МАТА́ЛЬНАЯ МАШЫ́НА машына для перамотвання пражы і нітак з розных валокнаў на бабіну, шпулю ці інш. пакоўку, зручную для далейшага выкарыстання. Пры перамотванні М.м. ачышчае пражу ад дробнага смецця і ліквідуе патаўшчэнні ў ёй, павялічвае даўжыню і паляпшае якасць нітак. Найб. пашыраны крыжаматальныя машыны, што ўтвараюць бабіну з крыжападобнай намоткай. Выкарыстоўваюцца ў ткацкай, трыкат. і круцільнай вытв-сці.

Схема матальнай машыны: 1 — нерухомае верацяно; 2 — накіравальны дроцік; 3 — нацяжное прыстасаванне; 4 — матальны барабанчык з канаўкамі для нітак (для ўтварэння крыжападобнай намоткі); 5 — бабіна.

т. 10, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАФА́ЗА (ад грэч. pro раней, перад + phasis з’яўленне),

першая фаза дзялення клеткі і яе ядра шляхам меёзу ці мітозу. Найб. складаная і працяглая фаза. Важныя адзнакі П. — кандэнсацыя храмасом, спыненне сінтэзу РНК, растварэнне ядзерка і пачатак фарміравання верацяна дзялення. У клетках жывёл і некат. ніжэйшых раслін верацяно дзялення ўтварае мітатычны апарат разам з цэнтрыёлямі, у клетках вышэйшых раслін і некат. прасцейшых — без іх. У П. меёзу I, якая мае 5 стадый, акрамя таго адбываецца кан’югацыя гамалагічных храмасом. П. меёзу II адбываецца аналагічна П. мітозу.

Р.​Г.​Заяц.

т. 13, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕПАРА́ТАР МАЛО́ЧНЫ,

апарат для раздзялення малака на вяршкі і адгон і ачысткі яго ад мех. дамешкаў. Сепарацыя адбываецца ў стальным барабане, які мае сістэму канічных талерак з верт. каналамі. Пры вярчэнні барабана (6—12 тыс. абаротаў за мінуту) малако па каналах расцякаецца ў міжталерачныя зазоры, дзе пад дзеяннем цэнтрабежнай сілы адгон як больш цяжкі адкідваецца на перыферыю, падымаецца ўгору і выходзіць праз адтуліну. Вяршкі збіраюцца каля восі барабана, па каналах талеркатрымальніка падымаюцца ўверх і выцякаюць у збіральнік. Прадукцыйнасць С.м. да 5 тыс. л/гадз.

В.​М.​Кандрацьеў.

Схема сепаратара малочнага: 1 — барабан; 2 — пакет талерак; 3 — талеркатрымальнік; 4 — паплаўковая камера; 5 — паплавок; 6 — верацяно; 7 — электрарухавік з механізмам прывода.

т. 14, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́РБУТ Уладзімір Іванавіч (14.4.1888, хутар Нарбутаўка Глухаўскага р-на Сумскай вобл., Украіна — сак. 1938),

рускі паэт. Брат Г.І.Нарбута. Вучыўся ў Пецярбургскім ун-це (1906—12). Уваходзіў у аб’яднанне акмеістаў «Цэх паэтаў». У 1922—28 на парт. і выдавецкай рабоце ў Маскве. У 1936 рэпрэсіраваны, рэабілітаваны ў 1956. Друкаваўся з 1908. У першым зб. «Вершы» (1910) пераважае тэма прыроды. У паэт. зб-ках «Алілуя» (1912, арыштаваны цэнзурай; 2-е выд. 1922), «Вій» (1915), «Верацяно» (1919), «Плоць», «У вогненных слупах», «Вершы пра вайну» (усе 1920), «Вялікдзень» (1922) і інш. тэмы адчаю і надзеі, спалучэнне розных стылістычных і моўных пластоў — ад біблейскага да вясковага. Аўтар паэмы «Аляксандра Паўлаўна» (1922), апавяданняў, этнагр. нарысаў, артыкулаў пра М.​Гумілёва, С.​Гарадзецкага, М.​Клюева, М.​Цвятаеву, В.​Мандэльштама і інш. Творчасці Н. ўласціва сувязь з укр. фальклорам, выкарыстанне ўкраінізмаў, царкоўнаславянізмаў, інтэнсіўнасць фарбаў, натуралізм.

Тв.:

Избр. стихи. Париж, 1983;

Стихотворения. М., 1990.

т. 11, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НЕ́РУШ»,

народны фальклорна-этнаграфічны ансамбль БДУ. Створаны ў 1980, у 1985 нададзена званне народнага. Арганізатар і маст. кіраўнік В.​Гладкая. Уключае вак.-танц. групу (36 удзельнікаў) і інстр. ансамбль (8 чал.). У рэпертуары аўтэнтычныя бел. нар. песні, музыка, танцы, абрады розных рэгіёнаў Беларусі. Валодае школай нар. спеву з захаваннем рэгіянальных асаблівасцей. Большасць твораў запісана этнамузыколагамі і ўдзельнікамі калектыву ў фалькл.-этнагр. экспедыцыях, у т. л. песні «Ой, ты, сонца да яснае сонейка», «Да повідэмо куста», «Ой, і дай ты мне раду», «Там на лужку, на лужку», полька «Верацяно», «Ацьмінаўская кадрыля», веснавыя карагоды. Ансамбль зрабіў некалькі дзесяткаў запісаў на Бел. радыё, выпусціў кампакт-дыск. Творчасці калектыву прысвечаны фільмы Бел. тэлебачання «Вяселле ў Траецкім» (1989), «Каляда», «Піліпаўка». Лаўрэат і дыпламант рэсп. і міжнар. фалькл. фестываляў і конкурсаў, у т. л. ў Балгарыі (Сафія, 1985, Залаты медаль), Нарвегіі (г. Ф’ёрдэ, 1995), Італіі (г. Віка-Экуэнсе, 1998).

Н.​Г.​Мазурына.

Фальклорна-этнаграфічны ансамбль «Неруш».

т. 11, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАДЗЕ́ННЕ,

сукупнасць тэхнал. працэсаў, з дапамогай якіх валакністы матэрыял перапрацоўваюць у пражу.

Асн. працэсы П.: разрыхленне, змешванне, трапанне, корда- і грэбенечасанне, выцягванне, скручванне і намотванне. Валакністы матэрыял расскубаюць на шматкі, каб зменшыць яго шчыльнасць, зрабіць масу аднароднай, ачысціць ад дамешкаў. Змешванне ідзе амаль на ўсіх стадыях П. Найб. важныя працэсы П. — корда- і грэбенечасанне (гл. Часанне). У выніку грэбенечасання на грэбенечасальных машынах і дадатковай апрацоўкі стужка ператвараецца ў роўніцу. Складанне (злучэнне прадуктаў П. аднаго віду для сумеснай апрацоўкі) суправаджаецца выцягваннем — падаўжэннем валокнаў на выцяжных прыладах. Кручэнне і намотванне пражы выконваюцца на верацёнах прадзільных машын. Існуе таксама ручное П.: рукамі (вядома з неаліту ў большасці народаў), на верацяне, калаўротам. Да 19 ст. найб. пашырана П. на верацяне. На Беларусі з 19 ст. верацяно выцеснена калаўротам, у якім нітка намотваецца на шпулю, што прыводзіцца ў рух колам. Ручная пража выкарыстоўваецца пры вырабе тканін мастацкіх. Адрозніваюць бавоўна-, ільно- і воўнапрадзенне (гл. Баваўняная прамысловасць, Ільняная прамысловасць, Шарсцяная прамысловасць).

т. 12, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАКЕ́ТА (ням. Rakete ад італьян. rocchetta шпуля, верацяно),

лятальны апарат, які рухаецца ад дзеяння рэактыўнай цягі. Можа рухацца і ў беспаветранай прасторы, што дае магчымасць выкарыстоўваць Р. для палётаў у космас. Бываюць адна- і шматступеньчатыя ракеты, кіравальныя (маюць сістэму кіравання, якая забяспечвае палёт па зададзенай траекторыі, напр., балістычныя ракеты) і некіравальныя (звычайна баявыя тактычныя Р. з далёкасцю палёту да дзесяткаў кіламетраў). Выкарыстоўваюцца ў ваен. справе (ракетная зброя), для навук. (напр., «Космас»), геафіз. (напр., «Вертыкаль») і метэаралаг. даследаванняў, а таксама для запуску касмічных апаратаў (гл. Ракета-носьбіт).

Асн. часткі Р.: корпус з адсекамі (злучае ўсе часткі Р. ў адзіную канструкцыю), адзін або некалькі ракетных рухавікоў, ёмістасці з ракетным палівам (запас рабочага цела), карысны груз (баявая частка, касм. апарат, метэапрылады), сістэма кіравання (на кіравальных Р.). Канструкцыя Р. залежыць ад яе прызначэння і тыпу выкарыстаных рухавікоў. Асн. тып рухавіка для Р.-носьбіта — вадкасны ракетны рухавік, для большасці баявых, метэаралаг. і геафіз. Р. — цвердапаліўны ракетны рухавік. На многіх Р. устанаўліваюць спец. разгонныя або стартавыя рухавікі (звычайна цвердапаліўныя). Органы кіравання — аэрадынамічныя (напр., паветраныя рулі, інтэрцэптары, элероны), газадынамічныя (газаструменныя рулі, паваротныя камеры і соплы, дэфлектары) і камбінаваныя; забяспечваюць дынамічную стабілізацыю Р., кіраванне ёю на ўсёй траекторыі ці на яе асобных участках. Некіравальныя Р. стабілізуюцца ў палёце хваставым апярэннем або вярчэннем вакол падоўжнай восі. Запускаюцца з пускавых установак, у т. л. шахтавага тыпу, караблёў, падводных лодак, самалётаў, верталётаў, касм. — са стартавага комплексу касмадрома. Састаўныя (шматступеньчатыя) Р. складаюцца з 2—4 ракетных ступеняў, размешчаных паслядоўна ці па т.зв. пакетнай схеме. На 1-м этапе актыўнага ўчастка дзейнічае І-я ступень, разгон працягвае 2-я і г.д. Асн. характарыстыкі Р.: сіла цягі рухавіка (да 10 МН) і скорасць выцякання рэактыўнага струменя (3000—4500 м/с). Стартавая маса ад некалькіх кілаграм да некалькіх тысяч тон. Баявыя Р. бываюць: стратэгічныя, аператыўна-тактычныя, тактычныя; блізкага дзеяння, сярэдняй і вял. далёкасці (міжкантынентальныя); класаў «зямля—зямля», «зямля—паветра», «паветра—паветра», «паветра—зямля», «паветра—карабель», «карабель—зямля» і інш. Уваходзяць у наземныя, авіяц. і карабельныя ракетныя комплексы. Р. класа «зямля—паветра» — асн. зброя войск ППА (гл. Зенітны ракетны комплекс). Высокадакладным дальнабойным сродкам паветранага нападзення з’яўляецца крылатая ракета (ляціць больш за 2,6 тыс. км на выш. каля 30—100 м).

Вынайдзена ў Кітаі пасля адкрыцця пораху (каля 10 ст.); першае ўпамінанне пра Р. (трубкі з порахам) адносяцца да 1232. У Еўропе звесткі пра парахавыя Р. з’явіліся ў 13 ст., у канцы 14 — пач. 16 ст. існавала некалькі тыпаў Р. (рухаліся вертыкальна, па паверхні вады, па канаце). З канца 14 ст. сталі выкарыстоўвацца для феерверкаў (уяўлялі сабой кардонную гільзу з карысным грузам — зорачкамі ў верхняй частцы і порахам у ніжняй). Найб. раннія звесткі пра выкарыстанне Р. на Украіне адносяцца да 1516. У сярэдзіне 17 ст. лепшым ракетчыкам Еўропы лічыўся бел. інжынер і вучоны К.Семяновіч, які апісаў (1650) розныя канструкцыі ракет, абгрунтаваў ідэю шматступеньчатай Р. і ракетных батарэй. Звесткі пра Р. ў Расіі адносяцца да 1675, у 1680-я г. створана маск. Ракетнае прадпрыемства. Даследаванні па розных тыпах Р. у канцы 18 ст. правялі франц. інжынеры. У пач. 19 ст. англ. канструктар У.​Конгрыў абагульніў вопыт ракетабудавання, правёў шэраг навук. даследаванняў у галіне ракетнай тэхнікі, распрацаваў новыя тыпы парахавых Р. (выратавальныя, гарпунныя, са стартавай масай да 450 кг і далёкасцю палёту больш за 3 км). Р. як зброя пашырылася ў многіх краінах Еўропы. З канца 1920-х г. распрацоўку вадкасных Р. і ракетных рухавікоў у СССР пачалі ў Газадынамічнай лабараторыі, Рэактыўным НДІ і Групе па вывучэнні рэактыўнага руху. У пач. 1940-х г. у Германіі створана Р. Фау-2 (з 1944 выкарыстоўвалася для абстрэлу Вялікабрытаніі). У 1948 у ЗША адбыўся запуск 2-ступеньчатай вадкаснай Р. «Бампер» (1-й яе ступенню была дапрацаваная Р. Фау-2). У 2-й пал. 1950-х г. адбыўся пераход ад адна- да шматступеньчатых Р. (у СССР Р-7), з дапамогай якіх пачаліся даследаванні касм. прасторы (гл. Касманаўтыка). У Расіі і СССР развіццё Р. звязана з імёнамі А.​Дз.​Засядка, К.​А.​Шыльдэра, К.​І.​Канстанцінава, М.І.Кібальчыча, К.Э.Цыялкоўскага, Ф.А.Цандэра, А.І.Шаргея (Ю.​В.​Кандрацюк), С.А.Косберга, С.П.Каралёва, В.П.Глушко і інш. Значны ўклад у развіццё ракетабудавання зрабілі інжынеры і вучоныя Г.​Гансвінт (Германія), Р.​Эно-Пельтры (Францыя), Р.Годард (ЗША), Г.Оберт і І.​Вінклер (Германія), В. фон Браўн (Германія, ЗША).

Літ.:

Ляпунов Б.В. Ракета. 2 изд. М., 1960;

Золин Б.И., Савин Н.В. Основы теории и конструкции ракет. М., 1971;

Киселев С.П. Физические основы аэродинамики ракет. М., 1976;

Князьков В.С., Рожков В.В. Боевые ракеты. М., 1977;

Колесников К.С. Динамика ракет. М., 1980;

Феодосьев В.И. Основы техники ракетного полета. 2 изд. М., 1981;

Бельск і А.М., Ткачоў М.А. Вялікае мастацтва артылерыі: Казімір Семяновіч. Мн., 1992.

У.​С.​Ларыёнаў, У.​М.​Сацута.

Схемы ракет: а, б — аднаступеньчатых на цвёрдым і вадкім паліве (1 — баявая частка, 2 — сістэма кіравання, 3 і 5 — бакі акісляльніку і паліва, 4 — цвёрдае паліва, 6 — турбіна, 7 — камера згарання, 8 — стабілізатар); в — двухступеньчатай з папярочным дзяленнем (1 — карысны груз, 2 — пераходная ферма, РА — рухальны адсек, ПА — паліўны адсек); г — шматступеньчатай з пакетным размяшчэннем ступеняў (1 — баявая частка, 2 — сістэма кіравання, 3 — паліўныя бакі, 4 — ракетныя рухавікі); д — стратэгічнай сярэдняй далёкасці (1 — галоўка саманавядзення, 2 — баявая частка, 3 — электроннае абсталяванне, 4 — маршавы рухавік, 5 — крыло, 6 — аэрадынамічныя рулі).

т. 13, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАРЭАГРАФІЧНАЕ МАСТАЦТВА.

Нар. харэаграфічнае мастацтва беларусаў выступае як складаная поліэлементная з’ява ў арганічным спалучэнні з каляндарна-земляробчай і сямейна-родавай сістэмамі. Складаецца яно з карагодаў і танцаў. Найстараж. від нар. танц. творчасці, пашыраны на Беларусі, — карагод (харавод, каравод, танок, кола, круг). Гэта калектыўная харэаграфічная дзея, у якой рухі арганічна спалучаюцца з харавым спяваннем (часам з інстр. суправаджэннем) і драматызацыяй паэт. зместу. Паводле функцый карагоды падзяляюцца на абрадавыя, прымеркаваныя да абрадаў або пэўнага часу і абставін, і пазаабрадавыя. Сярод абрадавых пераважаюць карагоды веснавыя (выконваюцца «ад Масленкі да Тройцы»), летняга перыяду (звязаны з купальскімі ігрышчамі і жнівом), восеньскія (звязаны з абрадам «Жаніцьба Коміна»), зімовыя (звязаны з Калядамі). Карагоды, прымеркаваныя да абрадаў, сустракаюцца ў каляндарным і сямейным цыклах, пазаабрадавыя выконваюцца ў любы час. Паводле жанравых прыкмет карагоды падзяляюць на 3 групы з адпаведным дамінаваннем у іх песні, гульні, уласна харэаграфіі: песенныя («Чыя эта мамка па вуліцы ходзіць», «Ідзе, ідзе карагод», «Як па жыту луны ходзюць», «Ой, што на нашым на шырокім возеры», «Ой, ляці, страла, да ўздоўж сяла» і інш.), гульнявыя («Пава хадзіла пер’е раніла», «Заінька па-за садам», «Сядзіць, сядзіць Яшчар», «Цар за горадам гуляе», «А мы проса сеялі», «Рында», «Ідзіце, мальцы, у карагод» і інш.), танцавальныя («Як пашла мядзвежка пір піруваці», «Васіль, Васілёчык», «Зязюля», «Каб мне чарачку гарэлкі», «Гусарык», «Шастак» і інш.). Выконваюцца карагоды пераважна жанчынамі ўсіх узроставых груп (класічныя кругавыя карагоды — абрадавыя ці прымеркаваныя да абрадаў), а таксама дзіцячымі, падлеткавымі, маладзёжнымі гуртамі мяшанага складу (пераважна гульнявыя і танц.).

Бел. аўтэнтычны т а н е ц — складаная сістэма, якая спалучае функцыі: абрадавыя (калядныя, жніўныя, вясельныя); прымеркаваныя да абрадаў (каляндарных і сямейна-родавых), якія выконваюцца ў любы час (на вечарынках, гульнях, ігрышчах, забавах, кірмашах, фэстах, у бяседзе); жанравую разнавіднасць (кадрылі, полькі, лявоніхі, вальсы, група запазычаных фалькларызаваных танцаў); тып арганізацыі руху (танцы-гульні, танцы ілюстрацыйна-выяўленчыя, арнаментальныя, імправізаваныя); структуру (аднаматыўныя, мала- і шматфігурныя, мала- і шматкаленныя); склад выканаўцаў (парна-гуртавыя, сольна-гуртавыя, з няцотнай колькасцю ўдзельнікаў, парныя, сольныя); муз. суправаджэнне — сольнае («пад язык», інструмент), ансамблевае (інстр., песенна-інстр.). Сярод абрадавых танцаў: калядныя («Каза», «Мядзведзь», «Кабылка», «Буцян» і інш.), жніўныя («Казёл» і інш.), вясельныя («Качан», «Чобаты», «Жабка», «Скокі на лаўках», «Жораў» і інш.), прымеркаваныя да абрадаў («Магера», «Таўкачыкі», «Лявоніха» з каляднай гульні «Жаніцьба Цярэшкі» і інш.). Сярод пазаабрадавых: «Лявоніха», «Мяцеліца», «Кашэль», «Чарэйка», «Кросны», «Церніца», вальс «Вішанька», «Акуліна»; «Какетка», «Каханачка», «Лысы», «Матлёт»; «Мікіта», «Заяц», «Казак», «Рускага» і шмат інш. Вызначальнымі для беларусаў з’яўляюцца полькі, якія пашыраны ў шматлікіх тыпах, варыянтах і назвах: «Трасуха», «Дробная», «Скакуха», «Соўгалка», «Крутуха», «Вінтом», «Верацяно», «Рассыпуха», «Казёл», «Зявака», «Шчэпка», «Пчолка», «З камандамі», «На два бакі» і інш.

Першыя звесткі пра бел. харэаграфічны фальклор з’явіліся ў 19 — пач. 20 ст. у працах Я.​Чачота, братоў Я. і К. Тышкевічаў, І.​Насовіча, П.​Бяссонава, П.​Шэйна, Е.​Раманава, А.​Кіркора, П.​Шпілеўскага, А.​Пшчолкі, М.​Федароўскага, У.​Дабравольскага, М.​Нікіфароўскага, М.​Доўнар-Запольскага, Я.​Карскага, А.​Багдановіча, А.​Сержпутоўскага і інш. У 1844 выйшла першая публікацыя, прысвечаная бел. танцу, «Беларускі танец з прыпеўкамі» А.​Овіча, у 1941 — «Беларускі танец» І.​Хвораста. З сярэдзіны 20 ст. асобныя жанравыя разнавіднасці бел. традыц. нар. харэаграфіі разглядалі ў сваіх працах К.​Галяйзоўскі, З.​Мажэйка, В.​Яшчанка і інш. У 1956 выдадзены першы зб. з нотнымі дадаткамі і малюнкамі «Шэсць беларускіх танцаў» (складальнік К.​Аліна), у 1969 — манаграфія «Беларускі сцэнічны танец» Ю.​Чурко, у 1978 — навучальны дапаможнік «Беларускія народныя танцы, карагоды, гульні» Л.​Алексютовіч. З 1990-х г. бел. танцавальны фальклор пачаў даследавацца як сінкрэтычнае адзінства руху, музыкі, слова, ва ўзаемасувязі функцыі, структуры і стылістыкі ў працы ў 6 т. «Традыцыйная мастацкая культура беларусаў» («Магілёўскае Падняпроўе», т. 1, 2001; «Віцебскае Паддзвінне», т. 2, 2004). Сцэнічныя варыянты пашыраных на Беларусі танцаў запісвалі С.​Грабеншчыкоў, Н.​Лаўрухіна, А.​Рыбальчанка, І.​Серыкаў, Я.​Хацілоўскі і інш.

Музыку для бел. нар. танцаў збіралі: у 19 ст. М.​Ельскі, О.​Кольберг, Я.​Карловіч, Е.​Раманаў, у 20 ст. А.​Грыневіч, М.​Чуркін, Р.​Шырма, Г.​Цітовіч, І.​Назіна, М.​Козенка, А.​Рашчынскі, В.​Купрыяненка, А.​Скорабагатчанка, М.​Казловіч і інш., музыку бел. нар. танцаў выкарыстоўвалі ў сваіх творах бел. кампазітары І.​Жыновіч, Дз.​Камінскі, Р.​Пукст, М.​Чуркін, Я.​Цікоцкі, А.​Багатыроў, Дз.​Лукас, Р.​Сурус, В.​Войцік, В.​Помазаў, У.​Кандрусевіч, Г.​Гарэлава, П.​Альхімовіч, В.​Кузняцоў, А.​Рашчынскі, С.​Наско, С.​Хвашчынскі, Л.​Сімаковіч і інш.

У сістэме традыц. нар. харэаграфіі вызначальная роля належыць яе т.зв. карыфеям (лідэрам), якія выступаюць у ролі захавальнікаў нар. рэпертуару, мясцовага маст. стылю. Сярод нар. танцораў: на Усх. Палессі — В.​Багданава, Я. і С. Вергуны, Л.​Дрань, М.​Забаўка, Р. і М. Казачэнкі, В.​Казлоў, Г.​Каўтунчык, Г.​Круглова, Г.​Ксяндзова, Т.​Лахцерава, Ю.​Ліпская, Н.​Лось, М.​Маркевіч, Л.​Махнач, А.​Сасноўская, З.​Сініцкая; на Зах. Палессі — А.​Клімчук, С.​Кочык, Л.​Крагель, М.​Кунац, Г.​Міхаевіч, С.​Страпка, Г. і М. Сукач, Я.​Шумак, Я.​Якута, С.​Ярошчык; у цэнтр. Беларусі — М. і С. Абрамовічы, З.​Касцюковіч; у Падняпроўі — В.​Галамака, М.​Каношка, Т.​Сінякова і інш.

У галіне традыц. нар. харэаграфіі працуюць нар. ансамблі нар. танца, музыкі і песні «Лёс» Бабіцкага сельскага дома культуры Чачэрскага р-на, засл. фалькл. ансамбль «Журавінка» Слабадскога сельскага дома культуры Лельчыцкага р-на, фалькл.-этнагр. гурт в. Скібічы Драгічынскага р-на, фалькл. калектывы — «Знаходка» Тышкавіцкага сельскага дома культуры Іванаўскага р-на, «Сінічкі» Івольскага сельскага дома культуры Буда-Кашалёўскага р-на, дзіцячыя ўзорныя танц. фалькл. гурты «Берагіня» Мётчанскай адукацыйна-выхаваўчай установы «Школа-садок» Барысаўскага р-на, «Верабейкі» Любанскага раённага цэнтра культуры, «Рудабельскія зорачкі» СШ №3 г.п. Акцябрскі, узорныя танц. калектывы «Нежачкі» Расонскага раённага цэнтра пазашкольнай работы, «Верасок» Капаткевіцкага гар. дома культуры Петрыкаўскага р-на і інш.

Самабытныя сцэнічныя пастаноўкі на аснове харэаграфічных першакрыніц зрабілі бел. харэографы П.​Акулёнак, Л.​Алексютовіч, Л.​Барадулька, В.​Варановіч, А.​Вараб’ёў, Ю.​Васілюк, В.​Гаявая, В.​Дарнеў, С.​Дрэчын, М.​Дубінін, М.​Дудчанка, В.​Жыльцоў, Н.​Залеўская, Ч.​Клячко, М.​Лесагор, Л.​Ляшэнка, А.​Мяцельская, В.​Папоў, В.​Партной, А.​Рыбальчанка, В.​Сакалоў, П.​Свярдлоў, І.​Серыкаў, І.​Смірноў, І.​Хвораст, М.​Цурканаў, Г.​Чорны, Я.​Штоп і інш.

У апошнія дзесяцігоддзі традыц. харэаграфічную спадчыну беларусаў даследавалі аддзел харэаграфічнага мастацтва Рэсп. навук.-метадычнага цэнтра культуры Мін-ва культуры Беларусі, галіновая навук.-даследчая лабараторыя бел. танц. творчасці Мінскага ін-та культуры (А.​Варламаў, С.​Гуткоўская, Г.​Каляда, С.​Клімовіч, Ю.​Чурко і інш.), з пачатку 1990-х г. — лабараторыя традыц. мастацтва Бел. дзярж. ін-та праблем культуры (М.​Козенка), а таксама абласныя і раённыя цэнтры культуры рэспублікі.

Да аўтэнтычнага танц. фальклору звяртаюцца харэаграфічныя калектывы Беларусі, бел. дыяспары за яе межамі. Асновам бел. нар. танца навучаюць у дзіцячых харэаграфічных школах, школах мастацтваў, у этнашколах. Як асобную дысцыпліну бел. нар. танец вывучаюць у бел. ун-це культуры і мастацтваў, пед. ун-це імя М.​Танка, у сярэдніх спец. навуч. установах культуры і мастацтва.

На Беларусі праводзяцца традыц. рэсп. фестывалі нар. танца «Беларуская полька» (г. Чачэрск; 1993, 1994, 1996, 1999—2000), рэгіянальныя фестывалі фалькл. мастацтва, у т. л. «Берагіня» (г.п. Акцябрскі; 1999, 2000—2001; з 2004 — рэсп.), «Мядоцкі край і яго таленты» (в. Мётча Барысаўскага р-на; 1997, 2001), а таксама рэсп. фестывалі бел. нар. танца «Палескі карагод» (перыядычна — міжнар.; г. Пінск, з 1991), «Пярэзвы» (г. Бабруйск, 1992) і інш.

Пра бел. харэаграфічны фальклор зняты фільмы «Столінскія карагоды, танцы, скокі» (1990), «Чачэрскі куфэрак» (1991), «Карагод» (1995), «У святыя вечары на Каляды» (1996) і інш., а таксама больш за 30 танц. фалькл. тэлепраграм з цыкла «Радавод» (1991—2000).

Касцюмы для калектываў нар. танца вырабляюць маст.-эксперым. тэатр. камбінат, маст.-вытв. камбінат Бел. саюза тэатр. дзеячаў, навук.-вытв. рэсп. унітарнае прадпрыемства «Скарбніца», спецыялізаваныя атэлье ў абл. цэнтрах, прыватныя вытв. майстэрні і інш. па эскізах мастакоў А.​Александровіч, Л.​Баразны, І.​Булгакавай, А. і Н. Бяловай, А.​Казловай, С.​Кошавай, Н.​Мядзведскай, Ю.​Піскуна, М.​Раманюка, Л.​Рулёвай, Т.​Шэпет, Г.​Юрэвіч, А.​Юр’евай і інш.

М.​А.​Козенка.

Кругавы веснавы карагод у выкананні жыхарак вёсак Ламбава і Панкратавічы Бабруйскага раёна.
Узорны фальклорны гурт «Берагіня» Барысаўскага раёна.

т. 18, кн. 2, с. 635

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)