КАРМЯ́НСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала са жн. 1941 да ліст. 1943 у Кармянскім р-не Гомельскай вобл. Аб’ядноўвала 39 чал., 4 падп. арг-цыі і групы ў вёсках: Бель (кіраўнік І.П.Калякін), Валынцы (Т.І.Абатурава, В.Я.Паўлава), Гарадок (У.І.Майсейкаў, А.А.Вішнеўскі), Струмень (А.І.Хадановіч). Падпольшчыкі збіралі для партызан зброю, боепрыпасы, рыхтавалі людскія рэзервы, праводзілі сярод насельніцтва паліт. работу, вялі разведку, падтрымлівалі сувязь з Кармянскім партыз. атрадам, брыгадамі 10-й Журавіцкай і № 47 «Перамога», забяспечвалі партызан праваднікамі, дакументамі, арганізавалі лодачную пераправу цераз р. Сож. У перыяд блакады партыз. зоны карнікамі ў ліп.—жн. 1942 падпольшчыкі дапамагалі партызанам выходзіць з акружэння, знішчылі лінію сувязі на ўчастку Карма—Літвінавічы, прымалі ўдзел ў разгроме мясц. паліцэйскага ўчастка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІСКА́ЙСКІ ЗАЛІ́Ў (франц. Golfe de Gascogne, ісп. Golfo de Vizcaya),
заліў у Атлантычным ак. каля зах. берагоў Еўропы. Уразаецца ў сушу на 400 км, абмывае берагі Францыі і Іспаніі. Пл. каля 194 тыс.км². Сярэдняя глыб. 1715 м, найб. — 5120 м. У Біскайскі заліў упадаюць рэкі Луара і Гарона. Берагі на Пн ад вусця р. Гарона скалістыя, на Пд — нізкія, слаба парэзаныя; берагі Пірэнейскага п-ва скалістыя і абрывістыя. Найбольшыя а-вы Бель-Іль, Нуармуцье, Рэ, Алерон і інш.Т-ра паверхневых водаў у лют. на Пн 5—6 °C, на Пд 12—13 °C, у жн. адпаведна 10 °C і 20—22 °C. Салёнасць 35‰. Прылівы паўсутачныя (выш. да 6,7 м). Моцныя цячэнні, частыя штормы. Рыбалоўства (сардзіны, камбала), промысел вустрыц. Курорты (Біярыц і інш.). Асн. парты: Брэст, Сен-Назер, Ла-Рашэль, Бардо (Францыя), Сан-Себасцьян, Більбао, Сантандэр, Хіхон (Іспанія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСЦЁР,
рака ў Расіі (Смаленская вобл.) і Беларусі, у Клімавіцкім і Крычаўскім р-нах Магілёўскай вобл., левы прыток р. Сож (бас. Дняпра). Даўж. 274 км, у межах Беларусі каля 50 км. Пл. вадазбору 3,37 тыс.км². Пачынаецца на схілах Смаленскага ўзвышша, у Рослаўскім раёне Смаленскай вобласці. Вусце за 2 км на У ад в.Бель 1-я Крычаўскага р-на. Асн. прытокі: Вострык, Стомець, Немка (справа); В.Наўля, Шумячка, Сасноўка (злева).
Даліна ў вярхоўі невыразная, ніжэй трапецападобная, шыр. 1,5—2 км. Схілы спадзістыя, радзей умерана стромкія, выш. 10—25 м. Пойма двухбаковая, шыр. 0,2—0,3 км, у ніжнім цячэнні 0,3—0,5 км, у разводдзе затапляецца ў сярэднім і ніжнім цячэнні. Рэчышча звілістае, шыр. ракі ў межань на Беларусі 20—30 м. Берагі стромкія, месцамі абрывістыя. Вызначаецца інтэнсіўным разводдзем, на якое прыпадае 59% гадавога сцёку. Замярзае ў 1-й пал. снежня, крыгалом у канцы сак. — пач. красавіка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 21,6 м³/с.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЧНІ́СТАЯ РАСА́, папяліца, бель,
хвароба вышэйшых раслін, якая выклікаецца мучністарасянымі грыбамі. Пашырана амаль усюды. Найб. развіваецца ў засушлівыя гады. Пашкоджвае многія с.-г. і дзікарослыя расліны, напр.: бабовыя, злакавыя, парасонавыя, буракі, капусту (узбуджальнікі — грыбы роду эрызіфе), гарбузовыя, маліны, ружы, сунічнік, агрэст і парэчкі, Хмель (сфератэка), ігрушы, яблыні і інш. пладовыя культуры (падасфера), дубы і інш. лясныя дрэвы (мікрасфера). Расліны заражаюцца вясной (азімыя і ўвосень) аскаспорамі, пазней канідыямі грыба. На маладых надземных органах паяўляюцца плямы мучніста-белага парашкападобнага або павуціністага налёту з міцэлію і канідыяў грыба, які паступова разрастаецца, робіцца больш шчыльным (лямцавым) і цёмным. Хворыя органы дрэнна растуць і развіваюцца, дэфармуюцца, засыхаюць, плады могуць растрэсквацца і загніваць. У канцы вегетац. перыяду на паверхні міцэлію ўтвараюцца клейстатэцыі, у якіх выспяваюць (звычайна зімой) аскаспоры; зімуе таксама міцэлій (на азімых культурах і шматгадовых раслінах).
Літ.:
Головин П.Н. Мучнисторосяные грибы, паразитирующие на культурных и полезных диких растениях. М.; Л., 1960.
французскі мастак; адзін з заснавальнікаў імпрэсіянізму. Вучыўся ў Э.Будэна ў Гаўры (1858—59), у акадэміі Сюіса (1859—60) і ў майстэрні Ш.Глейра (1862—63) у Парыжы. Працаваў пераважна ў жанры пейзажа. Развіваў традыцыі пленэрнага жывапісу майстроў барбізонскай школы і Будэна, імкнуўся да перадачы асабістых уражанняў ад пейзажнага або арх. матыву праз колеравае багацце свету і эфекты зменлівасці святлопаветранага асяроддзя і мяккай вібрацыі паветра. Выпрацаваў тэхніку жывапісу раздзельнымі мазкамі і чыстымі фарбамі, разлічаную на аптычнае іх сумяшчэнне ў зрокавым успрыняцці. У серыях карцін-варыяцый «Стагі сена» (1890—91), «Руанскі сабор» (1893—95), «Німфеі» (1904—18) праз адлюстраванне аднаго і таго ж матыву ў розныя часы дня і пры розным надвор’і выяўляў разнастайнасць станаў прыроды. Сярод твораў: «Шпацыр» (1865), «Жанчыны ў садзе» (1866—67), «Сняданак на траве», «Тэраса над морам у Сент-Адрэс» (абодва 1866), «Жабнікі» (1869), «Атэль на пляжы» (1870), «Уражанне, узыход сонца» (1872), «Макі», «Вячэра» (абодва 1873), «Мост у Аржантэйлі» (1874), «Вакзал Сен-Лазар» (1877), «Берагі Сены ў Ветойль» (1880), «Скалы вострава Бель-Іль» (1886), «Белыя гарлачыкі» (1899), «Туман у Лондане» (1903), серыя пано «Гарлачыкі» (1914—22) і інш.Іл.гл. таксама да арт.Імпрэсіянізм.
Літ.:
Сапего И. К.Моне: [Альбом]. Л., 1969;
Георгиевская Е.Б. К.Моне: [Альбом]. 2 изд. М., 1974;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГАНІ́ЧНАЯ ХІ́МІЯ,
галіна хіміі, якая вывучае злучэнні вугляроду з інш. элементамі (арганічныя злучэнні) і іх ператварэнні. Займаецца сінтэзам і вызначэннем структуры арган. злучэнняў, вывучэннем сувязі хім. будовы рэчываў з рэакц. здольнасцю і фіз. ўласцівасцямі, практ. выкарыстаннем. Падзяляецца на стэрэахімію, хімію высокамалекулярных злучэнняў, прыродных рэчываў (антыбіётыкаў, вітамінаў, гармонаў і інш.), металаарган., фторарган., комплексных злучэнняў, фарбавальнікаў. Цесна звязана з біяхіміяй, медыцынай, біялогіяй, арган. геахіміяй, малекулярнай біялогіяй і інш. галінамі навук.
З’явілася ў пач. 19 ст. ў выніку абагульнення ведаў пра ўласцівасці рэчываў жывёльнага і расліннага паходжання і ўяўленняў таго часу аб жыццёвай сіле (vis vitalis), якая быццам бы стварае арган. рэчывы толькі ў жывых арганізмах. Тэрмін «арганічная хімія» ўведзены Ё.Берцэліусам (1827). Сінтэз мачавіны (Ф.Вёлер; 1828), аніліну (М.М.Зінін; 1842), воцатнай кіслаты (А.Кольбе; 1845), рэчываў тыпу тлушчаў (П.Бертло; 1854), цукрыстага рэчыва (А.М.Бутлераў; 1861) паказаў магчымасць штучнага атрымання арган. рэчываў. З 2-й чвэрці 19 ст. пачалі развівацца тэарэт. ўяўленні арганічнай хіміі, у т. л. тэорыя радыкалаў (Ю.Лібіх, Вёлер, Э.Франкленд, Р.Бунзен), тэорыя тыпаў (Ж.Дзюма, Ш.Жэрар і О.Ларан), паняцце пра валентнасць хім. элементаў, чатырохвалентнасць вугляроду і здольнасць яго атамаў ствараць складаныя малекулы. Абгрунтаваная ў 1861 Бутлеравым хімічнай будовы тэорыя прапанавала існаванне сувязі паміж будовай і ўласцівасцямі арган. злучэнняў, растлумачыла з’яву прасторавай ізамерыіарган. злучэнняў. А.Кекуле ў 1865 створана тэорыя будовы араматычных злучэнняў (на прыкладзе бензолу); у 1874 Я.Вант-Гоф і Ж.Ле Бель заклалі асновы стэрэахіміі, вылучылі аптычную ізамерыю і геаметрычную ізамерыюарган. рэчываў. Развіццё арганічнай хіміі ў пач. 20 ст. звязана з дасягненнямі квантавай фізікі і электронных тэорый хім. сувязі. Вызначаны тыпы хім. сувязі; Г.Льюіс, В.Косель, К.Інгалд, Л.Полінг распрацавалі і дапоўнілі ўяўленнямі квантавай хіміі і квантава-хімічнымі разлікамі электронную тэорыю будовы арган. злучэнняў, прадказалі і растлумачылі арганічнай хіміі рэакцыйную здольнасць. У 2-й пал. 20 ст. пачалося станаўленне фізічнай арганічнай хіміі, у якой абагульнены ўяўленні па механізмах рэакцый і сувязі паміж структурай арган. злучэнняў і іх рэакц. здольнасцю; шырокае выкарыстанне ў даследаваннях храматаграфіі, рэнтгенаскапіі, масспектраскапіі, метадаў ЭПР, ЯМР, ІЧ- і УФ-спектраскапіі. Сінтэзаваны новыя класы крэмнійарган. злучэнняў (полісілаксаны), поліаміды (нейлон), фторпалімеры (тэфлон), цэнавыя злучэнні пераходных металаў (ферацэн), фізіялагічна актыўныя злучэнні, лекавыя прэпараты, атрутныя рэчывы, сродкі аховы раслін, антыпірэны. Метады арганічнай хіміі разам з фіз. метадамі даследавання выкарыстоўваюцца ў вызначэнні будовы нуклеінавых кіслотаў, бялкоў, складаных прыродных злучэнняў, з дапамогай матэм. мадэлявання ажыццяўляецца мэтанакіраваны сінтэз арган. рэчываў з зададзенымі ўласцівасцямі. Магчымасці арганічнай хіміі дазволілі сінтэзаваць хларафіл, вітамін B12 (Р.Вудварт), полінуклеатыды (А.Тод), распрацаваць аўтаматызаваны сінтэз ферментаў. Сучаснае дасягненне арганічнай хіміі ў геннай інжынерыі — сінтэз актыўнага гена (Х.Каран; 1976). Выкарыстанне дасягненняў арганічнай хіміі прывяло да стварэння тэхналогій вытв-сці сінт. каўчукаў, пластычных масаў, сінт. валокнаў, фарбавальнікаў, кінафотаматэрыялаў, атрутных рэчываў, сродкаў аховы раслін, духмяных рэчываў, лек. прэпаратаў.
На Беларусі даследаванні па арганічнай хіміі пачаліся ў 1924 у БДУ і вядуцца ў ін-тах фізіка-арган. і біяарган. хіміі АН, БДУ, Бел.тэхнал. ун-це, с.-г., мед. і інш.НДІ. Сінтэзаваны і вывучаны ператварэнні металаарган., поліхлорарган., пераксідных злучэнняў, ацыклічных і гетэрацыклічных злучэнняў, стэроідаў, гетэрастэроідаў, простагландзінаў, нуклеатыдаў, тэрпеноідаў. Буйнейшыя прадпрыемствы: ВА «Палімір» (г. Наваполацк), ВА «Азот» (г. Гродна), Магілёўскі камбінат сінт. валокнаў.
Літ.:
Несмеянов А.Н., Несмеянов Н.А. Начала органической химии. Кн. 1—2. 2 изд. М., 1974;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМПРЭСІЯНІ́ЗМ (франц. impressionnisme ад impression уражанне),
кірунак у мастацтве апошняй трэці 19 — пач. 20 ст. Склаўся ў франц. жывапісе канца 1860 — пач. 1870-х г. Назву атрымаў ад карціны К.Манэ «Уражанне. Узыход сонца» («Impression. Soleil Levant», 1872), якая экспанавалася на парыжскай выстаўцы групы маладых франц. жывапісцаў у 1874. У групу таксама ўваходзілі А.Рэнуар, К.Лісаро, А.Сіслей. Э.Дэга, П.Сезан, П.Банар, Б.Марызо і інш. мастакі, што аб’ядналіся для барацьбы за абнаўленне мастацтва і пераадолення афіц. салоннага акадэмізму. У 1874—86 праведзена 8 выставак, пасля чаго імпрэсіяністы страцілі былое адзінства і працягвалі свае творчыя пошукі паасобку (гл.Неаімпрэсіянізм, Постімпрэсіянізм, Пуантылізм). Адным з заснавальнікаў І. быў таксама Э.Манэ (не ўваходзіў у гэтую групу, але яшчэ ў 1860—70-х г. прадвызначыў яго накіраванасць).
Імпрэсіяністы імкнуліся знайсці форму выражэння, максімальна блізкую да першаснага ўражання, гал. ролю жывапісу бачылі не ў адлюстраванні рэчаіснасці, а ў яе пачуццёвым успрыняцці. Спробы перадаць зіхаценне святла, вібрацыю паветра, зафіксаваць імгненне як бы выпадковай сітуацыі ці руху прывялі да ўзнікнення своеасаблівай тэхнікі жывапісу. Праз накладанне фарбаў асобнымі мазкамі, невыразнасць абрысаў прадметаў, вылучэнне толькі некалькіх іх гал. рысаў імпрэсіяністы здолелі ажывіць карціну, перадаць адчуванне рухомасці, хісткасці і няўстойлівасці імгнення. Такі метад дазваляў лёгка ўводзіць адну фарбу ў зону іншай без страты яе моцы, за кошт чаго ўзбагачаўся каларыт. Асобныя мазкі, якія не супадаюць з абрысамі прадмета, аптычна змешваюцца зрокам гледача, што выклікае пачуццё незвычайна светлага, трапяткога жывапісу. Яны выпрацавалі паслядоўную сістэму пленэра, скарыстаўшы пошукі Дж.Констэбла, К.Каро, мастакоў барбізонскай школы, упершыню стварылі шматгранную карціну паўсядзённага жыцця сучаснага горада. Для І. характэрна змяшэнне быт. жанру з партрэтам, тэндэнцыя да знішчэння дакладных граней паміж жанрамі.
Зварот да І. і вывучэнне яго прынцыпаў у значнай ступені паўплывалі на развіццё шэрагу нац.еўрап.маст. школ і творчасці мастакоў (М.Ліберман, Л.Карынт у Германіі; К.Каровін, В.Сяроў, І.Грабар у Расіі; М.Касат у ЗША; Л.Вычулкоўскі ў Польшчы і інш.), хоць за межамі Францыі развіваліся толькі асобныя тэндэнцыі І. Тэрмін «І.» ужываецца таксама ў дачыненні да скульптуры 1880—1910-х г., якая мае некаторыя сходныя з жывапісам І. рысы: імкненне да перадачы імгненнасці руху, цякучасць і мяккасць форм, пластычная незавершанасць (творы А.Радэна і Дэга ў Францыі, П.Трубяцкога і Г.Галубкінай у Расіі, і інш.). У бел. мастацтве рысы І. ўласцівы творчасці Я.Драздовіча, У.Кудрэвіча, В.Бялыніцкага-Бірулі.
У літаратуры — метад, які грунтуецца на дынамічнай раўнавазе суб’ектыўнага і аб’ектыўнага пачаткаў, на фіксацыі няўлоўных і амаль непадуладных рацыянальнаму асэнсаванню ўражанняў аўтара або героя, станаў яго душы, на імгненнай асацыятыўнасці. Для І. характэрны эскізнасць, фрагментарнасць, эмацыянальны прынцып арганізацыі тэксту (адсюль — пошукі складаных асацыятыўных метафар, увага да гучання слова, асаблівая семантызацыя рытму і мелодыкі), замена разгорнутых лагічных канструкцый незавершанымі фразамі, якія накладваюцца як мазкі на палатне мастака-імпрэсіяніста. Яскравая прыкмета І. — «пейзаж душы», зліццё ў адзіны непадзельны вобраз унутр. стану чалавека і стану навакольнай прыроды.
Складваўся як адзін з кірункаў літ.дэкадэнцтва ў 1860—70-я г. ў Францыі (проза бр. Ж. і Э.Ганкураў) і дасягнуў апагею ў сталай творчасці П.Верлена, праграмны верш якога «Мастацтва паэзіі» быў маніфестам літ. І. Буйнейшай з’явай І. стала спадчына «школы венскіх імпрэсіяністаў» (А.Шніцлер, П.Альтэнберг, Г. фон Гофмансталь). Пакінуў бліскучы след у творчасці пісьменнікаў розных кірункаў, у т. л. Э.Заля (раман «Старонка кахання»), у ранняй навелістыцы Т.Мана, С.Цвэйга; у творчасці М.Пруста даў імпульс станаўленню плыні свядомасці. У рус. л-ры рысы І. ў паэзіі А.Фета, у прозе А.Чэхава, І.Буніна, у ранняй паэзіі А.Блока, А.Белага, М.Валошына, Б.Пастарнака і інш., у бел. л-ры — у паэзіі М.Багдановіча.
У музыцы І. склаўся ў 1890—1910-я г. Для яго характэрна імкненне да ўвасаблення мімалётных уражанняў, да адухоўленай пейзажнасці. Навакольны свет раскрываецца праз прызму тонкіх псіхал. рэфлексаў, ледзь прыкметных адчуванняў, народжаных сузіраннем, што збліжае яго з літ. сімвалізмам: творы П.Верлена, С.Малармэ, П.Луіса, М.Метэрлінка ўвасоблены ў музыцы К.Дэбюсі — заснавальніка муз. І., і яго паслядоўнікаў. У сферы фантастыкі і экзотыкі (цікавасць да Іспаніі, краін Усходу) імпрэсіяністы прадоўжылі традыцыі рамантызму, адмовіўшыся ад вострых драм. калізій, сац. тэм.
Кампазітары-імпрэсіяністы пакінулі вытанчаныя і ясныя па выразных сродках, эмац. стрыманыя і строгія па стылі творы (пераважна праграмныя сімф. і фп. мініяцюры, сюітныя цыклы). Узбагацілася гарманічнае і тэмбравае мысленне (М.Равель, П.Дзюка і інш.). Элементы І. развіліся таксама ў інш. кампазітарскіх школах (М. дэ Фалья ў Іспаніі, А.Рэспігі, часткова А.Казела і Дж.Ф.Маліп’ера ў Італіі, Ф.Дыліус і С.Скот у Вялікабрытаніі, К.Шыманоўскі ў Польшчы, І.Стравінскі, М.Чарапнін у Расіі і інш.).
У тэатры ў канцы 19 — пач. 20 ст. ўзмацнілася ўвага рэжысёраў і выканаўцаў да перадачы атмасферы дзеяння, раскрыцця яе падтэксту. Эфект дасягаўся з дапамогай наўмысна беглых характарыстык у спалучэнні з асобнымі выразнымі дэталямі, што раскрывалі патаемныя перажыванні герояў, іх думкі, імпульсы ўчынкаў. Рэжысурай выкарыстоўваліся гукі, жывапісна-колеравыя плямы, раптоўныя змены рытмаў для стварэння эмацыянальнай насычанасці і ўнур. нарастання драматызму спектакля. Рысамі І. вызначалася творчасць рэжысёраў і акцёраў А.Антуана, Г.Рэжан (Францыя), М.Райнгарта, О.Брама (Германія), Э.Дузе (Італія), У.Меерхольда, В.Камісаржэўскай, П.Арленева (Расія), пастаноўкі МХАТа і інш.
Літ.:
Андреев Л.Г. Импрессионизм. М., 1980;
Денвир Б. Импрессионизм: Художники и картины: Пер. с англ.М., 1994;
Велтон Д. Пейзажи импрессионистов: [Перевод]. М., 1995;
Яроциньский С. Дебюсси, импрессионизм и символизм: Пер. с пол. М., 1978.