птушка сямейства бакасавых атр. сеўцападобных. Пашыраны ў Еўропе і паўн. частках Азіі. На Беларусі звычайны пералётны від. Жыве каля вады, на балотах і прырэчных лугах, забалочаных узлесках.
Даўж. цела 27—29 см, маса 100—125 г.Апярэнне карычнявата-бурае з вохрыстымі стракацінамі, брушка белае. Дзюба доўгая, прамая. У час такавання самец выдае гукі, падобныя да бляяння барана (адсюль нар. назва баранчык, козка). Гнёзды на купінах высцілае сухімі сцяблінкамі. Нясе 3—5 стракатых яец. Корміцца чарвямі, слімакамі, жукамі, лічынкамі насякомых, карэньчыкамі травяністых раслін. Аб’ект палявання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯ́ПКА, вадзяны верабей (Cinclus cinclus),
птушка сямейства аляпкавых атр. вераб’інападобных. Пашырана ў Еўразіі і паўд.-зах. Афрыцы. На Беларусі вельмі рэдкі аселы від, занесены ў Чырвоную кнігу.
Даўж. да 20 см, маса да 70 г. Моцнага складу, з кароткімі закругленымі крыламі і хвастом, доўгімі нагамі. Апярэнне зверху буравата-шэрае, знізу белае. На ноздрах скурыстая перапонка. Гнёзды паблізу рэк з хуткім цячэннем, трымаецца паасобку і парамі. Зімой трапляецца каля палонак. Корміцца воднымі беспазваночнымі і маляўкамі рыб. Можа прабегчы пад вадой да 20 м. Выводзіць 2 патомствы за год.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІКУ́ША
(Falcipennis falcipennis),
птушка сям. цецеруковых атр. курападобных. Пашырана ў горнай тайзе з перавагай елкі і піхты ў Паўд.-Усх. Сібіры і на Сахаліне. Аселая, трымаецца парамі.
Даўж. 40—43 см, маса 600—750 г.Апярэнне цёмнае, з белымі плямамі на спіне і белым папярочным малюнкам на грудзях, на хвасце белая паласа. Лапы ўкрыты густым апярэннем да асновы пальцаў. Корміцца ігліцай елкі, піхты, лістоўніцы, верхавінкамі моху, лісцем, парасткамі, ягадамі, насякомымі. Гняздо на зямлі. Адкладвае 7—12 яец. У Дз. незвычайныя для дзікай птушкі паводзіны — яна зусім не баіцца чалавека.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛАЯ САВА́,
палярная сава (Nyctea scandiaca), птушка сям. савіных атр. совападобных. Пашырана кругапалярна, характэрна для Арктыкі і Субарктыкі: у тундрах Еўразіі, Паўн. Амерыкі і на а-вах Паўн. Ледавітага ак. Вандроўная птушка. На Беларусі вельмі рэдкі зімуючы від.
Даўж. цела 56—65 см, маса 1,4—2,5 кг. Самкі большыя за самцоў. Апярэнне белае з бураватымі стракацінамі розных памераў або э бурымі папярочнымі палоскамі. Самцы больш светлыя, чым самкі, зрэдку зусім белыя. Дзюба і кіпцюры чорныя. Радужына ярка-жоўтая. Гняздо на зямлі ў выглядзе ямкі. Корміцца мышападобнымі грызунамі, птушкамі, зайцамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРАСЦЯ́НКА, зяблік (Fringilla coelebs),
птушка сям. ўюрковых, атр. вераб’інападобных. Пашырана ў лясной і лесастэпавай зонах Еўропы, у Паўн.-Зах. Афрыцы, Зах. Азіі. На Беларусі (нар. назва махнянка) — адна з самых шматлікіх птушак; жыве ў лясах, гаях, парках, скверах, садах.
Даўж. 10—17 см, маса 20—25 г.Апярэнне спіны ў самцоў шэра-бурае, грудзей, горла, шчок і верхняй ч. брушка — карычнева-чырвонае, крылаў і хваста — цёмна-бурае з зеленаватым адценнем і белымі палосамі, галавы і патыліцы — шаравата-блакітнае. Самка зеленавата-шэрая. Гняздо на дрэвах. Корміцца насякомымі і насеннем. Знішчае шкодных насякомых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУСЬ ШЭ́РАЯ
(Anser anser),
птушка сям. качыных атр. гусепадобных. Пашырана ў Еўразіі па рачных поймах, азёрах, ліманах, балотах, мокрых лугах з густымі зараснікамі расліннасці. На Беларусі трапляецца пераважна на пралётах, месцамі гняздуецца на Палессі і ў Бел. Паазер’і.
Даўж. цела 76—89 см, маса 2,5—4,4, зрэдку да 6 кг. Апярэнне светла-шэрае, падхвосце белае, на бруху чорныя плямы. Дзюба і лапы шаравата-ружовыя. Гняздо — кучка з раслінных рэшткаў. Нясе 4—12, найчасцей 4—5 яец. Корміцца травамі, парасткамі, насеннем, клубнямі. Продак многіх парод гусей свойскіх. Аб’ект палявання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭ́ХАЎКА,
кедраўка (Nucifraga caryocatactes), птушка сямейства крумкачовых атрада вераб’інападобных. Пашырана ў цемнахвойных лясах Еўразіі. На Беларусі рэдкая; гняздуецца пераважна ў паўночным і цэнтральным раёнах, у паўднёвых раёнах трапляецца спарадычна; жыве падвід арэхаўка еўрапейская, часам залятае арэхаўка сібірская.
Даўжыня цела да 36 см, маса да 200 г. Дзюба тоўстая, прамая, чорная. Ногі чорныя. Апярэнне буравата-карычневае з белымі плямкамі. На канцы хваста белая паласа. Гнёзды на хвойных дрэвах на вышыні 4—12 м. Яйцы 3—4, радзей 2—6, нясе ў красавіку. Корміцца насеннем кедра, елкі, хвоі, дуба, насякомымі і іх лічынкамі. Разносіць і хавае ў глебе насенне дрэў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎСЯ́НКІ
(Emberiza),
род птушак атр. вераб’інападобных. 39 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Афрыцы. На Беларусі гняздуюцца 4 віды: прасянка (Emberiza calandra), аўсянка садовая (Emberiza hortulana), аўсянка звычайная (Emberiza citrinella), аўсянка чаротавая (Emberiza schoeniclus). Прасянка і аўсянка садовая занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Даўж. цела да 22 см, маса да 64 г.Апярэнне бураватае і карычняватае. Дзюба кароткая, канічная, верхняя палавіна якой няшчыльна прылягае да ніжняй. Жывуць на лугах, у хмызняках, чаротавых зарасніках і ў лесе. Гнёзды адкрытыя, на зямлі або на высокіх кустах. Нясуць 2—6 яец. За год 1—2 патомствы. Кормяцца насякомымі і насеннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛАКІ́ТНІЦЫ
(Parus),
птушкі сям. сініцавых атр. вераб’інападобных. 2 віды: блакітніца блакітная, або звычайная (Р. caeruleus), і блакітніца белая, або князёк (Р. cyanus). Пашыраны ў Еўразіі, Амерыцы, Паўн. Афрыцы. На Беларусі блакітніца блакітная — звычайная на ўсёй тэрыторыі, блакітніца белая — рэдкі аселы від (зах. мяжа арэала віду). Жывуць у мяшаных і лісцевых лясах. Блакітніца белая занесена ў Чырв. кнігу Беларусі.
Даўж. да 13,5 см, маса да 12 г.Апярэнне белае, шаравата-зялёнае з жоўтым, блакітным і чорным. Гняздуюцца невысока ад зямлі ў дуплах дрэў, шчылінах пнёў. Кормяцца пераважна насякомымі, восенню і зімой — насеннем раслін. Карысныя птушкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЯ БЕ́ЛАЯ ЧА́ПЛЯ
(Egretta alba),
птушка сям. чаплевых атр. буслападобных. Пашырана на ўсіх мацерыках, акрамя Антарктыды. Жыве ў бязлесных або бедных лясной расліннасцю мясцінах з вадаёмамі і вял. трысняговымі і чаротавымі зараснікамі. На Беларусі пералётная, зрэдку гняздуецца, часцей трапляецца на Палессі, занесена ў Чырв. кнігу.
Даўж. цела 85—102 см, маса 1,1—1,5 кг, размах крылаў 1,4—1,7 м. Апярэнне снежна-белае. У шлюбным уборы на патыліцы невял. чубок. Ногі і шыя доўгія, дзюба прамая, вострая. Корміцца буйнымі насякомымі, іх лічынкамі, дробнымі млекакормячымі, рыбай, жабамі, малюскамі і інш. Гнёзды пераважна на заломах трыснягу, чароту. Выседжвае 3—5 птушанят.