АНТЫМАНІ́Т (ад позналац. antimonium сурма),

сурмяны блішчак, стыбніт, мінерал класа сульфідаў Sb2S3. Мае 71,4—71,8% сурмы. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Утварае прызматычныя, ігольчастыя крышталі, суцэльныя, зярністыя, радыяльна-прамяністыя агрэгаты. Колер свінцова-шэры да чорнага. Бляск металічны. Цв. 2—2,5. Шчыльн. 4,5—4,6 г/см³. Паходжанне гідратэрмальнае, радзей у свінцова-цынкавых радовішчах і інш. Галоўная руда сурмы.

Антыманіт.

т. 1, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАБАЛЬЦІ́Н.

кобальтавы блішчак, мінерал класа сульфідаў, сульфід кобальту і мыш’яку CoAsS. Змяшчае кобальт да 34%, прымесі жалеза да 16% (феракабальцін). Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Крышталі октаэдрычныя, кубічныя. Агрэгаты зярністыя, у крапіны, пражылкі. Колер серабрыста-белы з ружаватым адценнем. Бляск металічны. Цв. 5,5. Крохкі. Шчыльн. 6,1—6,2 г/см3. Трапляецца ў высока- і сярэднетэмпературных гідратэрмальных жылах. Асн. радовішчы ў Нарвегіі і Канадзе. Руда кобальту.

У.​Я.​Бардон.

Кабальцін.

т. 7, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛЕНІ́Т (ад лац. galena свінцовая руда),

свінцовы блішчак, мінерал класа сульфідаў, сульфід свінцу, PbS. Мае 86,6% свінцу. Прымесі: селен, серабро, вісмут, волава, цынк, жалеза і інш. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Крышталі кубічныя і актаэдрычныя, вядомыя двайнікі. Часцей трапляецца ў выглядзе зярністых (свінчак) і суцэльных мас. Колер свінцова-шэры. Бляск ярка-металічны. Цв. 2—3. Крохкі. Шчыльн. 7,4—7,6 г/см³. Электраправодны. Трапляецца ў гідратэрмальных радовішчах разам з пірытам, сфалерытам, арсенапірытам і інш. сульфідамі. Галеніт — свінцовая руда і каштоўная руда серабра. З галенітавага канцэнтрату атрымліваюць бялілы і інш. фарбы. Радовішчы ў Расіі, ЗША і інш. На Беларусі галеніт трапляецца ў крышт. фундаменце, у пародах дэвону і карбону.

Галеніт.

т. 4, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)