ПАВІ́ЦЦЕ,

вёска ў Кобрынскім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 49 км на ПдУ ад горада і чыг. ст. Кобрын, 95 км ад Брэста. 1906 ж., 758 двароў (2000). Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, 2 б-кі, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Малітоўны дом евангельскіх хрысціян-баптыстаў. Брацкія магілы партызан і ахвяр фашызму. Помнікі землякам, якія загінулі ў Вял. Айч вайну. Помнік архітэктуры — Павіццеўская Прачысценская царква.

т. 11, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАВУ́ША,

вёска ў Беларусі, у Столінскім раёне Брэсцкай вобл., на р. Гарынь. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 8 км на ПнУ ад Століна, 253 км ад Брэста, 15 км ад чыг. ст. Гарынь. 3135 ж., 1023 двары (1995). Малое прадпрыемства па вырабе скур. Сярэдняя школа, 2 б-кі, Дом культуры, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Малітоўны дом евангельскіх хрысціян-баптыстаў. Арх. помнік — Троіцкая царква (1905). Каля вёскі — гарадзішча-сховішча 10—11 ст.

т. 2, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАБАПТЫ́СТЫ (ад грэч. anabaptizō перахрышчваю),

перахрышчэнцы, удзельнікі радыкальнага народнасектанцкага руху эпохі Рэфармацыі пераважна ў Германіі, Швейцарыі, Нідэрландах. Патрабавалі паўторнага хрышчэння (у свядомым узросце), адмаўлялі царк. іерархію, асуджалі багацце, заклікалі да ўвядзення агульнай маёмасці. Удзельнічалі ў Сялянскай вайне 1524—26 у Германіі, утварылі Мюнстэрскую камуну (1534—35); разгромлены. Анабаптысты праніклі і ў некаторыя бел. гарады, дзе знайшлі паслядоўнікаў сярод мясц. рамеснікаў. Асобныя элементы вучэння анабаптыстаў перайшлі ў дагматыку некаторых пратэстанцкіх сектаў (баптыстаў і квакераў).

т. 1, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ЙСКАЯ, Войская,

вёска ў Беларусі, у Камянецкім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр сельсавета і калект. сялянскага аб’яднання «Колас». За 13 км на З ад г. Камянец, 59 км ад Брэста, 19 км ад чыг. ст. Высока-Літоўск. 938 ж., 295 двароў (1996). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Малітоўны дом евангельскіх хрысціян-баптыстаў. Помнік архітэктуры — царква Раства Багародзіцы (1751—75). Каля вёскі курганны могільнік дрыгавічоў (10—12 ст.).

т. 3, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́СКІ,

вёска ў Хідрынскім с/с Кобрынскага р-на Брэсцкай вобл., каля р. Мухавец, на аўтадарозе Мінск—Брэст. Цэнтр аграфірмы «Беларусь». За 8 км на З ад горада і чыг. ст. Кобрын, 37 км ад Брэста. 733 ж., 356 двароў (2000). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Малітоўны дом евангельскіх хрысціян-баптыстаў. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 12, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕВА́НГЕЛЬСКІЯ ХРЫСЦІЯ́НЕ,

паслядоўнікі адной з плыней пратэстантызму, падобнай да баптызму (гл. Баптысты). Найб. распаўсюджаны ў ЗША. У Расіі з’явіліся ў 1870-я г. ў арыстакратычным асяроддзі Пецярбурга. Першапачатковая назва — рэдстакісты або пашкоўцы (ад імён актыўных прапаведнікаў лорда Рэдстака і палкоўніка В.​А.​Пашкова). З сярэдзіны 1890-х г. наз. Е.х. У 1909 засн. Усерасійскі Саюз Е.х. на чале з І.​С.​Праханавым і адбыўся іх 1-ы з’езд у Пецярбургу. У аснову веравучэння, распрацаванага Праханавым, былі пакладзены агульнапратэстанцкія догматы: вучэнне аб спрадвечнай грахоўнасці чалавека і выратавальнай місіі Ісуса Хрыста; догмат аб другім прышэсці Хрыста і магчымасці выратавання толькі асабістай верай у выратавальную ахвяру Хрыста. Іх абраднасць і царк. арганізацыя яшчэ больш спрошчаныя, чым у баптыстаў. У 1930-я г. шмат кіраўнікоў Саюза Е.х. і вернікаў было рэпрэсіравана, дзейнасць яго фактычна спынілася; адноўлена ў 1942. У 1944 Е.х. аб’ядналіся з баптыстамі ў царкву Евангельскіх хрысціян-баптыстаў (Саюз ЕХБ). На Беларусі першыя паслядоўнікі Е.х. (пашкоўцы) з’явіліся ў 1870—90-я г. на Гомельшчыне. У 1920—30-я г. ў Зах. Беларусі замежныя місіі заснавалі шэраг абшчын Е.х., у асноўным у Палескім ваяв. Цяпер большасць Е.х. уваходзіць у Саюз ЕХБ Беларусі. 1 абшчына Е.х. зарэгістравана аўтаномна (1997).

А.​У.​Верашчагіна.

т. 6, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАРБІ́СТЫ, евангельскія хрысціяне дарбісты, плімуцкія браты,

рэлігійная пратэстанцкая секта. Створана ў 1820—30-я г. ў г. Плімут (Англія) святаром Дж.​Н.​Дарбі (адсюль назва) як абшчына, апазіцыйная афіц. англіканскай царкве. Веравучэннем блізкія да баптыстаў і евангельскіх хрысціян. Вялі прапаганду сярод хрысціян і іудзеяў. Абраднасць больш спрошчаная. Д. поўнасцю адмаўляюць духавенства як асобную прафесійную групу і надаюць вял. значэнне асабістаму тлумачэнню Бібліі. Найб. распаўсюджаны ў Англіі і яе б. калоніях і дамініёнах, Зах. Еўропе. У пач. 20 ст. з’явіліся ў Беларусі (Мінск). У 1920—30-я г. ў Зах.

Беларусі склаліся 3 цэнтры Д.: у Брэсце, Кобрыне, Пінску, якія праводзілі місіянерскую работу сярод мясц. сялян, а таксама яўрэяў. Пасля Вял. Айч. вайны дзейнасць секты заняпала.

Б.​І.​Камейша.

т. 6, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́ЧЫЦА,

рабочы пасёлак у Столінскім р-не Брэсцкай вобл., чыг. ст. Гарынь на лініі Лунінец—Сарны (Украіна) на аўтадарозе Столін—Сарны. За 7 км на Пд ад Століна, 238 км ад Брэста. 6,8 тыс. ж. (2000).

У 19 ст. вёска Столінскай вол. Пінскага пав. У 1886—332 ж., 31 двор, царква. З пабудовай чыгункі Лунінец—Роўна (1885) чыг. ст. Гарынь. У 1921—39 у складзе Польшчы, вёска Сталінскага пав. Палескага ваяв., 948 ж. (1921). З 1939 у БССР, з 1940 у Столінскім р-не Пінскай вобл., з 1954 Брэсцкай вобл. З 6.7.1960 рабочы пасёлак.

Працуюць з-ды: абліцовачна-фасаднай керамікі, кансервавы, камбінат буд. матэрыялаў, лесазавод, раённае аб’яднанне сельгастэхнікі, камбінат быт. абслугоўвання; 3 сярэднія і сярэдняя вочна-завочная школы, 4 дашкольныя ўстановы, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі, цэрквы — правасл., хрысціян веры евангельскай, хрысціян баптыстаў-евангелістаў. Брацкая магіла сав. воінаў.

т. 14, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУХО́ЎНЫЯ НАВУЧА́ЛЬНЫЯ ЎСТАНО́ВЫ,

рыхтуюць служыцеляў культу і даюць тэалагічную адукацыю. Першыя Д.н.ў. ўзніклі пры храмах Стараж. Егіпта і Стараж. Вавілона (2-е тыс. да н.э.) для падрыхтоўкі жрацоў (гл. Жрэцтва). Сучасныя Д.н.ў. падзяляюцца на вышэйшыя — тэалагічныя ун-ты і ін-ты, адпаведныя ф-ты пры свецкіх ун-тах, акадэміі; сярэднія — семінарыі, каледжы і ліцэі (хрысц.), медрэсэ (мусульм., бываюць таксама вышэйшымі), вышэйшыя тэалагічныя і каранічныя школы, ешыбот (іудаісцкія); ніжэйшыя — біблейскія, катэхізічныя, каранічныя, манастырскія і інш. школы. Найб. колькасць розных Д.н.ў. маюць сусветныя рэлігіі — будызм, іслам, хрысціянства.

На Беларусі першыя Д.н.ў. ўзніклі ў канцы 16 — пач. 17 ст. (гл. Езуіцкія навучальныя ўстановы, Кальвінісцкія школы). Былі закрытага ці паўзакрытага тыпу. Адукацыя мела пераважна гуманіт. характар. Праваслаўных святароў рыхтуюць Мінская духоўная акадэмія, Мінская вышэйшая духоўная семінарыя (в. Жыровічы Слонімскага р-на), каталіцкіх святароў — Гродзенская вышэйшая духоўная семінарыя У Мінску працуюць Біблейскі ін-т і Біблейская школа Саюза евангельскіх хрысціян-баптыстаў. Тэалагічны ін-т і Біблейскі каледж («Хрыстос для народаў») Саюза хрысціян веры евангельскай, Вышэйшы завочны іудзейскі рэлігійны ешыбот, Вышэйшы духоўны каледж «Эйш Хаторы» («Агонь Торы») іудзейскага рэліг. аб’яднання. Святароў рыхтуе таксама багаслоўскі ф-т Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта.

т. 6, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУРА́ШКАЎЦЫ, евангельскія хрысціяне святыя сіяністы,

рэлігійная секта. Узнікла ў канцы 1920-х г. у Зах. Беларусі. Назва ад імя заснавальніка Івана Мурашкі, які абвясціў сябе прарокам ад бога і стаў прапаведаваць канец свету і страшны суд. Члены секты павінны былі выконваць запаведзі Майсея, святкаваць суботу і нядзелю, не спажываць мяса, не галіць бараду, не чытаць свецкую л-ру, не мець зносін з іншаверцамі. У 1936 Мурашка заснаваў каля г. Сарны Валынскага ваяв. рэліг. камуну «Новы Іерусалім». У 2-й пал. 1930-х г. М. было каля 800—1000 чал. У 1938, забраўшы касу, Мурашка з жонкай уцёк у Аргенціну. Пасля Вял. Айч. вайны найб. актыўныя «апосталы» секты стварылі новыя «сіёны» ў Антопальскім, Высокаўскім, Іванаўскім, Кобрынскім р-нах. У 1951 секта перайменавана ў царкву св. Тройцы, аднак ніколі не рэгістравалася. Да 1953 усе «сіёны» разагнаны, многія члены секты арыштаваны і асуджаны. Вернікі раз’ехаліся па Малдавіі, Грузіі, Казахстане, Краснадарскім краі. У Беларусі засталіся адзінкі М., якія не маюць сваёй арг-цыі, але выконваюць веравучэнне і абрады секты, часам наведваюць малітоўныя сходы пяцідзесятнікаў і адвентыстаў, радзей баптыстаў.

Літ.:

Камейша Б.И. Кто такие мурашковцы. Мн., 1970.

Б.​І.​Камейша.

т. 11, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)