ПЕРАЎЗБРАЕ́ННЕ,
аснашчэнне войск новым, больш дасканалым узбраеннем і тэхнікай для падтрымання неабходнага ўзроўню баявой гатоўнасці. П. папярэднічаюць вывучэнне ўласцівасцей і магчымасцей стварэння новых узораў узбраення, ваен. тэхнікі і іх састаўных частак, якія забяспечваюць неабходны ўзровень абарончага патэнцыялу краіны. Плануецца і праводзіцца па праграмах, якія ўключаюць н.-д. і доследна-канструктарскую дзейнасць, вытв-сць і эксплуатацыю ваен. тэхнікі. Пры ажыццяўленні П. ўлічваюцца колькасныя і якасныя ўзроўні забяспечанасці ўзбр. сіл, а таксама тэндэнцыі развіцця сродкаў узбр. барацьбы ў свеце. Ва Узбр. Сілах Рэспублікі Беларусь праводзіцца ў рамках дзярж. праграм узбраення на 5 (10) гадоў і на аснове Ваеннай дактрыны, канцэпцый нац. бяспекі, ваен. будаўніцтва (ваен. рэформы), асн. кірункаў развіцця ўзбраення і ваен. тэхнікі, прагнозаў сац.-эканам. развіцця краіны. Пачынаецца з серыйнай вытв-сці ваен. тэхнікі і паступлення яе ў часці і злучэнні. Замена ўстарэлых узораў робіцца без зніжэння баявой гатоўнасці войск.
Г.Я.Халькаў.
т. 12, с. 289
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)