Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЕ́РА І ЖЫЦЦЁ»,
каталіцкі часопіс. Выходзіць з 1993 у Мінску на бел. мове (некаторыя матэрыялы друкуе на рус. і польск. мовах). Змяшчае матэрыялы рымска- і грэка-каталіцкіх канфесій. Друкуе рэліг. артыкулы гіст. і культурнай тэматыкі, урыўкі з рэліг. кніг, успаміны вернікаў аб наведванні святых мясцін і інш. Расказвае пра святых беларускай зямлі, храмавыя архітэктурныя помнікі. Мае рубрыкі: «На пытанні моладзі адказваюць святары», «Школа пеўчых» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМУЛЕ́Т (лац. amuletum),
прадмет, які носіцца на целе і, на думку ўладальніка, мае магічную ўласцівасць адводзіць хваробу, бяду, засцерагаць ад ліхіх чараў. Вера ў сілу амулета звязана з першабытнай магіяй і фетышызмам. У многіх народаў свету вера ў амулет захавалася да нашых дзён. Гл. таксама Талісман.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАРААСТРЫ́ЗМ,
рэлігія, якая была пашырана ў старажытнасці і раннім сярэдневякоўі ў Іране, Афганістане, Сярэдняй Азіі, Азербайджане, краінах Б. і Сярэдняга Усходу; захавалася ў парсаў Індыі і гебраў у Іране. Назва ад імя прарока Заратуштры (Зараастра). Свяшчэнны канон З. — «Авеста». Асн. прынцыпы: вера ў адзінага бога Ахурамазда; проціпастаўленне 2 спрадвечных пачаткаў — дабра і зла, барацьба паміж якімі складае змест сусв. працэсу; вера ў канчатковую перамогу дабра; шанаванне агню; забарона закапвання памерлых у зямлю. Ідэйныя канцэпцыі З. мелі ўплыў на фарміраванне маніхейства, мітраізму, іудаізму, хрысц. ерасей паўлікіян і катараў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРА́ЎЧАНКА (Валянціна Захараўна) (21.12.1925, г. Цюмень, Расія — 13.11.1984),
бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1977). Скончыла тэатр. студыю пры Бел. т-ры імя Я.Купалы (1948). Працавала ў Дзярж.рус.драм. т-ры Беларусі. Выканаўца характарных роляў. Яе творчай манеры былі ўласцівы псіхал. паглыбленне ў матывы паводзін гераінь, моўная і пластычная маляўнічасць. Сярод работ: Акуліна («Улада цемры» Л.Талстога), Аграфена, Антонаўна, Ксенія («Ворагі», «Дзеці сонца», «Ягор Булычоў і іншыя» М.Горкага), Арына Іванаўна («Дзеці Ванюшына» С.Найдзёнава), Вера Сяргееўна («Энергічныя людзі» В.Шукшына), Вера Васілеўна («Гняздо глушца» В.Розава) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІТЭІ́ЗМ (ад полі... + грэч. theos бог),
мнагабожжа, вера ў некалькіх або многіх багоў. Узнік у перыяд разлажэння першабытнай абшчыны на аснове адухаўлення і персаніфікацыі стыхійных сіл і розных з’яў прыроды (гл.Анімізм, Татэмізм, Фетышызм), шанавання разрозненых духаў родаплемянных рэлігій (гл.Дэманалогія). Веру ў мноства раўнапраўных фетышаў і духаў змяніла вера ў багоў, якія атрымалі канкрэтнае аблічча, імя, культ. У рытуалах П. гал. ролю адыгрывалі жрацы, якія групаваліся вакол храмаў ці свяцілішчаў, валодалі багаццем і мелі вял. ўладу. Такімі былі рэлігіі стараж. егіпцян, грэкаў, рымлян і інш. народаў, а таксама некат. народаў Афрыкі, Паўд. Амерыкі, Акіяніі. Політэістычнымі рэлігіямі з’яўляюцца індуізм, будызм. Элементы П. захаваліся ў монатэістычных рэлігіях — іудаізме, хрысціянстве, ісламе і інш. (гл.Монатэізм). Напр., у хрысціянстве адначасова з гал. Богам захавалася вера ў Святую Тройцу (Бога-Айца, Бога-Сына і Бога—Святога Духа), ушанаванне анёлаў, прарокаў, святых і інш. Пераходнай формай монатэізму да П. з’яўляецца генатэізм, які прызнае існаванне многіх багоў на чале з адным вярх. богам. Ва ўласна бел. пантэоне дахрысц. часоў найб. шанаваліся Пярун, Жыжаль, Вялес, Ярыла, Зюзя, Цёця, Лада, Ляля і інш.