БА́ЦЮШКАЎ (Канстанцін Мікалаевіч) (29.5.1787, г. Волагда, Расія — 19.7.1855),
рускі паэт; прадстаўнік анакрэантычнага кірунку ў рус. лірыцы. Адукацыю атрымаў у прыватных пансіёнах у Пецярбургу. Быў на чыноўніцкай і ваеннай службе, пазней — у рус.дыпламат. місіі ў Італіі. Удзельнік літ. гуртка «Арзамас». У вершах «Вясёлы час», «Вакханка», «Мае Пенаты» і інш. услаўляў радасць быцця, сяброўства, каханне, духоўную свабоду асобы. У аснове элегій «На руінах замка ў Швецыі», «Пераход праз Рэйн» уражанні вайны 1812. Ідэйны і душэўны крызіс абумовіў змрочна-меланхалічны тон лірыкі, узмацненне рэліг. настрояў, матывы нераздзеленага кахання, абвастрыў тэму трагічнага лёсу паэта (элегіі «Да сябра», «Надзея», «Мой геній», «Разлука», «Паміраючы Тас» і інш.). У вершаванай казцы «Вандроўнік і дамасед» (1815) стварыў карціну дысгармоніі жыцця. Аўтар цыклаў анталагічных вершаў, нарысаў і артыкулаў пра л-ру і мастацтва. У 1917 выйшаў зб. «Спробы ў вершах і прозе» (ч. 1—2).
Тв.:
Соч.Т. 1—2. М., 1989.
Літ.:
Фридман Н.В. Проза Батюшкова. М., 1965;
Яго ж. Поэзия Батюшкова. М., 1971;
Коровин В.И. «И жил так точно, как писал...» (К.Н.Батюшков: К 200-летию со дня рождения). М., 1987;
Кошелев В.А. Константин Батюшков: Странствия и страсти. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЁЛЬ ((Böll) Генрых) (21.12.1917, г. Кёльн, Германія — 16.7.1985),
нямецкі пісьменнік. У раманах «Дзе ты быў, Адам?» (1951), «І не сказаў ніводнага слова» (1953), «Дом без гаспадара» (1954), «Більярд а палове дзесятай» (1959), «Погляды клоуна» (1963), аповесцях «Хлеб ранніх гадоў» (1955), «Канец адной камандзіроўкі» (1966), зб. апавяданняў «Вандроўнік, калі ты прыйдзеш у Спа...» (1950) і інш. вастрыня этычнай праблематыкі (маральнае супрацьстаянне грамадскаму злу), абумоўленая хрысц.-каталіцкай арыентацыяй Бёля, матыў нац. віны і адказнасці за злачынствы нацызму, глыбокі псіхал. аналіз, лірызм спалучаюцца з рэзкай, часам з’едлівай сац. крытыкай, у т. л. антыфаш. і антываеннай. Раман пра гіст. лёс пасляваен. Германіі «Групавы партрэт з дамай» (1971) уключае элементы гратэску. Аўтар паліт. раманаў «Зняслаўлены гонар Катарыны Блюм...» (1974), «Жанчыны на беразе Рэйна» (1985), тэатр., тэле- і радыёп’ес. Публіцыстыка, літ. крытыка. На бел. мову яго творы перакладалі Л.Баршчэўскі, С.Куваеў і інш. Нобелеўская прэмія 1972.
Тв.:
Бел.пер. — Мая дарагая нага // Полымя. 1967. № 7;
Більярд а палове дзесятай: Раман, апавяданні. Мн., 1993;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́МСУН (Hamsun; сапр.Педэрсен; Pedersen) Кнут
(4.8.1859, г. Лом, Нарвегія — 19.2.1952),
нарвежскі пісьменнік. Вёў вандроўніцкае жыццё, змяніў шмат прафесій. З 1911 жыў у Нарвегіі. У 1934 публічна выказаў сваю падтрымку нацыстам. У 1945 арыштаваны, у 1947 асуджаны за пасобніцтва ворагу. У ранніх раманах і аповесцях «Голад» (1890), «Містэрыі» (1892), «Новая зямля» (1893), «Пан» (1894), «Вікторыя» (1898), зб. навел «Сіеста» (1898), напісаных у традыцыях неарамантызму, адчуваецца ўплыў філас. ідэй Ф.Ніцшэ, Э.Сведэнбарга, А.Шапенгаўэра, С.К’еркегора, эстэтыкі А.Стрындберга, Ф.Дастаеўскага. У раманах «Пад восеньскай зоркай» (1906), «Бенані», «Роза» (абодва 1908), «Вандроўнік грае пад сурдзінку» (1909) дамінуюць матывы самотнага вандроўніцтва, беспрытульніцтва, пошуку шляхоў да зліцця з прыродай. Раманы «Апошняя ўцеха» (1912), «Дзеці свайго часу» (1913), «Мястэчка Сегельфос» (1915), «Плён зямлі» (1917; Нобелеўская прэмія 1920) вызначаюцца непрыняццем тагачаснай зах. цывілізацыі (за выключэннем нямецкай). Ідэі зліцця з прыродай і зямлёй развіваюцца ў раманах «Жанчыны каля студні» (1920), «Аўгуст» (1930), «А жыццё ідзе» (1933), «Кальцо замыкаецца» (1936). Аўтар драм. твораў «Каля брамы царства» (1895), «Гульня жыцця» (1896), «Вечаровая зара» (1898), «Манах Вэнт» (1902), зб-каў вершаў «Дзікі хор» (1904), мемуараў «На зарослых сцяжынках» (1949) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯРО́Ў (Васіль Рыгоравіч) (2 або 4.1.1834, г. Табольск Цюменскай вобл., Расія — 10.6.1882),
рускі жывапісец і графік. Чл.-заснавальнік Т-ва перасоўных маст. выставак (гл.Перасоўнікі). Акад. жывапісу (1866), праф. (1870). Вучыўся ў Арзамаскай школе жывапісу (1846—49, з перапынкамі), Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1853—61) у С.К.Заранкі, з 1871 выкладчык гэтага вучылішча. На пенсію АМ быў за мяжой (1862—69). У ранніх творах выкрываў недахопы тагачаснага грамадства: «Прыезд станавога на следства» (1857), «Першы чын...» (1860). У пазнейшых творах надаваў амаль гратэскавую сац. характарыстыку носьбітам грамадскага зла ў прыгонніцкай Расіі («Пропаведзь на вёсцы», «Сельскі хрэсны ход на Вялікдзень», абодва 1861; «Чаяванне ў Мыцішчах», 1862; «Прыезд гувернанткі ў купецкі дом», 1866; «Манастырская трапеза», 1865—75). Цяжкае жыццё сялян і гар. беднаты адлюстраваў у творах «Сляпы музыка» (1864), «Праводзіны нябожчыка» (1865), «Тройка» (1866), «Тапельніца» (1867), «Апошні шынок ля заставы» (1868). Стварыў шэраг карцін, у якіх намагаўся перадаць індывідуальнасць чалавека з народа, яго здольнасць глыбока мысліць і адчуваць («Фомушка-сыч», 1868; «Вандроўнік» 1870). Аўтар партрэтаў дзеячаў рус. інтэлігенцыі, у т. л. А.Астроўскага (1871), У.Даля, Ф.Дастаеўскага, М.Пагодзіна (усе 1872). Пісаў таксама карціны на быт. («Птушкалоў», 1870; «Паляўнічыя на прывале», «Рыбалоў», абедзве 1871) і гіст. («Суд Пугачова», 1875; «Мікіта Пустасвят», 1881) тэмы.
Тв.:
Рассказы художника. М., 1960.
Літ.:
Лапунова Н.Ф. В.Г.Перов. М., 1968;
Лясковская О.А. В.Г.Перов: особенности творч. пути художника. М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭНТА́НА (Brentano),
Клеменс (9.9.1778, Эрэнбрэйтштайн, каля г. Кобленц, Германія — 28.7.1842), нямецкі пісьменнік; буйнейшы прадстаўнік гейдэльбергскага кола рамантыкаў (гл. ў арт.Германія раздзел Літаратура). Літ. дзейнасць пачаў пад уплывам Л.Ціка. Адыход ад тэматыкі і стылю іенскіх рамантыкаў назіраецца ў рамане «Годві» (1801), камедыі «Понсе дэ Леон» (1804). Лірыка Брэнтана, заснаваная на нар. песеннай творчасці, зрабіла пераварот у ням. паэзіі, паўплывала на творчасць іншых рамантыкаў (асабліва Г.Гейнэ). Увёў у ням. паэзію тэму любоўных пакут, непадуладнага чалавеку ірацыянальнага пачуцця. Найб. вядомасць набылі вершы т.зв. рэйнскага цыкла: «Плывец у лодцы», «Вясёлыя музыканты», «Рыбак сядзеў у лодцы» і інш. Верш «Ларэлея» сам нарадзіў нар. паданне, стаў сімвалам рамант. мастацтва і натхніў многіх еўрап. паэтаў (І.Айхендорфа, Гейнэ, Ж. дэ Нерваля, Г.Апалінэра). З 1810-х г. у творчасці Брэнтана ўзмацніліся рэліг. пошукі, што адбілася ў духоўных вершах, навелах «Гісторыя сумленнага Касперла і прыгажуні Анерль», «Тры арэхі», «З летапісу вандроўнага шкаляра», у лірычнай драме «Заснаванне Прагі» (1815).
Аўтар сатыр. казак («Казка пра Гокеля і Гінкель» і інш.), оперных лібрэта. Апублікаваў зб.ням.нар. песень «Дзівосны рог хлопчыка» (1806—08, з Л.А.Арнімам). На бел. мову шэраг вершаў Брэнтана пераклаў У.Папковіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІС (Арсень Сяргеевіч) (н. 4.2.1934, в. Вётхава Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. фалькларыст, літ.-знавец, краязнавец. Д-рфілал.н. (1997). Скончыў БДУ (1956). Настаўнічаў, працаваў рэдактарам Дзярж.выд-ва Беларусі. З 1962 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі. Даследуе фальклорныя жанры (манаграфіі «Купальскія песні», 1974; «Валачобныя песні», 1989; «Жніўныя песні», 1993), л-ру, краязнаўства, перыядычны друк Беларусі, жыццё і дзейнасць працаўнікоў бел.нац.-вызв. руху, гісторыю мастацтва і культуры. Адзін з укладальнікаў, аўтар уступных артыкулаў і каментарыяў да тамоў акад. серыі «Беларуская народная творчасць» — «Жніўныя песні» (1974), «Восеньскія і талочныя песні» (1981), «Купальскія і пятроўскія песні» (1985), «Паэзія беларускага земляробчага календара» (1992). Склаў зб-кі «Беларускія народныя necui» (1970), «Беларускі фальклор» (у сааўт., 4-е выд. 1996), «Максім Гарэцкі: Успаміны, артыкулы, дакументы» (1984, з І.У.Саламевічам), «Тарашкевіч Б. Выбранае» (1991) і інш. Аўтар сцэнарыяў дакумент. фільмаў «Песня на ўсё жыццё» (пра Р.Р.Шырму, з І.К.Цішчанкам, 1984), «Прысады жыцця» (пра М.І.Гарэцкага, з І.В.Калоўскім, 1985), «Зямля Тарашкевіча» (з Ю.В.Лысятавым, 1991), «Аркадзь Смоліч», «Дзядзька Уласаў» (пра АМ.Уласава, абодва 1992), «Адвечныя званы» (пра М.В.Доўнар-Запольскага, 1993). Дзярж. прэмія Беларусі 1986.
Тв.:
Браніслаў Тарашкевіч. Мн., 1966;
Мікола Шчакаціхін. Мн., 1968;
Пётра Сергіевіч. Мн., 1970;
Пякучай маланкі след: Эцюд да партрэта мастака Горыда. Мн., 1981;
Вечны вандроўнік: Нарыс пра мастака Я.Драздовіча. Мн.,1984;
Песню — у спадчыну. Мн., 1989;
Цяжкая дарога свабоды. Мн., 1994;
Каляндарна-абрадавая творчасць беларусаў: Сістэма жанраў: Эстэт. аспект. Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЙКАЎ (Апалон Мікалаевіч) (4.6.1821, Масква — 20.3.1897),
рускі паэт.Чл.-кар. Пецярбургскай АН (з 1853). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1841). У 1842—44 за мяжой, пераважна ў Італіі. З 1844 пам. бібліятэкара Румянцаўскага музея, з 1852 у Пецярбургскім к-це замежнай цэнзуры (з 1875 яго старшыня). Друкаваўся з 1835. Першы зб. «Вершы» (1842), якім працягваў традыцыі анталагічнай лірыкі К.М.Бацюшкава і М.І.Гнедзіча. Уражанні ад Італіі, вобразы і тэмы антычнасці і сучаснасці ў зб. «Нарысы Рыма» (1847). Некат. празаічныя творы 1840-х г., паэмы «Два лёсы» (1845), «Машачка» (1846) і інш. напісаны ў духу натуральнай школы. У 1850-я г. перайшоў на кансерватыўныя пазіцыі, ідэі славянафільства і панславізму (паэма «Клермонцкі сабор», 1853). Часу ранняга хрысціянства, яго сутыкненням з язычніцтвам прысвечаны паэма «Тры смерці» (1857) і яе працяг «Смерць Люцыя» [1863; абедзве перапрацаваныя ўвайшлі ў драму «Два светы» (1872, 2-я рэд. 1881, Пушкінская прэмія АН 1882)]. У 1854—56 напісаў шэраг вершаў, прысвечаных рус. прыродзе. Творчасці М. ўласцівы культ прыгажосці, арыентацыя на фальклорную паэтыку, традыцыі стараж.-рус. славеснасці (паэма «Вандроўнік», 1867). Аўтар паэт. пералажэння «Слова аб палку Ігаравым» (1870), крытычных артыкулаў пра л-ру і выяўл. мастацтва. Перакладаў Фірдаўсі, стараж.-інд. эпас «Рамаяна», ант. паэтаў, І.В.Гётэ, Г.Гейнэ, Г.Лангфела, А.Міцкевіча, сербскія і бел. (7 твораў) нар. песні і інш. Асобныя вершы М. пакладзены на музыку П.Чайкоўскім, М.Рымскім-Корсакавым і інш. На бел. мову яго верш «Золата, золата падае з неба» пераклаў М.Багдановіч.
Тв.:
Избр. произв.Л., 1977;
Соч.Т. 1—2. М., 1984;
Стихотворения и поэмы. Л., 1987.
Літ.:
Анненский И.Ф. Майков и педагогическое значение его поэзии [1898] // Анненский И.Ф. Книги отражений. М., 1979;
Ямпольский И.Г. Поэты и прозаики. Л., 1986. С. 110—141.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЭ́ГА КА́РПІО (Vega Carpio) Лопэ Фелікс дэ [вядомы як Лопэ дэ Вэга
(Lope de Vega); 25.11.1562, Мадрыд — 27.8.1635], іспанскі драматург, паэт, празаік, буйнейшы прадстаўнік ісп. Адраджэння. У 1614 прыняў сан свяшчэнніка. Аўтар каля 2 тыс. п’ес (вядомыя 500),
раманаў «Аркадыя» (1598), «Вандроўнік у сваёй айчыне» (1604), «Даратэя» (1632), больш як 20 паэм, навел, містэрый, трактатаў. Стварыў нац. драму, заснаваную на нар. традыцыях. Народны т-р Вэга Карпіо аб’яднаў ідэалы гуманізму і нар. культуру, адлюстраваў жыццё ўсіх слаёў ісп. грамадства — ад сялян да арыстакратаў. У трактаце «Новае майстэрства пісаць камедыі ў наш час» (1609) сфармуляваў асн. прынцыпы сваёй драматургіі. Дынамічнае развіццё сюжэта (3 акты замест 5), дасціпны дыялог, афарыстычная жывая размоўная мова, яркія вобразы, спалучэнне камічнага і трагічнага ў яго п’есах разумна ўраўнаважваюць густы гледачоў і памкненні аўтара. Найб. значныя драмы на гіст. тэмы: «Фуэнтэ Авехуна» («Авечая крыніца», 1619) пра барацьбу сялян за сваю чалавечую годнасць і грамадз. правы ў перыяд Рэканкісты, «Вялікі герцаг Маскоўскі» (1617), «Зорка Севільі» і «Кроў невінаватых» (абедзве 1623). У шматлікіх камедыях («Настаўнік танцаў», 1593; «Сабака на сене», 1618; «Дзяўчына са збаном», выд. 1646, і інш.) дасягнуты майстэрскі кампраміс паміж рэнесансавай канцэпцыяй героя і саслоўна-іерархічнай ідэалогіяй грамадства. На бел. мову яго камедыі «Раба свайго каханага» і «Дурнічка» пераклалі А.Вярцінскі і П.Макаль (1981). П’есы Вэга Карпіо трывала ўвайшлі ў рэпертуар бел. т-раў: «Дурная для іншых, разумная для сябе» (БДТ-1, 1940), «Сабака на сене» (Рускі драм.т-р, 1940; БДТ-1, 1943), «Дзяўчына са збаном» (т-р імя Я.Коласа, 1950), «Настаўнік танцаў» (тамсама, 1952), «Дурнічка» (тамсама і Рускі драм.т-р, 1968), «Раба свайго каханага» (т-р імя Я.Коласа, 1974), «Валенсіянскія вар’яты» (т-р імя Я.Купалы, 1983).
Тв.:
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—6. М., 1962—65.
Літ.:
Плавскин З. Лопе де Вега, 1562—1635. Л.;
М., 1960;
Лопе де Вега: Библиогр. рус. переводов и критич. лит. на рус. яз. 1735—1961. М., 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛУГ (Адам) (сапр.Пяткевіч Антоні Антонавіч; 23.10.1823, в. Замосце Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 2.11.1903),
польскі і бел. пісьменнік, публіцыст. Скончыў Слуцкую гімназію (1842), вучыўся ў Кіеўскім ун-це (1845—46). З 1831 жыў у в. Жукаў-Барок на Стаўбцоўшчыне, дзе пасябраваў з У.Сыракомлем. Працаваў настаўнікам на Украіне. У 1856 у Мінску сустракаўся з В.Дуніным-Марцінкевічам, С.Манюшкам. За ўдзел у антыўрадавых маніфестацыях зняволены (1864—66, Кіеў). З 1874 у Варшаве. Адзін з арганізатараў бел.літ.-асв. гуртка. У 1879—90 рэдактар час. «Kłosy» («Каласы») і аўтар шматлікіх матэрыялаў пра Беларусь у ім. У 1891—1903 гал. рэдактар «Вялікай усеагульнай ілюстраванай энцыклапедыі», адначасова літ. кіраўнік час. «Wędrowiec» («Вандроўнік», 1894—99), уваходзіў у склад рэдакцыі газ. «Kurjer Warszawski» («Варшаўскі веснік», 1899—1903). Дэбютаваў у 1847. У 1849 напісаў на бел. мове 4 апавяданні і адну легенду (захавалася апавяд. «Кручаная баба», апубл. ў 1918). Першы паэт.зб. «Родны загон» (1854) заснаваны на рэаліях бел. жыцця. У зб. «Каласы з роднай нівы» (1856) фалькл. і хрысц. матывы. Рэаліст. паказ жыцця шляхты ў цэнтры сац. раманаў «Дух і кроў» (1859), «Афіцыяліст» (1866—67) і інш. Аўтар артыкулаў і нарысаў пра культ. жыццё Беларусі («Некалькі ўражанняў з падарожжа на Літву», 1858; «Уладзіслаў Сыракомля», 1862; «Манюшка ў Мінску», 1896, і інш.), вершаваных прысвячэнняў Дуніну-Марцінкевічу і Сыракомлю. Адзін з першых пераклаў на польскую мову творы Дуніна-Марцінкевіча, Г.Гейнэ, В.Гюго, А.Пушкіна, У.Шэкспіра. Творы П. друкаваліся ў Мінску (у зб. «Голас з Літвы», 1859). Сумесна з В.Каратынскім падрыхтаваў выданне «Выбранай паэзіі» Сыракомлі (т. 1—5, 1890). На бел. мову асобныя яго творы пераклалі П.Бітэль, У.Мархель, К.Цвірка.
Тв.:
Zupełny zbiór pism. Ser. 1—2. T. 1—6. Żytomierz;
Wilno, 1862—63;
Бел.пер. — Кручаная баба // Спадчына. 1992. № 4;
Да Станіслава Манюшкі. Жукаў Барок // Полымя. 1999. №7.
Літ.:
Мальдзіс А. Адам Плуг // Мальдзіс А.І. Падарожжа ў XIX ст.Мн., 1969.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯСКО́Ў (Мікалай Сямёнавіч) (16.2. 1831, с. Гарохава Арлоўскай вобл., Расія — 5.3.1895),
рускі пісьменнік. Друкаваўся з 1860. У ранніх апавяданнях і аповесцях («Жыціе адной бабы», 1863; «Лэдзі Макбет Мцэнскага павета», 1865; «Ваяўніца», 1866 і інш.) шырока паказаў жыццё рус. народа, лёс жанчыны. Антынігілістычныя раманы, напісаныя на бел. тэматыку: «Няма куды» (1864, эпізоды паўстання 1863—64 у Белавежы) і «На нажах» (1870—71). У рамане-хроніцы «Сабаране» (1872), аповесці «Зачараваны вандроўнік» (1873), апавяданнях «Паўлін», «Аднадум» і інш. стварыў галерэю тыпаў праведнікаў. Цяжкі лёс мастака з народу ў цэнтры аповесцей «Увасоблены анёл» (1873), «Тупейны мастак» (1883), «Чортавы лялькі» (1890). Вытрыманы ў гратэскавай манеры сказ «Ляўша» (1881) — услаўленне кемлівасці і прыроднага таленту рус. чалавека. У жанры вострай сац. сатыры напісана аповесць «Заечы рэміз» (1891—94, апубл. 1917) і інш. Аўтар п’есы «Марнатравец» (1867), легенд на тэмы жыцця першахрысціян, літ.-крытычных і публіцыстычных артыкулаў, артыкулаў пра мастацтва, успамінаў і інш. Творчасці Л. ўласцівы жанравае і вобразнае багацце, непаўторная сказавая манера. Паводле аповесці «Лэдзі Макбет Мцэнскага павета» Дз.Шастаковіч стварыў аднайм. оперу (1934; адноўлена ў 1962 пад назвай «Кацярына Ізмайлава»; пастаўлена Нац. т-рам оперы Беларусі, 1994). У вер. 1862 прыязджаў у Вільню; зблізіўся з В.Каратынскім, падарожнічаў з ім па Беларусі, наведаў Гродна, Пінск, Пружаны, Белавежскую пушчу, прысвяціў яму аповесць «Жыціе адной бабы». Уражанні ад паездкі па Беларусі выкарыстаў у серыі карэспандэнцый «З аднаго дарожнага дзённіка» (час. «Северная пчела», 1862). Шэраг твораў Л. экранізаваны. Асобныя творы Л. на бел. мову пераклалі І.Сакалоўскі, М.Сеўрук.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—12. М., 1989;
Собр. соч.Т. 1—6. М., 1993;
О любви: Повести. М., 1993;
Бел.пер. — Тупейны мастак. Мн., 1937;
Чалавек на варце. Мн., 1947.
Літ.:
Лесков А.Н. Жизнь Николая Лескова. Т. 1—2. М., 1984;
Аннинский Л. Лесковское ожерелье. 2 изд. М., 1986;
Горелов А.А. Н.С.Лесков и народная культура. Л., 1988;
Лесков и русская литература. М., 1988;
Творчество Н.С.Лескова. Курск, 1988;
Гапава В. Вінцэсь Каратынскі і М.С.Ляскоў // ЛіМ. 1970. 30 студз.;
Клейн Б. В годину смятения: Бел. поездка Н.Лескова // Неман. 1979. № 2.