ЗАБО́РСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну,
састаўная частка Расонскага патрыятычнага падполля. Дзейнічала ў жн. 1941 — крас. 1942 (кіраўнік У.В.Петрачэнка) на тэр. Віцебскай вобл. Мела 3 групы (23 чал.): у вёсках Аўсюкова і Забор’е (А.Дз.Цітоў, І.Ф.Лапатка), Лакці і Пакоціна (Я.А.Каган, А.І. і Н.І.Папляцеевы), Баканіха і Шарстова (М.Ф.Максіменка). Падпольшчыкі дзейнічалі ў кантакце з партызанамі, збіралі для іх зброю, разведданыя, харчаванне, медыкаменты. Разам з партызанамі ўдзельнічалі ў падрыве моста цераз р. Дрыса, 6 мастоў на шашэйных дарогах, спалілі будынак ням. камендатуры ў в. Забор’е, здзейснілі шэраг дыверсій па знішчэнні баявой тэхнікі, аўтатранспарту і жывой сілы ворага. Вясной і летам 1942 амаль усе падпольшчыкі пайшлі ў партызаны. Дзейнасць падполля ўвекавечана ў Музеі баявой садружнасці бел., рус., латв. і літ. партызан у г.п. Расоны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАЎЗБРАЕ́ННЕ,
аснашчэнне войск новым, больш дасканалым узбраеннем і тэхнікай для падтрымання неабходнага ўзроўню баявой гатоўнасці. П. папярэднічаюць вывучэнне ўласцівасцей і магчымасцей стварэння новых узораў узбраення, ваен. тэхнікі і іх састаўных частак, якія забяспечваюць неабходны ўзровень абарончага патэнцыялу краіны. Плануецца і праводзіцца па праграмах, якія ўключаюць н.-д. і доследна-канструктарскую дзейнасць, вытв-сць і эксплуатацыю ваен. тэхнікі. Пры ажыццяўленні П. ўлічваюцца колькасныя і якасныя ўзроўні забяспечанасці ўзбр. сіл, а таксама тэндэнцыі развіцця сродкаў узбр. барацьбы ў свеце. Ва Узбр. Сілах Рэспублікі Беларусь праводзіцца ў рамках дзярж. праграм узбраення на 5 (10) гадоў і на аснове Ваеннай дактрыны, канцэпцый нац. бяспекі, ваен. будаўніцтва (ваен. рэформы), асн. кірункаў развіцця ўзбраення і ваен. тэхнікі, прагнозаў сац.-эканам. развіцця краіны. Пачынаецца з серыйнай вытв-сці ваен. тэхнікі і паступлення яе ў часці і злучэнні. Замена ўстарэлых узораў робіцца без зніжэння баявой гатоўнасці войск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЫГА́ЛЬ Уладзімір Яфімавіч (н. 30.9.1917, г. Адэса, Украіна),
расійскі скульптар. Нар.маст.СССР (1978). Правадз.чл.АМСССР (1978). Вучыўся ў Маскоўскім маст. ін-це (1937—42, 1946—48). Працуе ў галіне манум. і станковай скульптуры. Творы вылучаюцца стрыманай выразнасцю пластычных і прасторавых вырашэнняў, эмацыянальнасцю і характарнасцю вобразаў. Аўтар надмагілля М.Астроўскага ў Маскве (1954), помнікаў У.Леніну ў г. Казань і Ульянаўск (абодва ўстаноўлены ў 1954), Дз.М.Карбышаву ў г. Маўтгаўзен (Аўстрыя, 1962), Р.Зорге ў Баку (1981), шэрагу партрэтаў, мемарыяльнай стэлы Музея-помніка сав.-польскай баявой садружнасці ў в. Леніна Горацкага р-на Магілёўскай вобл. (1968). Адзін з аўтараў мемарыяльнага комплексу «Героям грамадзянскай вайны і Вялікай Айчыннай вайны 1941—45 гг.» у г. Новарасійск (1982, Ленінская прэмія 1984). Дзярж. прэмія СССР 1950.
У.Цыгаль. Мемарыяльны комплекс у гонар савецка-польскай баявой садружнасці ў в. Леніна Горацкага раёна Магілёўскай Вобл. Архітэктары Я.Белапольскі, В.Хавін. 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЯВЕ́Ц,
старажытнаруская ўдарная зброя, разнавіднасць баявой сякеры. Меў вузкае лязо, падобнае да дзюбы (рус. «клюв», адсюль назва) і малаткападобны абух. Выкарыстоўваўся ў 10—17 ст. для паражэння праціўніка, які меў засцерагальнае ўзбраенне. К. і яго разнавіднасць чакан служылі таксама знакамі адрознення военачальнікаў. Іл.гл. да арт.Кісцень.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПЕЦЫЯЛЬНЫЯ ВОЙСКІ.
Вайсковыя часці і падраздзяленні для забеспячэння баявой дзейнасці ўзбр. сіл і вырашэння ўласцівых ім задач. Уключаюць злучэнні, вайск. часці, арганізацыі: сувязі, інжынерныя, радыяцыйнай, хім. і біял. абароны, чыгуначныя, аўтамабільныя, дарожныя, тэхн. забеспячэння і інш.Войскі сувязі прызначаны для разгортвання і эксплуатацыі сістэм сувязі і забеспячэння кіраўніцтва войскамі (сіламі) ва ўсіх відах іх баявой дзейнасці. Уваходзяць у склад відаў і родаў войск. На іх ускладзены задачы па разгортванні і эксплуатацыі на пунктах кіравання сродкаў сувязі і аўтаматызаванай сістэмы кіравання (АСУ), па тэхн. забеспячэнні сувязі і АСУ, правядзенні арганізац. і тэхн. мерапрыемстваў па бяспецы сувязі і радыётэхн. забеспячэння, па радыёлакацыйным і радыёсвятлотэхнічным забеспячэнні палётаў авіяцыі. Інжынерныя войскі прызначаны для выканання найб. складанага інж. забеспячэння баявых дзеянняў аб’яднанняў, злучэнняў і вайск. часцей родаў войск, спец. войск відаў Узбр. Сіл, а таксама для выкарыстання інж. боепрыпасаў супраць праціўніка. Яны ўключаюць злучэнні, вайск. часці і падраздзяленні інж. разведкі, інж.-сапёрныя, інж. загарод, інж.-пазіцыйныя, пантонна-маставыя, інж.-маскіровачныя, інж.-тэхн. і інш.Войскі радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароны прызначаны для хім. забеспячэння баявых дзеянняў. Складаюцца з часцей і падраздзяленняў, якія выконваюць задачы па радыяцыйнай, хім. і неспецыфічнай біял. (бактэрыял.) разведцы, дэзактывацыі, дэгазацыі і дэзінфекцыі ўзбраення, ваен. тэхнікі, транспарту, абмундзіравання, інш. матэрыяльных сродкаў, а таксама дэгазацыі і дэзактывацыі мясцовасці. У склад іх уваходзяць таксама падраздзяленні для выкарыстання агнямётна-запальных сродкаў і маскіровачных дымоў. Чыгуначныя войскі прызначаны для тэхн. прыкрыцця, аднаўлення, буд-ва і эксплуатацыі чыг. ліній з мэтай забеспячэння баявой дзейнасці ўзбр. сіл у ваен. час; у мірны час выкарыстоўваюцца для тэхн. прыкрыцця і павелічэння прапускной здольнасці існуючых ліній. Створаны ў студз. 1992 паводле пастановы СМ Рэспублікі Беларусь, складаюцца з часцей, прызначаных для збудавання землянога палатна, мастоў, рамонту чыг. тэхнікі і інш., а таксама інш.спец. падраздзяленняў. Аўтамабільныя войскі прызначаны для падвозу матэрыяльных сродкаў для забеспячэння баявой дзейнасці і штодзённага жыцця войск, перавозкі асабовага складу, эвакуацыі параненых і хворых, маёмасці і трафеяў. Складаюцца з органаў кіравання, аўтамаб. брыгад, батальёнаў, рот, узводаў і інш. падраздзяленняў. Дарожныя войскі прызначаны для выканання задач дарожнага забеспячэння. Складаюцца з дарожна-каменданцкіх і Мостабудаўнічых часцей і падраздзяленняў.
А.Л.Самовіч, В.А.Юшкевіч.
Воіны 14-га асобнага палка ўрадавай сувязі КДБ Рэспублікі Беларусь на аператыўна-тактычным вучэнні «Бярэзіна-2002».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРА́Д (ваен.),
1) падраздзяленне або група ваеннаслужачых у вайск. часці, на караблі, у гарнізоне, прызначаныя для нясення ўнутранай, каравульнай і гарнізоннай службаў, а таксама для выканання інш. задач (напр., пагран. Н.). Звычайна прызначаецца на суткі, на работы — на тэрміны, вызначаныя камандзірам.
2) Пэўная колькасць сіл і сродкаў, патрэбных для выканання баявой задачы (напр., Н. самалётаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАПАНО́ВІЧ Дзмітрый Апанасавіч (26.10.1896, в. Танежыцы Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 29.11.1952),
генерал-лейтэнант (1944). Удзельнік грамадз. вайны. З 1937 у Палітупраўленні РСЧА. У Вял.Айч. вайну чл.ваен. савета Цэнтр. фронту, Кіеўскай, Уральскай, Маскоўскай ваен. акруг, Маскоўскай зоны абароны. З 1947 нам. па паліт. частцы камандуючага войскамі ваен. акругі, нач.Гал. ўпраўлення баявой і фіз. падрыхтоўкі сухапутных войск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАТФО́РМА (франц. plate-forme ад plat плоскі + forme форма),
1) узвышаная пляцоўка, памост.
2) Грузавы вагон адкрытага тыпу з невял. бартамі. Выкарыстоўваюць для перавозкі велікагрузных кантэйнераў, двух’ярусныя П. — для перавозкі легкавых аўтамабіляў.
3) Невялікая чыгуначная станцыя, паўстанак.
4) Прыстасаванне для скідвання з ваенна-трансп. самалётаў баявой тэхнікі, грузаў.
5) Праграма, патрабаванні якой-н. паліт. ці грамадскай арг-цыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАЧА́НКА,
рысорная конная павозка з адкрытым лёгкім кузавам для парнай запрэжкі. Т. з узмоцненай запрэжкай (тройкай або чацвёркай коней) у час грамадз. вайны ў Расіі (1918—20) выкарыстоўваліся ў кавалерыі ў якасці рухомай баявой пляцоўкі пад станковы кулямёт. Баявы разлік кулямётнай Т. складаўся з 2—3 чал. — наводчыка, памочніка і ездавога. У Вял.Айч. вайну выкарыстоўваліся бел. партызанамі.