А́РКУШ (польскае arkusz),

1) стандартны кавалак паперы, кардону, фанеры і інш. 2) Адзінка вымярэння ў паліграфіі і выдавецкай справе. Адрозніваюць аркуш аўтарскі, улікова-выдавецкі, папяровы друкаваны і ўмоўна-друкаваны.

Аўтарскім аркушам вымяраюць аб’ём літ. твора (рукапіснага і надрукаванага). У бел. паліграфіі роўны 40 тыс. друкаваных знакаў (з прагаламі паміж словамі), ці 700 вершаваным радкам, ці 3 тыс. см² надрукаванага ілюстрацыйнага матэрыялу. Улікова-выдавецкі аркуш — аб’ём друкаванага твора, колькасцю знакаў роўны аўтарскаму, але акрамя аўтарскага тэксту ўключае тытул, рэдакцыйную прадмову, змест, рэкламу, калонтытулы і інш. тэкставы і графічны матэрыял. Служыць для выдавецкага планавання, вызначэння кошту выдання і інш. Папяровым аркушам вызначаюць колькасць выкарыстанай на выданне паперы. Друкаваны аркуш паказвае аб’ём (плошчу) выдання і раўняецца палове папяровага пры стандартных фарматах. Умоўны друкаваны аркуш — адзінка ўліку выдавецкай прадукцыі: папяровы аркуш фармату 60 × 90 см, надрукаваны з аднаго боку. Аб’ём выданняў, надрукаваных на паперы інш. фарматаў, для параўнання паказчыкаў пералічваюць ва ўмоўныя друкаваныя аркушы.

т. 1, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХЕАГРАФІ́ЧНАЯ КАМІ́СІЯ,

навуковая ўстанова, створаная ў 1834 у Пецярбургу пры Мін-ве нар. асветы для выдання матэрыялаў археаграфічных экспедыцый. Створана як часовая, з 1837 пастаянная ўстанова для збору, апісання і выдання гіст. дакументаў. Выдавала зборнікі дакументаў па гісторыі Расіі, Беларусі, Літвы, Украіны, Каўказа 14—18 ст., у т. л. Поўны збор рускіх летапісаў, Акты гістарычныя, Акты Заходняй Расіі, Акты Паўднёвай і Заходняй Расіі. З 1872 выходзіла «Руская гістарычная бібліятэка», у 1862—1929 — «Летапіс заняткаў Археаграфічнай камісіі». У рабоце археаграфічнай камісіі ўдзельнічалі І.​С.​Анацэвіч, І.​І.​Грыгаровіч, М.​І.​Кастамараў, П.​М.​Строеў, М.​І.​Сямеўскі, А.​А.​Шахматаў і інш. З 1922 археаграфічная камісія ў складзе Акадэміі навук, у 1926 аб’яднана з Пастаяннай гіст. камісіяй АН СССР у Пастаянную гіст.-археаграфічную камісію, якая ў 1931 рэарганізавана ў Гіст.-археаграфічны ін-т. У 1956 пры аддзяленні гіст. навук АН СССР створана археаграфічная камісія, якая каардынавала археаграфічную дзейнасць ва ўстановах АН, выдавала «Археографический ежегодник». У 1864—1915 існавала Віленская археаграфічная камісія.

т. 1, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЯВО́ДКА, Ваявудка (Wojewódka) Бярнард (?, Кракаў — 26?.7.1554), польскі матэматык, друкар і перакладчык. Аўтар кн. «Алгарытм — навука лічбы» (Кракаў, 1553). У 1553 пераехаў з Кракава ў Брэст, дзе ўзначаліў адну з Брэсцкіх друкарняў. Першыя кнігі, выдадзеныя Ваяводкам (Вялікі і Малы Катэхізісы, перакладныя тэалагічныя творы Крыштофа Імлера і Урбана Рэгіуса), адпавядалі патрэбам рэфармацыйнага руху. Верагодна, удзельнічаў у падрыхтоўцы да выдання Брэсцкай бібліі (1563).

т. 4, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАРА́Т (ад лац. apparatus абсталяванне),

1) прылада, тэхн. ўстройства, прыстасаванне.

2) Сукупнасць дзярж. устаноў, арг-цый, якія абслугоўваюць якую-н. галіну кіраўніцтва, гаспадаркі і інш. 3) Наменклатурныя супрацоўнікі вышэйшых органаў кіравання.

4) Заўвагі, паказальнікі і інш. дапаможны матэрыял да навук. працы, выдання.

5) Сукупнасць органаў чалавека, жывёл або раслін, якія выконваюць якую-н. функцыю ў арганізме, напр. стрававальны апарат, дыхальны апарат.

т. 1, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́ЕЎСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1113,

выступленне жыхароў Кіева супраць злоўжыванняў княжацкай адміністрацыі на чале з баярынам Пуцятам Вышацічам (спекуляцыя хлебам і соллю, закабаленне вольных людзей ліхвярамі і знаццю і інш.). Пачалося пасля смерці вял. кіеўскага князя Святаполка Ізяславіча. Паўстанцы разграмілі двор Пуцяты і ўладанні ліхвяроў. Запрошаны кіеўскімі баярамі на велікакняжацкі прастол кн. Уладзімір Манамах спыніў паўстанне шляхам выдання Статута Уладзіміра Манамаха 1113, які змяшчаў уступкі паўстанцам.

т. 8, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЛЕ́ТАПІС ПЕРЫЯДЫ́ЧНЫХ ВЫДА́ННЯЎ І ВЫДА́ННЯЎ, ЯКІЯ ПРАДАЎЖАЮЦЦА»,

дзяржаўны штогадовы бібліягр. паказальнік Беларусі. Выдаецца з 1925 у Мінску Нац. кніжнай палатай. Да 1995 уваходзіў у «Летапіс друку Беларусі». Складаецца з 2 частак: у 1-й рэгіструюцца часопісы, бюлетэні, навук. зборнікі; іх назвы размешчаны па алфавіце; 2-ю частку складаюць назвы газет, размешчаныя па тыпах выданняў, унутры — па алфавіце. Мае алфавітныя паказальнікі назваў і месцаў выдання.

А.​І.​Варанько.

т. 9, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫПЛАМАТЫ́ЧНЫ КО́ДЭКС КАФЕДРА́ЛЬНАГА САБО́РА І ВІ́ЛЕНСКАЙ ДЫЯЦЭ́ЗІІ (Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezji wileńskiej),

збор дакументальных матэрыялаў. па гісторыі Віленскай рымска-каталіцкай епархіі, падрыхтаваны праф. Ягелонскага ун-та (Кракаў) Я.​Фіялкам (1864—1936) і У.​Сямковічам. Быў разлічаны на 2 тамы з дакументаў ад заснавання дыяцэзіі (1387) да смерці біскупа В.​Пратасевіча (1579). 1-ы том выдадзены ў 2 выпусках (1932 і 1939; у 1948 перавыдадзены адной кнігай). У аснове выдання — архіўныя матэрыялы, якія захоўваюцца ў Цэнтр. б-цы АН Літвы ў Вільнюсе, а таксама каронная метрыка з Гал. архіва стараж. актаў у Варшаве, друкаваныя выданні, дакументы з прац Я.​Длугаша, М.​Стрыйкоўскага, І.​М.​Даніловіча і інш., усяго больш за 650 дакументаў. Збор мае вял. даведачны апарат, у 1997 асобнай кнігай выйшаў паказальнік імён і геагр. назваў. 2-і том рыхтуецца да выдання.

Публ.:

Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezji wileńskiej. T. 1 (1387—1507). Kraków, 1948.

Літ.:

Ochmański J. Powstanie i rozwój latyfundium biskupstwa wileńskiego (1387—1550). Poznań, 1963;

Яго ж. Biskupstwo wileńskie w średniowieczu. Poznań, 1972.

Г.​Я.​Галенчанка.

т. 6, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАБУ́РДА Васіль Міхайлавіч, бел. друкар і кнігавыдавец 16 ст. Пад кіраўніцтвам І.Фёдарава і П.Мсціслаўца прымаў удзел у рабоце Заблудаўскай друкарні. Арганізаваў друкарню ў Вільні, каля 1580 выдаў «Евангелле вучыцельнае» — блізкую копію заблудаўскага выдання 1569, у 1582 — «Актоіх» («Васьмігалоснік») з пасляслоўем, падпісаным ім. Працягваў выдавецкія традыцыі Заблудаўскай друкарні, выдаваў кнігі на царк.-слав. мове вял. фарматам, у 2 колеры. Захавалася каля 35 экз. яго кніг. Друкарня Гарабурды перайшла да Мамонічаў.

т. 5, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭА́МБУЛА (франц. préambule ад лац. praeambulus той, які наперадзе, папярэдні),

уводная або ўступная частка заканад. або інш. прававога акта, а таксама дэкларацыі ці міжнар. дагавора, у якіх звычайна выкладаюцца прынцыповыя палажэнні, пабуджальныя матывы, мэты выдання адпаведнага акта. Змяшчае т.зв. «нормы-мэты» і «нормы-прынцыпы», якія не валодаюць непасрэднай юрыд. сілай, але могуць прымацца пад увагу пры тлумачэнні інш. палажэнняў акта, а таксама пры неабходнасці высвятлення іх агульнага кантэксту.

т. 13, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМП’Ю́ТЭРНЫЯ СІСТЭ́МЫ выдавецкія, спецыялізаваныя прыкладныя праграмы ЭВМ для падрыхтоўкі і афармлення паліграф. выданняў (кніг, газет, часопісаў і інш.). Асн. іх функцыя — вёрстка (размяшчэнне тэксту, ілюстрацый, розных выяўл. эфектаў і інш.) па старонках выдання. Дазваляюць паказваць падрыхтаваны дакумент (без раздрукоўкі, напр., на паперы) з дапамогай камп’ютэра (на маніторы вял. памераў ці спец. дэманстрацыйнай панэлі). Зыходныя матэрыялы (тэксты, малюнкі, формулы і інш.) папярэдне апрацоўваюцца з дапамогай адпаведных рэдактараў дакументаў (тэкставых, графічных, формульных і інш.).

т. 7, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)