ВОГНЕНЕБЯСПЕ́ЧНЫЯ РЭ́ЧЫВЫ,

рэчывы, якія лёгка загараюцца пры кароткатэрміновым уздзеянні крыніцы запальвання з нізкай энергіяй (напр., полымя запалкі, іскра). Да вогненебяспечных рэчываў адносяць выбуховыя рэчывы, цэлулоід, сухую драўняную стружку, усе лёгкія на загаранне вадкасці, полістырол, каўчукі і інш. палімеры (гл. таксама Самаўзгаранне).

т. 4, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМАНІ́ТЫ,

сумесевыя выбуховыя рэчывы брызантнага дзеяння, у састаў якіх як акісляльнік уваходзіць аміячная салетра NH4NO3. Паводле тыпу гаручага кампанента падзяляюцца на ўласна аманіты — сумесі NH4NO3 з выбуховымі нітразлучэннямі (трынітраталуол, дынітранафталін і інш.) і дынамоны — сумесі з невыбуховым гаручым (торфам, драўніннай мукой, тэхн. маслам, парашком металаў). Біпарныя сумесі NH4NO3 з трынітраталуолам наз. аматоламі, аманіты з дамешкамі алюмінію — аманаламі. У якасці сенсібілізатараў дэтанацыі ўводзяць магутныя выбуховыя рэчывы (нітрагліцэрын, гексаген і інш.), для надання водаўстойлівасці і стабільнасці — спец. дабаўкі (мел, даламіт, крухмал, стэараты некаторых металаў). Выпускаюцца ў выглядзе парашкоў і гранул. Асобная група — воданапоўненыя аманіты, змяшчаюць насычаны водны раствор NH4NO3, які ператвараецца ў гель (акватолы, акваніты). Аманіты малаадчувальныя да мех. уздзеянняў, адносна бяспечныя пры вытв-сці, захоўванні і выкарыстанні.

Аманіт.

т. 1, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЗДЫ́МНЫЯ ПО́РАХІ, нітрацэлюлозныя порахі,

кідальныя выбуховыя рэчывы, асн. кампанент якіх нітраты цэлюлозы, пластыфікаваныя арган. растваральнікамі. Падзяляюцца на піраксілінавыя порахі, балістыты і кардыты ў залежнасці ад віду нітрату цэлюлозы і лятучасці растваральніку. Значна перавышаюць дымны порах па ўстойлівасці гарэння і працаздольнасці. Выкарыстоўваюцца ў агнястрэльнай зброі і як ракетнае паліва. Назва па ўтварэнні нязначнай колькасці дыму пры гарэнні.

т. 3, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕКСАГЕ́Н, цыклатрыметылентрынітрамін,

высокабрызантнае выбуховае рэчыва C3H6N6O6. Бясколерны крышт. парашок, tпл 204,5—205 °C (з раскладаннем), шчыльн. 1816 кг/м³. Водаўстойлівы. Цеплата выбуху 5440 кДж/кг, скорасць дэтанацыі каля 8,4 км/с, т-ра ўзгарання каля 230 °C. Атрымліваюць уздзеяннем на уратрапін (гексаметылентэтрамін) канцэнтраванай азотнай к-ты. Выкарыстоўваюць для начынкі боепрыпасаў як кампанент прамысл. выбуховых рэчываў (скальны аманіт, тэрмаўстойлівыя выбуховыя рэчывы).

т. 5, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСА́ЕЎ Рыгор Пракопавіч [22.1.1857, г. Магілёў — 6.4.1886], рэвалюцыянер-народнік. Удзельнік студэнцкага руху 1878—79 у Пецярбургу, падтрымліваў сувязь з гуртком магілёўскіх гімназістаў. З 1879 чл. тэрарыст. групы «Свабода або смерць», потым «Народнай волі» і яе выканкома. Удзельнік падрыхтоўкі замахаў на цара, рыхтаваў з М.А.Кібальчычам выбуховыя рэчывы. Арыштаваны ў крас. 1881, прыгавораны да пакарання смерцю, якое было заменена пажыццёвай катаргай. Памёр ад сухотаў у Шлісельбургскай крэпасці.

т. 7, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗІ́ДЫ,

хімічныя злучэнні, вытворныя азоціставадароднай кіслаты HN3. Неарганічныя азіды — X(N3)n, дзе Х — метал, n — ступень яго акіслення, пры трэнні, награванні раскладаюцца з выбухам (акрамя азідаў шчолачных і шчолачна-зямельных металаў). Атрымліваюць узаемадзеяннем соляў металаў з NaN3. Арганічныя азіды — алкіл- і арылазіды RN3 і ацылазіды RC(O)N3 узрываюцца пры награванні, лёгка адшчэпліваюць азот, пры гэтым ацылазіды перагрупоўваюцца ў ізацыянаты. Атрымліваюць узаемадзеяннем NaN3 з галагенвытворнымі аліфатычных і араматычных злучэнняў. Неарган. азіды цяжкіх металаў выкарыстоўваюцца як ініцыіруючыя выбуховыя рэчывы, арган. азіды — паўпрадукты арган. сінтэзу, гербіцыды (азіпратрын).

т. 1, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫНАМО́НЫ,

сумесевыя брызантныя выбуховыя рэчывы: сумесь нітрату амонію NH4NO3 (акісляльнік) і невыбуховага гаручага (торф, драўняная мука, нафтапрадукты, парашкі металаў), якое лёгка акісляецца. Цеплата ўзрыву ў залежнасці ад складу 3—4,2 МДж/кг.

З тонкадысперснага NH4NO3 вырабляюць парашкападобныя Д., з сітаватага грануляванага — грануляваныя: грануліты (гранулы салетры, прамочаныя вадкім гаручым) і ігданіт (94—95% NH4NO3 і дызельнае паліва). Грануляваныя Д. ў параўнанні з парашкападобнымі менш гіграскапічныя і адчувальныя да мех. уздзеянняў. Выкарыстоўваюць для ўзрыўных работ на паверхні і пад зямлёй (акрамя шахтаў, небяспечных на газ і пыл). Гл. таксама Дынаміты.

т. 6, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́ЛЬФМАН (Геся Меераўна) (Міронаўна; паміж 1852—55, г. Мазыр Гомельскай вобл. — 13.2.1882),

рэвалюцыянерка-народніца. У час вучобы на курсах у Кіеве (1874) вяла рэв. прапаганду сярод рабочых. У 1877 зняволена на 2 гады. З 1879 чл. партыі «Народная воля». На канспіратыўных кватэрах Гельфман у Пецярбургу размяшчалася друкарня нарадавольскай «Рабочей газеты», хаваліся выбуховыя рэчывы, рыхтаваўся замах на Аляксандра II. 15.3.1881 арыштавана і разам з інш. арганізатарамі замаху прыгаворана да павешання; выкананне прыгавору адтэрмінавана ў сувязі з яе цяжарнасцю. Шырокая кампанія ў абарону Гельфман у замежным друку прымусіла цара замяніць пакаранне смерцю на пажыццёвую катаргу. Памерла ў турме ў час родаў.

т. 5, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫНАМІ́ТЫ (франц. dynamite ад грэч. dynamis сіла),

сумесевыя брызантныя выбуховыя рэчывы, якія маюць больш за 15% нітрагліцэрыны. Іх шчыльнасць, пластычнасць, устойлівасць да ўздзеяння вады, таксама адчувальнасць да мех. уздзеянняў (трэнне, удары) узрастаюць з павелічэннем колькасці нітрагліцэрыны ў сумесі.

Адрозніваюць гурдынаміты (вынайдзены А.Нобелем, 1867), у якіх нітрагліцэрына змяшана з інертным парашкападобным напаўняльнікам (напр., кізельгурам, талькам), і больш устойлівыя жэлаціндынаміты, дзе нітрагліцэрына жэлацінавана калаксілінам (гл. Нітраты цэлюлозы), напр., грымучы студзень (раствор 7—8% калаксіліну ў нітрагліцэрыне) — найб. магутны жэлаціндынаміт. З канца 19 ст. выкарыстоўвалі для многіх відаў узрыўных работ. Зараз карыстаюцца больш бяспечнымі выбуховымі рэчывамі (напр., аманіткі. дынамоны і інш.).

Літ.:

Дубнов Л.В., Бахаревич Н.С., Романов А.И. Промышленные взрывчатые вещества. 3 изд. М., 1988.

т. 6, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ДЗЮПО́Н ДЭ НЕМУ́Р ЭНД КО́МПАНІ»

(E.I. Du Pont de Nemours and Company),

буйнейшы ў свеце хімічны і па вытв-сці зброі канцэрн ЗША Узнік на аснове невял. парахавога завода, заснаванага ў 1802 франц. эмігрантам Э.​І.​Дзюпонам дэ Немурам. У 1899 адбылося аб’яднанне ўсіх прадпрыемстваў, якія належалі сям’і Дзюпон. Да 1-й сусв. вайны канцэрн вырабляў выключна выбуховыя матэрыялы і неарган. сыравіну, у час вайны гал. пастаўшчык выбуховых матэрыялаў у краіны Антанты, апрача таго развіваў вытв-сць фарбавальнікаў і штучнага шоўку. Пасля вайны канцэрн устанавіў свой кантроль над большасцю прадпрыемстваў хім. прам-сці ў ЗША. У 1938—39 пачаў вытв-сць першага поліаміднага валакна — нейлону. З 1942 вырабляе кампаненты для ядзернай зброі і ядзерных рэактараў. Звязаны фінансава з групай Моргана, а таксама з брыт. канцэрнам «Імпірыял кемікал індастрыс» і бельг. канцэрнам «Сальвэ». Робіць значны ўплыў на палітыку ўрада ЗША.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 6, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)