ЧАЧЭ́РСКІ,

біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Чачэрскім р-не Гомельскай вобл. Засн. ў 1978 для аховы, рацыянальнага выкарыстання і аднаўлення прыродных запасаў лек. раслін. Пл. 24,6 тыс. га. Водна-ледавіковая раўніна з дзюнамі, на З — хвалістая тэраса з астанцамі марэннай раўніны і дзюнамі. Глебы дзярнова-падзолістыя забалочаныя і пясчаныя. Пераважаюць хвойнікі (60%) і бярэзнікі (19%) імшыстыя, верасовыя, арляковыя, чарнічныя; пашыраны ельнікі, трапляюцца чорнаалешнікі, дубровы, асіннікі, грабнякі. Лек. расліны: цмен пясчаны, святаяннік прадзіраўлены, чарніцы, брусніцы, ландыш майскі, крапіва двухдомная, палын лячэбны, сардэчнік сардэчны, страўснік звычайны, зуброўка паўднёвая і інш. У Чырв. кнізе — пылкагалоўнік чырвоны, жаўтазель германскі, канюшына лубінавая; з жывёл — барсук, кулік-сарока, чорны бусел.

П.​І.​Лабанок.

т. 17, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕБРЫ́ДСКІЯ АСТРАВЫ́, Гебрыды (Hebrides),

архіпелаг у Атлантычным ак., у складзе Брытанскіх а-воў; тэр. Вялікабрытаніі. Уключае каля 500 астравоў. Пл. 7,5 тыс. км². Выш. да 1009 м (г. Кулін-Хілс на в-ве Скай). Падзяляюцца Гебрыдскія астравы на Унутраныя і Знешнія пралівамі Норт-Мінч, Літл-Мінч і Гебрыдскім м. Да Унутраных Гебрыдскіх астравоў адносяцца а-вы: Скай, Мал, Айлей, Джура, Рам і інш. Пераважае моцна расчлянёны нізкагорны рэльеф (200—600 м). На Знешніх Гебрыдскіх астравах — Льюіс, Норт-Уіст, Саўт-Уіст, Бара і інш. — пашыраны цокальныя нізіны (100—150 м), складзеныя з гнейсаў. Лававыя палі, шматлікія сляды зледзяненняў (трогі, кары). Клімат марскі вільготны. Т-ры студз. -6 °C, ліп. 12—14 °C; ападкаў 1000—2000 мм за год. Лугі, месцамі аголеныя схілы, верасовыя зараснікі, тарфянікі. Рыбалоўства. Авечкагадоўля. Вытв-сць шарсцяных тканін. Турызм.

т. 5, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САПО́ЦКІНСКІ,

біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Гродзенскім р-не. Засн. ў 1978 для аховы прыродных запасаў лек. раслін, ландшафтных і фларыстычных комплексаў з рэдкімі і знікаючымі відамі. Пл. 12,6 тыс. га. Займае лясны масіў, у якім пераважаюць хвойнікі імшыстыя, верасовыя, арляковыя, бруснічныя, чарнічныя і інш. Трапляюцца ельнікі, бярэзнікі, чорнаалешнікі. Выдзелены рэдкія ландшафтныя прыродныя комплексы: участак стужачных ліпнякоў, поймавых дуброў і грабнякоў, хвойніку на карэнным беразе р. Нёман і інш. Лек. расліны: талакнянка, брусніцы, ядловец, цмен пясчаны, ландыш майскі і інш. Купальнік горны, баранец звычайны, сон лугавы, мнаганожка звычайная, лопух дуброўны, сіела прамая, кастрэц Бенякена, кураслеп лясны занесены ў Чырв. кнігу. З прадстаўнікоў фауны, занесеных у Чырв. кнігу, барсук, бугай вялікі, бусел чорны, аляпка, варакушка, махаон, стужка ордэнская блакітная, чмель шрэнка і інш.

П.​І.​Лабанок.

т. 14, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ПСКАЯ БІЯГЕАГРАФІ́ЧНАЯ ВО́БЛАСЦЬ.

У Афрыцы на Пд ад 20° паўд. ш., уваходзіць у царства Палеагею (гл. Царствы біягеаграфічныя). Лічыцца таксама, што К.б.в. — падвобласць Эфіопскай біягеагр. вобл.

Займае пустынныя і паўпустынныя раёны з разнастайнымі ландшафтамі. Вызначаецца вял. фларыстычнай своеасаблівасцю. Сустракаецца каля 7000 відаў вышэйшых раслін, з якіх больш палавіны эндэмікі (прадстаўнікі 7 сям.: амарылісавыя, касачовыя, пратэйныя і інш.). Найб. характэрныя сям. раслін — бабовыя, верасовыя, касачовыя, пратэйныя, складанакветныя і інш. Флора мае генет. сувязі з трапічнай Афрыкай, Міжземнамор’ем і шэрагам абласцей Паўд. паўшар’я, асабліва з Аўстралійскай біягеаграфічнай вобласцю. Фауна адносна бедная. Некат. групы беспазваночных (напр., перыпаты) з’яўляюцца рэліктамі. З насякомых эндэмічныя жук-алень, некат. саранчовыя. Сярод птушак эндэмічныя 15 родаў з 297. Сярод 83 родаў млекакормячых 8 эндэмічных (віверы, некат. грызуны, даўгапяты, златакраты, трубказубы). Характэрныя жывёлы — антылопа скакун, бурая гіена, віверы, даўганогі, квага.

Да арт. Капская біягеаграфічная вобласць. Характэрныя прадстаўнікі фауны: 1 — даўгапят; 2 — сурыката; 3 — даўганог; 4 — скакунчык; 5 — даман; 6 — трубказуб.

т. 8, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРО́НГА,

ландшафтны заказнік рэсп. значэння ў Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл. Засн. ў 1998 з мэтай аховы унікальнага прыроднага комплексу з папуляцыямі рэдкіх і знікаючых відаў. Пл. 12 015 га. Знаходзіцца на стыку Навагрудскага ўзвышша і Баранавіцкай водна-ледавіковай раўніны. Уключае даліны рэк Лахазва, Дзеравянка, Іса, іх прытокі і штучныя вадаёмы. Пад лясамі 94% тэр., пераважаюць хвойнікі верасовыя, бруснічныя, імшыстыя, чарнічныя, арляковыя; растуць бяроза, вольха чорная, елка, дуб, граб. У флоры шмат гаспадарча-карысных відаў раслін; 16 відаў сасудзістых раслін уключаны ў Чырв. кнігу: гарлянка пірамідальная, тлушчанка звычайная, званочак рапунцэль, купальнік горны, пальчатакарэннік майскі, сон лугавы, баранец звычайны, касач сібірскі і інш. У фауне 202 віды жывёл, з іх 24 у Чырв. кнізе: стронга ручаёвая, рак шыракапальцы, арлан-белахвост, скапа, паганка малая, бугай вялікі і малы, бусел чорны, уліт вялікі, гагара чорнаваллёвая, сыч касматаногі, соня арэшнікавая, барсук, рапуха чаротная і інш. Да аб’ектаў палявання і промыслу адносяцца 22 віды млекакормячых.

П.​І.​Лабанок.

т. 15, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАЎБЦО́ЎСКАЯ РАЎНІ́НА.

На ПдЗ Мінскай і У Гродзенскай абласцей, у бас. верхняга цячэння р. Нёман. Мяжуе з Мінскім узвышшам, Нёманскай нізінай, Цэнтральнабярэзінскай раўнінай. Капыльскай градой. Выш. 150—200 м.

У тэктанічных адносінах С.р. прымеркавана да цэнтр. ч. Беларускай антэклізы, дзе Цэнтральнабеларускі масіў сучляняецца з Валожынскім грабенам. Складзена з ніжнепратэразойскіх гнейсаў, кварцытаў, верхнемелавых мергельна-мелавых моцна апясчаненых парод, антрапагенавых чырвона-бурых марэнных супескаў і суглінкаў, месцам перакрытых водна-ледавіковымі розназярністымі пяскамі і супескамі. Магутнасць антрапагенавых асадкаў 100—150 м.

Раўніна фарміравалася ў зоне акумуляцыі сожскага ледавіка, пасля адступання якога значна перапрацавана эразійна-дэнудацыйнымі працэсамі. Паверхня спадзіста-хвалістая, месцамі ўзгорыста-хвалістая. Адносныя выш. 3—7 м. Трапляюцца забалочаныя і затарфаваныя лагчыны, часам з вадацёкамі, на водападзелах — тэрмакарставыя западзіны, прыдалінныя ўчасткі парэзаны лагамі, зрэдку ярамі. Карысныя выкапні: мел, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, легкаплаўкія гліны. Раўніну перасякае р. Нёман з прытокамі Уса, Альхоўка, Тур’я, Гавязнянка. Пераважаюць глебы дзярнова-падзолістыя, у паніжэннях — дзярнова-падзолістыя забалочаныя, у далінах рэк — дзярнова-глеістыя (поймавыя) з участкамі тарфяна-балотных. Лясістасць 30%. Вял. масівы на Пн раўніны. Пераважаюць хвойнікі і ельнікі верасовыя і імшыстыя. Трапляюцца дубровы і другасныя бярэзнікі, у паніжэннях — чорнаалешнікі са сфагнавымі балотамі. Паверхня значна разараная. На тэр. раўніны Коласаўскі заказнік.

т. 15, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХВАЁВЫЯ ЛЯСЫ́, хвойнікі, сасновыя лясы, саснякі,

фармацыя карэнных хвойных лясоў, у дрэвастоі якіх пераважае хвоя. Пашыраны ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я, таксама ў гарах Паўд. паўшар’я. У свеце займаюць плошчу каля 325 млн. га.

На Беларусі займаюць 3940 тыс. га. або 50,2% плошчы лясоў. Пашыраны ва ўсіх геабат. падзонах, акругах і раёнах. Амплітуда глебавых умоў шырокая — ад сухіх пясчаных глеб да вярховых балот. Дрэвастоі Х.л. складаюцца з хвоі звычайнай з нязначным дамешкам бярозы павіслай, асіны і елкі. Прадукцыйнасць насаджэнняў ад Ia да Va класаў банітэту. Сярэдні запас спелага (80-гадовага) дрэвастою 200—220 м³/га. У межах фармацыі Х.л. вылучаюць 4 асн. эдафічна спалучаныя субфармацыі: монадамінантныя хвойнікі (бары), ялова-хваёвыя лясы (субары), дубова-хваёвыя і балотныя хвойнікі. Вылучаюць 12 тыпаў Х.л.: імшыстыя (42,1% пл. Х.л.), верасовыя (19,7%), чарнічныя (12,8%), даўгамошныя (5,1%), арляковыя (4,1%), бруснічныя (2,9%), багуновыя (2.6%), сфагнавыя (2,4%), лішайнікавыя (2,4%), асакова-сфагнавыя (2,2%), кіслічныя (2,1%), асаковыя (1,6%). Даюць высакаякасную драўніну, выкарыстоўваюцца для атрымання жывіцы, з’яўляюцца месцам пражывання дзікіх звяроў і птушак. Маюць важнае вода- і глебаахоўнае, санітарна-гігіенічнае значэнне.

Літ.:

Юркевич И.Д., Ловчий Н.Ф. Сосновые леса Белоруссии. Мн., 1984;

Ловчий Н.Ф. Экологический анализ структуры и продуктивности сосновых лесов Беларуси. Мн., 1999.

М.​Ф.​Лоўчы.

Хваёвыя лясы: 1 — імшысты; 2 — верасовы; 3 — арляковы.

т. 16, с. 568

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІРЛА́НДЫЯ (Ireland),

востраў у складзе Брытанскіх а-воў, другі па велічыні пасля в-ва Вялікабрытанія. Большую ч. вострава займае дзяржава Ірландыя, на ПнУ — тэр. Вялікабрытаніі (Паўночная Ірландыя). Абмываецца Атлантычным ак., аддзелены ад в-ва Вялікабрытанія Ірландскім м. і пралівамі Паўночным і Св. Георга. Пл. 84 тыс. км². Працягваецца з Пн на Пд на 450 км, з 3 на У — каля 300 км. Нас. 3,5 млн. чал. (1993) у Ірландыі і 1,6 млн. чал. (1991) у Паўн. Ірландыі. Усх. берагі пераважна нізінныя, паўд. — мелкабухтавыя, зах. — парэзаны глыбокімі залівамі са шматлікімі прыбярэжнымі скалістымі астравамі У цэнтр. раёнах пераважаюць нізіны, на Пд і каля ўзбярэжжаў — глыбока расчлянёныя нізкагор’і і сярэднягор’і з найвыш. гарамі Керы (г. Карантуіл, 1041 м). Геал. будова б.ч. тэрыторыі І. прадстаўлена сістэмай брыт. каледанід і складзена з метамарфічных парод дакембрыю (крышт. сланцы, гнейсы, мігматыты, граніты) і неметамарфічных парод ніжняга палеазою (пясчанікі, сланцы, кангламераты, туфы). На ПнЗ і крайнім Пд развіты герцыніды дэвону і карбону (пясчанікі, кангламераты, сланцы, вапнякі і вугляносныя пароды). На ПнУ пашыраны мезазойскія марскія адклады і палеагенавыя платобазальты. Радовішчы поліметалічных руд, каляровых металаў, фасфарытаў, каменнага вугалю, вял. запасы торфу. Клімат умераны акіянічны. Сярэднія т-ры студз. 5—8 °C, ліп. 14—16 °C. Ападкаў 700—1500 мм, у гарах месцамі больш за 2000 мм за год. Густая сетка паўнаводных рэк (найб. р. Шанан), шмат азёр і балот. Тарфянікавыя і верасовыя пусткі, гаі з дубу, бярозы, хвоі. Вял. ч. тэрыторыі займаюць лугі. На землях, што пад ворывам, вырошчваюць пшаніцу, ячмень, авёс, цукр. буракі, бульбу. Рыбалоўства. Нац. паркі Гленвя, Кіларні. Некалькі рэзерватаў. Найб. гарады Дублін (Ірландыя) і Белфаст (Паўн. Ірландыя).

т. 7, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАТЛА́НДЫЯ (Scotland),

адм.-паліт. частка (гістарычная правінцыя) Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўн. Ірландыі. Займае паўн. ч. в-ва Вялікабрытанія і прылеглыя а-вы: Гебрыдскія, Аркнейскія, Шэтлендскія. Пл. 78.8 тыс. км², у т. л. пл. сушы 77,2 тыс. км². Нас. 5,13 млн. чал. (1996), пераважна шатландцы. У складзе Ш. 9 раёнаў і 3 астраўныя тэрыторыі. Гал. горад — Эдынбург. Найб. гарады: Глазга, Абердзін, Данды. У рэльефе пераважаюць нагор’і, найб. — Паўн.-Шатландскае (выш. да 1343 м, г. Бен-Невіс). Клімат умераны, марскі. Густая рачная сетка. Шмат азёр (Лох-Ломанд, Лох-Нес і інш.) Пашыраны верасовыя пусткі. Асн. галіны прам-сці: чорная металургія, алюмініевая, машынабудаванне (аўтамабілебудаванне, электроннае, эл.-тэхн., вытв-сць мед. абсталявання), хім. і нафтахім., паліграф., тэкст., шарсцяная, папяровая, харчовая, у т. л. вытв-сць віскі. Здабыча нафты (на шэльфе Паўн. мора). У сельскай гаспадарцы пераважае жывёлагадоўля. Гадуюць авечак, буйн. раг. жывёлу. Сеюць ячмень, авёс, бульбу. Рыбалоўства. Транспарт марскі, чыг., аўтамабільны.

Найстараж. насельніцтва Ш. — пікты. У 5—7 ст. н.э. тут пасяліліся кельцкія плямёны скотаў (ад іх і назва краіны Scotland — краіна скотаў), гэлаў, брытаў і германскія — англаў. З 6 ст. пашыралася хрысціянства. У 844—1018 дзяржава скотаў падпарадкавала сабе ўсе інш. плямёны, утварылася Шатл. каралеўства. Адбываліся працэсы феадалізацыі, але ў горнай Ш. да 18 ст. захоўвалася сістэма родавых абшчын — кланаў. З 2-й пал. 11 ст. Ш. — васал Англіі, войскі якой у 1296 уварваліся на яе тэрыторыю. Пад кіраўніцтвам У.Уолеса і караля Роберта Бруса [1306—29] шатландцы да 1328 аднавілі сваю незалежнасць. У канцы 13 — пач. 14 ст. аформіўся шатл. парламент. У сярэдзіне 16 ст. праведзена кальвінісцкая Рэфармацыя, у 1560 парламент зацвердзіў у якасці дзярж. рэлігіі прэсвітэрыянства. Зацвярджэнне шатл. каралеўскай дынастыі Сцюартаў на англ. прастоле (1603) прывяло да асабістай уніі Ш. з Англіяй. Паводле англа-шатландскай уніі 1707 утворана адзінае каралеўства Вялікабрытанія з агульным парламентам (72 дэп. ад Ш. ў 2003) пры захаванні ў Ш. ўласных прававой і суд. сістэм, нац. царквы і мясц. органаў самакіравання. Ва ўрадзе Вялікабрытаніі справамі Ш. кіруе дзярж. сакратар па Ш. За незалежнасць Ш. выступае Шатл. нац. партыя (засн. ў 1928). Паводле закона ад 11.9.1997 у маі 1999 адбыліся выбары ў шатл. рэгіянальны заканад. орган з абмежаванымі паўнамоцтвамі, створаны рэгіянальны ўрад.

Возера Лох-Ломанд у Шатландыі.

т. 17, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯСЫ.

Агульная плошча ляснога фонду Беларусі ў 2001 складала 9247,5 млн. га. Лясы на тэр. краіны размешчаны нераўнамерна: у Брэсцкай вобл. 1118 тыс. га (14% ад агульнай плошчы лясоў), у Віцебскай — 1495 тыс. га (19%), Гомельскай — 1822 тыс. га (24%), Гродзенскай — 861 тыс. га (11%), Мінскай — 1502 тыс. га (19%), Магілёўскай — 1047 тыс. га (13%).

Агульная лясістасць (працэнт лясоў ад агульнай тэр. Беларусі) складае 37,8%, у т. л. ў Брэсцкай вобл. — 34,1%, Віцебскай — 37,4%, Гомельскай — 45,1%, Гродзенскай — 34,3%, Мінскай — 37,4%, Магілёўскай — 36%. Найбольшая лясістасць у Расонскім (65,5%) і Лельчыцкім (65,9%) раёнах, найменшая — у Нясвіжскім (10,1%) і Бераставіцкім (14,8%) раёнах. Найбольшыя лясныя масівы на раўнінах (напр., Цэнтральнабярэзінскай) і нізінах (Полацкай, Верхнебярэзінскай, Верхнянёманскай), у Прыпяцкім і Мазырскім Палессі. У мінулым лясістасць Беларусі складала: у 1600—60%, у 1900—37%, 1913—33%, 1922—22%, 1940—30%, 1944—18%, 1955—31%, 1992—34%.

Паводле прызначэння вылучаюць лясы, якія выконваюць выключна экалагічныя функцыі, напр., водаахоўныя лясы (1433 тыс. га), глебаахоўныя (1202 тыс. га), зялёныя зоны вакол гарадоў (1326 тыс. га), запаведнікі і нацыянальныя паркі (586 тыс. га); таксама лясы, асноўнае прызначэнне якіх — забеспячэнне нар. гаспадаркі драўнінай.

Землекарыстальнікамі дзярж. ляснога фонду з’яўляюцца лясгасы Камітэта па лясной гаспадарцы пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь (больш за 85,9%), Упраўленне справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (каля 7%), міністэрствы абароны (3,7%) і па надзвычайных сітуацыях (больш за 2,3%) і інш.

У лясах Беларусі сустракаюцца 28 дрэвавых парод і каля 70 відаў кустоў. Асноўныя лесаўтваральныя пароды: хвоя (займае 50,2% ад агульнай плошчы лясоў), бяроза (20,8%), елка (10%), вольха чорная (8,2%), дуб (3,3%), вольха шэрая (2,3%), асіна (2,1%). На долю інш. дрэвавых відаў прыпадае 3,1%, сярод якіх ясень (0,4%), граб (0,2%), клён вастралісты, ліпа драбналістая. У дамешку да гал. лесаўтваральнікаў растуць вяз, бераст, груша, яблыня, рабіна; ёсць насаджэнні інтрадукаваных дрэў і кустоў — лістоўніц сібірскай і еўрапейскай, буку паўночнага і інш.

Паводле лесарасліннага раянавання лясы Беларусі падзяляюцца ў шыротным напрамку (з поўначы на поўдзень) на падзоны: дубова-цемнахвойных лясоў, грабава-дубова-цемнахвойных лясоў, шыракаліста-хваёвых лясоў. Тыповыя лясы: хвойныя (хваёвыя і яловыя), цвердалістыя (дубовыя), мяккалістыя (бярозавыя, асінавыя, чорнаальховыя).

Хваёвыя лясы размешчаны адносна раўнамерна, пераважаюць на водна-ледавіковых раўнінах і нізінах. Умовы іх росту разнастайныя — ад сухіх пясчаных дзюн да вярховых балот. Для бедных падзолістых і дзярнова-падзолістых пясчаных глеб характэрны бары (хваёвыя лясы, часта з дамешкам бярозы); на больш багатых глебах фарміруюцца субары (хвойнікі з дамешкамі елкі або дубу). Асноўныя тыпы хваёвых лясоў: імшыстыя, чарнічныя, верасовыя, арляковыя, даўгамошныя, сфагнавыя, якія разам складаюць амаль 85% ад агульнай плошчы хваёвых лясоў. Спелымі лічацца ў 81 год.

Яловыя лясы сканцэнтраваны ў паўн. і паўн.-ўсх. частках краіны (Бел. Паазер’е, Мінскае і Аршанскае ўзвышшы, Аршанска-Магілёўскае плато). Яны займаюць пераважна ўрадлівыя сугліністыя і супясчаныя глебы. Елка часта расце ў сумесі з бярозай і асінай, у цэнтр. частцы — з дубам. Асноўныя тыпы яловых лясоў (86% агульнай плошчы): кіслічны, чарнічны, імшысты. Спелымі лічацца ў 81 год.

Бярозавыя лясы пашыраны адносна раўнамерна на ўсёй тэр. Беларусі. Часта маюць дамешкі інш. парод: асіны, вольхі, хвоі і інш. Найчасцей трапляюцца бярэзнікі чарнічныя, кіслічныя, сніткавыя, імшыстыя і інш. Спелымі лічацца ў 61 год.

Дубовыя і інш. цвердалістыя лясы пашыраны пераважна на поўдні краіны. Яны займаюць урадлівыя глебы і ў сваім складзе звычайна маюць дамешак з мяккалістых і хвойных парод. Спелымі лічацца ў 101 год.

Асінавыя лясы займаюць найб. плошчы на поўначы і ўсходзе краіны пераважна на багатых глебах у сумесі з інш. пародамі. Асноўныя тыпы асіннікаў (92%): кіслічныя, сніткавыя, арляковыя, чарнічныя, імшыстыя. Спеласці дасягаюць у 41 год.

Чорнаальховыя лясы, ці алешнікі, пашыраны на нізінах, асабліва на Палессі і Верхнебярэзінскай нізіне. На ўзвышаных месцах сустракаюцца дамешкі бярозы, ясеню і інш. Асноўныя іх тыпы (70%): вятроўнікавыя, сніткавыя, крапіўныя, кіслічныя, асаковыя, папарацевыя. Спеласці дасягаюць у 51 год.

Запас драўніны ў лясах Беларусі складае каля 1340 млн. м³, з іх хвоі — 738 млн. м³, дубу — 43 млн. м³, бярозы — 233 млн. м³, чорнай вольхі — 98 млн. м³. Драўніны, прыдатнай на высечкі галоўнага карыстання (у спелых і перастойных дрэвастоях) — 137 млн. м³, у т. л. хвойных — 63 млн. м³, цвердалістых — 9 млн. м³, бярозы — 24 млн. м³, чорнай вольхі — 24 млн. м³, асіны — 14 млн. м³. Маецца вялікі запас прыспяваючых дрэвастояў — 104 млн. м³, цвердалістых — 9 млн. м³.

Агульны сярэдні прырост лясоў складае больш за 28 млн. м³, у т. л. хвойных — 17 млн. м³, мяккалістых — 10 млн. м³, цвердалістых — 1 млн. м³. Сярэдні ўзрост лясоў складае 48 гадоў (хвойных — 54, цвердалістых — 64, мяккалістых — 37).

Лясы Беларусі — не толькі рэсурс драўніны, але і крыніца каштоўнай лекавай, прамысловай і харчовай сыравіны: ягад, грыбоў, арэхаў, пладоў і інш. Сярэднегадавы запас ягад у лясах Беларусі — 50 тыс. т (экалагічна бяспечных — 21 тыс. т). Лясы таксама з’яўляюцца адным з вызначальных фактараў у стабілізацыі экалагічнай сітуацыі. Штогод лясы Беларусі звязваюць больш за 100 млн. т вуглякіслага газу і выдзяляюць больш за 80 млн. т атамарнага кіслароду. Лясы рэгулююць паверхневы сцёк, тым самым ачышчаюць ваду, ахоўваюць глебы ад воднай і ветравой эрозіі.

Літ.:

Юркевич И.Д., Голод Д.С., Адерихо В.С. Растительность Белоруссии, ее картографирование, охрана и использование. Мн., 1979;

Багинский В.Ф., Есимчик Л.Д. Лесопользование в Беларуси. Мн., 1996;

Багинский В.Ф. Рациональное использование лесных ресурсов и повышение их экологического потенциала // Стратегия устойчивого развития Беларуси: преемственность и обоснование. Мн., 2003.

У.​Ф.​Багінскі.

Бярозавыя насаджэнні.
Грабавы лес.
Яловы лес.
Спелы хваёвы лес.
Спелы дубовы лес.
Лесапасадкі на забруджаных тэрыторыях у Нараўлянскім раёне Гомельскай вобласці.

т. 18, кн. 2, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)