КО́КСАВАЯ ПЕЧ,

агрэгат для ператварэння каксаваннем каменнага вугалю ў кокс. Складаецца з камеры каксавання і ацяпляльных прасценкаў, у якіх спальваецца газ. Звычайна К.п. аб’ядноўваюць у батарэі (па 61—77 печаў) з агульнай сістэмай падводу газу і адводу лятучых рэчываў, падачы вугалю і інш. Для падагрэву паветра і газу К.п. абсталёўваюцца рэгенератарамі.

Батарэя коксавых печаў: 1 — камера каксавання; 2 — коксавыштурхвальнік; 3 — рэгенератар; 4 — кокс; 5 — газаправод; 6 — гасільны вагон.

т. 8, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРО́ЗАЎ (Міхаіл Ільіч) (1.1.1922, г. Барысаў Мінскай вобл. — 24.8.1944),

Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў Барысаўскае педвучылішча (1939). У Вял. Айч. вайну на Зах., Варонежскім, Цэнтр. і 1-м Укр. франтах. Артыл. батарэя на чале з старшым лейт. М. вызначылася ў жн.—вер. 1943 пры вызваленні Украіны. У баі за плацдарм на р. Сейм паранены М. працягваў кіраваць агнём батарэі, забяспечыў прарыў абароны праціўніка і вызваленне шэрагу нас. пунктаў.

М.І.Марозаў.

т. 10, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́РЗЕ АПАРА́Т,

электрамеханічны тэлегр. апарат для перадачы і прыёму паведамленняў нераўнамерным кодам тэлеграфным (знакамі азбукі Морзе). Перадатчыкам у М.а. з’яўляецца тэлегр. ключ, прыёмнікам — электрамагніт, які кіруе работай пішучага механізма. Распрацаваны С.Морзе ў 1837, прыгодны для эксплуатацыі ў 1840; упершыню выкарыстаны ў 1844 на тэлегр. лініі Вашынгтон — Балтымар. Да сярэдзіны 1950-х г. выцеснены літарадрукавальнымі тэлеграфнымі апаратамі.

Схема работы Морзе апарата: 1 — пішучы вузел; 2 — электрамагніт; 3 — ключ; 4 — батарэя сілкавання.

т. 10, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДРАЗДЗЯЛЕ́ННЕ,

1) частка, раздзел чаго-небудзь, якія ўваходзяць у склад больш буйной адзінкі (напр., упраўленні, аддзелы мін-ваў, навуч. устаноў і інш.).

2) Вайсковая адзінка, якая, як правіла, мае пастаянную арганізацыю і аднародны склад. Існуюць у кожным відзе ўзбр. сіл, родзе войск (сіл), спец. войск і ўваходзяць у склад больш буйных П. або часцей. П. з’яўляюцца: аддзяленне, узвод, рота (батарэя, звяно, баявая часць карабля), батальён (дывізіён, эскадрылля), акрамя асобнага, і інш. Баявыя задачы выконвае ва ўзаемадзеянні з інш. П. і самастойна.

т. 11, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУ́ДЧЫК (Павел Андрэевіч) (12.7.1918, в. Казённыя Паршні Аршанскага р-на Віцебскай вобл. — 17.4.1994),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў артыл. школу (1939), Бранскае ваенна-паліт. вучылішча (1942), Вышэйшую афіцэрскую артыл. штабную школу (1950). У Чырв. Арміі з 1938. У Вял. Айч. вайну з 1942 на Калінінскім, Паўн.-Зах., 2-м Прыбалт., 1-м і 4-м Укр. франтах. Вызначыўся ў 1944 у баях на тэр. Літвы; артыл. батарэя на чале з капітанам Д. адбіла 11 контратак ворага і прымусіла адступіць. Да 1959 у Сав. Арміі.

П.А.Дудчык.

т. 6, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ПЛАН (Лазар Майсеевіч) (31.7.1917, в. Скароднае Ельскага р-на Гомельскай вобл. — 10.6.1994),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Ленінградскае артыл. вучылішча (1938), Вышэйшую афіцэрскую артыл. школу (1946). Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну з жн. 1941 на Паўд.-Зах., Паўн.Зах., 2-м Прыбалт. і 1-м Укр. франтах. Удзельнік абароны г. Севастопаль. Нам. камандзіра артыл. палка маёр К. вызначыўся 18—27.7.1944 пры вызваленні Латвіі: на чале групы разведчыкаў захапіў пераправу на р. Істранка, батарэя пад яго камандаваннем паспяхова адбівала контратакі праціўніка. Да 1959 у Сав. Арміі, падпалкоўнік. Аўтар кн. «Вогненныя гады» (1970).

Л.М.Каплан.

т. 8, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАЛЁЎ (Павел Міхайлавіч) (29.7.1915, в. Крыцкія Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл — 1.3.1998),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Вышэйшую афіцэрскую артыл. школу ў Ленінградзе (1947). У Чырв. Арміі з 1936. У Вял. Айч. вайну з жн. 1941 на Зах., Бранскім, 1-м Укр. франтах. Вызначыўся ў баях на рубяжы р. Одэр: з 27.1 да 4.2.1945 батарэя пад камандаваннем капітана К. ў раёне г. Алава (Польшча) адбіла 11 контратак пяхоты і танкаў праціўніка; 5 лютага, знаходзячыся ў акружэнні ворага, у крытычны момант бою К. выклікаў агонь сваёй артыл. на сябе, адбіў 14 контратак і ўтрымаў плацдарм. Да 1957 у Сав. Арміі.

П.М.Каралёў.

т. 8, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРАНЧУ́К (Андрэй Якаўлевіч) (н. 15.6.1915, в. Горваль Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл.),

Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў Рэчыцкі педтэхнікум (1932), артыл. школу ў Куйбышаве (1939), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1947), Кіеўскі ун-т (1965). У Чырв. Арміі з 1938. Удзельнік баёў на р. Халхін-Гол у 1939. У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941: камандзір батарэі, дывізіёна, нач. артылерыі стралк. палка. Вызначыўся 15—17.10.1943 пры фарсіраванні Дняпра каля Лоева Гомельскай вобл.: батарэя пад камандаваннем лейт. Варанчука фарсіравала раку, захапіла плацдарм, знішчыла 5 агнявых кропак, 2 танкі ворага, адбіла некалькі контратак праціўніка, што спрыяла паспяховаму наступленню сав. войск. Да 1960 у Сав. Арміі, да 1985 на выкладчыцкай рабоце.

А.Я.Варанчук.

т. 4, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭАКТЫ́ЎНАЯ АРТЫЛЕ́РЫЯ,

від артылерыі, якая выкарыстоўвае рэактыўныя снарады. Знаходзіцца на ўзбраенні сухап. войск, ВПС і ВМФ (ВМС). Прызначана для вядзення залпавага агню па розных цэлях. Мае рэактыўныя снарады з асколачна-фугаснымі, кумулятыўнымі, дымавымі і інш. часткамі.

Створана ў СССР у канцы 1930-х г. Часці Р.а., якія мелі на ўзбраенні рэактыўныя сістэмы БМ-13 і БМ-8 (нар. назва «Кацюша»), уваходзілі ў склад артылерыі рэзерву. Упершыню баявыя машыны Р.а. БМ-13 (эксперым. батарэя І.А.Флёрава) выкарыстаны 14.7.1941 у баі каля чыг. станцыі Орша Віцебскай вобл. і на пераправах цераз рэкі Дняпро і Аршына. У 2-ю сусв. вайну Р.а. была ў ням. арміі (5-, 6- і 10-ствольныя мінамёты); у арміі ЗША (114,3-мм і 182-мм рэактыўныя сістэмы). Пасля вайны атрымала шырокае распаўсюджанне ў арміях інш. краін. Гл. таксама Рэактыўная зброя.

А.​У.​Аляхновіч.

т. 13, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КО́СМАС»,

1) серыя савецкіх ШСЗ для навуковых, тэхнічных і інш. даследаванняў у каляземнай касм. прасторы. Запускаюцца з 16.3.1962.

Навук. праграма ўключае даследаванне касм. прамянёў, радыяцыйных паясоў Зямлі, іанасферы, сонечнай актыўнасці і выпрамянення Сонца, распаўсюджвання радыёхваль і інш. выпрамяненняў у атмасферы Зямлі; прадугледжвае таксама рашэнне тэхн. праблем, звязаных з касм. палётамі: стыкоўку на арбіце, уваход касм. апарата ў атмасферу, арыентацыю ў космасе, жыццезабеспячэнне і ахову ад радыеактыўных выпрамяненняў, адпрацоўку элементаў канструкцыі і бартавых сістэм касм. апаратаў. Пры сумесным палёце «К.-186» і «К.-188» 30.10.1967 упершыню здзейснена аўтам. збліжэнне і стыкоўка на арбіце; пасля расстыкоўкі прадоўжаны іх аўтаномны палёт і праведзена пасадка.

2) Савецкія 2-ступеньчатыя ракеты-носьбіты, пры дапамозе якіх выводзяцца на арбіты ШСЗ «К.», «Інтэркосмас» і інш.

ШСЗ «Космас» для даследавання радыяцыйных паясоў Зямлі: 1 — сонечная батарэя; 2 — блок буферных батарэй; 3 — сістэма тэрмарэгулявання; 4 — блок абслуговай апаратуры; 5 — датчык месцазнаходжання спадарожніка; 6 — адсек навуковай апаратуры.

т. 8, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)