БА́САЎ (Уладзімір Паўлавіч) (28.7.1923, г.п. Уразава Белгарадскай вобл., Расія — 17.9.1987),
рускі кінарэжысёр, акцёр. Нар.арт.СССР (1983). Скончыў Усесаюзны Дзярж.ін-т кінематаграфіі (1952). Паставіў фільмы «Бітва ў дарозе», «Цішыня», «Шчыт і меч» (выканаў ролю разведчыка Бруна), «Факты мінулага дня» (Дзярж. прэмія Расіі 1982), «Дні Турбіных» (выканаў ролю Мышлаеўскага; тэлевізійны) і інш. З 1955 як характарны і камедыйны акцёр здымаўся ў кіно: «Я крочу па Маскве», «Злачынства і пакаранне», «Бег» і інш. У некаторых сваіх фільмах быў аўтарам ці сааўтарам сцэнарыяў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛКАЎ (Аляксандр Мяленцьевіч) (14.7.1891, г. Усць-Каменагорск, Казахстан — 3.7.1977),
рускі пісьменнік. Аўтар твораў для дзяцей (аповесці-казкі «Чараўнік Ізумруднага горада», 1939; «Урфін Джус і яго драўляныя салдаты», 1963; «Сем падземных каралёў», 1964; «Вогненны бог Маранаў», 1968; «Жоўты туман», 1970, і інш.), кніг займальных апавяданняў па геаграфіі і астраноміі («Зямля і неба», 1957), пра гісторыю навукі («У пошуках праўды», апубл. 1980). У гіст. рамане «Дойліды» (1954) маст. асэнсаванне жыцця і дзейнасці рус. дойлідаў 16 ст., у «Блуканні» (1963) перыпетыі асабістага лёсу італьян. філосафа і паэта Дж.Бруна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРА́НТ (Георгій Аляксеевіч) (н. 1.6.1947, с. Дзяржынаўка Шэмахінскага р-на, Азербайджан),
бел. піяніст. Засл. арт. Беларусі (1990). Скончыў Азербайджанскую кансерваторыю (1971, Баку). З 1971 канцэртмайстар Бел. кансерваторыі, з 1976 — Нац.акад.т-ра оперы Рэспублікі Беларусь. Зрабіў вял. ўклад у падрыхтоўку оперных спектакляў бел. кампазітараў: «Джардана Бруна» і «Візіт дамы» С.Картэса, «Сівая легенда» Дз. Смольскага, «Новая зямля» Ю.Семянякі, «Сцежкаю жыцця» Г.Вагнера, «Майстар і Маргарыта» Я.Глебава, «Дзікае паляванне караля Стаха» У.Солтана, шэрагу класічных опер. Выступае ў канцэртах з вядомымі бел. вакалістамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«І́НДЭКС ЗАБАРО́НЕНЫХ КНІГ»
(лац. index librorum prohibitorum),
афіцыйны паказальнік кніг (выдаваўся Ватыканам у 1559—1966), чытанне якіх каталіцкая царква забараняла веруючым пад пагрозай адлучэння. Упершыню надрукаваны па ўказанні рымскага папы Паўла IV. Перавыдаваўся і сістэматычна папаўняўся больш за 40 разоў. У яго ўносілі творы Дж.Бруна, Т.Гобса, Б.Спінозы, Вальтэра, Р.Дэкарта, І.Канта, Г.Гейнэ і інш. У апошнім выданні (1948) змяшчаў каля 8 тыс. назваў кніг. З 1966 вядзенне «І.з.к.» ў ранейшай форме спынена, адначасова на Кангрэгацыю веравучэння і канферэнцыі епіскапаў ускладзена задача сачыць за новымі выданнямі кніг і папярэджваць веруючых ад чытання няўхваленых твораў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЎЭР ((Bauer) Бруна) (6.9.1809, г. Айзенберг, Германія — 15.4.1882),
нямецкі філосаф. Прыват-дацэнт Берлінскага і Бонскага ун-таў. Напачатку артадаксальны гегельянец, потым далучыўся да левых, з 1839 — да младагегельянцаў, у канцы жыцця кансерватар і прыхільнік О.Бісмарка. Асн. працы: «Крытыка Евангелля ад Іаана» (1840), «Крытыка сінаптычных евангелляў» (т. 1—3, 1841—42), «Вучэнне Гегеля пра рэлігію і мастацтва» (1842). Адмаўляючы гегелеўскую абсалютную ідэю, абвясціў абсалютнай самасвядомасць; лічыў рухальнай сілай гісторыі разумовую дзейнасць «мыслячых асоб», якія змяняюць свядомасць людзей. Адмаўленнем боскасці Ісуса Хрыста і гіст. Дакладнасці евангелляў Баўэр пракладваў шлях прыхільнікам міфалагічнай школы. З пазіцый ням. нацыяналізму ідэалізаваў прускую манархію.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́ЎДЭ (Дзіна Маркаўна) (н. 7.3.1937, г. Тульчын Вінніцкай вобл., Украіна),
харэограф, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1994). Скончыла Дзярж.ін-ттэатр. мастацтва ў Маскве (1996). У 1976—97 балетмайстар-рэпетытар Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі, дзе паставіла балеты «Жызэль» А.Адана (1976, аднаўленне) і «Дон Кіхот» Л.Мінкуса (1979, пастаноўка і рэж. рэдакцыя), танцы ў операх «Джардана Бруна» С.Картэса (1977), «Сівая легенда» Дз.Смольскага (1978) і інш., удзельнічала ў пастаноўцы балетаў В.Елізар’евым, у т. л. «Тыль Уленшпігель» Я.Глебава, «Стварэнне свету» А.Пятрова, «Вясна свяшчэнная» І.Стравінскага, «Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́СТРЫКАЎ (Юрый Георгіевіч) (н. 8.4.1937, г. Екацярынбург, Расія),
бел. спявак (лірыка-драм. барытон). Засл. арт. Беларусі (1983). Скончыў Уральскую кансерваторыю (1966). З 1965 саліст Свярдлоўскага т-ра оперы і балета. З 1969 у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі. Валодае моцным, выразным голасам шырокага дыяпазону, выконвае лірычныя і драм. партыі. Сярод роляў: у бел. рэпертуары — Андрэй («Андрэй Касценя» М.Аладава), Максім Багдановіч («Зорка Венера» Ю.Семянякі), Ладавіка («Джардана Бруна» С.Картэса), Беларэцкі («Дзікае паляванне караля Стаха» У.Солтана); у класічным — Шаклавіты («Хаваншчына» М.Мусаргскага), Рыгалета, Аманасра, Рэната («Рыгалета», «Аіда», «Баль-маскарад» Дж.Вердзі), Ліндорф («Казкі Гофмана» Ж.Афенбаха), Скарпія («Тоска» Дж.Пучыні), Напалеон («Вайна і мір» С.Пракоф’ева).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗЛО́ВА (Ніна Іванаўна) (н. 3.5.1947, г. Магілёў),
бел. спявачка (лірыка-драм. сапрана). Засл. арт. Беларусі (1984). Скончыла Бел. кансерваторыю (1972). З 1972 салістка Дзярж.нар. аркестра Беларусі, з 1977 — Нац.акад.т-ра оперы Беларусі. Валодае голасам цёплага хвалюючага тэмбру. Яе выкананне адметнае эмацыянальнай напоўненасцю, шчырасцю, натуральнасцю. Сярод партый у нац. операх: Клава («Сцежкаю жыцця» Г.Вагнера), Ірына («Сівая легенда» Дз.Смольскага), Насця («Новая зямля» Ю.Семянякі), Паола («Джардана Бруна» С.Картэса), Любава («Князь Наваградскі» А.Бандарэнкі); сярод інш. партый — Ліза, Таццяна, Іаланта («Пікавая дама», «Яўген Анегін», «Іаланта» П.Чайкоўскага), Купава («Снягурачка» М.Рымскага-Корсакава), Лізавета («Дон Карлас» Дж.Вердзі), Чыо-Чыо-сан («Чыо-Чыо-сан» Дж.Пучыні) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНА́ДА [ад грэч. monas (monados) адзінка, непадзельнае],
тэрмін, які ўжываецца ў філасофіі для абазначэння структурнай, субстанцыяльнай адзінкі быцця. У ант. філасофіі паняцце «М.» ў розных значэннях сустракаецца ў Экфанта, Арыстоцеля, Платона і інш. мысліцеляў. У піфагарэізме М. (матэм. адзінка) — аснова быцця. У Дж.Бруна («Аб манадзе, ліку і фігуры», 1591) М. — адзіны пачатак быцця, адухоўленая матэрыя (пантэізм). У цэльную філас. сістэму вучэнне пра М. (манадалогія) распрацаваў Г.В.Лейбніц, які лічыў М. простай, замкнёнай, зменлівай субстанцыяй; М., надзеленую здольнасцю выразнага ўспрымання, называў душой (разумная душа чалавека — М.-дух). М.В.Ламаносаў тэрмінам «фізічная М.» абазначаў часцінку (карпускулу) матэрыі. Паняцце «М.» аналізуецца ў гіст.-філас. даследаваннях, прысутнічае ў філас. канцэпцыях плюралізму і персаналізму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВЕРАІ́ЗМ,
кірунак у заходнееўрап. філасофіі 13—16 ст., які развіваў погляды арабскага мысліцеля 12 ст.Ібн Рушда (Авероэса); натуралістычная і матэрыяліст. трактоўка вучэння Арыстоцеля. Асн. ідэі авераізму: нястворанасць свету, вечнасць матэрыі і руху, прызнанне смяротнасці чалавечай душы, сцвярджэнне ўсеагульнай прычыннай сувязі прыродных з’яў, дзвюх ісцін тэорыя. Гал. прадстаўнікі: Сігер Брабанцкі, Жан Жандэн, П’етра д’Абана, П.Пампанацы, Дж.Бруна і інш. У 14—16 ст.еўрап. цэнтрамі авераізму былі Падуанскі і Балонскі ун-ты ў Італіі. На Беларусі авераізм — адна з крыніц вальнадумства; Ф.Скарына, С.Будны і інш. ў сваіх творах прытрымліваліся ідэі дваістай ісціны, імкнуліся ў духу авераізму вызваліць чалавечы розум з-пад улады дагматычных аўтарытэтаў, зрабіць яго вышэйшым крытэрыем у зямных справах чалавека.