ЖУ́КАЎ Сцяпан Іванавіч [1.5.1923, в. Пушча (цяпер у межах в. Пірагі) Расонскага р-на Віцебскай вобл. — 24.7.1997], Герой Сав. Саюза (1946). Скончыў Віцебскі аэраклуб (1941), Чарнігаўскую ваен. школу пілотаў (1942), Вышэйшыя афіцэрскія лётна-тактычныя курсы (1952). У Вял. Айч. вайну на Цэнтр. і 1-м Бел. франтах. Удзельнік Курскай бітвы, вызвалення Украіны, баёў у Германіі. Нам. камандзіра эскадрыллі штурмавога авіяпалка ст. лейтэнант Ж. зрабіў 121 баявы вылет, у т. л. 80 — на тэр. Беларусі. Да 1957 у Сав. Арміі.

т. 6, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯКЛЮ́ДАЎ (Валянцін Леанідавіч) (30.7.1910, г. Омск, Расія — 20.5.1979),

адзін з кіраўнікоў партыз. руху ў Віцебскай і Вілейскай абл. у Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Новасібірскі камуніст. ін-т (1931). З 1933 у органах НКДБ. У Вял. Айч. вайну з 1941 на фронце. З лют. 1942 камісар, са жн. камандзір партыз. спецатрада НКДБ БССР «Баявы», які дзейнічаў на тэр. Асвейскага, Дрысенскага, Полацкага, Расонскага, Ашмянскага, Докшыцкага, Мядзельскага р-наў. У 1944—58 у органах Мін-ва дзярж. бяспекі БССР, МУС Малдовы.

т. 11, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУСТО́ (Міхаіл Васілевіч) (21.9.1921, г. Магілёў — 16.3.1979),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Армавірскую ваен. авіяц. школу пілотаў (1942), акадэміі Ваен.-паветр. (1954) і Генштаба (1961).

У Чырв. Арміі з 1940. У Вял. Айч. вайну з сак. 1943 на Сцяпным, Варонежскім, 2-м і 1-м Укр. франтах. Удзельнік Курскай бітвы 1943, баёў на Украіне, у Малдове, Румыніі, Польшчы, Германіі. Лётчык, камандзір звяна, эскадрыллі знішчальнага авіяц. палка ст. лейтэнант Л. зрабіў 251 баявы вылет, правёў 49 паветр. баёў, збіў 20 самалётаў праціўніка. Да 1974 у Сав. Арміі.

М.В.Лусто.

т. 9, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВІ́ЦКІ (Яўген Гаўрылавіч) (15.8.1912, в. Копцевічы Чашніцкага р-на Віцебскай вобл. — 23.10.1997),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Маскоўскую лётна-тэхн. школу, Мікалаеўскую школу марскіх лётчыкаў (1933). У Вял. Айч. вайну з 1941 у ВМФ, удзельнік баёў пад Ленінградам, у Прыбалтыцы, Усх. Прусіі, Усх. Германіі. Нач. парашутна-дэсантнай службы штурмавога авіяпалка Балт. флоту капітан Н. здзейсніў 61 баявы вылет на штурмоўку варожых войск і караблёў, затапіў карабель, 4 транспарты, 6 катэраў, кананерскую лодку, шмат ваен. тэхнікі ворага. Да 1946 у Сав. Арміі, да 1973 у грамадз. авіяцыі і на парт. рабоце.

Я.Г.Навіцкі.

т. 11, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРТАЛЁТАНО́СЕЦ,

баявы надводны карабель для групавога базіравання марскіх верталётаў. Мае ўзлётна-пасадачныя пляцоўкі, ангары (пад палётнай палубай) са спец. ліфтамі для пад’ёму верталётаў, памяшканні для іх абслугоўвання і рамонту. Аснашчаецца сродкамі сувязі і кіравання верталётамі, зенітнымі і процікарабельнымі ракетнымі і артыл. комплексамі, процілодачнай зброяй (бамбамёты і інш.). Падзяляюцца на процілодачныя (вядуць пошук і знішчаюць падводныя лодкі, маюць да 32 верталётаў) і дэсантныя (бяруць да 2 тыс. марскіх пехацінцаў для высадкі дэсанту). Водазмяшчэнне да 20 тыс. т, скорасць ходу да 30 вузлоў (55 км/гадз). Карабель для базіравання баявых самалётаў і верталётаў наз. авіяносец.

т. 4, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАНЧАРО́Ў (Якаў Ігнатавіч) (5.4.1914, в. Казлоўка Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 26.3.1982),

Герой Сав. Саюза (1946). Скончыў Нерчынскую школу малодшых авіяспецыялістаў (1937). У Чырв. Арміі з 1931. Удзельнік баёў на р. Халхін-Гол (1939). У Вял. Айч. вайну з 1941 на Зах., Паўд.-Зах., Сталінградскім, Данскім, Цэнтр., Бел. і 1-м Бел. франтах. 24.6.1941 бамбіў варожыя войскі на шашы Гродна—Маладзечна. Удзельнік вызвалення Харкава, Кіева, Гомеля, Бабруйска, Мінска, Брэста, баёў на тэр. Германіі. Нач. сувязі авіяэскадрыллі ст. лейтэнант Ганчароў зрабіў 221 баявы вылет на разведку і бамбардзіроўку ваен. аб’ектаў праціўніка. Да 1954 у Сав. Арміі.

Я.І.Ганчароў.

т. 5, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАМБАРДЗІРО́ЎШЧЫК,

баявы самалёт, прызначаны для паражэння наземных і марскіх аб’ектаў праціўніка бомбамі ці ракетамі. Першыя бамбардзіроўшчыкі створаны напярэдадні 1-й сусв. вайны, у Расіі першы бамбардзіроўшчык — «Ілья Мурамец» (1913). Найб. тыповыя бамбардзіроўшчыкі на пач. 2-й сусв. вайны: сав. Пе-2, ням. Ю-87, англ. «Галіфакс», амер. «Ліберэйтар» і інш. Паводле канструкцыі сучасны бамбардзіроўшчык — суцэльнаметалічны манаплан (часам з крылом зменнай стрэлападобнасці), мае 2—8 рэактыўных рухавікоў. Палётная маса 35—227 т, скорасць больш за 1000 км/гадз, далёкасць палёту без дазапраўкі да 18 тыс. км. Узбраенне: пушкі, да 20 ракет, бомбы да 23 т. Абсталяваны дапаможнымі сістэмамі і прыстасаваннямі для жыццезабеспячэння і выратавання экіпажа ў аварыйных умовах.

т. 2, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВАНО́Ў (Юрый Сцяпанавіч) (н. 3.2.1922, г. Вялікі Усцюг Валагодскай вобл., Расія),

ваенны дзеяч, журналіст. Ген.-лейт. (1981). Скончыў Пушкінскае танк. вучылішча (1942), Акадэмію бранятанк. і механіз. войск (1957). У Вял. Айч. вайну на Калінінскім, Паўн.-Зах., 2-м Прыбалт. франтах, камандзір танка і ўзвода танкаў. У 1957—74 служыў у БВА, камандзір батальёна, палка, дывізіі, нам. камандуючага 7-й танк. арміі. У 1974—77 ваен. саветнік на Кубе. У 1977—83 нам. камандуючага Прыволжскай ваен. акругі. З 1983 у адстаўцы, жыве ў Мінску. Аўтар публікацый на ваен.-патрыят. тэматыку, брашур «Салдацкая доблесць і воінскі абавязак», «Баявы летапіс беларускіх палкоў» (абедзве 1994), «Творцы ратнай славы» (1995) і інш.

т. 7, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІЛАТА́Ж (франц. pilotage),

майстэрства кіравання самалётам (планёрам, інш. лятальным апаратам — ЛА) у гарыз. і верт. плоскасцях з наданнем яму розных становішчаў. Адбываецца са зменай скорасці, вышыні, напрамку палёту ЛА. Характарызуецца т.зв. фігурамі П.

Паводле складанасці выканання фігур П. падзяляецца на просты (віраж, спіраль, слізганне, пікіраванне і інш.), складаны (баявы разварот, паўпераварот, бочка, Несцерава пятля, штопар, пераварот на горцы і інш., а таксама ўсе фігуры простага П., калі яны выконваюцца групай ЛА), вышэйшы (замаруджаная кіроўная бочка, паўтарачная і шматразовая бочка, паўтарачная пятля, верт. васьмёрка і інш., а таксама ўсе фігуры складанага П., калі яны выконваюцца групай ЛА, і ўсе віды перавернутага палёту).

т. 12, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІНЖА́Л (араб.),

клінковая халодная зброя блізкага бою, прызначаная для колючага ўдару. У старажытнасці выраблялі з крэменю, рогу, пазней з металу. Найб. пашыраны на Усходзе, дзе захаваўся да нашых дзён як парадная зброя. Папярэднікам К. на Беларусі быў вял. баявы нож. Атрымаў пашырэнне ў часы сярэдневякоўя, калі набыў форму 1-, 2-лязовага або штыкападобнага клінка. На Беларусі К. называўся пуйнал (ад італьян. pugnale). З 17 ст. ён паступова траціць баявое значэнне і выкарыстоўваецца ў асн. як парадная і дэкаратыўная зброя.

Літ.:

Трусаў А.А. Зброя Лідскага замка // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1980. № 2.

Ю.​М.​Бохан.

Кінжал з г. Бібл (цяпер г. Джубейль, Ліван, 2-е тысячагоддзе да н.э.).

т. 8, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)