рускі цар [1605—06]. Самазванец, выдаваў сябе за царэвіча Дзмітрыя, малодшага сына цара Івана IV, які ў 1591 быццам бы пазбег смерці ва Углічы. Асоба І. I не высветлена. Існуе версія, што ён — збеглы манах маскоўскага Чудава манастыра Рыгор Атрэп’еў з дваранскага роду Атрэп’евых, продкі якіх выехалі з Беларусі ў Маскоўскае княства. Выступіў як прадстаўнік апазіц. цару Барысу Гадунову маскоўскага баярства (князёў Раманавых, Чаркаскіх і інш.) і патрыярха. Паводле інш. звестак яго падтрымліваў канцлер ВКЛ Л.Сапега. У 1601 І. I знаходзіўся ў Кіеве, Астрогу, Брагіне, дзе ў 1603 заручыўся падтрымкай уладальніка горада кн. А.Вішнявецкага. У 1604 з дапамогаю караля Рэчы Паспалітай Жыгімонта III Вазы авалодаў паўд. і паўд.-ўсх.ч. Рускай дзяржавы, заняў Маскву і 21.7.1605 каранаваны як цар Дзмітрый I Іванавіч. Быў адукаваным чалавекам, ведаў некалькі моў і вайск. справу. Адмовіў Рэчы Паспалітай у праве на валоданне Смаленскай і Северскай землямі, якія раней абяцаў перадаць за падтрымку яго выступлення. У знешняй палітыцы намагаўся стварыць антытур. кааліцыю. Забіты змоўшчыкамі-баярамі на чале з В.І.Шуйскім у час нар. паўстання.
Літ.:
Соловьев С.М. Соч.Кн. 4. История России с древнейших времен, т. 7—8. М., 1989;
Скрынников Р.Г. Самозванцы в России в начале XVII в.: Григорий Отрепьев. 2 изд. Новосибирск, 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЯ ЗЯМЛЯ́,
адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ у 15—16 ст. Землямі звычайна наз. асабліва значныя намесніцтвы, якія мелі элементы аўтаноміі, замацаваныя абласнымі прывілеямі. Намесніцтва ў Віцебску, верагодна, з моманту свайго ўтварэння (1392) атрымала ад вял.кн. Вітаўта грамату, якая гарантавала захаванне пэўных нормаў мясц. права, што ўзыходзілі да дагавораў паміж горадам і князем. Сляды такой граматы прасочваюцца ў віцебскім прывілеі вял. князя Казіміра IV (каля 1440—47, не захаваўся), які пазней быў пацверджаны вял. князямі Аляксандрам (1503) і Жыгімонтам I Старым (1509, 1547). Гэтыя прывілеі гарантавалі мясц. феадалам і мяшчанам правы, абвешчаныя шляхце цэнтр. часткі ВКЛ (Віленскаму і Трокскаму ваяв.) прывілеямі 1387, 1432, 1434, а таксама права несці гарнізонную службу толькі ў сваёй зямлі, мясцовы (замкавы) суд і непадлегласць юрысдыкцыі ўпаўнаважаных вял. князя (дзецкіх). Мясц. баяры карысталіся выключным правам па чарзе кіраваць дзярж. валасцямі, што знаходзіліся ў складзе зямлі, за выключэннем некалькіх маёнткаў, падпарадкаваных непасрэдна віцебскаму намесніку (гл.Віцебскае права). Аднак на практыцы самастойнасць Віцебскай зямлі была даволі абмежаваная. Асн. ўлада належала намесніку (ужо ў прывілеях 1503 і 1509 ён наз. ваяводам). Азярышчанская і Усвяцкая воласці пры Казіміру IV былі вылучаны з-пад кіравання мясц. баяр і ператвораны ў асобныя намесніцтвы. Відаць, самастойны намеснік быў і ў Оршы. Значныя воласці ў Віцебскай зямлі былі падараваны князям Андрэю Уладзіміравічу, Друцкім, Жылінскім, што таксама выключала іх з-пад кантролю віцебскага баярства. Пасля 1511 за Віцебскай зямлёй канчаткова замацавалася назва «ваяводства». Яе асобны статус быў афіцыйна скасаваны з прыняццем Статута ВКЛ 1566, які пашырыў на ўсю тэр.ВКЛ агульныя прававыя нормы.
рэлігійнае вучэнне апошняй трэці 15 — пач. 16 ст. ў Ноўгарадзе (потым і Маскве), прыхільнікі якога былі абвінавачаны правасл. духавенствам у далучэнні да іудаізму (адсюль назва). Узнікла ва ўмовах барацьбы ВКЛ і Вял. княства Маскоўскага за ўплыў на Ноўгарад у апошні перыяд яго самастойнасці. У 1470—71 намеснікам вял. князя ВКЛ у Ноўгарадзе быў М.А.Алелькавіч (гл. ў арт.Алелькавічы), у свіце якога былі вучоныя яўрэі: лейб-медык Схарыя, Майсей Хануш і Іосіф Шмойла Скарабей. Прынесеныя імі ідэі ахапілі частку мясц. духавенства і гараджан прамаскоўскай арыентацыі (пратапопы Дзяніс і Аляксей. пратапоп Сафійскага сабора Гаўрыіл). Створаная секта мела тайны характар. У 1479 вял.кн. маскоўскі Іван III перавёў у Маскву ў прыдворныя цэрквы Дзяніса і Аляксея, якія распаўсюдзілі ерась сярод баярства і пры двары. Сярод ерэтыкоў былі дзяк Пасольскага прыказа Ф.Курыцын, нявестка Івана III Алена, баяры І.Патрыкееў, С.Рапалоўскі і інш. «Жыдоўствуючыя» крытыкавалі царк. іерархію, падвяргалі сумненню боскасць Хрыста, траістасць Бога, існаванне замагільнага жыцця, адмаўлялі ўсе прадметы рэліг. культу, ін-т манаства і інш. Ерась была выкрыта ў 1487 і асуджана царк. саборамі 1488, 1490, 1503 і 1504. Наўгародскі архіепіскап Генадзь і настаяцель Валакаламскага манастыра Іосіф Валоцкі абвінавацілі ерэтыкоў у схіленні ў іудаізм (што аспрэчваецца шэрагам гісторыкаў) і дамагліся ад Івана III санкцыянавання ў 1504 смяротных прысудаў іх кіраўнікам. Пасля гэтага ерась заняпала, некат. «жыдоўствуючыя» ўцяклі ў ВКЛ. Крыніцамі вывучэння «Ж.» е. з’яўляюцца пасланні Генадзя, праца Іосіфа Валоцкага «Асветнік», матэрыялы царк. сабора 1490, літ. помнікі саміх «жыдоўствуючых» (пераклады кніг Старога Запавету на царк.-слав. мову рус. рэдакцыі з дамешкам беларусізмаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛІ́ЦЫНЫ,
расійскія ваен. і дзярж. дзеячы, князі з розных галін аднаго стараж. роду.
Паходзяць ад Гедзімінавічаў. Родапачынальнік — Міхаіл па мянушцы Галіца (п. у 1554), баярын, удзельнік паходаў на Ноўгарад, Смаленск, бітвы пад Оршай (1514), дзе трапіў у палон. Яго сын Юрый Міхайлавіч першы стаў пісацца князем Галіцыным. У 11—17 ст. Галіцыны служылі акольнічымі, стольнікамі, ваяводамі, намеснікамі, баярамі, начальнікамі прыказаў. У 17 ст. род Галіцыных разгалінаваўся, а ў 18—19 ст. налічваў некалькі дзесяткаў прадстаўнікоў.
Найб. вядомыя: Васіль Васілевіч (1643—2.5.1714), вылучыўся пры цару Фёдару Аляксеевічу, баярын (з 1676), прыхільнік Міласлаўскіх, фаварыт правіцельніцы Соф’і Аляксееўны, пасля прыходу да ўлады ўрада Пятра I пазбаўлены баярства, усёй маёмасці, сасланы ў Архангельскі край; Барыс Аляксеевіч (1654—1714), дзярж. дзеяч, баярын (з 1690), дзядзька-выхавальнік Пятра I, у 1697—98 узначальваў урад; Дзмітрый Міхайлавіч (1665—25.4.1737), дзярж. дзеяч, дыпламат, сенатар (з 1718), чл.Вярх. тайнага савета (1726—30); Міхаіл Міхайлавіч (11.11.1675—21.12.1730), ген.-фельдмаршал (1725), дзярж. дзеяч, паплечнік Пятра I, удзельнік Паўночнай вайны 1700—21, з 1728 прэзідэнт Ваен. калегіі; Міхаіл Міхайлавіч (1681—5.6.1764), ген.-адмірал (1756), дзярж. дзеяч, дыпламат, астраханскі ген.-губернатар (з 1740), пасол у Іране (1745—48); Аляксандр Міхайлавіч, гл.Галіцын А.М.; Дзмітрый Аляксеевіч (26.5.1734—7.3.1803), аўтар кніг па прыродазнаўстве, філасофіі і паліт. эканоміі, ганаровы чл. Пецярбургскай і шэрагу замежных АН, пасол у Францыі і Нідэрландах (1762—98); Аляксандр Мікалаевіч (19.12.1773—4.12.1884), дзярж. дзеяч, міністр нар. асветы (1816—24); Мікалай Сяргеевіч (28.6.1809—15.7.1892), ваен. гісторык, ген. ад інфантэрыі (1880), удзельнік рус.-тур. вайны 1828—29 і задушэння паўстання 1830—31 у Польшчы, Літве і на Беларусі; Мікалай Дзмітрыевіч, гл.Галіцын М.Дз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕЗГА́ЙЛЫ, Кежгайлы,
магнацкі род герба «Задора». Паходзяць са стараж.літ.баярства, ахрышчанага ў каталіцтва пасля 1385, ад баярына Бушкі (каля 1320 — пасля 1385) і яго сына Валімонта (каля 1350 — пасля 1398). Прозвішча роду К. паходзіць ад імя трэцяга з сыноў Валімонта — Кезгайлы (Міхала, каля 1380 — каля 1450), намесніка вількамірскага (1409—12, старосты жамойцкага ў 1412—32, 1440—41 і з 1442), кашталяна віленскага (з 1445). Найб. вядомыя К.:
Міхаіл (каля 1410—76), сын Кезгайлы, канцлер ВКЛ (1444), адначасова ваявода віленскі (з 1459). Ад вял.кн. Казіміра атрымаў у 1451 частку Лукомскай вол., Дварэц і Ельну ў Новагародскім пав., воласць Бакшты (пазнейшыя Дукора і Смілавічы) у Менскім пав., у 1465 — Любчу на Нёмане і Ракаў. Я н (каля 1415—85), сын Кезгайлы, атрымаў у 1451 ад вял.кн. Казіміра Мсцібогаў у Ваўкавыскім пав., у спадчыну пасля бацькі — частку Дзевялтова, Крожаў і інш. маёнткаў у Літве і Жамойці. Староста жамойцкі (з 1465) і адначасова кашталян віленскі (з 1478). Станіслаў (мянушка Рэкуць, каля 1450—1527), сын Яна, атрымаў частку Дзевялтова, Крожаў, Мсцібогаў, Ракаў, частку Бакштаў, Налібак і Дзераўную ў Менскім пав. і інш. Староста жамойцкі (1485), часова гетман найвышэйшы (1501—02), кашталян віленскі (з 1522). Трэці сын Станіслаў (каля 1500—1532), староста жамойцкі (з 1527), адначасова кашталян трокскі (з 1528). Мікалай (1461? — 1512), малодшы сын Яна, атрымаў частку Крожаў, Налібак, Дзевялтова, Ельну. Яго ўнук Станіслаў Мікалаевіч (каля 1520—54) паступіў у світу вял.кн. Жыгімонта Аўгуста. У 1545 кухмістр, потым стольнік ВКЛ. У 1549 атрымаў тытул графа «Свяшчэннай Рымскай імперыі». З 1551 падчашы ВКЛ. Пасля яго смерці род К. згас, уладанні падзялілі родзічы па жаночай лініі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́РСАКІ,
дзяржаўныя дзеячы, род уласнага герба «Корсак» (змененая «Катвіца») у ВКЛ. Паходзяць з полацкага баярства. Родапачынальнік Фёдар упамінаецца ў 1385, калі ён атрымаў ад полацкага кн. Андрэя Альгердавіча землі каля воз. Беразвеч. Яго сын Дзмітрый меў сыноў Саву, Якава (Яшку) і Васіля, якія ўзвысіліся пры вял.кн. Свідрыгайле [1430—32]. Ад Савы пайшла галіна, якая карысталася прозвішчам Савічы-К. і гербам «Ліс», дапоўненым выявай герба «Катвіца» ў клейнодзе. Найб. вядомыя К.:
Васіль Дзмітрыевіч (каля 1380—1452), намеснік полацкі пры Свідрыгайле, потым у яго радзе, калі апошні быў валынскім князем. Баркулаб (каля 1520—76), пасол у Маскву ў час Лівонскай вайны ў 1562, староста свіслацкі, дзісненскі. Праз шлюб з князёўнай П.Крошынскай набыў маёнткі ў Аршанскім пав., дзе заснаваў названае сваім імем мяст. Баркалабава. Іосіф (каля 1540—1618), полацкі войскі з 1570 і суддзя земскі з 1586, кашталян мінскі, потым полацкі з 1597. Ян Рыгоравіч (каля 1560—1625), полацкі харунжы з 1598, гараднічы да 1611, кашталян дэрпцкі з 1620, полацкі з 1621, у канцы жыцця ваявода смаленскі. Іосіф Львовіч (каля 1570—1643), мсціслаўскі староста з 1629 і ваявода з 1639, заснавальнік базыльянскага кляштара ў Беразвеччы і кармеліцкага ў Глыбокім. Рафаіл (свецкае імя Мікалай; каля 1595—28.8.1640), архімандрыт уніяцкіх манастыроў Віленскага св. Тройцы, Ануфрыеўскага, Кобрынскага св. Спаса, Жыдзічынскага, протаархімандрыт (генерал) базыльянскага ордэна (1626—40), епіскап галіцкі (1626—32) і турава-пінскі (1632—37), мітрапаліт грэка-каталіцкай царквы Рэчы Паспалітай (1636—40). Ян Раманавіч (каля 1620—97), полацкі падчашы з 1658, падкаморы з 1659, кашталян з 1661. Самуэль (каля 1745 — пасля снеж. 1795), грамадска-паліт. і вайсковы дзеяч ВКЛ. Пасол ад Навагрудскага ваяв. на сейм 1773, які зацвердзіў 1-ы падзел Рэчы Паспалітай. Уваходзіў у апазіцыю на чале з Т.Рэйтанам і С.Багушэвічам, якая імкнулася не дапусціць падзелу. Удзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання 1794, падпісаў віленскі акт паўстання 24.4.1794. Уваходзіў у Найвышэйшую літоўскую раду. Гл. таксама Корсак Т.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІДРЫГА́ЙЛЫ ПАЎСТА́ННЕ 1432—39,
прынятая ў гістарыяграфіі назва феад. вайны ў ВКЛ, у якую былі ўцягнуты ўсе пласты грамадства. Мела дынастычны характар барацьбы за дзярж. ўладу паміж 2 прадстаўнікамі дынастыі Гедзімінавічаў — Свідрыгайлам Альгердавічам і Жыгімонтам Кейстутавічам. Пасля абвяшчэння 1.9.1432 вял. князем Жыгімонта, якога падтрымала пераважна літ. арыстакратыя, скінуты з трона Свідрыгайла ўцёк у Полацк. Уладу Жыгімонта прызнала Жамойць, Літва і больш цесна з ёю звязаныя Брэсцкая і Мінская землі, прынёманскія воласці, Падляшша. Полацкая, Віцебская, Смаленская, Ноўгарад-Северская і Кіеўская землі, Валынь і Падолле падтрымалі Свідрыгайлу. Жыгімонт, не маючы дастатковых сіл, аднавіў дзярж. унію з Польшчай (15.10.1432 у Гродне). Яе ўмовы былі змешчаны ў акце Жыгімонта ад 15.10.1432 і акце Ягайлы ад 3.1.1433. Свідрыгайла атрымаў падтрымку ад вял. князя цвярскога, Лівонскага ордэна. У ліст. 1432 Свідрыгайла пачаў ваен. дзеянні. У жн. 1433 ён захапіў Коўна. Вяртаючыся назад, загадаў спаліць Заслаўе і Мінск. Восенню 1433 Жыгімонт спрабаваў авалодаць Мсціславам і Віцебскам, якія належалі Свідрыгайлу. Каб перацягнуць на свой бок жыхароў бел. і ўкр. зямель, Жыгімонт выдаў прывілей 1434, якім ураўнаваў асабістыя і маёмасныя правы правасл. баяр з правамі баяр-католікаў. У жн. 1435 войскі Свідрыгайлы і лівонскага магістра Ф.Керскорфа ўварваліся ў Літву з Браслава. 1.9.1435 на р. Швянтойі каля Вількаміра гэта войска разбіта войскам Жыгімонта; лівонскае войска амаль цалкам знішчана, забіты магістр. Вял. страты мела і войска Свідрыгайлы, а сам ён вярнуўся ў Полацк. Летам 1436 Полацк і Віцебск перайшлі на бок Жыгімонта, які пацвердзіў гэтым землям ранейшыя іх прывілеі. Замацаваўшыся ў ВКЛ, Жыгімонт пачаў праводзіць больш самаст. палітыку ў адносінах да Польшчы. Таму польскія феадалы цяпер пачалі падтрымліваць Свідрыгайлу. Супраць Жыгімонта выступіла і апазіцыя літ. знаці, незадаволеная рэпрэсіямі Жыгімонта і тым, што на дзярж. пасады ён прызначаў прадстаўнікоў дробнага і сярэдняга бел. і літ.баярства. У жн. 1437 Свідрыгайла прапанаваў свайму пляменніку Уладзіславу III перадаць свае землі ў падпарадкаванне польскай кароне. Гэта паўплывала на пазіцыю баяр Кіеўскай і Валынскай зямель, якія не мелі намеру далучацца да Польшчы. Першае наступленне войска Жыгімонта на Кіеў было адбіта Свідрыгайлавым ваяводам Юршою, але пасля 2-га паходу Кіеў быў падпарадкаваны Жыгімонтам. Пад уладаю Свідрыгайлы засталіся Валынь і Падолле. Пасля ад’езду Свідрыгайлы ў Малдову, а потым у Пакуцце Валынь і Падолле прызналі ўладу Жыгімонта. Феадальная вайна скончылася.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІДРЫГА́ЙЛА (у праваслаўі Леў, у каталіцтве Баляслаў; каля 1370—10.2.1452),
вялікі князь ВКЛ у 1430—32. Сын вял.кн.Альгерда і яго 2-й жонкі, цвярской князёўны Юльяны, малодшы брат вял.кн.Ягайлы. У лют. 1386 перад каранацыяй Ягайлы польскаю каронаю ў Кракаве быў у складзе дэлегацыі ВКЛ і з праваслаўя перайшоў у каталіцтва. Атрымаў ад Ягайлы ва ўдзел Віцебскае княства. У 1393 Вітаўт пазбавіў С. віцебскага пасада. У 1396 С. накіраваўся па дапамогу да крыжакоў у Лівонію і з лівонскімі атрадамі заняў Віцебск. Вітаўт аблажыў і ўзяў горад, паланёнага С. адправілі ў Польшчу да Ягайлы. У складзе войска ВКЛ С. ўдзельнічаў у бітве на Ворскле 1399. У 1400 атрымаў княжанне ў Падоллі, прынёс прысягу Вітаўту. Аднак у 1402 уцёк у Прусію, каб з дапамогай крыжакоў узысці на велікакняжацкі трон у Вільні; удзельнічаў у паходах крыжакоў на Літву. Пасля прымірэння з Вітаўтам у 1407 атрымаў Северскае княства (сталіца Бранск). У 1408 разам з групай князёў і баяр ад’ехаў да вял. маскоўскага кн. Васіля I. У 1409 вярнуўся ў ВКЛ, вёў перагаворы з крыжакамі аб звяржэнні Вітаўта. Восенню 1409 схоплены слугамі Вітаўта і пасаджаны ў крэпасць Камянец. У сак. 1418 С. ўцёк у Венгрыю, пасля памірыўся з Ягайлам і Вітаўтам. У 1419 атрымаў ад апошняга ва ўдзел Чарнігаў, Ноўгарад-Северскі і Бранск. З гэтага часу ўдзельнічаў у паходах Вітаўта, вял.паліт. актыўнасці не праяўляў, аднак здабыў вял. аўтарытэт у правасл. баяр ВКЛ. Пасля смерці Вітаўта па дамоўленасці з Ягайлам на з’ездзе паноў і баяр ВКЛ у 1430 большасцю галасоў быў абраны вял. князем ВКЛ. Адразу адбыўся канфлікт паміж польскімі панамі і С., польскія войскі ўступілі ў Падолле і захапілі памежныя замкі. У 1431 С. заключыў саюз з Тэўтонскім ордэнам, Вял. Ноўгарадам і чэшскімі табарытамі з мэтай дасягнення поўнай незалежнасці ВКЛ ад польскага караля, ваенныя дзеянні працягваліся. Каб пашырыць сваю апору ў ВКЛ, С. даваў дзярж. пасады пераважна бел.правасл. баярам, што выклікала незадавальненне літ.баярства. 1.9.1431 было падпісана перамір’е з Польшчай на 2 гады, у выніку якога С. быў прызнаны Польшчай вял. князем і ўладаром усіх зямель ВКЛ. Вясной 1432 у адказ на спробы польскіх феадалаў навязаць ВКЛ новую унію С. фактычна разарваў саюзныя адносіны з Польшчай і пацвердзіў саюз з Тэўтонскім ордэнам. У ноч на 1.9.1432 адбыўся дзярж. пераварот, змоўшчыкі спрабавалі забіць вял. князя ў Ашмянах, але папярэджаны С. ўцёк у Полацк. Вял. князем у Вільні быў абраны Жыгімонт Кейстутавіч. Паміж С. і новым вял. князем пачалася феад. вайна (гл.Свідрыгайлы паўстанне 1432—39), у якой С. пацярпеў паражэнне. Кароль Польшчы Уладзіслаў III (пляменнік С.) выдзеліў яму невял. княства ў Пакуцці (на Пд Галіччыны). У 1440 вял. князь Казімір IV Ягелончык аддаў С. Валынскае княства, дзе С. панаваў да сваёй смерці.
Літ.:
Грыцкевіч А. Свідрыгайла Леў // Скрыжалі «Спадчыны». Мн., 1996. Вып. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКАЕ КНЯ́СТВА,
адно з самых старажытных дзярж. утварэнняў усх. славян з цэнтрам у г.Полацк. Размяшчалася ў бас.Зах. Дзвіны, Бярэзіны, часткова Нёмана (тэр. сучаснай Віцебскай, паўн. часткі Мінскай і Магілёўскай абл.). Найб.стараж. гарады — Мінск (Менск), Віцебск, Друцк, Усвяты, Лукомль, Лагойск (Лагожск), Заслаўе (Ізяслаўль). Ядром П.к. было племянное княжанне крывічоў (палачан). У летапісах княства называлася таксама воласцю (862), вобласцю, Полацкай зямлёй. У апавяданні пра паход кн. Алега на Канстанцінопаль у 907 летапісец залічыў Полацк да гарадоў, дзе «седяху велиции князи, под Олгом суще». У выніку перамогі Полацк атрымліваў даніну ад грэкаў. Каля 980 у Полацку сядзеў кн.Рагвалод. Прадстаўнікамі полацкага княжацкага ролу былі Рагнеда Рагвалодаўна, Ізяслаў Уладзіміравіч, Брачыслаў Ізяславіч, які ў 1021 пасля паходу на Ноўгарад атрымаў г. Усвяты і Віцебск. Пры яго сыне Усяславе Брачыславічу [1044—1101] П.к. дасягнула найб. росквіту. У Полацкай зямлі, магчыма, яшчэ пры жыцці Усяслава ўтварылася Мінскае княства, а пасля яго смерці — іншыя ўдзелы (Ізяслаўскае княства, Віцебскае княства, Лагожскае княства, Друцкае княства). У 1127 кіеўскі кн. Мсціслаў Уладзіміравіч арганізаваў вял. паход у П.к., у 1129 захапіў полацкіх князёў з сем’ямі ў палон і саслаў у Візантыю. Каля 1139 яны вярнуліся і занялі свае ўдзелы. З канца 1120-х г. у Полацку пабольшала роля веча. Паліт. жыццё Полацка 2-й пал. 12 ст. характарызавалася выступленнямі гараджан, зменай князёў. У канцы 12 ст. полацкімі князямі становяцца віцебскія Васількавічы. У гэты час асобныя часткі П.к. адышлі да Смаленска (Копысь, Орша). У 12 ст. ў нізоўях Зах. Дзвіны на месцы больш ранніх паселішчаў узніклі залежныя ад Полацка гарады Герцыке і Кукенойс, якія ў пач. 13 ст., нягледзячы на супрацьдзеянне Полацка, былі захоплены ням. рыцарамі. У канцы 1250 — пач. 1260-х г. у Полацку княжыў Таўцівіл, пляменнік вял. князя ВКЛ Міндоўга. Некалькі гадоў у Полацку правіў Гердзень, пасля князі мяняліся часта. У канцы 13 ст. адзін з іх (імя невядома) спрыяў уключэнню Полацка ў сферу дзеянняў Рыжскага арцыбіскупства. У 1307 палачане з дапамогай літ. князя Віценя прагналі чужынцаў. З таго часу П.к. ўвайшло ў склад ВКЛ, верагодна, на аснове пагаднення (рады) літ. князёў і полацкага баярства. П.к. карысталася аўтаноміяй паводле асобнага прывілея (гл.Полацкія прывілеі). Полацкімі князямі звычайна былі родзічы вял. князя ВКЛ. У 1370—80-я г. (з перапынкамі) полацкім князем быў Андрэй Альгердавіч, які пасля прыняцця вял. князем ВКЛ Ягайлам польскай кароны і каталіцтва прыняў тытул вял. князя полацкага, што падкрэслівала незалежнасць ад ВКЛ. У Грунвальдскай бітве 1410 прынялі ўдзел харугвы з Полацкай зямлі. У час феад. вайны 1432—36 вял. князь ВКЛ Свідрыгайла ўцёк у Полацк, дзе яго падтрымалі мясц. баяры і гараджане. Адбыўся раскол дзяржавы на 2 дзярж. ўтварэнні — ВКЛ са сталіцай у Вільні і Вял. княства Рускае са сталіцай у Полацку, якое праіснавала 4 гады. Адасобленасць П.к. ў складзе ВКЛ неаднаразова пацвярджалася прывілеямі. На тэр. П к. дзейнічала полацкае права, пры якім найб. важныя пытанні жыцця горада і княства вырашаліся на вечы. З сярэдзіны 15 ст. ў Полацк прызначаліся намеснікі вял. князя ВКЛ, а ў 1504 створана Полацкае ваяводства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЗЕ́ННЕ,
штучнае покрыва цела чалавека; у шырокім сэнсе ўключае галаўныя ўборы, абутак і інш. Яго агульны выгляд залежыць ад прыродна-кліматычных умоў, відаў і спосабу гасп. дзейнасці, нац. традыцый, узроўню развіцця вытв. сіл, маёмасна-прававых адносін, этычных поглядаў і патрабаванняў. У гісторыі грамадства выконвала і выконвае функцыі магічную, абрадавую, адрознення паводле полу, узросту, сямейнага становішча, саслоўнай, этн. і рэліг. прыналежнасці, паводле роду заняткаў і службовага становішча, найперш утылітарную і эстэтычную. Нясе ў сабе і маст. вобраз, таму выступае як від дэкар.-прыкладнога мастацтва і залежыць ад маст. стылю эпохі.
Адзенне ўзнікла ў сярэднім старажытнакаменным веку і прайшло складаны шлях эвалюцыі. Як сац. з’ява і як прадмет мастацтва ўвасабляла ўяўленні розных гіст. эпох аб ідэальным чалавеку, яго ўнутр. сутнасці і фіз. абліччы. Так, адзенне стараж. грэкаў з іх ідэалам доблеснага і прыгожага воіна-атлета толькі злёгку падкрэслівала гарманічнасць фігуры; адзенне сярэднявечча згодна з хрысціянскімі догмамі пра грахоўнасць цела хавала яго пад цяжкімі бясформеннымі тканінамі; у эпоху Адраджэння, калі нормай прыгажосці стаў прызнавацца чалавек, адзенне стала больш зручным, як бы выяўляла гармонію ўнутр. і знешняга ў чалавеку; у перыяд Асветніцтва, калі эталонам прыгожага была прырода, а ўзорам для пераймання антычнасць, адзенне набыло натуральныя спакойныя формы. Спалучэнне ў адзіным маст. стылі кампанентаў адзення і прадметаў, што яго дапаўняюць, стварае ансамбль, які наз. касцюмам. Касцюмы падзяляюцца на 3 асн. тыпы: драпіраваны (з абгорнутага вакол цела кавалка тканіны, замацаванага непасрэдна на фігуры), накладны (надзяваецца праз галаву і як бы накладаецца на плечы), раслінны (мае спераду разрэз зверху данізу).
Вытокі бел. адзення ў культуры ўсх.-слав. плямёнаў. Умерана кантынентальны клімат вымагаў закрытага, цёплага адзення. Тканіны выраблялі з лёну (радзей канапель) і воўны, упрыгожвалі нашываннем, натыканнем, вышываннем ці набіўным узорам. Баярства шыла адзенне пераважна з прывазных тканін (парча, аксаміт, тафта, камка); аздобаю служыла вышыўка шоўкам і жэмчугам. Амаль усе віды адзення былі накладныя. Аснову мужчынскага гарнітура складалі кашуля з поясам і нагавіцы, жаночага — кашуля (даўжэйшая за мужчынскую) і паясное адзенне тыпу панёвы; верхняя вопратка — світа (зімой падшытая футрам). Мужчыны насілі шапкі з футра, сукна ці лямцу, дзяўчаты — вянец, замужнія жанчыны — чапец, а паверх — убрус. Абуваліся ў пасталы, поршні ці боты (жаночыя часта вышывалі). Гэтыя асаблівасці перайшлі ў адзенне насельніцтва ВКЛ, дзе ў 13—16 ст. сфарміравалася бел. народнасць. У касцюме беларусаў адчуваецца блізкасць да касцюма літоўцаў і палякаў, а таксама рускіх і інш.еўрап. народаў. Выпрацоўка ў Зах. Еўропе асн. спосабаў і прыёмаў крою, удасканаленне кравецкага рамяства прывяло адзенне да істотных змен. Адзенне магнатаў, шляхты і гар. знаці развівалася ў рэчышчы зах.-еўрап. моды. Важнымі часткамі іх мужчынскага гарнітура былі атласны жупан, зверху кунтуш, падпяразаны доўгім поясам, воўчае (вільчура) і бабровае футра, жаночае — ферэзія, чамара, аблямаваныя карункамі або футрам собаля, куніцы, лісы, кабат з рукавамі. Спрашчэнне адзення арыстакратаў пачалося з канца 18 ст. Народнае адзенне больш яскрава, чым адзенне інш. слаёў грамадства, выяўляла маральныя нормы і эстэт. густы. Нар. касцюм уздзейнічаў на касцюм вышэйшых класаў і сам зазнаваў яго ўплыў. У ім найлепш захаваліся традыцыі нац. адзення. У 14—16 ст.бел. касцюм узбагаціўся новымі відамі (андарак, гарсэт) і прынцыпамі афармлення (спосабы завязвання наміткі). Ён меў характэрныя прыкметы касцюма готыкі і рэнесансу, а з найб. спецыфічных — тэндэнцыі да агульнай строгасці ансамбля, перавагі белага колеру, спалучэння белага з чырвоным у каларыстыцы, геам. узораў у арнаментыцы. Бел. касцюм у гэты час набыў сваю завершанасць, утылітарны і маст. вобраз. Яго развіццё ў 17 — сярэдзіне 19 ст. ішло па шляху мадыфікацыі асобных элементаў адзення, насычэння колеравай гамы, пераасэнсавання арнаментальных матываў, замацавання рэгіянальных адметнасцяў. У перыяд фарміравання бел. нацыі захоўвалася выразнае этнагр. аблічча бел.нар. адзення. Касцюм сялян той пары — класічны ўзор бел.нар. мастацтва. Даўнімі традыцыямі было вызначана, якое адзенне насіць у будні ці святы, надзяваць на вяселле ці на радзіны, падчас радасці ці жалобы. У традыц. комплекс мужчынскага адзення ўваходзілі кашуля, нагавіцы і камізэлька. Кашулю насілі навыпуск, падпяразвалі поясам, калошы абгортвалі анучамі і запраўлялі ў скураныя пасталы, лапці, боты, зімой — у валёнкі. Галаўнымі ўборамі былі саламяны капялюш (брыль) ці валеная магерка, зімой заечая ці аўчынная аблавуха. Мужчынскае адзенне мела сціплае аздабленне, у ім пераважаў белы колер. Найб. ўзлёту фантазіі і майстэрства бел. адзенне дасягнула ў жаночым касцюме, своеасаблівасць якога вызначае адметнасць нац. касцюма беларусаў увогуле. Жаночая кашуля кроілася з прамавугольных кавалкаў ільняной тканіны. Найб. ўвага аддавалася ўпрыгожанню рукавоў, што звязана з маст. тэктонікай і пластыкай касцюма, а таксама з верай у магічную сілу чырвонага рамбічнага арнаменту. Разнастайнае паясное адзенне жанчыны: многія віды спадніц (андарак, саян, палатнянік, летнік), а таксама панёвы, фартухі. Малюнак спадніцы і панёвы — клетка, падоўжныя або папярочныя палосы ў чырвоным, сіне-зялёным ці серабрыста-белым каларыце. Фартух гарманіраваў з кашуляй. У жаночае, асабліва святочнае, убранне ўваходзіў і гарсэт у выглядзе безрукаўкі. Шылі яго звычайна з крамных тканін (аксаміт, парча, шоўк), аздаблялі вышыўкай, аплікацыяй, нашыўкамі тасёмак, стужак, гузікаў. Касцюм мог дапаўняцца разнаколерным поясам з кутасамі. Галаўныя ўборы залежалі ад узросту і сямейнага становішча жанчыны. У дзяўчат гэта былі перавязкі накшталт вузкіх ручнікоў (скіндачка, шлячок), вянкі. Замужняй жанчыне не дазвалялася паказвацца на людзях з непакрытай галавой. Жаночыя галаўныя ўборы падзяляюцца на ручніковыя (намітка, сярпанка, хустка), рагацістыя (галовачка), каптуровыя (каптур, чапец, падвічка). Самы пашыраны і адмысловы — намітка. Будзённым абуткам жанчыны былі лапці, святочным — пасталы і чорныя хромавыя чаравікі. Верхняя мужчынская і жаночая вопратка мала адрознівалася. Яе шылі з валенага нефарбаванага сукна (світа, сярмяга, бурка, бурнос), аўчыны (кажух, кажушок). Насілі таксама бравэрку, каптан, кабат. Пранікненне ў вёску прамысловых вырабаў «размывала» жанравыя межы традыц.нар. касцюма. У 20 ст. многія віды і састаўныя часткі традыц. адзення выйшлі з ужытку. Нар. адзенне аднатыпнае на ўсёй тэр. Беларусі, але ў ім вылучаюць 4 асн. комплексы (залежна ад таго, з чым насілі кашулю ў жаночым касцюме): са спадніцай і фартухом; са спадніцай, фартухом і гарсэтам; са спадніцай, да якой прышыты ліф-гарсэт, і фартухом; з панёвай, фартухом, гарсэтам. Першыя 2 вядомыя ўсюды, 2 другія — ва ўсх. і паўд.-ўсх. раёнах. Комплексы маюць шэраг лакальных разнавіднасцяў, якія вылучаюцца як нар. строі. Найб. вывучаны строі Зах. і Усх. Палесся, Падняпроўя, Цэнтр. Беларусі, Панямоння, Паазер’я (пра кожны строй гл. адпаведны артыкул). Паасобныя матывы традыц. адзення выкарыстоўваюць мадэльеры пры распрацоўцы сучаснага касцюма.
Літ.:
Маслова Г.С. Народная одежда русских, украинцев и белорусов в XIX — начале XX в. // Восточнославянский этнографический сборник. М., 1956;
Беларускае народнае адзенне. Мн., 1975;
Каминская Н.М. История костюма. М., 1977;
Раманюк М.Ф. Беларускае народнае адзенне: [Альбом]. Мн., 1981;
Яго ж. Народны касцюм Чачэрска і ваколіц: Канец XIX — сярэдзіна XX стст. Мн., 1993;
Раманюк М., Ліцвінка В., Раговіч У. Песні і строі Піншчыны. Слонім, 1994.
М.Ф.Раманюк.
Адзенне: 1 — княжацкае 11-12 ст.; 2 — баярскае 12-13 ст.; 3 — гараджан 12-13 ст.; 4-5 — магнатаў 16—17 ст.; 6 — сялян 15 ст.Да арт.Адзенне. 1—2 — селянін і сялянка. Паводле Норбліна (канец 18 — пач. 19 ст.); 3—4 — дзяўчына і жанчына з Піншчыны. Паводле Рабцэвіча (канец 18 — пач. 19 ст.).Да арт.Адзенне. 1 — селянін. Паводле А.Рыгельмана (канец 18 ст.); 2 — сялянка з цэнтральнай Беларусі. Паводле К.Вуйціцкага (пач. 19 ст.); 3—4 — селянін з Палесся і жанчына з-пад Кобрына. Паводле Ю.Крашэўскага (1-я чвэрць 19 ст.).Да арт.Адзенне. К.Русецкі. Жняя. 1845.Да арт.Адзенне. І.Рэпін. Беларус. 1892.
Да арт.Адзенне. Партрэт Лізаветы Соф’і Радзівіл. Невядомы мастак. 1-я пал. 17 ст.
Беларускае народнае адзенне. Строі Цэнтральнай Беларусі і Панямоння: пухавіцкі (1), ляхавіцкі (2), капыльска-клецкі (3), слуцкі (4), вілейскі (5), мастоўскі (6), навагрудскі (7), ваўкавыска-камянецкі (8—9).Беларускае народнае адзенне. Строі заходняга і ўсходняга Палесся: дамачоўскі (10), маларыцкі (11), кобрынскі (12), пінска-івацэвіцкі (13), мотальскі (14), давыд-гарадоцка-тураўскі (15), турава-мазырскі (16), калінкавіцкі (17), брагінскі (18).Беларускае народнае адзенне. Строі Прыдняпроўя і Наддзвіння: магілёўскі (19—20), краснапольскі (21), буда-кашалёўскі (22), неглюбскі (23), лепельскі (24), дубровенскі (25), астравецка-дзісенскага рэгіёна (26—27).