А́РКУШ (польскае arkusz),

1) стандартны кавалак паперы, кардону, фанеры і інш. 2) Адзінка вымярэння ў паліграфіі і выдавецкай справе. Адрозніваюць аркуш аўтарскі, улікова-выдавецкі, папяровы друкаваны і ўмоўна-друкаваны.

Аўтарскім аркушам вымяраюць аб’ём літ. твора (рукапіснага і надрукаванага). У бел. паліграфіі роўны 40 тыс. друкаваных знакаў (з прагаламі паміж словамі), ці 700 вершаваным радкам, ці 3 тыс. см² надрукаванага ілюстрацыйнага матэрыялу. Улікова-выдавецкі аркуш — аб’ём друкаванага твора, колькасцю знакаў роўны аўтарскаму, але акрамя аўтарскага тэксту ўключае тытул, рэдакцыйную прадмову, змест, рэкламу, калонтытулы і інш. тэкставы і графічны матэрыял. Служыць для выдавецкага планавання, вызначэння кошту выдання і інш. Папяровым аркушам вызначаюць колькасць выкарыстанай на выданне паперы. Друкаваны аркуш паказвае аб’ём (плошчу) выдання і раўняецца палове папяровага пры стандартных фарматах. Умоўны друкаваны аркуш — адзінка ўліку выдавецкай прадукцыі: папяровы аркуш фармату 60 × 90 см, надрукаваны з аднаго боку. Аб’ём выданняў, надрукаваных на паперы інш. фарматаў, для параўнання паказчыкаў пералічваюць ва ўмоўныя друкаваныя аркушы.

т. 1, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕСЦЯРЭ́НКА (Аляксандр Андрэевіч) (н. 6.8.1935, с. Падгорнае Калачаеўскага р-на Варонежскай вобл., Расія),

расійскі і бел. літ.-знавец. Д-р філал. н. (1989), праф. (1991). Скончыў Маскоўскі ун-т (1959). З 1959 выкладаў у Чымкенцкім (у 1965—66 заг. кафедры), Калужскім пед. ін-тах. З 1989 у Віцебскім ун-це. Навук. працы па гісторыі рус. л-ры 19 ст., творчасці Л.​Талстога, тэорыі л-ры, эстэтыцы. Аўтар кн. «Аўтарскі пачатак у эпічным творы» (1982), «Л.​М.​Талстой і руская літаратура» (2000), вучэбных дапаможнікаў для ВНУ «Тэорыя літаратуры і метадалогія аналізу мастацкага твора» (1993), «Руская літаратура ў кантэксце сусветнай» (1998, у сааўт.), «Навукова-метадычныя матэрыялы літаратуразнаўчага цыкла» (1999. ў сааўт.).

Тв.:

Проблема «авторского начала» в художественном творчестве Л.​Н.​Толстого // Вопр. философии. 1984. №7;

Рассказ — повесть — роман: динамика жанров и повествование в художественной прозе Л.​Н.​Толстого // Жанр и творческая индивидуальность. Вологда. 1990;

Луначарский читает Достоевского и Бахтина: Опыт объективного анализа // Диалог. Карнавал. Хронотоп. 1999. № 3;

Ф.​М.​Достоевский и Л.​Н.​Толстой как мыслители и художники // Весн. Віцеб. дзярж. ун-та. 2000. № I.

Л.​В.​Календа.

т. 11, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПСІХАЛАГІ́ЧНАЯ ШКО́ЛА ў літаратуразнаўстве,

навуковы кірунак, што склаўся ў Зах. Еўропе і Расіі на аснове філасофіі пазітывізму ў апошняй чвэрці 19 ст. і існаваў да 1920-х г. Асн. прадметам вывучэння быў унутр. бок маст. творчасці — матывы душы аўтара, што спрыяюць нараджэнню твора, і працэсы, што адбываюцца ў свядомасці чытача. П.ш. мела пашырэнне ў зах.-еўрап. эстэтыцы (В.​Вунт, В.​Вец, І.​Фолькельт, Э.​Эльстэр у Германіі, С.​Жырардэн у Францыі), дзе моцным быў яе псіхафізіялагічны кірунак, што перабольшваў ролю біял. фактараў у эстэт. дзейнасці чалавека і паўплываў на фарміраванне тэорыі псіхааналізу З.Фрэйда. Грунтоўна, на ўзроўні навук.-пазітыўнага пазнання тут вывучалася псіхалогія творчасці, значнае месца ў творчым працэсе адводзілася інтуіцыі, падсвядомасці. У рус. літ.-знаўстве П.ш. прадстаўлялі А.​А.​Патабня і яго вучні — Дз.​М.​Аўсяніка-Кулікоўскі, Т.​Райнаў, М.​С.​Грыгор’еў і інш. П.ш. працягвала ідэі культурна-гістарычнай школы — пра сувязі л-ры з матэрыяльным і духоўным развіццём грамадства або асяроддзя (разумеючы яго як дыферэнцыраванае цэлае, што па-рознаму ўздзейнічае на мастака — асобу псіхалагічна непаўторную) і на першы план у маст. творчасці ставіла індывідуальны аўтарскі пачатак. Паводле канцэпцыі П.ш., творчы працэс — акт самавыяўлення мастака, вызвалення яго ад маральна-псіхал. грузу, цяжару думак і пачуццяў; сакрэты творчасці — у таямніцах аўтарскага «я», складанасці яго інтэлектуальна-душэўнага комплексу. Грамадская абумоўленасць маст. творчасці для іх была другарадным фактарам, бо лічылі, што жыццё ўплывае на мастака ў залежнасці ад канкрэтных носьбітаў гэтага ўплыву. Паняцце «ўнутранай формы слова» (сінонім паняцця «вобраз»), якое ўвёў у навук. ўжытак Патабня, стала стрыжнем яго паэтыкі, дзе праблемы лінгвістыкі і літ.-знаўства разглядаліся непадзельна. Аўсяніка-Кулікоўскі вылучаў 2 тыпы творчасці — назіральны (рознабаковае, больш дакладнае, праўдападобнае адлюстраванне) і эксперыментальны (аднабаковае, больш умоўнае). Ён расчляняў л-ру на вобразную (эпас і драма) і лірычную (лірыку) і тлумачыў апошнюю як асобны від творчасці, што аперыруе не вобразамі, а непасрэднымі эмоцыямі, што ствараюцца рытмам гукавога і пачуццёвага характару. П.ш. праяўлялася, хоць і скупа, у бел. літ.-знаўстве ў 2-й пал. 1920-х г. як процідзеянне вульгарна-сацыялаг. канцэпцыям. А.​Бабарэка, абгрунтоўваючы эстэт. сутнасць л-ры і навук. асновы крытыкі, падкрэсліваў значэнне суб’ектыўна-псіхал. фактару, ролю аўтарскага ўяўлення ў літ. творчасці («З далін на ўзвышшы», «Аб разуменні мастацкай творчасці і некаторых пытаннях у вывучэнні мастацкай літаратуры» і інш.). З індывід. псіхалогіяй пісьменніка лічыўся і М.​Піятуховіч («Нарысы гісторыі беларускай літаратуры», 1928). І.​Замоцін ідэі П.ш. прымаў як элемент сінтэзу яго літ.-знаўчай тэорыі. На іх абапіраўся М.​Каспяровіч, раскрываючы ўнутр. складанасць творчасці пісьменнікаў («Матывы барацьбы ў творчасці М.​Багдановіча» і інш.).

Літ.:

Потебня А. Мысль и язык. 5 изд. Харьков, 1926;

Осьмаков Н.В. Психологическое направление в русском литературоведении: Д.​Н.​Овсянико-Куликовский. М., 1981;

Мушынскі М. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства, 20—30-я гг. Мн., 1975;

Конан У. Адам Бабарэка. Мн., 1976.

А.​М.​Пяткевіч.

т. 13, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)