МЭ́РЫЛЕНД (Maryland),

штат на Атлантычным узбярэжжы ЗША, па абодвух берагах Чэсапікскага заліва. Пл. 27,5 тыс. км². Нас. 5094,3 тыс. чал., у т. л. больш за 85% гарадскога (1997). Адм. ц. — г. Анапаліс, найб. горад, прамысл. цэнтр і порт — Балтымар. На У берагавая нізіна, у цэнтры плато Підмант (да 400 м), на З Апалачы (выш. да 1024 м). Клімат умераны, вільготны. Сярэдняя т-ра студз. 2—3 °C, ліп. 25—27 °C. Ападкаў больш за 1000 мм за год. На схілах Апалачаў захаваліся лісцевыя лясы. Найб. развіта прам-сць: чорная і каляровая металургія, машынабудаванне (у т. л. аўтазборачнае і суднабудаванне), радыёэлектронная, эл.-тэхн., авіяракетная, хім., нафтахім., харч., паліграф., швейная; выраб металаканструкцый. Вытв-сць электраэнергіі 44,6 млрд. кВт∙гадз (1997). Здабыча буд. каменю, цэм. сыравіны, пяску і жвіру. У сельскай гаспадарцы пераважае жывёлагадоўля. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, авечак, свіней. Птушкагадоўля. Агародніцтва. Цяплічныя гаспадаркі. Вырошчванне соі і кукурузы. Лесанарыхтоўкі. Рыбалоўства. Турызм. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі.

т. 11, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫАТЛАНТЫ́ЧНАЯ НІЗІ́НА.

У Паўн. Амерыцы, у ЗША. Акаймоўвае Атлантычнае ўзбярэжжа ад Нью-Йорка да паўд. краю п-ва Фларыда. Шыр. ад 30 да 350 км. У аснове П.н. ляжаць палеазойскія крышт. структуры, перакрытыя вапнякамі і пясчанікамі мелу і палеагену. Паверхня плоская, выш. да 100 м. У паўн. ч. ўзбярэжжа расчлянёна глыбокімі залівамі (Дэлавэр, Чэсапікскі), на Пд — берагі лагуннага і маршавага тыпу са шматлікімі пясчанымі косамі, у паўд. краі Фларыды — каралавыя рыфы. Углыб П.н. лагуны змяняюцца азёрамі, балотамі і плоскімі марскімі тэрасамі, перарэзанымі шырокімі поймамі рэк. Уздоўж большай ч. ўзбярэжжа — цячэнне Гальфстрым. Клімат субтрапічны, мусоннага тыпу, на Пд Фларыды — трапічны. Зіма цёплая, дажджлівая, на Пд Фларыды — сухая. Сярэднія т-ры студз. 5—10 °C. Частыя цыклоны прыносяць дажджы і паніжэнне т-ры да 0 °C. Лета гарачае і дажджлівае. Сярэднія т-ры ліп. 22—28 °C. Ападкаў 1000—1400 мм за год. Лясы з хвоі доўгаіглістай, хлыстовай, ладаннай, факельнай. На водападзельных слабаўзгорыстых участках лясы мяшаныя хваёва-дубовыя, з карлікавай пальмай у падлеску; балоты. Вырошчваюць бавоўнік, тытунь, рыс, сорга. Яблыневыя і персікавыя сады. Гал. гарады: Нью-Йорк, Філадэльфія, Балтымар, Вашынгтон.

М.​В.​Лаўрыновіч.

т. 13, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІ́НКЛЕР ((Sinclair) Эптан Біл) (20.9.1878, г. Балтымар, ЗША — 26.11.1968),

амерыканскі пісьменнік. Вучыўся ў Калумбійскім ун-це (Нью-Йорк). З 1920 займаўся выдавецкай дзейнасцю. Удзельнік літ. руху «макрэйкераў» («разграбальнікі бруду»), якія імкнуліся да выкрыцця грамадскіх заганаў, карупцыі ва ўсіх сферах жыцця. Дэбютаваў раманам «Кароль Мідас» (1901). Найб. значны твор — «сацыялагічны» раман «Джунглі» (1905) пра трагічныя лёсы рабочых. Аўтар раманаў «Сталіца» (1908), «Сільвія» (1913), «Кароль Вугаль» (1917), «Джымі Хігінс» (1919), «100%. Біяграфія патрыёта» (1920), «Нафта» (1927), «Бостан» (1928), «Аўтамабільны кароль» (1937), цыкла публіцыст. кніг «Мёртвая рука» (1918—25), кн. мемуараў «Аўтабіяграфія» (1962), эпапеі пра Лані Бэда (т. 1—11, 1940—53), шматлікіх аповесцей, апавяданняў, п’ес, кінасцэнарыяў і інш. Яго творы ўключаюць дакладныя факты, сацыялагічныя і гіст. дакументы; яны адметныя вастрынёй маральна-этычных канфліктаў, зваротам да эстэтыкі натуралізму ў спалучэнні з рэалізмам, свядомай тэндэнцыйнасцю, надзённасцю сюжэтаў, выразнай публіцыстычнасцю.

Тв.:

Бел. пер. —Злодзей: П’еса. Мн., 1930;

Аўтамабільны кароль. Аповесць аб фордаўскай Амерыцы. Мн., 1939;

Рус. пер. — Джунгли М., 1956;

Джимми Хиггинс. М., 1957;

100%. Биография патриота. М., 1957;

Столица.

М., 1957; Король Уголь. Донецк, 1981; Дельцы; Автомобильный король М., 1986; Сильвия; Замужество Сильвии. СПб., 1992.

Літ.:

Богословский В.Н. Эптон Синклер. М., 1976.

Е.​А.​Лявонава.

т. 14, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЙНА́ ЗА НЕЗАЛЕ́ЖНАСЦЬ У ПАЎНО́ЧНАЙ АМЕ́РЫЦЫ 1775—83, Амерыканская рэвалюцыя,

рэвалюцыйная вызв. вайна 13 паўн.-амер. калоній супраць брыт. панавання, у ходзе якой утворана незалежная дзяржава — Злучаныя Штаты Амерыкі. Узмоцнены пасля Сямігадовай вайны 1756—63 прыгнёт з боку ўрада брыт. караля Георга III (забарона каланістам перасяляцца за Алеганскія горы, паводле закону 1765 абкладанне гербавым зборам камерцыйных і юрыд. дакументаў, паводле законаў Таўншэнда 1767 увядзенне ўвозных пошлін на англ. тавары і інш.) выклікаў супраціўленне ў калоніях. Дэманстранты знішчалі прывезеную з Англіі гербавую паперу, у канцы 1765 створаны першыя рэв. арг-цыі «Сыноў свабоды», у снеж. 1773 адбылося т.зв. «бостанскае чаяпіцце», калі каланісты прабраліся на англ. судны ў гавані і скінулі ў мора цюкі з чаем. 1-ы Кантынентальны кангрэс прадстаўнікоў калоній у Філадэльфіі (вер. 1774) вызначыў эканам. палітыку калоній (адмаўленне ад брыт. тавараў, падтрымка мясц. вытв-сці) і яе рэалізацыю праз стварэнне на месцах «к-таў па праверцы». Каланісты ўзбройваліся і стваралі атрады «мінітменаў» («людзей мінуты»), гатовых па трывозе сабрацца і ўступіць ў бой. У пач. вайны суадносіны сіл былі на карысць Англіі, якая мела найб. моцны ў свеце ВМФ і добра падрыхтаваную рэгулярную армію. Першая бітва 19.4.1775 каля Лексінгтана і Конкарда паблізу ад Бостана, калі мінітмены не далі англ. войскам захапіць склад зброі, стала сігналам да ўзбр. паўстання ва ўсіх калоніях, пачалі партыз. вайну атрады валанцёраў. З-за немагчымасці стварыць неперарыўную лінію фронту ўздоўж 1500-мільнага ўзбярэжжа Атлантычнага ак. агульны стратэг. план англічан прадугледжваў захоп гал. партовых гарадоў, задушэнне паўстанняў у калоніях блакадай. У першых баях каланісты паспяхова выкарысталі супраць англ. лінейных баявых парадкаў рассыпны стралк. строй. 2-і Кантынентальны кангрэс 15.6.1775 абвясціў пра стварэнне адзінай арміі каланістаў і прызначыў яе галоўнакаманд. Дж.Вашынгтона; цэнтрам сканцэнтравання паўстанцкіх войск стаў Масачусетс. Страціўшы забітымі і параненымі каля 1,1 тыс. чал. з 2,5 тыс., 17.6.1775 англ. войскі захапілі вышыню над Бостанам Банкер-Хіл. У ходзе вайны каланісты падзяліліся на патрыётаў (дробныя рамеснікі, наёмныя рабочыя, закантрактаваныя слугі, фермеры, нац. буржуазія, паўд. плантатары; цэнтр руху — калоніі Новай Англіі) і лаялістаў — праціўнікаў незалежнасці (зямельная арыстакратыя, чыноўнікі англ. калан. адміністрацыі, частка купцоў, духавенства англіканскай царквы; апора — калоніі Нью-Йорк, Джорджыя, Паўд. Караліна). Апошнія ваявалі ў брыт. арміі (каля 30 тыс. чал.), перадавалі шпіёнскія весткі англічанам, стваралі ўзбр. банды. Ваен. дзеянні ў 1776—77 разгарнуліся гал. чынам на Пн краіны. Атрады каланістаў у сак. 1776 занялі Бостан. Англ. галоўнакаманд. У.​Хоу перакінуў войскі на 300 суднах да Нью-Йорка і захапіў горад. Вясной 1776 большасць калоній абвясцілі сябе суверэннымі рэспублікамі (штатамі). 4 ліп. кангрэс прыняў Дэкларацыю незалежнасці 1776 аб утварэнні ЗША. Былі праведзены сац. і паліт. пераўтварэнні (скасавана забарона пасяленняў за Алеганамі, уведзены максімум рыначных цэн на прадметы першай неабходнасці, зніжаны маёмасны цэнз для выбаршчыкаў, устаноўлены кантроль выбарных заканад. органаў за выканаўчай уладай і інш.). Пазней кангрэс выкупіў некалькі тысяч неграў-рабоў для вярбоўкі ў армію, многія з іх вызначыліся ў баях. Пасля заняцця англічанамі Філадэльфіі (лета 1777) Кантынентальны кангрэс эвакуіраваўся ў Балтымар. Не здолеўшы прасунуцца ў глыб краіны ў цэнтр. штатах, англ. камандаванне вырашыла адсекчы Новую Англію ад астатніх калоній. Накіраваная з Канады ў раён Нью-Йорка на злучэнне з войскам Хоу 7-тысячная англ. армія пад камандаваннем ген. Дж.​Бургойна трапіла ў акружэнне і 17.10.1777 капітулявала каля Саратогі. Гэтая перамога палепшыла міжнар. становішча ЗША, якія здолелі таксама выкарыстаць знешнепаліт. супярэчнасці Англіі з інш. еўрап. дзяржавамі. Паводле Амерыкана-французскага дагавора 1778 Францыя накіравала свае эскадры і сухап. войскі ў Амерыку. Вялікабрытаніі абвясцілі вайну Іспанія (1779) і Галандыя (1780), імператрыца Расіі Кацярына II восенню 1775 адмовіла Георгу III накіраваць у Амерыку 20 тыс. рас. салдат на задушэнне «мяцяжу» і 9.3.1780 абвясціла дэкларацыю аб «узбр. нейтралітэце». У 1778—81 англічане перанеслі ваен. дзеянні ў паўд. штаты, захапілі буйныя партовыя гарады, аднак не здолелі прасунуцца ў глыб краіны. Восенню 1781 рэгулярныя войскі Вашынгтона разам з франц. часцямі пры падтрымцы з мора франц. флоту акружылі каля віргінскага г. Йорктаўн 7-тысячную армію англ. ген. Ч.​Карнуоліса, якая капітулявала 19.10.1781. На моры ўзбр. камерцыйныя судны-каперы каланістаў (да 1,5—2 тыс.) блакіравалі шляхі забеспячэння англічан. За гады вайны амерыканцы захапілі каля 2 тыс. англ. гандл. суднаў з 12 тыс. матросаў. Усяго за вайну Англія перакінула да атл. ўзбярэжжа Паўн. Амерыкі палову ВМФ, 90 тыс. салдат (у т. л. 30 тыс. наёмнікаў-гесенцаў). У вайне на амер. баку ўдзельнічалі каля 7 тыс. еўрап. добраахвотнікаў, у т. л. ўраджэнец Беларусі Т.Касцюшка. Паводле Версальскага мірнага дагавора 1783 Вялікабрытанія прызнала незалежнасць ЗША.

Літ.:

Война за независимость и образование США М., 1976;

Зотов А.А. США негры и война за независимость, 1775—1783. М., 1988.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 3, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)