КЕРМА́ДЭК (Kermadec),

група з 4 вулканічных астравоў на ПдЗ Ціхага ак. Тэр. Новай Зеландыі. Пл. 33 км². Найб. вялікі (29 км²) і найб. высокі (да 525 м) в-аў Рауль (Санды). Трапічная і субтрапічная расліннасць. Багатая арнітафауна, калоніі марскіх птушак. Адзначаны выключна высокія паказчыкі заамасы (57,3 г/м²). Рэзерват Кермадэк—Айлендс (засн. ў 1934). Астравы названы ў гонар Х.​Кермадэка — удзельніка франц. экспедыцыі д’Антркасто ў 1793.

т. 8, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАТРА́ЎНЫЯ ФАРБАВА́ЛЬНІКІ,

водарастваральныя арган. фарбавальнікі, якія сарбіруюцца тэкстыльнымі матэрыяламі і замацоўваюцца на іх пры дапамозе пратраў — злучэнняў металаў (пераважна хрому і жалеза) са ступенню акіслення +3. Паводле хім. класіфікацыі — пераважна азафарбавальнікі і антрахінонавыя фарбавальнікі. Пры фарбаванні на валакне ўтвараюцца ўстойлівыя нерастваральныя інтэнсіўна афарбаваныя металзмяшчальныя комплексы, што дазваляе атрымліваць афарбоўкі, выключна ўстойлівыя да розных фіз.-хім. уздзеянняў. Выкарыстоўваюць пераважна для афарбоўвання шэрсці, радзей — натуральнага шоўку.

т. 13, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭЗУ́МПЦЫЯ НЕВІНАВА́ТАСЦІ ў крымінальным праве,

палажэнне, паводле якога абвінавачаны лічыцца невінаватым, пакуль яго віна не будзе даказана ўстаноўленым законам парадкам. П.н. — адна з найважнейшых дэмакр. прыкмет крымін. працэсу, забяспечвае ахову правоў асобы, выключае неабгрунтаванае абвінавачанне і асуджэнне. Можа быць абвергнута толькі шляхам даказвання ўстаноўленымі працэсуальным законам сродкамі і выключна пры наяўнасці дастатковых суд. доказаў, якія адносяцца да справы і дапускаюцца заканадаўствам. Абавязак даказвання ўскладаецца на органы абвінавачання.

т. 13, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТЫГАБІЁНТЫ (ад грэч. Styx падземная рака + біёнт),

жывёлы, што жывуць выключна ў падземных водах. Да іх належаць віды вышэйшых (амфіподы, ізаподы) і ніжэйшых (астракоды, калеподы), ракападобных, некат. малюскі, рыбы. Для іх характэрны рэгрэсіўныя прыкметы (дэпігментацыя покрыва, рэдукцыя органаў зроку, гіпертрафія канечнасцей). Адрозніваюць ад стыгафілаў (жывёл, здольных існаваць і ў паверхневых водах) і стыгаксенаў (жывёл, што выпадкова трапілі ў падземныя воды і адаптаваліся да іх). Гл. таксама Траглабіёнты.

т. 15, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯГЦЯ́Р Мота Ізраілевіч (15.7.1909, в. Пціч Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. — 9.11.1939),

яўрэйскі пісьменнік. Пісаў на ідыш. Скончыў Мінскі пед. ін-т (1937). Друкаваўся з 1930. У кнігах апавяданняў, аповесцей і нарысаў «На рыштаваннях» (1934), «Савецкая Беларусь» (1935), «Будаўнікі» (1936), «Браты» (1937), «Верныя вартавыя» (1938), «Наша зямля» (1939) адлюстраваў падзеі грамадз. вайны, сацыяліст. пераўтварэнні ў краіне. Яго творы выключна лірычныя, у іх паэтызацыя палескага краю.

Тв.:

Бел. пер. — Апавяданні Мн., 1940.

т. 6, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБХО́Д,

абрадавы звычай абыходзіць кожны двор у час каляндарных святаў з віншавальна-велічальнымі, заклінальнымі песнямі і музыкай, добрымі пажаданнямі. Важны элемент у комплексе асн. каляндарных абрадаў усх. славян і інш. народаў (сербаў, румынаў). Найб. яркія абходы — валачобныя (мужчынскія групы) і калядныя (змешаныя; гл. Валачобнікі, Калядаванне). Удзельніцамі бел. і ўкр. куставага абходу (гл. Куст) былі выключна дзяўчаты або жанчыны. Магічнае дзеянне абходу накіравана на засцярогу ад варожых сіл, спрыянне дабрабыту і паспяховае вырашэнне сямейных клопатаў.

т. 1, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУШКЕЦЁРЫ (франц. mousquetaire ад mousquet мушкет),

разнавіднасць пяхоты, узброенай мушкетамі, у арміях еўрап. краін, у т. л. ВКЛ, 16 — пач. 18 ст. У Францыі акрамя М.-пехацінцаў у 1622—1775 былі каралеўскія М. (гвардз. кавалерыя, што складалася выключна з дваран). У некат. краінах (Расія, Прусія і інш.) палкі пяхоты, якія называліся М., існавалі да пач. 19 ст.

Мушкецёры: 1 — прадстаўнік наёмнай пяхоты Рэчы Паспалітай. 17 ст.; 2 — у час стральбы з цяжкага мушкета. 17 ст.

т. 11, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФУДЗІВА́РА,

старажытны яп. арыстакратычны род. Яго паліт. ўзвышэнне пачалося ў 7 ст., з 8 ст. ўсталяваўся звычай выбіраць жонак імператарам Японіі выключна з роду Ф. З 9 ст. прадстаўнікі дому Ф. сталі фактычнымі правіцелямі Японіі з тытуламі рэгентаў (сэсё) або канцлераў (кампаку), амаль пазбавіўшы імператараў улады. З пач. распаду дзяржавы на ўдзелы ў сярэдзіне 11 ст. Ф. страцілі рэальную ўладу, хоць фармальна правілі да 1184. З роду Ф. вядома шмат дзярж. і паліт. дзеячаў Японіі.

т. 16, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫТУА́Л (ад лац. ritualis абрадавы ад ritus рэліг. абрад, урачыстая цырымонія),

гістарычна сфарміраваная сістэма сімвалічных дзеянняў; састаўная частка традыц. і архаічных культур. Структуру Р. складае строга рэгламентаваная паслядоўнасць актаў, у т. л. вербальных (песнапенні і да т.п.), пазбаўленых утылітарнага сэнсу і накіраваных на ўзнікненне пэўных адчуванняў (рэлігійных, усемагутнасці ўлады, непарушнасці дадзеных абавязацельстваў і інш.). Першапачаткова Р. быў звязаны выключна з рэліг. практыкай; у сучасных грамадствах Р. існуе ў паліт. і сац. практыцы (афіц. ўрачыстасці, дыпламат. цырыманіял і інш.).

т. 13, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАКАТА́Ў (Krakatau),

дзеючы вулкан у Зондскім прал., паміж а-вамі Ява і Суматра, у Інданезіі. Утварыў востраў пл. 10,5 км². Складзены з базальтаў, андэзітаў, рыалітаў. Выш. 813 м, кальдэра дыям. 4—5,5 км. Вядомы выключна моцным вывяржэннем у жн. 1883, у час якога была разбурана б.ч. конуса вулкана (раней быў выш. каля 2000 м) і выкінута больш за 18 км³ вулканічнага попелу на вялізную тэрыторыю. Інтэнсіўныя зоры, абумоўленыя змяншэннем празрыстасці атмасферы, назіраліся некалькі гадоў. Апошняе вывяржэнне ў 1972—73. Запаведнік Кракатаў.

т. 8, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)