Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМАДЗЯ́НСКАЯ ВАЙНА́ Ў АФГАНІСТА́НЕ,
узброеная барацьба ўнутры афг. грамадства з восені 1978 з прычыны нявырашанасці паліт., эканам., сац., этн.-нац. і рэліг. праблем у краіне. На 1-м этапе вайны (1978—79) супраць новаўвядзенняў кіруючай Народна-дэмакратычнай партыі Афганістана (НДПА) выступіла ўзбр. радыкальная ісламская апазіцыя (фундаменталісты), якая пасля паражэння сваіх папярэдніх антыўрадавых мяцяжоў 1970—75 арганізавала на тэр. Пакістана падрыхтоўку маджахедаў. Ва ўмовах крызісу ўлады па просьбе кіраўніцтва НДПА 27.12.1979 у Афганістан уведзены сав. войскі, новым ген. сакратаром НДПА і прэзідэнтам краіны стаў Б.Кармаль. На 2-м этапе (1980—89) непасрэдны ўдзел у вайне сав.ваен. кантынгенту (да 120 тыс.чал.) прывёў да кансалідацыі апазіцыйных НДПА сіл. Апошнім аказвалі падтрымку і дапамогу ЗША (у 1980—86 кангрэс выдаткаваў 750 млн., у 1987 — 630 млн.дол.), Пакістан, частка араб. краін, фундаменталісты Ірана, Кітай і інш. У кастр. 1986 з Афганістана выведзены 6 сав. палкоў. Пры новым афг. лідэры Наджыбуле афіцыйна абвешчана палітыка нац. прымірэння (снеж. 1986), прынята канстытуцыя 1987, уведзена шматпарт. сістэма і інш. Пасля падпісання ў Жэневе 14.4.1988 прадстаўнікамі Афганістана, Пакістана, СССР, ЗША шэрагу дакументаў аб паліт. урэгуляванні афг. праблемы 15.2.1989 з Афганістана канчаткова выведзены сав. войскі. На 3-м этапе вайны (1989—92) пасля спынення паставак зброі з Расіі ўраду Наджыбулы (прэзідэнт Афганістана да 16.4.1992) узбр. апазіцыя 28.4.1992 заняла Кабул, да ўлады прыйшлі яе лідэры (гл. В.Рабані, Г.Хекмаціяр). На 4-м этапе (1992—96) у межах т.зв.мусульм. рэвалюцыі забаронена дзейнасць Партыі Айчыны (былая НДПА). Абвастрэнне рознагалоссяў паміж пушгунскім і непуштунскім лагерамі ісламістаў выклікала новую жорсткую хвалю грамадз. вайны. 5-ы этап звязаны з дзейнасцю найб. артадаксальных ісламістаў — талібаў, якія імкнуцца да суцэльнай ісламізацыі краіны. У вер. 1996 яны захапілі Кабул, да 1997 кантралявалі 2/3тэр.Афганістана, наблізіліся да мяжы з Таджыкістанам і Туркменіяй. У ходзе грамадз. вайны загінулі 1,5 млн. афганцаў і 15 тыс.сав. вайскоўцаў (з іх больш за 750 чал. з Беларусі), 5 млн.афг. грамадзян сталі бежанцамі, знішчана 80% прадукц. сіл краіны і інш.
Літ.:
Спольников В.Н. Афганистан: Исламская оппозиция: Истоки и цели. М., 1990;
Война в Афганистане. М., 1991;
Афганистан-95 // Азия и Африка сегодня. 1995. № 10.
М.Г.Елісееў.
Да арт.Грамадзянская вайна ў Афганістане. Байцы аднаго з добраахвотніцкіх атрадаў, якія ваявалі на баку ўрада.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗУЛЬФАКА́Р,
праход паміж Туркмена-Харасанскімі гарамі і Парапамізам. Злучае паўд. раёны Туркменістана з суседнімі часткамі Ірана і Афганістана. Даўж. 14 км. Па З. ў цясніне цячэ р. Герыруд (Тэджэн).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМА́НІ,
назва залатых манет Афганістана, якія выпускаліся ад эпохі феадалізму да 1925 (вартасць 5, 2, 1 і 1/2 амані). Агульная маса 4,6 г, чыстага золата 4,1 г. Складала 30 рупій.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАДАХША́Н,
прыродная вобласць у Сярэдняй Азіі, у гарах Паміра і Гіндукуша, па абодвух берагах р. Пяндж. Правабярэжная частка Бадахшана ўваходзіць у Горна-Бадахшанскую аўт. вобласць Таджыкістана, левабярэжная — у правінцыю Бадахшан на ПнУАфганістана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́БІ-ІСТАДА́,
запаведнік на ПдАфганістана, на Газні-Кандагарскім пласкагор’і. Засн. ў 1974. Пл. каля 25 тыс.га. Уключае мелкаводнае салёнае возера на выш. 2133 м — месцы жыхарства рэдкіх відаў птушак (гняздуецца фламінга, зімуе белы журавель).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАКТРЫ́ЙСКАЯ РАЎНІ́НА,
перадгорная раўніна на ПнАфганістана, на левабярэжжы р. Амудар’я. Даўж. каля 400 км, шыр. да 140 км, выш. 250—500 м. Пясчаныя і гліністыя пустыні; уздоўж Амудар’і — тугайныя зараснікі, лугі. Аазісы. Старажытны цэнтр арашальнага земляробства (бавоўнік, пшаніца, цукр. буракі, рыс).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́ШТЫ-МАРГО́,
пустыня на ПдЗАфганістана, паміж далінамі рэк Гільменд і Хашруд. Пл. каля 150 тыс.км²Выш. 500—700 м. Друзаватыя і гліністыя раўніны з рэдкай палына-салянкавай расліннасцю; на ПдЗ — масівы пяскоў, такыры, саланчакі, па ўскраінах — аазісы. Адгонная жывёлагадоўля. Вярблюдагадоўля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФГА́НЦЫ (саманазва пуштун, пухтун),
нацыя, асн. насельніцтва Афганістана (больш за 10 млн.чал., 1987). Больш за 16 млн.чал. (пераважна качэўнікі і напаўкачэўнікі) жывуць на ПнЗ Пакістана. Захоўваюць племянныя аб’яднанні (афрыдыі, вазіры, гільзаі, дураны і інш.). Гавораць на пушту мове. Сярод вернікаў пераважаюць мусульмане-суніты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДЗІША́Х (ад стараж.-перс. уладар + перс. цар),
тытул манарха ў шэрагу краін Б. і Сярэдняга Усходу. Узнік у стараж. Іране. Тытул П. насілі правіцелі Асманскай імперыі (15 — пач. 20 ст.), Магольскай імперыі (16—19 ст.), Майсура (2-я пал. 18 ст.), Афганістана (1926—73) і інш.