кругавая экватарыяльная арбіта штучнага спадарожніка Зямлі, які раўнамерна рухаецца па ёй з З на У, з перыядам абарачэння 24 гадз; выш. 35 810 км. Рух такога спадарожніка дакладна дапасаваны да вярчэння Зямлі вакол восі, таму ён нерухома вісіць над выбраным пунктам экватара. На арбіты, блізкія да геастацыянарнай арбіты, выводзіліся сав. спадарожнікі «Экран», «Радуга», амерыканскія — сістэмы «Інтэлсат», некат. метэаралагічныя спадарожнікі, апараты для вывучэння знешняй магнітасферы Зямлі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГЕ́ЛІЯС»
(ням. Helios),
назва аўтаматычных міжпланетных станцыйФРГ для даследавання калясонечнай прасторы з геліяцэнтрычнай арбіты. «Геліяс-1» запушчаны 10.12.1974, «Геліяс-2» — 15.1.1976. Перыяд абарачэння каля 190 сут, маса 371 кг. Корпус — правільная 16-гранная прызма выш. 0,5 м з папярочным памерам 1,7 м, з прымацаванымі сонечнымі батарэямі. «Геліяс» ў параўнанні з інш. станцыямі набліжаліся да Сонца на найменшую адлегласць (46,5 і 43,4 млн.км адпаведна). Паблізу перыгелія арбіты «Геліяс-2» выяўлена рэзкае павелічэнне канцэнтрацыі метэорнага пылу, звязанае са з’явай задыякальнага святла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГОД,
прамежак часу, блізкі па працягласці да перыяду абарачэння Зямлі вакол Сонца. У астраноміі вылучаюць: сідэрычны (зорны) год, які адпавядае аднаму бачнаму абароту Сонца па нябеснай сферы адносна нерухомых зорак, складае 365,2564 сярэдніх сонечных сут; трапічны год — прамежак часу паміж двума паслядоўнымі праходжаннямі цэнтра Сонца праз пункт веснавога раўнадзенства (365,2422 сут); анамалістычны год — прамежак часу паміж двума паслядоўнымі праходжаннямі Сонца праз перыгей яго бачнай геацэнтрычнай арбіты (365,2596 сут); драканічны год — час, за які Сонца вяртаецца да таго ж (узыходнага і сыходнага) вузла арбіты Месяца на экліптыцы (346,620 сут); працягласць гэтых гадоў прыведзены для 1900; каляндарны год мае 365 сут для звычайных гадоў і 366 сут для высакосных гадоў; месячны год роўны 12 сінадычным месяцам (у сярэднім 354,367 сут).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПАГЕ́Й (ад апа... + грэч. gē Зямля),
1) пункт арбіты Месяца ці штучнага спадарожніка Зямлі, найб. аддалены ад цэнтра Зямлі; процілеглы перыгею). У астраноміі тэрмін «апагей» адносіцца толькі да целаў, што рухаюцца па замкнёных арбітах вакол Зямлі.
2) У пераносным сэнсе апагей — найвышэйшая ступень, найб. ўздым, росквіт дзейнасці, творчасці, славы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВІ́КІНГ»
(англ. Viking),
амерыканскія аўтаматычныя арбітальна-пасадачныя станцыі для даследавання Марса. Маса 3420 кт, выш. 4,9 м. Маюць арбітальны (для даследаванняў з каляпланетнай арбіты) і пасадачны (для даследаванняў у час спуску і на паверхні планеты) блокі.
«Вікінг-1» і «Вікінг-2», запушчаныя (адпаведна) 20.8.1975 і 9.9.1975, выйшлі на арбіты вакол Марса 19.6.1976 і 7.8.1976. Пасадачныя блокі зрабілі мяккую пасадку на паверхню планеты 20.7.1976 і 3.9.1976. Даследаванні з пасадачным блокам «Вікінга-2» закончыліся ў сак. 1980, «Вікінга-1» — у ліст. 1982. Упершыню атрыманы фотатэлевізійны відарыс паверхні Марса, здымкі планеты і яе спадарожнікаў Фобаса і Дэймаса; зроблены аналіз грунту (арган. рэчываў і прыкмет жыцця не выяўлена) і атмасферы планеты (выяўлены азот, вадзяная пара); атрыманы прыкметы пластоў вечнай мерзлаты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕАНІ́ДЫ,
метэорны паток з радыянтам у сузор’і Льва. Назіраецца з сярэдзіны лістапада. Звязаны з каметай 1866 I, перыяд абарачэння якой 33 гады. Шчыльны рой метэорных цел займае невялікую частку арбіты каметы; пры яго сустрэчах з Зямлёй у 1799, 1833, 1866 і 1966 назіраліся метэорныя дажджы. У іншыя гады назіраецца невялікая колькасць метэораў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПАЛЁТ»,
савецкі ШСЗ для вывучэння касм. прасторы і манеўравання ў космасе. Абсталяваны спец. апаратурай і сістэмай рухальных установак, якія забяспечвалі змену вышыні і плоскасці арбіты ў палёце. На борце ШСЗ былі таксама ўстаноўлены: навук. апаратура, тэлеметрычная сістэма, радыёперадавальныя прыстасаванні. «П.—1» — першы манеўравальны ШСЗ; запушчаны 1.11.1963. У 1963—64 запушчаны 2 «П.».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТЭАРАЛАГІ́ЧНЫ СПАДАРО́ЖНІК,
штучны спадарожнік Зямлі, прызначаны для аператыўнага назірання за размеркаваннем воблачнага, снегавога і лядовага покрываў, а таксама цеплавога выпрамянення Зямлі ў мэтах атрымання метэаралагічных даных для прагнозу надвор ’я. На арбіты вакол Зямлі выведзены рас. М.с. серый «Космас», «Метэор», амер. спадарожнікі серый «Цірас», «Нібус» і інш. На Беларусі пункт прыёму інфармацыі з М.с. працуе з 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІКА́Р,
малая планета № 1566. Дыяметр каля 1 км. Адлегласць ад Сонца 0,185—1,985 а.а. (у афеліі І. адходзіць ад Сонца далёка за арбіту Зямлі, а ў перыгеліі падходзіць да Сонца ў 2 разы бліжэй Меркурыя). Нахіл і эксцэнтрысітэт арбіты 23° і 0,83 адпаведна. Перыяд абарачэння вакол Сонца 409 сут. Набліжаецца да Зямлі на адлегласць 7 млн.км. Адкрыты В.Баадэ (ЗША, 1949).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕ́ТЫ (ад грэч. komētēs літар. доўгавалосы),
адна з груп малых цел Сонечнай сістэмы. Рухаюцца вакол Сонца па моцна выцягнутых эліптычных (перыядычныя К.) і парабалічных (неперыядычныя К.) арбітах; сярэдняя адлегласць у перыгеліі даходзіць да 1 а.а., у афеліі — да 10 000 а.а.
Паводле перыяду абарачэння адрозніваюць К. кароткаперыядычныя (перыяд 3—10 гадоў; афеліі не выходзяць за межы арбіты Юпітэра) і доўгаперыядычныя (перыяды да некалькіх мільёнаў гадоў). Форма і памеры К. розныя, будова ў асноўным аднолькавая. Цэнтр. цвёрдая частка наз ядром (дыяметр 0,5—20 км, маса 1011 —1019кг). Яно складаецца з вадзянога лёду, замерзлых газаў (аксідаў вугляроду CO і CO2, аміяку NH3, цыяністага вадароду HCN і інш.) і пылавых часцінак. Пры набліжэнні да Сонца лёд і газы выпараюцца і свецяцца адбітым сонечным святлом: вакол ядра ўтвараецца святлівы газавы шар — кома. Ядро, кома, выцяканні і інш. ўтварэнні ў наваколлі ядра складаюць галаву К. Ад дзеяння светлавога ціску і сонечнага ветру газы і пыл адносяцца ад ядра, утвараючы хвост, накіраваны амаль заўсёды ад сонца. Даўжыня хваста дасягае 107км; ён менш яркі, чым галава, таму назіраецца не заўсёды. К. значна мяняюць свае арбіты пры праходжанні паблізу планет-гігантаў або Сонца. Урэшце рэшт яны распадаюцца на дробныя часткі і метэорныя патокі (гл.Бізлы камета).Сапраўдную прыроду К. устанавіў дацкі астраном Ц.Браге (1577), некаторыя арбіты вылічыў Э.Галей (гл.Галея камета). Тэорыю ўтварэння каметных хвастоў распрацаваў рус. астраном Ф.А.Брадзіхін.