НЕСЦЯРЭ́ЎСКІ (Мікалай Лаўрэнцьевіч) (н. 31.3.1931, в. Бацюты Падляскага ваяв., Польшча),

бел. мастак. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1969). З 1963 працаваў на Івянецкай ф-цы маст. вырабаў, з 1966 у Бел. тэатр.-маст. ін-це, з 1969 на Мінскім маст. камбінаце. Працуе пераважна ў галіне маст. керамікі. Аўтар набору «Юбілейны» (1975), скульпт. кампазіцый «Спявачкі» (1978), «Лявоніха», «Поры года» (абедзве 1979), «Вясна» (1983), дэкар. пласты «Здароўе» (1978; у паліклініцы Нац. АН Беларусі), «З народнага жыцця» (1981; у сталовай ВА «Інтэграл»), на станцыі метро «Плошча Якуба Коласа» (1984, у сааўт.), пласты і кафлі для інтэр’ера кафэ «Бульбяная» (1983), афармленне рэстарана аэрапорта «Мінск 2» (1990; усе ў Мінску), універмага «Мінск» у г. Валгаград, Расія (1985), бюстаў Ф.Скарыны (1985), К.Каліноўскага, А.Міцкевіча, А.Багдановіча (усе 1998), плакетак «Каралі Вялікага княства Літоўскага, Жамойцкага і іншых» (2000), жывапісных кампазіцый.

М.Несцярэўскі. Фрагмент дэкаратыўнай кампазіцыі «Поры года». 1979.

т. 11, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕЛЬМІНТО́ЗЫ [ад гельмінты + ...оз(ы)],

глісныя хваробы, глісныя інвазіі, хваробы чалавека, жывёл і раслін, выкліканыя паразітычнымі чарвямі (гельмінтамі): трэматодамі, монагінеямі, цэстодамі, нематодамі і скрэбнямі. У чалавека вядома больш за 150 гельмінтозаў, якія падзяляюцца на 3 групы: геагельмінтозы, біягельмінтозы і кантактныя.

Геагельмінтозы выклікаюць паразіты, што развіваюцца ў глебе, заражэнне адбываецца пры невыкананні правіл асабістай гігіены; біягельмінтозы выклікаюць гельмінты, якія развіваюцца ў целе прамежкавага гаспадара, заражаюцца імі пры ўжыванні ў ежу прадуктаў жывёльнага паходжання (мяса, рыбы); кантактныя гельмінтозы (яйцы паразітаў хутка выспяваюць) перадаюцца праз кантакт з хворым. Гельмінты паразітуюць у страўнікава-кішачным тракце, крыві, печані, лёгкіх, у нырках, галаўным мозгу, мышцах, скуры, касцях. Выдзяляюць шкодныя рэчывы, сенсабілізуюць арганізм, паглынаюць харч. рэчывы, вітаміны і мікраэлементы. На Беларусі ў чалавека найб. пашыраны гельмінтозы: анкіластамідозы, аскарыдоз, энтэрабіёз, трыхінелёз, трыхацэфалёз, апістархоз, фасцыялёз, дыфелабатрыёз; у раслін — бульбяная нематода; у жывёл — дыкрацэліёз, парамфістаматыдозы, фасцыялёз, маніезіёз, гіменалепідыдозы, аскарыдозы, дыктыякаулёзы, странгілаідозы, трыхацэфалёз, макракантарынхоз. Сажалкавай рыбагадоўлі шкодзяць батрыяцэфалёз, філаметроз, лігулёз, дактылагіроз, дыпластаматоз, гіралактылёз. Прыкметы гільментозаў: затрымка росту і развіцця, у чалавека — схудненне, зніжэнне інтэлекту, у жывёл — зніжэнне прадукцыйнасці, дрэнны апетыт, парушэнне каардынацыі рухаў. Лячэнне хім. прэпаратамі і хірургічнае.

Літ.:

Гинецинская Т.А., Добровольский А.А. Частная паразитология. М., 1978;

Найт Р. Паразитарные болезни: Пер. с англ. М., 1985.

Р.Г.Заяц.

т. 5, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)