птушка сям. ўюрковых атр. вераб’інападобных. Пашырана ў Еўропе, Паўн.-Зах. Афрыцы, М. Азіі, на Пн Ірана і ў Сярэдняй Азіі. Жыве ў драбналессі, на ўзлесках мяшаных лясоў, у садах, парках і інш. На Беларусі звычайны пералётны і асела-вандроўны віды.
Даўж. цела 8—10 см, маса 25—30 г. Апярэнне самца зеленавата-шэрае, больш яркае на брушку, верх галавы шэры. На баках хваста і крылах жоўтыя плямы. Самка зверху шэра-зялёная, знізу брудна-белая. Маладыя афарбаваны, як самка, на грудзях маюць падоўжаныя бурыя стракаціны. Гнёзды будуе на дрэвах і кустах. Корміцца насякомымі, насеннем раслін, ягадамі. Зімуе ў паўд.ч. гнездавога арэала.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАДЗЯ́ГІ (Spongillidae),
сямейства прэснаводных каланіяльных губак. У сусв. фауне 16 родаў. Пашыраны ўсюды. У вадаёмах Беларусі не вывучаліся. Найб. вядомыя 2 віды: бадзяга азёрная (Spongilla lacustris), якая жыве ў стаячых вадаёмах, і бадзяга рачная (Ephydatia fluviatilis) — у праточных.
Памеры калоніі да 1 м. Цела шурпатае з непрыемным пахам, шэрае, жаўтаватае, брудна-зялёнае. Шкілет крамянёвы. Размнажаюцца палавым і бясполым (пачкаваннем) спосабамі. Маюць вял. здольнасць да аднаўлення: з дробнага кавалачка вырастае самастойная асобіна. Кормяцца аднаклетачнымі арганізмамі і арган. рэшткамі. Увосень утвараюць унутр. пупышкі — гемулы, якія вясной даюць пачатак новай калоніі. Засмечваюць гідратэхн. збудаванні. Ачышчаюць вадаёмы ад арган. рэчываў. Высушаныя — нар.лек. сродак ад рэўматычных і інш. боляў. У медыцыне выкарыстоўваюцца мазі з бадзягамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУЖ ЗВЫЧА́ЙНЫ (Natrix natrix),
паўзун сям. вужовых атр. лускаватых. Пашыраны ў Еўропе, Паўн. Афрыцы, Азіі (да цэнтр. Манголіі). Жыве пераважна ў вільготных месцах, каля жылля чалавека, зрэдку ў стэпах і гарах. На Беларусі трапляецца ўсюды.
Даўж. да 1,5 м. Цела зверху ад цёмна-шэрага да чорнага колеру, знізу белае з чорнымі плямамі ў выглядзе няроўнай чорнай паласы. Па баках галавы 2 вял., добра прыкметныя светлыя плямы (жоўтыя, аранжавыя, брудна-белыя). Перыядычна ліняе. Кладзе 6—35 яец, вужаняты даўж. каля 15 см. Актыўны днём, ноччу хаваецца. Корміцца жабамі, рапухамі, апалонікамі, мышамі. Неядавіты, бясшкодны. Добра плавае. Для абароны выкарыстоўвае выдзяленні з клаакі з непрыемным пахам. Добра пераносіць няволю. Колькасць вужоў звычайных на Беларусі памяншаецца ў сувязі з меліярацыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕФЕЛІ́Н (ад грэч. nephelē мутнасць, воблака, з-за ўтварэння воблакападобнага геля крэменязёму пры разлажэнні мінералу кіслотамі),
мінерал групы фельдшпатоідаў падкласа каркасных сілікатаў, алюмасілікат натрыю і калію, KNa3 (AlSiO4)4. Мае аксіды алюмінію АІ2О3 — 33% і натрыю Na2O — 16%, калію К2О — 5—12%. Крышталізуецца ў гексаганальнай сінганіі. Утварае пераважна буйныя зерні і блокі крышталяў, сярэдне- і дробназярністыя агрэгаты, зрэдку гексаганальна-прызматычныя крышталі. Колер шэры, брудна-зялёны, мяса-чырвоны, буры, зрэдку бясколерны. Бляск тлусты, зрэдку паўпразрысты. Цв. 5,5—6. Шчыльн. каля 2,6 г/см³. Пародаўтваральны мінерал нефелінавых сіенітаў. Выкарыстоўваецца для атрымання гліназёму з адначасовай вытв-сцю соды, паташу, сілікагелю, бялітавых шламаў (сыравіна для высакаякасных цэментаў), а таксама ультрамарыну, угнаенняў і інш. Радовішчы ў, Расіі, ЗША, Нарвегіі, Германіі, Румыніі, Канадзе і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАКАПЫ́ТНІК (Petasites),
род кветкавых раслін сям. астравых. Каля 20 відаў. Пашыраны ва ўмераных і халодных паясах Еўропы, Азіі, Паўн. Амерыкі. На Беларусі на пясчаных берагах рэк, заліўных лугах трапляецца белакапытнік несапраўдны (Petasites spurius), па берагах азёраў, каля крыніц у вільготных лясах і на схілах — белакапытнік гібрыдны, або лекавы (Petasites hybridus), які занесены ў Чырв. кнігу.
Шматгадовыя звычайна двухдомныя травяністыя расліны з галінастым паўзучым карэнішчам. Кветаноснае сцябло (паяўляецца ранняй вясною да ўтварэння лісця) прамое, касмата-апушанае. Прыкаранёвае лісце да 1,5 м у дыяметры, трохвугольна- або круглавата-сэрцападобнае, з лопасцямі, на чаранках, сцябловае — рэдукаванае, сядзячае, лускападобнае. Кветкі брудна-пурпуровыя, чырвоныя, фіялетавыя, жаўтаватыя або белыя, у разнаполых кошыках, сабраных у гронкі, коласападобныя суквецці, мяцёлкі або шчыткі. Плод — сямянка з чубком. Лек., меданосныя, вострапрыпраўныя, харч., кармавыя, дэкар. і інсектыцыдныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІЕ́НАВЫЯ (Hyaenidae),
сямейства млекакормячых атр. Драпежных. 3 роды: гіены паласатыя (Hyaena), гіены плямістыя (Crocuta) і ваўкі земляныя (Proteles). 4 віды: гіена паласатая (H. hyaena), гіена бурая (H. brunnea), гіена плямістая (C. crocuta), воўк земляны (P. cristatus). Пашыраны ў Афрыцы, Пярэдняй, Сярэдняй і Паўд.-Зах. Азіі. Жывуць пераважна ў паўпустынях і пустынях. Гіена бурая і падвід гіена барбарыйская (H. hyaena barbara) занесены ў Чырв. кнігу МСАП.
Даўж. цела 55—165 см, хваста 20—33 см, маса 10—80 кг. Поўсць жаўтавата-шэрая ці брудна-бурая з плямамі і папярочнымі палосамі. Пярэднія канечнасці даўжэйшыя за заднія; шыя тоўстая, галава масіўная, зубы і сківіцы моцныя. Анальныя залозы выдзяляюць сакрэт з рэзкім пахам. Нараджаюць 2—4 (зрэдку 6) дзіцянят. Начныя драпежнікі, жывяцца пераважна мярцвячынай, нападаюць на дзікіх капытных, зрэдку на свойскую жывёлу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІХТЫЁЗ (ад грэч. ichthys рыба),
«рыбіна луска», ксерадэрма, хвароба скуры з парушэннем працэсаў арагавення, адлушчвання на вял. участках скуры. У большасці выпадкаў спадчынная хранічная хвароба; выяўляецца з дзяцінства, прагрэсіруе да палавой спеласці. Агульныя прыкметы: сухасць, сцягванне, іншы раз сверб скуры. Адрозніваюць І. прыроджаны і звычайны. Прыроджаны бывае рэдка, працякае цяжка. Дзіця нараджаецца з прыкметамі хваробы: скура тоўстая, сухая, з вял. колькасцю лусак і глыбокімі трэшчынамі, павекі вывернутыя, парушаны рост валасоў, пазногцяў, анамаліі развіцця («заечая губа», «воўчая зяпа» і інш.). Іншы раз дзеці нежыццяздольныя. Звычайны І. выяўляецца на 1-м ці 2-м годзе жыцця. Змены скуры дыфузныя, асабліва на разгінальных паверхнях канечнасцей. Падзяляецца на просты (павышаная сухасць скуры), бліскучы (шчыльныя белавата-шэрыя празрыстыя лусачкі, фалікулярны гіпертрыхоз), змеепадобны (тоўстыя брудна-шэрыя лусачкі), іглісты (моцныя арагавенні). Лячэнне тэрапеўтычнае, фізіятэрапеўтычнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯПА́РНЫ ШАЎКАПРА́Д (Lymantria, або Ocneria, dispar),
матыль сям. ваўнянак. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы, Паўн. Афрыцы. Шкоднік больш як 300 відаў раслін, пераважна лясных лісцевых і пладовых дрэў.
Палавы дымарфізм моцна выяўлены (адсюль назва). У самкі крылы (размах 5,5—9 см) і грудзі брудна-белыя; брушка тоўстае, на канцы з жоўта-бурымі валаскамі; вусікі пілаватыя, чорныя. У самца пярэднія крылы (размах 3,5—5 см) шэра-бурыя, заднія (і грудзі) бурыя, з цёмным краем; брушка тонкае, з кутасікам на канцы; вусікі перыстыя, чорна-бурыя. Крылы з плямістымі (акрамя задніх у самцоў) светлымі махрамі, пярэднія з некалькімі цёмнымі звілістымі ці перарывістымі папярочнымі лініямі. Вусені даўж. 45—75 мм, шэра-бурыя, з 3 падоўжнымі жоўтымі лініямі, сінімі і чырв. валасістымі бародаўкамі, кормяцца лісцем, кветкамі. Кукалкі чырвона- ці чорна-бурыя, з валаскамі. Генерацыя аднагадовая. Зімуюць вусені ў абалонках яец.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІСУ́РЫ (Missouri, на мове мясц. індзейцаў — ілістая рака),
рака ў ЗША, галоўны (правы) прыток Місісіпі. Даўж. 4090 км, пл.бас. 1371,1 тыс.км² (з іх каля 10 тыс.км² у межах Канады). Вытокі і большая ч. верхняга цячэння — у Скалістых гарах (у раёне Йелаўстонскага нацыянальнага парку). У сярэднім цячэнні (ад вусця р. Мілк да вусця р. Джэймс) рака перасякае плато Місуры, дзе месцамі цячэ ў цяснінах, утварае парогі. Ніжняе цячэнне ў Межах Цэнтральных раўнін, дзе рэчышча няўстойлівае, шырокая пойма абвалаваная для аховы ад паводак. Гал. прытокі: Йелаўстан, Плат, Канзас (справа). Жыўленне ў верхнім цячэнні снегавое, у сярэднім і ніжнім — пераважна дажджавое. Высокае веснавое разводдзе (павышэнне ўзроўню вады каля вусця да 12 м) і нізкая летняя межань. Характэрны моцныя паводкі. Сярэдні гадавы расход вады каля 2600 м³/с (макс. 19 тыс.м³/с). Цвёрды сцёк 220 млн.т/год; вада брудна-бурага колеру. Сістэма буйных вадасховішчаў (Форт-Пек, Гарысан, Аахе) на М. і ў яе басейне служаць для рэгулявання сцёку, мэтаў ірыгацыі, энергетыкі. Суднаходства да г. Су-Сіці для вял. суднаў і да г. Форт-Бентан для малых суднаў у мнагаводны перыяд. Буйныя гарады і парты: Омаха, Канзас-Сіці.