На р. Енісей, у Краснаярскім краі Расіі. Утворана плацінай Краснаярскай ГЭС. Запоўнена ў 1967—70. Пл. 2000 км², аб’ём 73,3 км³, даўж. 388 км, найб.шыр. 15 км, найб.глыб. 105 м. Узровень вады ў вадасховішчы вагаецца да 18 м. Прыплацінны ўчастак К.в. вузкі, каньёнападобны, вышэй пашыраецца да 10—15 км. Буйныя залівы ў далінах рэк Дзербіна, Сісім, Сыда і Туба. Суднаходства, лесасплаў, рыбная гаспадарка. Каля плаціны — г. Дзіўнагорск, у зоне выкліньвання падпору гарады Абакан, Мінусінск і г.п. Усць-Абакан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРА́ФІС (Graphis),
род накіпных лішайнікаў сям. графідавых. Вядома 300 пераважна трапічных і субтрапічных відаў, ва ўмераных шыротах — некалькі відаў. На Беларусі пашыраны графіс начэрчаны (G. scripta), расце на гладкай кары лісцевых дрэў.
Слаявіна ў выглядзе дробназярністай, аліўкава-шэрай, матавай корачкі, часам слабапрыкметная або цалкам у субстраце. Пладовыя целы (апатэцыі) шматлікія, доўгія і вузкія, прамыя, дугападобна выгнутыя, часам хвалістыя і разгалінаваныя, утвараюць малюнак, які нагадвае складаныя пісьмёны (адсюль назва). Дыск апатэцыя вузкі, шчылінападобны, чорны, з шызым напылам або без яго. Сумкі 8-споравыя. Споры цыліндрычныя, бясколерныя, потым цямнеюць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУГАДЖА́РЫ,
горы ў Акцюбінскай вобл., у Казахстане, паўд. працяг Урала. Даўж. з Пн на Пд 200 км. Выш. да 657 м (г.Вял. Бактыбай). Пачынаюцца на Пн як вузкі горны краж, што падзяляецца на 2 амаль паралельныя хрыбты, паміж якімі размяшчаецца слабахвалістая Алабаская катлавіна шыр. 15—20 км. Хрыбты ў некат. месцах злучаюцца невял. кражамі. Паўд. частка Зах. хрыбта найб. высокая, моцна расчлянёная. Усх. хрыбет — ланцуг згладжаных сопак, расчлянёных прытокамі р. Іргіз. Складзены з кварцытаў, крышт. сланцаў, гнейсаў, гранітаў, пясчанікаў. Радовішчы хрому, медзі, фасфарытаў. Дзярнова-злакавыя, злакава-палыновыя стэпы і паўпустыні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕМЯЗА́ВЯЗЬ, семязачатак,
шматклетачнае ўтварэнне насенных раслін, з якога развіваецца насенне. Мае ў сабе нуцэлус, дзе знаходзіцца мацярынская клетка мегаспор (мегаспарацыт), 1—2 інтэгументы, якія пры змыканні ўтвараюць вузкі канал — мікрапіле (праз яго пылковая трубка пранікае да зародкавага мяшка) і фунікулюс (семяножку), што прымацоўвае С. да плацэнты. У кветкавых раслін С. утвараецца ў завязі, у голанасенных — адкрыта на відазмененым лісці (мегаспарафіле). Пасля апладнення, з пачаткам развіцця зародка С. ператвараецца ў семя, што развіваецца. Колькасць С. у завязі кветкавых раслін ад аднаго (у злакаў) да 1 млн. (у архідных).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІКТО́РЫЯ (Victoria Falls),
вадаспад на р. Замбезі, у Паўд. Афрыцы, на мяжы Замбія—Зімбабве; адзін з буйнейшых у свеце. Выш. 120 м, шыр. 1800 м. Падзяляецца астравамі на часткі: Глотка Д’ябла, Галоўны, Вясёлкавы, Усходні. Вада падае з уступу выш. 120 м у вузкі (130 м) і глыбокі (140 м) каньён у базальтах, утварае гіганцкія слупы вадзянога пылу. Расход вады моцна вагаецца на працягу года, у сярэднім каля 1400 м³/с. Уваходзіць у склад нац. паркаў Вікторыя-Фолс (Зімбабве) і Мосі-Оа-Тунья (Замбія). ГЭС. Турызм. Адкрыты ў 1855 Д.Лівінгстанам, названы ў гонар каралевы Вялікабрытаніі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́САРАВА СЯЧЭ́ННЕ, кесарскае сячэнне
[ад lex Caesarea — у Стараж. Рыме царскі (кесараў) закон, што дазваляў рабіць такую аперацыю],
хірургічная аперацыя з мэтай дастаць плод і паслед з поласці маткі праз разрэз яе сценкі Адрозніваюць К.с. абдамінальнае (брушна-сценачнае) і похвеннае. Робяць К.с. пры жывым плодзе, калі ёсць пагроза для жыцця маці і плода, калі нармальныя роды немагчымы (вузкі ці дэфармаваны таз, рэзкія рубцовыя змены похвы, узрост жанчыны — 30 і больш гадоў, вял. плод і інш.). Пры вострых і моцных крывацёках, некаторых хваробах К.с. робяць нават пры мёртвым ці нежыццяздольным плодзе для выратавання маці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЯЎРЫ́НА (ад франц. couleuvrin змеепадобны),
1) французская разнавіднасць першых узораў ручной агнястрэльнай зброі (14—16 ст.) тыпу аркебузы. Мела жал. або бронз. ствол, прымацаваны кольцамі да драўлянай ложы, і вузкі выгнуты прыклад; калібр 12,5—22 мм, даўж. 1,2—1,4 м, маса 5—28 кг.
2) Найб. даўгаствольныя (з адноснай даўж. канала ствала 18—50 калібраў) гарматы розных калібраў (42—240 мм), якія ўжываліся для прыцэльнай стральбы на вял. адлегласці ў еўрап. арміях (у т. л. ў арміі ВКЛ) і ваен. флатах у 15—17 ст. У Германіі наз. шланг і гакенбюкс, у Расіі — пішчаль. Гл.іл. пры арт.Зброя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КНІ́ГАЎКА (Vanellus vanellus),
каня, птушка сям. сяўцовых атр. сеўцападобных. Пералётны від. Пашырана ў Еўразіі, на Беларусі трапляецца ўсюды. Жыве на вільготных лугах, травяністых балотах, забалочаных выганах; з 2-й пал.ліп. збіраецца чародамі. Зімуе ў Зах. Еўропе, на паўн. узбярэжжы Афрыкі. Нар. назвы кігіка, кныга, чайка.
Даўж. да 35 см, маса каля 200 г. Галава, шыя і валлё чорныя, з сіне-зялёным метал. бляскам, спіна аліўкава-зялёная з пурпуровым адлівам, грудзі і брушка белыя. На галаве доўгі вузкі чубок. Крылы шырокія, закругленыя на канцах. Корміцца насякомымі і інш. дробнымі беспазваночнымі, насеннем. Гняздуецца на зямлі невял. калоніямі і парамі. Нясе 4 яйцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕЛІКАЗА́ЎРЫ (Pelycosauria),
атрад вымерлых найб.стараж. і прымітыўных паўзуноў падкл. зверападобных. Вядомы з сярэдняга карбону (каля 320 млн.г. назад) Еўропы, Паўн. Амерыкі і Паўд. Афрыкі. 4 падатр., каля 90 відаў. П. вялі водны і паўводны лад жыцця.
Даўж. ад 20 см да 6 м. Чэрап высокі, вузкі. Сківічныя зубы канічныя, загнуты назад. У некат. відаў былі «рогі», для некат. (эдафазаўры) характэрна моцнае развіццё асцявых адросткаў тулаўных пазванкоў (даўж. да 60 см), што ўтваралі «парус», укрыты скурай (магчыма, выконваў функцыю тэрмарэгуляцыі). Заднія канечнасці даўжэйшыя за пярэднія. Большасць — драпежнікі, некат. малюскаедныя, насякомаедныя, расліннаедныя. Рэшткі маюць стратыграфічнае і палеагеагр. значэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́ЖСКІ «ДОМ НА РЫ́НКУ»,
помнік архітэктуры барока ў г. Нясвіж Мінскай вобл. Пабудаваны ў 1721 на б. Рыначнай пл. Прамавугольны ў плане 2-павярховы будынак з паўпадвалам мяшанай канструкцыі: ніжні паверх мураваны, верхні — драўляны. Да плошчы дом павернуты тарцовым мураваным фасадам з фігурным шчытом, які закрывае больш вузкі паверх з 2-схільным дахам. Аконныя праёмы на гал. фасадзе размешчаны сіметрычна цэнтр. восі, падкрэсленай уваходам і балконам на 2-м паверсе. Фігурны шчыт гал. фасада вылучаны прафіляваным карнізам. Невял. праём у нішы ў завяршэнні шчыта апрацаваны дэкар. ліштвамі. Уваход на 2-і паверх з боку дваровага фасада. У 1990-я г. рэканструяваны.