КАПУ́Р,

сям’я індыйскіх дзеячаў кіно. Прытхвірадж К. (3.11.1904—29.5.1972), акцёр, тэатр. рэжысёр. Скончыў юрыд. каледж у Лахоры. У 1944 заснаваў першы прафес. т-р на хіндзі «Прытхвітыэтрс» (у 1960 закрыты). Зняўся ў першым інд. гукавым фільме «Прыгажосць свету» (1931), а таксама «Бадзяга» (1951), «Мінулае, сучаснае і будучае» (1971), у сав.-інд. «Хаджэнне за тры моры» (1957). Радж К. (14.12.1924, г. Пешавар, Пакістан — 2.6.1988), акцёр, кінарэжысёр, прадзюсер, сцэнарыст. Сын Прытхвіраджа К. У 1947 заснаваў студыю «Радж Капур Філмс» у Бамбеі. Самабытны лірыка-камед. акцёр, танцор, валодаў вял. прывабнасцю, музыкальнасцю. Гал. ролі ў фільмах: «Бадзяга» (1951, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Канах, 1953), «Пан 420» (1955). Рэжысёр фільмаў: «Сезон дажджоў» (1949), «Не спіце» (1956, у сав. пракаце «Пад покрывам ночы», прыз Міжнар. кінафестывалю за гал. ролю ў Карлавых Варах, 1957), «Маё імя клоун» (1970), «Любоўная немач» (1982) і інш. Сярод інш. прадстаўнікоў дынастыі К. — акцёры Шашы, Раджыў і інш.

А.​П.​Бабкова.

т. 8, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОНТ ((Comte) Агюст) (19.1.1798, г. Манпелье, Францыя — 5.9.1857),

французскі філосаф, заснавальнік пазітывізму і сацыялогіі. У 1818—24 сакратар А.Сен-Сімона. Прапанаваў сваю класіфікацыю навук, сфармуляваў закон трох стадый інтэлектуальнай эвалюцыі чалавецтва, канцэпцыі сац. ладу грамадства (сац. статыка) і яго развіцця (сац. дынаміка), схіляўся да стварэння пазітыўнай палітыкі і рэлігіі ў якасці ўмоў дасягнення сац. міру і гарманічнага спалучэння розных класавых інтарэсаў. Паводле яго вучэння, чалавечы дух праходзіць 3 стадыі гіст. развіцця: тэалагічную (мае таксама 3 этапы развіцця — фетышызм, політэізм і монатэізм, характэрна панаванне духавенства і ваенных, з’явы прыроды тлумачацца звышпрыроднымі прычынамі), метафізічную (свет тлумачыцца з дапамогай метафіз. паняццяў), пазітыўную або навуковую (свядомасць людзей грунтуецца на дакладнай ацэнцы знешняй рэальнасці, што дапамагае прадбачыць будучае і прадухіліць памылкі ў пазнанні і практ. дзейнасці). Асн. працы: «Курс пазітыўнай філасофіі» (т. 1—6, 1830—42), «Сістэма пазітыўнай палітыкі, або Сацыялагічны трактат аб асновах рэлігіі чалавецтва» (т. 1—4, 1851—54).

А.​М.​Елсукоў.

т. 8, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПТЫМІ́ЗМ І ПЕСІМІ́ЗМ,

процілеглыя і адначасова ўзаемазвязаныя формы ўспрымання свету, тэндэнцый і заканамернасцяў яго развіцця. Залежаць ад перавагі спрыяльных, стваральных і жыццесцвярджальных, або, наадварот, неспрыяльных і разбуральных пачаткаў. Абазначаюць веру ці нявер’е ў будучае, у здольнасць чалавецтва арганізаваць сваё жыццё на аснове ідэалаў дабра, справядлівасці і г.д. Надаюць пэўную афарбоўку розным ідэйна-паліт. плыням, ідэалогіям, філас. вучэнням, праграмам практычнага дзеяння. Аптымізм становіцца пануючым настроем у эпоху грамадскага ўздыму і пераходу да новага, больш высокага ў параўнанні з ранейшым якаснага стану. Калі пераход заканчваецца і ў грамадстве ўзнікаюць новыя праблемы і цяжкасці, супярэчнасці абвастраюцца, уздым перарываецца спадамі і крызісамі, узмацненнем рэгрэсіўных тэндэнцый у грамадскім жыцці, аптымізм, як правіла, саступае месца песімізму. Крыніцай песімістычных настрояў і змрочных глабальных прагнозаў на будучыню служыць і заснаваная на драпежніцкіх адносінах да прыроды «цывілізацыя спажывання» (экалагічны песімізм). Аптымізм і песімізм здольныя адыгрываць актыўную канструктыўную ролю ў пошуках адказаў на пытанні, што ўзнікаюць перад грамадствам.

Літ.:

Мечников И.И. Этюды оптимизма. М., 1988;

Жибуль И.Я. Экологические потребности: сущность, динамика, перспективы. Мн., 1991.

В.​І.​Боўш.

т. 1, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ЎЭН ((Owen) Роберт) (14.5.1771, Ньютаўн, Вялікабрытанія — 17.11.1858),

англійскі утапічны сацыяліст. У 1791—1829 прадпрымальнік, кіраўнік буйных фабрык. Займаўся філантрапічнай дзейнасцю; пачынальнік фабрычнага заканадаўства. Асн. творы: «Лекцыі пра зусім новы стан грамадства» (1830), «Кніга пра новы маральны свет» (1836—44), «Рэвалюцыя ў свядомасці і дзейнасці чалавечага роду...» (1849). Будучае бяскласавае грамадства ўяўляў як федэрацыю самакіравальных абшчын, кожная з якіх аб’ядноўвала 300—2000 чалавек. У працоўных калоніях (камунах), арганізаваных на грамадскай уласнасці, насельніцтва падзялялася на 8 груп у залежнасці ад узросту. Адмаўляў сац. рэвалюцыі і гвалтоўны шлях пераўтварэння грамадства. Спадзяваўся на выхаванне і асветніцтва як гал. шлях пабудовы гуманнага грамадства. У адрозненне ад ідэйных папярэднікаў (Т.​Мор і Т.​Кампанела) зрабіў спробу практычнай рэалізацыі свайго сац. праекта. Арганізатар прац. камун у Англіі і ЗША (большасць з іх былі нежыццядзейнымі). Яго вучэнне і практычная дзейнасць значна паўплывала на сац.-грамадскую думку і сац. практыку Зах. Еўропы (напр., утапічны сацыялізм быў адным з тэарэт. вытокаў марксізму).

Тв.:

Рус. пер. — Избр. соч. Т. 1—2. М.; Л., 1950.

Т.​І.​Адула.

т. 11, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕСІЯНІ́ЗМ,

1) рэлігійнае вучэнне пра будучае выратаванне чалавецтва дзякуючы прыходу звышнатуральнай істоты — месіі, збавіцеля. Узнік у стараж. іудаізме і быў абумоўлены іншаземным панаваннем, сац. эксплуатацыяй і расчараваннем стараж. яўрэяў у вучэнні пра заступніцтва Яхве. У хрысціянстве М. заснаваны на веры ў выратаванне Хрыстом не якой-н. канкрэтнай нацыі, а ўсяго чалавецтва і ў яго «другое прышэсце» пасля страшнага суда для ўсталявання на Зямлі вечнага «божага царства». Непасрэднае іудзейска-хрысц. паходжанне мае М. у будызме. У мусульман-шыітаў ён пашыраны ў форме вучэння пра махдзі-месію, які павінен аб’явіцца ў час другога прышэсця «схаванага імама».

2) Погляды на асаблівую ролю якога-н. народа, дзяржавы, сац. групы, арг-цыі, асобы ў вырашэнні грамадскіх праблем, канкрэтна-гіст. крызіснай сітуацыі. Месіянская канцэпцыя набыла своеасаблівае развіццё ў ідэалогіі сіянізму, у канцэпцыі асаблівай гіст. ролі Маскоўскай дзяржавы як «трэцяга Рыма» і богавыбранні рус. народа (гл. Славянафільства, Стараверства). Крыжовыя паходы і рэліг. войны натхняліся ідэяй асаблівай рэліг. місіі іх ініцыятараў, ажыццяўленне якой пажадана Богу і вядзе да ўсталявання «ісціннай» рэлігіі. Аднак з развіццём секулярызацыйных працэсаў М. паступова страчвае рэліг. змест. Ва ўмовах абвастрэння сац.-паліт. крызісаў растуць грамадскія надзеі на харызматычныя якасці таго ці інш. лідэра, магчымасці якіх-н. паліт. рухаў, партый, звышнатуральнае ўмяшанне незямных сіл і г.д.

І.​В.​Катляроў.

т. 10, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАГНАЗІ́РАВАННЕ САЦЫЯ́ЛЬНАЕ,

сацыяльная дзейнасць, накіраваная на атрыманне навук. абгрунтаванай інфармацыі аб развіцці сац. сістэм, шляхах і метадах дасягнення іх будучых станаў. У шырокім сэнсе П.с. — сістэмнае прадбачанне пераўтварэння сац. асяроддзя пад уплывам аб’ектыўных, а таксама пастаянна дзеючых і мэтанакіраваных суб’ектыўных фактараў. Уключае стварэнне прагнозаў асваення зямлі і космасу, узаемадзеянняў чалавека і прыроды, росту народанасельніцтва, паліт., эканам., сац., экалагічных і інш. адносін, сац. развіцця грамадства і яго розных сац. ін-таў. У вузкім сэнсе П.с. — прагназіраванне сац. сістэм, форм і відаў сац. адносін і працэсаў. Важным аб’ектам П.с. з’яўляецца грамадства як высокаарганізаваная сац. сістэма. П.с. вывучае заканамернасці развіцця сац. сістэм, дае навук. аналіз мінулага і сучаснага стану. П.с. ўласціва высокая эфектыўнасць адваротнай сувязі паміж прагназіраваннем і кіраваннем, паміж прадказаннем і сац. дзеяннямі. П.с. ўлічвае ўздзеянне сац. дзейнасці людзей на аб’екты прагназіравання, якое можа прыводзіць да «самарэалізацыі» або «самаразбурэння» сац. прагнозаў (т.зв. эфект Эдыпа). У П.с. найб. часта выкарыстоўваюць пошукавыя і нарматыўныя віды прагнозу. Першы вызначае магчымы стан сац. сістэм шляхам экстрапаляцыі ў будучае назіраемых тэндэнцый, другі апісвае пажаданы стан сац. сістэм на аснове раней зададзеных крытэрыяў, шляхі і метады яго дасягнення пры пэўных рэсурсах. Найб. эфект у П.с. дасягаецца пры аптымальным спалучэнні розных метадаў прагназіравання.

Літ.:

Бестужев-Лада И.В. Поисковое социальное прогнозирование. М., 1984;

Яго ж. Нормативное социальное прогнозирование... М., 1987.

І.​В.​Катляроў.

т. 12, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВЫЧА́ЙНЫЯ ДЫФЕРЭНЦЫЯ́ЛЬНЫЯ ЎРАЎНЕ́ННІ,

ураўненні адносна функцыі адной пераменнай, якая ўваходзіць у гэта ўраўненне разам са сваімі вытворнымі да некаторага парадку ўключна. Найбольшы парадак вытворнай наз. парадкам ураўнення.

Калі З.д.ў. запісана ў форме x (n) = 𝑓 (t, x, x′, ..., x(n1)) , то кажуць, што гэта ўраўненне n-га парадку ў нармальнай форме. Згодна з тэарэмай існавання і адзінасці ў такога ўраўнення існуе і прычым толькі адно рашэнне з пачатковымі ўмовамі x(t0) = x 1 0 , x′(t0) = x 2 0 ..., x(n1)(t0) = x n 0 , дзе t0, x10, x20, ..., xn0 — адвольны пункт вобласці D R 1 + n у якой 𝑓(t, x, ..., xn) — функцыя, неперарыўная разам са сваімі вытворнымі 𝑓x1, 𝑓x2, ..., 𝑓xn. Гэта азначае, што пачатковыя ўмовы цалкам вызначаюць усё мінулае і будучае той рэальнай сістэмы, якая апісваецца гэтым ураўненнем. Пры дапамозе З.д.ў. або іх сістэм мадэлююць дэтэрмінаваныя рэальныя сістэмы (працэсы). Пры гэтым стан сістэмы ў кожны момант часу t павінен апісвацца канечным мноствам параметраў x1, ..., xn. Тады, каб запісаць такаю мадэль, дастаткова ў мностве станаў сістэмы, якую мадэлююць, задаць скорасці пераходу ад аднаго стану сістэмы да яе наступнага стану.

Літ.:

Еругин Н.П. Книга для чтения по общему курсу дифференциальных уравнений. 3 изд. Мн., 1979;

Петровский И.Г. Лекции по теории обыкновенных дифференциальных уравнений. 7 изд. М., 1984.

У.​Л.​Міроненка.

т. 7, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНАЯ МЕТЭАРАЛО́ГІЯ,

старажытная галіна нар. ведаў пра магчымае надвор’е ў бліжэйшы ці больш аддалены час. Выклікана неабходнасцю арыентавацца ў зменах стану надвор’я для аптымальнага вядзення гаспадаркі, земляробства. Прадказанні надвор’я засноўваліся на шматвяковым вопыце, назіральнасці, глыбокім веданні прыроды. Геагр. месцазнаходжанне, кліматычныя ўмовы і інш. вызначаюць характэрныя асаблівасці Н.м. ў розных народаў.

На Беларусі зыходнымі ў прадказанні надвор’я найчасцей былі каляндарныя святы, перыяды (адліга на Каляды — вясна будзе ранняя, а лета багатае). У прыкметах устанаўлівалася залежнасць характару надвор’я паміж асобнымі каляндарнымі днямі і перыядамі (калі перад Калядамі мароз і завіруха, то перад Вялікаднем будзе цёпла і ціха). Меркавалі пра будучае надвор’е таксама на падставе самаадчування чалавека, арганізм якога рэагаваў на змены атмасфернага ціску, набліжэнне ападкаў. Вял. колькасць метэаралагічных прагнозаў складаюць нар. павер’і, заснаваныя на назіраннях людзей за жывёльным светам, птушкамі, насякомымі (певень спявае ўвечары — будзе дождж ці адліга; калі пчолы з раніцы сядзяць у вуллі і гудуць, а мурашкі хаваюцца ў мурашніку — будзе дождж). Асаблівасці росту, цвіцення, выспявання пладоў розных раслін тлумачылі як прадказанне пэўных зрухаў у надвор’і, як прагноз на асаблівасці будучых пор года (напр., калі шмат баравікоў, то зіма будзе вельмі снежная). Прызнанымі арыенцірамі ў вызначэнні надвор’я лічыліся нябесныя свяцілы (сонца заходзіць у хмары — на дождж). Ад маладзікоў заўсёды чакалі атмасферных перамен. Уважлівае ўзіранне ў разнастайныя праявы навакольнага свету і ўменне ўлавіць іх прычынна-выніковую залежнасць дазволілі выпрацаваць цэлую сістэму ведаў у галіне Н. м. Пад увагу браліся таксама ўзаемасувязі атмасферных з’яў (чырвоныя воблакі пасля заходу сонца паказвалі на вецер). Прадказвалі надвор’е і па рэху: калі голас разлятаўся далёка, то чакалі пагоду, калі, наадварот, быў глухі — то непагадзь. Патрэба выклікаць тое ці інш. надвор’е нарадзіла ў свядомасці сялян комплекс магічных дзеянняў, рытуалаў (сыпалі мак у калодзеж, каб пайшоў дождж). Многія з нар. прыкмет знаходзяць у наш час навук. абгрунтаванне і ўзбагачаюць веды сучасных сіноптыкаў.

У.​А.​Васілевіч.

т. 11, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́ЙНЭ ((Heine) Генрых) (13.12.1797, г. Дзюсельдорф, Германія — 17.2.1856),

нямецкі паэт, публіцыст, крытык. Сінтэзаваў дасягненні ням. рамантызму, вызначыў тэндэнцыі развіцця рэалізму. У 1819—25 вучыўся ў Бонскім, Гётынгенскім і Берлінскім ун-тах; слухаў лекцыі Г.Гегеля. У 1825 прыняў лютэранства, што дазволіла яму атрымаць ступень доктара права. З 1831 у эміграцыі ў Парыжы. З 1848 прыкаваны да ложка, паступова страчваючы зрок і слых. Друкаваўся з 1817. Найб. значныя творы ранняга перыяду (1816—31) — зб. лірычных вершаў «Кніга песень» (1827) і кн. нарысаў «Дарожныя малюнкі» (т. 1—4, 1826—31). «Кніга песень» (цыклы «Юнацкія пакуты», «Лірычнае інтэрмецца», «Вяртанне на радзіму», «Паўночнае мора») перадае асабістую драму паэта, малюе карціну духоўнага сталення маладога чалавека, праз лірычнае «я» дае шырокую панараму эпохі. Асэнсаванне трагічнага разрыву паміж ідэалам і рэальнасцю, рамантычна-ўзнёслы настрой і іронія вызначаюць змест і асаблівасці гэтага зб-ка. У «Дарожных малюнках» стварыў рэзка сатырычны вобраз феад.-манархічнай Германіі. З пач. 1830-х г. у яго творчасці пераважаюць паліт., грамадскія, філас.-эстэт. праблемы (кн. «Французскія справы», 1832; «Людвіг Бёрне», 1840; «Лютэцыя», 1840—47; «Рамантычная школа», 1833; «Да гісторыі рэлігіі і філасофіі ў Германіі», 1834). У творах паліт. і сатыр. тэматыкі (зб. «Сучасныя вершы», 1844; паэмы «Ата Троль. Сон у летнюю ноч», 1841—47; «Германія. Зімовая казка», 1844) Гейнэ выкрываў дух шавінізму і пангерманізму, з болем і любоўю разважаў пра мінулае і будучае радзімы. Трагічнаму лёсу яўр. народа, яго духоўнай спадчыне прысвяціў цыкл «Яўрэйскія мелодыі» (1849), уключаны ў зб. «Рамансера» (1851), у якім шырока выкарыстаў фальклор, апрацаваў гіст., міфалагічныя, біблейскія сюжэты. Яго паэзіі ўласцівыя эмацыянальнасць, узнёсласць і скептыцызм, песеннасць ладу, вольныя рытмы і яркая вобразнасць, паліт. надзённасць і глыбіня філас. абагульненняў. На бел. мову творы Гейнэ перакладалі М.​Багдановіч, М.​Васілеўская, А.​Вяржбоўскі, Ю.​Гаўрук, А.​Дудар, А.​Зарыцкі, С.​Ліхадзіеўскі, А.​Мардвілка, Я.​Семяжон, І.​Сіманоўскі, Ю Таўбін.

Тв.:

Бел. пер.Выбр. творы. Мн., 1959;

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—6. М., 1980—83.

Літ.:

Вольфсон С.Я. В матрацной могиле. Мн., 1940;

Дейч А.И. Поэтический мир Генриха Гейне. М., 1963;

Гиждеу С.П. Лирика Г.​Гейне. М., 1983;

Пронин В.А. «Стихи достойные запрета...»: Судьба поэмы Генриха Гейне «Германия. Зимняя сказка». М., 1986.

Г.​В.​Сініла.

Г.Гейнэ.

т. 5, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГАНІЗА́ЦЫЯ АБ’ЯДНА́НЫХ НА́ЦЫЙ ПА ПЫТА́ННЯХ АДУКА́ЦЫІ, НАВУ́КІ І КУЛЬТУ́РЫ (United Nations Educational Scientific and Cultural Organization; ЮНЕСКА),

спецыялізаваная міжурадавая ўстанова ААН, якая садзейнічае ўмацаванню міру і міжнар. бяспекі праз развіццё супрацоўніцтва паміж дзяржавамі ў галіне адукацыі, навукі і культуры. Створана на Лонданскай устаноўчай канферэнцыі ў ліст. 1945, афіцыйна дзейнічае з 4.11.1946 (з дня ўступлення ў сілу Статута ЮНЕСКА). На пач. 1995 членства ў ЮНЕСКА мела 171 дзяржава, у т. л. Рэспубліка Беларусь (з 1954, разам з СССР і Украінай). Кіруючыя органы ЮНЕСКА: Генеральная канферэнцыя, Выканаўчы савет і Сакратарыят, які ўзначальваецца Генеральным дырэктарам. Ген. канферэнцыя — вышэйшы орган, які вызначае стратэгію дзейнасці ЮНЕСКА, — склікаецца на чарговыя сесіі раз у 2 гады; у ёй прымаюць удзел прадстаўнікі ўсіх дзяржаў — членаў ЮНЕСКА. На канферэнцыі зацвярджаецца праграма і бюджэт арг-цыі, фарміруецца Выканаўчы савет, прызначаецца Ген. дырэктар (тэрмінам на 6 гадоў), прымаюцца канвенцыі і рэкамендацыі, новыя члены арг-цыі. Паміж сесіямі арг-цыяй кіруе Выканаўчы савет, які складаецца з 51 прадстаўніка. У склад Сакратарыята ўваходзяць сектары: адукацыі, прыродазнаўчых навук, грамадскіх навук, камунікацый, супрацоўніцтва, знешніх зносін. Сектары ўзначальваюць намеснікі Ген. дырэктара. Штаб-кватэра ЮНЕСКА ў Парыжы.

Дзейнасць ЮНЕСКА ажыццяўляецца паводле сярэднетэрміновых і кароткатэрміновых (2-гадовых) планаў, у якіх сфармуляваны агульныя кірункі дзейнасці, распрацаваныя на аснове аналізу актуальных праблем. Праграмныя галіны дзейнасці ЮНЕСКА ў 1994—95: адукацыя і будучыня; навука ў інтарэсах прагрэсу і навакольнае асяроддзе; культура — мінулае, сучаснае і будучае; камунікацыя — інфармацыя і інфарматыка на службе чалавецтва; сац. і гуманіт. развіццё навукі — уклад у развіццё міру, правоў чалавека і дэмакратыі. Праграмы ажыццяўляюцца ў форме канферэнцыі, нарады, сімпозіума, міжнар. кампаніі, збору, аналізу і распаўсюджвання стат. даных, садзейнічання дзяржавам у правядзенні рэстаўрацыйных работ, стварэння навуч. устаноў, іх абсталявання, накіравання экспертаў, кансультацый, дапамогі ў распрацоўцы навук. і навуч. праграм. Важная форма дзейнасці ЮНЕСКА па пашырэнні нац. і міжнар. супрацоўніцтва і ўзаемаразумення — распрацоўка міжнар. канвенцый, дэкларацый, рэкамендацый (напр., Усеагульная канвенцыя аб аўтарскім праве 1952, Канвенцыя аб ахове сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны 1972, Рэкамендацыя аб развіцці адукацыі дарослых 1978 і інш.). Для кіравання асобнымі праграмамі Ген. канферэнцыя можа ствараць дапаможныя к-ты і камісіі. Так, для кіравання праграмай «ЮНЕСКА — Чарнобыль» створаны спец. камітэт. У рэалізацыі праграм ЮНЕСКА удзельнічаюць нац. камісіі, якія выконваюць кансультатыўныя функцыі пры дэлегацыі сваёй краіны на Ген. канферэнцыі або пры сваім урадзе. У Рэспубліцы Беларусь нац. камісія па справах ЮНЕСКА створана ў 1956. Узначальвае яе, як правіла, міністр замежных спраў. ЮНЕСКА выпускае 26 перыяд. выданняў на розных мовах. Найб. папулярны сярод іх штомесячнік «Курьер ЮНЕСКО».

Літ.:

Языкович Л.В. Деятельность Белорусской ССР в ЮНЕСКО. Мн., 1986.

Л.​В.​Паўлава.

Эмблема Арганізацыі аб’яднаных нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры (ЮНЕСКА).

т. 1, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)