ПАТЭ́НЦЫЯ СЕКСУА́ЛЬНАЯ,

здольнасць арганізма да сексуальных рэакцый. У сексалогіі ўжываецца выключна ў адносінах мужчынскай сексуальнасці. Уключае ступень напружанасці палавога члена, хуткасць з’яўлення эрэкцыі, магчымасць весці інтэнсіўнае палавое жыццё. Расстройствы П.с. вядуць да імпатэнцыі.

т. 12, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІТАРАДРУКАВА́ЛЬНЫ АПАРА́Т,

тэлеграфны апарат, што друкуе на паперы літарамі і лічбамі тэкст тэлеграмы, якая ім прымаецца. Вядомы Л.а. пульсацыйнай сістэмы Якобі, сінхронныя аднакратныя Юза, шматкратныя Бадо, стартстопныя. З 1960-х г. выкарыстоўваюцца выключна стартстопныя апараты (тэлетайпы).

т. 9, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕАТЫФІКА́ЦЫЯ (ад лац. beatus блаславёны + facere рабіць),

у рымска-каталіцкай царкве акт надання асобе за асабліва праведнае жыццё пасмяротнага тытула «блаславёны». Разглядаецца царквой як ніжэйшая ступень у падрыхтоўцы кананізацыі. З 8 ст. права беатыфікацыі належыць выключна папе рымскаму.

т. 2, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛЕД (Bled),

горнакліматычны курорт у Славеніі. На ПнЗ ад г. Любляна, на беразе аднайм. возера каля падножжа Юлійскіх Альпаў. Развіваецца з 19 ст. Кліматалячэнню (хваробы печані, нырак, органаў стрававання, анеміі і інш.) спрыяюць крыніцы цёплых мінер. водаў, умерана кантынентальны клімат, выключна чыстае паветра, ахаванасць курорта ад халодных вятроў.

т. 3, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСКЛЕПІЯ́ДАЎ ВЕРШ,

памер у метрычным вершаскладанні, вынайдзены стараж.-грэч. паэтам Асклепіядам Самоскім (3 ст. да нашай эры). Своеасаблівая мадыфікацыя пентаметра, у якім першая і перадапошняя дактылічныя стопы ўсечаны на адзін кароткі склад. У сілабатанічным вершаскладанні імітацыі Асклепіядава верша выключна рэдкія. У бел. паэзіі ўжыты толькі ў перакладзеным М.​Багдановічам «Помніку» Гарацыя.

т. 2, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭНІКЕ́Р ((Deniker) Жазеф) (Іосіф Ягоравіч; 18.3.1852, г. Астрахань, Расія — 18.3.1918),

французскі антраполаг. З 1888 бібліятэкар Нац. музея прыродазнаўчай гісторыі ў Парыжы. Стварыў класіфікацыю чалавечых рас (1900), у якой упершыню паслядоўна праведзены прынцып вылучэння антрапал. тыпаў выключна па фіз. прыкметах; сур’ёзны недахоп гэтай класіфікацыі — адсутнасць гіст. падыходу, што не дае магчымасці прасачыць працэс узнікнення рас.

т. 6, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПЕРІНФЛЯ́ЦЫЯ (ад гіпер... + інфляцыя),

выключна хуткі рост таварных цэн і грашовай масы ў абарачэнні (да 50% за месяц). Вядзе да рэзкага абясцэнення грашовай адзінкі, расстройства плацежнага абароту, парушэння нармальных гасп. сувязей і катастрафічнага зніжэння ўзроўню жыцця. Найчасцей абумоўлена экстраардынарнымі фактарамі — вайной, эканам. разрухай і інш. Найб. адмоўна ўплывае на эканам. становішча насельніцтва з фіксаванымі даходамі.

т. 5, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛОРД (англ. lord гаспадар),

1) першапачаткова ў сярэднія вякі ў Англіі феад. землеўладальнік; пазней (з 14 ст.) спадчынны тытул членаў палаты лордаў брыт. парламента (пэраў, да 19 ст. выключна з прадстаўнікоў вышэйшай феад. знаці). З 1958 манарх прызначае таксама пажыццёвых (няспадчынных) Л.

2) Састаўная частка назвы некаторых пасад у Вялікабрытаніі (напр., Л.-канцлер — старшыня палаты лордаў, лорды-мэры Лондана і інш. буйных гарадоў).

т. 9, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНЕ́ГІНСКАЯ СТРАФА́,

страфа з 14 радкоў 4-стопнага ямба з рыфмоўкай АбАбВВггДееДжж. Створана А.​Пушкіным для рамана ў вершах «Яўген Анегін». У першым 4-радкоўі перакрыжаваная рыфма, у другім — сумежная, далей апаясаная. Звычайна кожная страфа мае закончаную думку і з’яўляецца «вершам у вершы», таму выкарыстоўваецца выключна ў паэт. жанрах з мнагапланавым развіццём сюжэта. Анегінскую страфу выкарыстаў М.​Лермантаў у паэме «Тамбоўская казначэйша» і інш.

т. 1, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕРМА́ДЭК (Kermadec),

група з 4 вулканічных астравоў на ПдЗ Ціхага ак. Тэр. Новай Зеландыі. Пл. 33 км². Найб. вялікі (29 км²) і найб. высокі (да 525 м) в-аў Рауль (Санды). Трапічная і субтрапічная расліннасць. Багатая арнітафауна, калоніі марскіх птушак. Адзначаны выключна высокія паказчыкі заамасы (57,3 г/м²). Рэзерват Кермадэк—Айлендс (засн. ў 1934). Астравы названы ў гонар Х.​Кермадэка — удзельніка франц. экспедыцыі д’Антркасто ў 1793.

т. 8, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)