аўстрыйскі пісьменнік, прадстаўнік пражскай нямецкамоўнай літ. школы. Скончыў Пражскі ун-т (1906). Друкаваўся з 1909. Аўтар навел «Прысуд», «Качагар» (абедзве 1913), «Ператварэнне» (1916), «У калоніі для зняволеных» (1919), зб-каў «Сузіранне» (1913), «Вясковы лекар» (1919), «Галадамор» (1924). Пасмяротна выйшлі незавершаныя раманы-прытчы «Працэс» (1915, выд. 1925, экранізацыя 1962), «Замак» (1922, выд. 1926), «Амерыка» (1914, выд. 1927), а таксама навелы, дзённікі, афарызмы, лісты. У філас.-алегарычнай прозе К. праблемы адзіноты, трагічнага бяссілля, асуджанасці «маленькага чалавека». Яго маст. манеры ўласцівы спалучэнне розных настрояў і стылявых тэндэнцый, сумяшчэнне рэальна-будзённага з фантастычным, надсусветным, ужыванне сімволікі, алегорыі, гратэску, гумару. Як рэфарматар л-ры істотна паўплываў на маст. слова 20 ст.Літ. прэмія імя Т.Фантане 1915. На бел. мову асобныя творы К. пераклаў Л.Баршчэўскі.
Тв.:
Бел.пер. — Прысуд: Апавяданні і мініяцюры. Мн., 1996;
Рус.пер. — Роман. Новеллы. Притчи. М., 1965;
Процесс. Замок. Новеллы и притчи. Из дневников. М., 1989;
Америка. Процесс. Из дневников. М., 1991;
Замок. Новеллы и притчи. Письмо к отцу. Письма Милене. М., 1991.
Літ.:
Затонский Д.В. Франц Кафка и проблемы модернизма. 2 изд. М., 1972;
Шарп Д. Незримый ворон: Конфликт и трансформация в жизни Ф.Кафки: Пер. с англ.Воронеж, 1994;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІХАЙЛО́ЎСКІ (Мікалай Канстанцінавіч) (27.11.1842, г. Мяшчоўск Калужскай вобл., Расія — 10.2.1904),
расійскі сацыёлаг, публіцыст і літ. крытык; ідэолаг ліберальнага народніцтва, адзін з заснавальнікаў суб’ектыўнай сацыялогіі. Вучыўся ў Пецярбургскім ін-це корпуса горных інжынераў (1856—63). З 1868 супрацоўнік, пазней адзін з рэдактараў час.«Отечественные записки». У 1870-я г. зблізіўся з народнікамі. З 1892 сарэдактар час. «Русское богатство». Прадметам сацыялогіі лічыў адносіны розных форм супольнага жыцця (кааперацыі) да асобы. Пошук законаў гэтых адносін прывёў М. да стварэння канцэпцыі двухадзінай праўды, у рамках якой ён імкнуўся аб’яднаць «праўду-ісціну», атрыманую шляхам аб’ектыўнага назірання, з «праўдай-справядлівасцю», якая адпавядала маральным ідэалам вучонага. Імкненне М. асэнсаваць ўзаемадзеянне пазнавальнай і духоўна-маральнай патрэб прывяло яго да стварэння суб’ектыўнага метаду ў сацыялогіі. Паводле М., гісторыяй кіруюць стабільныя законы, што рэгулююць парадак і змену фаз гіст. руху, аднак у межах гэтых законаў асоба ставіць свае мэты ў гісторыі і «рухае да іх падзеі». Таму сацыёлаг павінен стварыць сац. ідэал і на гэтай аснове вызначыць, якія грамадскія элементы пажаданы, а якія не пажаданы ў будучыні. Лічыў асобу вышэйшым крытэрыем каштоўнасці грамадства і адмаўляў магчымасць прынясення яе ў ахвяру. Распрацоўваў тэорыю «герояў і натоўпу», гіст. прагрэс трактаваў як паступовае набліжэнне «да магчыма больш поўнага і ўсебаковага падзелу працы паміж органамі і магчыма меншага падзелу працы паміж людзьмі». Спадзяваўся, што многія праблемы грамадства будуць вырашаны пры сацыялізме, які вызначаў як «перамогу асабістага пачатку пры дапамозе пачатку грамадскага», што рас.сял. абшчына бліжэй, чым капіталіст. Захад, стаіць да сацыялізму як ідэалу будучыні. Як літ. крытык выступаў супраць утылітарных і нігілістычных літ.-крытычных поглядаў, выразнікам якіх быў Дз.І.Пісараў. Асн. творы: «Што такое прагрэс?» (1869), «Тэорыя Дарвіна і грамадская навука» (1870—73), «Барацьба за індывідуальнасць» (1875—76), «Героі і натоўп» (1882) і інш.
Тв.:
Литературная критика: Статьи о рус. лит. XIX — начала XX в. Л., 1989;
Герои и толпа: Изб. тр. по социологии. Т. 1—2. СПб., 1998.
Літ.:
Виленская Э.С. Н.К.Михайловский и его идейная роль в народническом движении 70-х — начала 80-х гг. XIX в. М., 1979;
Слинько А.А. Н.К.Михайловский и русское общественно-литературное движение второй половины XIX — начала XX в. 2 изд. Воронеж, 1982;
Володин АИ. Выдающийся деятель русской культуры // Отеч. история. 1993. № 6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСІ́ХІКА (ад грэч. psychikos душэўны),
вышэйшая форма ўзаемасувязі жывых істот с прадметным светам, якая праяўляецца ў іх здольнасці дзейнічаць на аснове інфармацыі аб ім і рэалізоўваць свае намеры. Узнікла на пэўнай ступені біял. эвалюцыі, выступіла ў якасці аднаго з яе фактараў і забяспечвае ўсё большую складанасць прыстасавання арганізмаў да ўмоў існавання. Дзякуючы актыўнаму і аператыўнаму адлюстраванню органамі пачуццяў і галаўным мозгам аб’ектаў становіцца магчымым ажыццяўленне дзеянняў, адэкватных уласцівасцям гэтых аб’ектаў, а тым самым — выжыванню арганізма. Забяспечвае пошук і надсітуатыўную актыўнасць арганізмаў. П. чалавека і жывёл уключае комплекс працэсаў і станаў: успрыманне, памяць, мысленне, намеры, сны і інш., а таксама элементы псіхічнага вопыту: адчуванні, вобразы, уяўленні, эмоцыі. У чалавека П. набывае якасна новы характар, абумоўлены наяўнасцю мовы, свядомасці і самасвядомасці. П. чалавека развіваецца пад уплывам сацыякульт. фактараў і ўключае псіхічныя ўласцівасці (накіраванасць, тэмперамент, характар, здольнасці), працэсы (пазнавальныя, эмацыянальныя і валявыя), станы (уздым, прыгнечанасць і інш.), вопыт (веды, навыкі, уменні, звычкі). У П. прадстаўлены і ўпарадкаваны падзеі мінулага, сучаснага і магчымай будучыні. Падзеі мінулага выступаюць у даных вопыту, уяўленнях памяці; сучаснага — у сукупнасці вобразаў, перажыванняў, разумовых актаў; магчымай будучыні — у імкненнях, намерах, мэтах, а таксама ў фантазіі і інш. Залежнасць псіхічных працэсаў ад аб’ектыўнай рэчаіснасці адлюстравана ў тэорыі І.М.Сечанава, які вызначыў рэфлекторную прыроду П. ў процілегласць уяўленням аб П. як асобнай бесцялеснай субстанцыі — душы і механістычна-матэрыялістычным тэорыям, якія зводзілі П. да нервовых працэсаў. Ідэя Сечанава лягла ў аснову тэорыі грамадска-гіст. паходжання П. чалавека (рас. вучоныя Л.С.Выгоцкі, А.Р.Лурыя, А.М.Лявонцьеў). Рас. вучоны С.Л.Рубінштэйн разглядаў П. як працэс, які фарміруецца і выяўляецца ў дзейнасці і павінен даследавацца праз праяўленні ў асн. відах дзейнасці. Асаблівы падыход у вывучэнні П. чалавека прапанавалі заснавальнік псіхааналізу З.Фрэйд і заснавальнік аналітычнай псіхалогіі К.Г.Юнг.
Літ.:
Лурия А.Р. Мозг человека и психические процессы. Т. 1—2. М., 1963—70;
Веккер Л.М. Психические процессы. Т. 1—3. Л., 1974—76;
Выготский Л.С. История развития высших психических функций // Собр. соч.М., 1983. Т. 3;
Гримак Л.П. Резервы человеческой психики: Введение в психологию активности. 2 изд. М., 1989;
Юнг К.Г. Структура психики и процесс индивидуации: Пер. с нем. М., 1996;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ФМАН ((Hoffmann) Эрнст Тэадор Амадэй) (24.1.1776, г. Кёнігсберг, цяпер г. Калінінград, Расія — 25.6.1822),
нямецкі пісьменнік, кампазітар, мастак. Вывучаў права ў Кёнігсбергскім ун-це. Арганізаваў філарманічнае т-ва, сімф. аркестр у Варшаве (1804—07). У 1807 — 13 дырыжор, кампазітар і дырэктар у т-рах Берліна, Бамберга, Лейпцыга і Дрэздэна. Аўтар адной з першых рамант. опер «Ундзіна» (1814), сімфоній, камерна-інстр. і хар. твораў. Першая навела «Рыцар Глюк» (1809). Творы 1809—14 аб’яднаны ў кн. «Фантазіі ў манеры Кало» (т. 1—4, 1814—15). У цэнтры творчасці Гофмана — тэмы мастака і мастацтва, музыкі і музыкантаў; асн. ідэя — невырашальнасць канфлікту паміж мастаком і грамадствам; скразныя вобразы — мастак і філістэр. У цыкле навел «Крэйслерыяна» (1814) і ў «Фрагментах біяграфіі Іаганеса Крэйсера», уведзеных у раман «Жыццёвыя погляды ката Мура», Гофман стварыў трагічны вобраз геніяльнага музыканта Крэйслера, самотнага, асуджанага на пакуты сярод людзей, далёкіх ад мастацтва. Светлай і радаснай фантастыцы казак «Шчаўкунок і Мышыны кароль», «Чужое дзіця», «Прынцэса Брамбіла» і інш. супрацьстаіць змрочны і злавесны каларыт у рамане «Эліксіры д’ябла» (1815—16) і «Начных апавяданнях» (т. 1—2, 1817). Ён папярэджваў аб небяспецы аўтаматызацыі грамадскай свядомасці (навела «Пясочны чалавек»), адчужанасці чалавека і вынікаў яго працы ў грамадстве, заснаваным на ўладзе золата. Казка «Малы Цахес, празваны Цыноберам» (1819) — вострая сатыра на феад.-бюргерскую рэчаіснасць Германіі пач. 19 ст. Сярод лепшых твораў Гофмана зб. навел «Серапіёнавы браты» (т. 1—4, 1819—21). Вяршыня творчасці — незавершаны раман «Жыццёвыя погляды ката Мура» (т. 1—2, 1820—22), пабудаваны на іранічнай паралелі паміж светам жывёл і светам людзей. Яго «Апошнія апавяданні» выдадзены ў 1825. Тэмы і вобразы твораў Гофмана знайшлі ўвасабленне ў творчасці Р.Шумана («Крэйслерыяна»), Р.Вагнера («Лятучы галандзец»), П.І.Чайкоўскага («Шчаўкунок»), А.Адана («Жызэль»), Л.Дэліба («Капелія»), П.Хіндэміта («Кардыльяк») і інш. Гофман — герой опер Ж.Афенбаха («Казкі Гофмана») і Г.Лачэці («Гофман»). Балет Чайкоўскага «Шчаўкунок» і опера Афенбаха «Казкі Гофмана» ўваходзяць у рэпертуар Нац.акад.т-ра оперы і балета Беларусі. На бел. мову асобныя творы Гофмана пераклаў В.Сёмуха. «Беларускі гафманізм» у творчай манеры Я.Баршчэўскага, аўтара «Шляхціца Завальні», трапна заўважыў Р.Падбярэскі (арт. «Беларусь і Ян Баршчэўскі», 1844).
Тв.:
Бел.пер. — Дон Жуан;
Рыцар Глюк: Успамін з 1809 г. // Крыніца. 1996. № 20 (4);
Рус.пер. — Жизнь и творчество;
Письма, высказывания, документы. М., 1987;
Собр. соч.: В 6 т.Т. 1—3. М., 1991—96.
Літ.:
Ботникова А.Б. Э.Т.А.Гофман и русская литература. Воронеж, 1977;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́САРАЎ (Дзмітрый Іванавіч) (14.10.1840, с. Знаменскае Леў-Талстоўскага р-на Ліпецкай вобл., Расія — 16.7.1868),
рускі публіцыст, літ. крытык. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1861). За публікацыю памфлета супраць самадзяржаўя і падтрымку А.Герцэна зняволены ў Петрапаўлаўскай крэпасці (1862—66). Асн. даследаванні, літ.-крытычныя, сацыялагічныя, гіст. і палемічныя артыкулы, нарысы і рэцэнзіі апублікаваў у час. «Русское слово», «Дело», «Отечественные записки» («Ідэалізм Платона», «Схаластыка XIX ст.», абодва 1861; «Базараў», «Бедная руская думка», абодва 1862; «Рэалісты», «Матывы рускай драмы», абодва 1864; «Пушкін і Бялінскі», «Разбурэнне эстэтыкі», «Мыслячы пралетарыят», усе 1865; «Барацьба за жыццё», ч. 1—2,1867—68; і інш.). У яркай і дасціпнай публіцыстыцы прааналізаваў творчасць І.Тургенева, А.Ганчарова, А.Пісемскага, Г.Гейнэ, раннія творы Л.Талстога, Ф.Дастаеўскага, вітаў літ. і паліт. кірунак М.Чарнышэўскага, М.Дабралюбава, інш.рэв. дэмакратаў. Адкрыта выступаў супраць самадзяржаўя, царскай бюракратыі, за інтэлектуальную і сац. свабоду, за гарантыю правоў народа і кожнага чалавека. П. — радыкальны крытык схаластычнай навукі, філас. ідэалізму, бурж. лібералізму, містыкі, фарысейскай маралі. У эстэтыцы развіваў традыцыі рэв. дэмакратызму і крытычнага рэалізму, аналіз маст. творчасці супастаўляў з глыбокім даследаваннем сац. рэчаіснасці, класава-саслоўнай структуры грамадства. Высока цаніў прыродазнаўчыя і фізіка-матэм. веды, эвалюцыйную тэорыю развіцця грамадства, навукова-тэхн. прагрэс, сацыялогію А.Конта, сац.-паліт. тэорыю Ж.Ж.Русо. Дасціпна высмейваў арыстакратычнае эстэцтва, ізаляваную ад жыцця народа навуку і л-ру. Але ў палемічных перабольшаннях наўмысна дапускаў нігілістычныя выпады супраць «чыстага мастацтва», класічнай л-ры, творчасці А.Пушкіна, прапаведаваў утылітарызм і «разбурэнне эстэтыкі».
Літ.-крытычная і сац.-філас. спадчына П. станоўча паўплывала на развіццё бел. эстэтыкі, крытыкі і публіцыстыкі. Бацька паэта М.Багдановіча народнік А.Багдановіч успамінаў, як у Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі студэнты патаемна чыталі забароненыя для іх творы П. Газ. «Минский листок» станоўча ацаніла перавыданні яго твораў, ставіла П. ў шэрагу выдатных і самаахвярных пісьменнікаў. Газ. «Минский курьер» крытыкавала яго антыэстэтызм, але высока ацаніла яго глыбокі аналітычны розум, палемічны талент, ушаноўвала яго поруч з інш. «пакутнікамі слова». Спадчына П. прапагандавалася ў бел. друку 1920—80-х г. Яго выбр. творы перакладзеныя на бел. мову.
Тв.:
Соч.Т. 1—4. М., 1955—56;
Исторические эскизы: Избр. ст.М., 1989;
Литературно-критические статьи. Мн., 1976;
Литературная критика. Т. 1—3. Л., 1981;
Бел.пер. — Выбр. творы. Мн., 1939.
Літ.:
Гошевский В.О. Проблема личности в философском наследии Д.И.Писарева. Л., 1987;
Искра Л.М. Д.И.Писарев и его роль в истории русской общественно-политической мысли. Воронеж, 1988;