НАРО́ДНА-ДЭМАКРАТЫЧНАЯ ПА́РТЫЯ АФГАНІСТА́НА (НДПА),

партыя ў Афганістане з сярэдзіны 1960—90-х г. Засн. 1.1.1965 групай афганскіх інтэлігентаў-марксістаў. З 1967 падзялілася на фракцыю «Хальк» («Народ»), якая стаяла на крайне левых пазіцыях, і больш памяркоўную «Парчам» («Сцяг»). У 1977 абедзве фракцыі аб’ядналіся, фактычна захаваўшы самастойнасць. Захапіўшы ў 1978 уладу, НДПА абвясціла Дэмакр. Рэспубліку Афганістан на чале з лідэрам «Хальк» Н.М.Таракі. У выніку міжфракцыённых супярэчнасцей у 1978—79 многія члены «Парчам» былі рэпрэсіраваны. Пасля ўводу ў Афганістан у снеж. 1979 сав. войск з іх дапамогай да ўлады ў НДПА і краіне прыйшоў лідэр «Парчам» Б.Кармаль, які ў 1986 быў адхілены М.Наджыбулой. Ў 1990 НДПА афіцыйна адмовілася ад марксізму-ленінізму і прыняла назву Партыя «Ватан» («Айчына»). Пасля захопу Кабула ў 1992 маджахедамі (гл. Муджахіды) спыніла існаванне.

т. 11, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Афганіста́н

назоўнік, уласны, неадушаўлёны, неасабовы, мужчынскі род, 1 скланенне

адз.
Н. Афганіста́н
Р. Афганіста́на
Д. Афганіста́ну
В. Афганіста́н
Т. Афганіста́нам
М. Афганіста́не

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

афга́нцы, -аў, адз. -нец, -нца, м.

Асноўнае насельніцтва Афганістана.

|| ж. афга́нка, -і, ДМ -нцы, мн. -і, -нак.

|| прым. афга́нскі, -ая, -ае.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

афгані́, нескл., н.

Грашовая адзінка Афганістана, якая па курсу Дзяржбанка СССР адпавядае 1,66 рубля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

афга́нцы, ‑аў; адз. афганец, ‑нца, м.; афганка, ‑і, ДМ ‑нцы; мн. афганкі, ‑нак; ж.

Народ, які складае асноўнае насельніцтва Афганістана.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

РАБАНІ́ (Бархануддзін) (н. 1941, г. Файзабад, Афганістан),

афганскі дзярж. і грамадскі дзеяч. Скончыў тэалагічны ф-т Кабульскага ун-та і ун-т аль-Азхар (Егіпет). З 1968 праф. тэалогіі Кабульскага ун-та. У 1975 адзін з кіраўнікоў паўстання супраць рэжыму М.Дауда. У 1976 стварыў у эміграцыі ў Пакістане Ісламскае т-ва Афганістана, якое разам з інш. ўзбр. групоўкамі вяло ўзбр. барацьбу супраць рэжыму Народна-дэмакратычнай партыі Афганістана, а ў 1979—89 і сав. войск (гл. Муджахіды). У 1988—92 міністр аднаўлення і замежных спраў у створаным у Пакістане пераходным урадзе Афганістана. З чэрв. 1992 прэзідэнт Ісламскай Дзяржавы Афганістан. У вер. 1996 пад націскам атрадаў руху Талібан пакінуў Кабул. Прызнаецца сусв. супольнасцю законным прэзідэнтам Афганістана.

т. 13, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРМА́ЛЬ (Бабрак) (н. 26.1.1929, каля Кабула),

афганскі паліт. і дзярж. дзеяч. Адзін з заснавальнікаў і чл. Народна-дэмакратычнай партыі Афганістана (НДПА). Пасля ўводу сав. войск у Афганістан (снеж. 1979) старшыня рэв. савета (1979—86), ген. сакратар НДПА (1979—86) і прэм’ер-міністр Афганістана (1979—81).

т. 8, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАУ́Д (Мухамед) (18.7.1908, Кабул — 28.4.1978),

дзяржаўны дзеяч Афганістана. Адукацыю атрымаў у Афганістане і Францыі. У 1946—48, 1949—52 міністр нац. абароны. У 1953—63 прэм’ер-міністр Афганістана. Урад Д. рэфармаваў сістэму школьнай адукацыі, садзейнічаў развіццю афг. прам-сці, умацаванню крэдытна-фін. сістэмы і інш. У ліп. 1973 на чале групы афіцэраў скінуў караля і абвясціў краіну рэспублікай. У 1973—78 прэзідэнт і прэм’ер-міністр Афганістана, адначасова міністр замежных спраў і абароны; намагаўся ліквідаваць перажыткі феадалізму ў афг. грамадстве, наладзіў адносіны з СССР. Забіты ў час Красавіцкай рэвалюцыі 1978.

М.Дауд.

т. 6, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЭНЕ́ЎСКІЯ ПАГАДНЕ́ННІ 1988 па Афганістане.

Падпісаны 14 крас. прадстаўнікамі Афганістана, ЗША, Пакістана, СССР як вынік афгана-пакістанскіх перагавораў, якія праходзілі ў Жэневе з чэрв. 1982 (з перапынкамі) пры пасрэдніцтве прадстаўніка Ген. сакратара ААН. Мелі на мэце спыніць грамадзянскую вайну ў Афганістане. Складаліся з Двухбаковага пагаднення паміж Рэспублікай Афганістан і Ісламскай Рэспублікай Пакістан аб прынцыпах узаемаадносін (у т. л. аб неўмяшанні і адмове ад інтэрвенцыі), Двухбаковага пагаднення паміж гэтымі краінамі пра добраахвотнае вяртанне бежанцаў, Дэкларацыі аб міжнар. гарантыях і Пагаднення аб узаемасувязі для ўрэгулявання становішча, якое датычыцца Афганістана. Апошняе пагадненне адной з гал. умоў прадугледжвала вывад з Афганістана сав. войск (паловы да 15.8.1988, астатніх на працягу 9 месяцаў). Няпоўнае выкананне пагадненняў Пакістанам (на яго тэр. працягвалі базіравацца ўзбр. фарміраванні для вядзення баёў на тэр. Афганістана) у значнай ступені перашкодзіла спыненню грамадз. вайны ў Афганістане.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 6, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАСАВІ́ЦКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1978 у Афганістане,

гл. ў арт. Народна-дэмакратычная партыя Афганістана.

т. 8, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)