіцця мачавых шляхоў, функцыян. парушэнняў у дзяцей (энурэз). Лячэнне тэрапеўт., масаж, фізіятэрапія, у цяжкіх выпадках — хірургічнае.

т. 11, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСКУЛІНІЗА́ЦЫЯ (ад лац. masculinus мужчынскі),

развіццё ў самкі мужчынскіх другасных палавых прыкмет. Назіраецца ў самак рыб, земнаводных, птушак, млекакормячых як вынік парушэння гарманальнага балансу. У эксперыменце перасадка семянніка кастрыраванай курыцы суправаджаецца развіццём у яе петушынага галаўнога ўбору, з’яўленнем здольнасці пець па-петушынаму і інш. М. ў чалавека наз. вірылізмам.

т. 10, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕФРО́З, нефратычны сіндром,

агульная назва захворванняў нырак з паталаг. зменамі пераважна нырачных канальцаў. Бывае першасны (рэдка, у дзяцей да 3—5 гадоў) і другасны — вынік хвароб (дыябету цукровага, нефрыту, нефрапатыі цяжарных і інш.) або ўскладненне інфекцый і інтаксікацый. Прыкметы: ацёкі, бялок у мачы, парушэнне бялкова-тлушчавага абмену. Лячэнне: тэрапеўт., дыета.

т. 11, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАХВА́Т РАКІ́,

захоп ракой сцёку суседняй ракі. У большасці выпадкаў — вынік рэгрэсіўнай (адступальнай) эрозіі, калі рака ўразаецца вярхоўямі ў водападзельную прастору і дасягае суседняй рачной даліны. Вада з перахопленай ракі цячэ па новым рэчышчы. Біфуркацыя рэк — адзін з этапаў П.р. На Беларусі П.р. адбываліся ў пасляледавіковы час, сведкі гэтага — скразныя даліны.

т. 12, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛАЎЁЎ (Анатоль Якаўлевіч) (н. 16.1,1948, Рыга, Латвія),

расійскі касманаўт. Герой Сав. Саюза (1988). Лётчык-касманаўт СССР (1988), палкоўнік. Скончыў Чарнігаўскае вышэйшае ваен. авіяц. вучылішча лётчыкаў (1973), школу лётчыкаў-выпрабавальнікаў (1977). У 1976—2000 у Цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў імя Ю.​А.​Гагарына. Здзейсніў (як камандзір) 5 палётаў у складзе экіпажаў касм. караблёў (КК): 7—17.6.1988 на КК «Саюз ТМ-5» (старт), «Саюз ТМ-4» (пасадка) і арбітальнай станцыі (АС) «Мір»; 11.2—9.8.1990 на КК «Саюз ТМ-9» і АС «Мір»; 27.8.1992—1.2.1993 на КК «Саюз ТМ-15» і АС «Мір»; 27.6—11.9.1995 на КК «Атлантыс», АС «Мір» і КК «Саюз ТМ-21» (пасадка); 5.8.1997—19.2.1998 на КК «Саюз ТМ-26» і АС «Мір». У космасе правёў 651 сут (3-і вынік у свеце, 2001). Здзейсніў 16 выхадаў у адкрыты космас агульнай працягласцю 77,8 гадз (1-ы вынік у свеце, 2001).

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 14, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)